У жыцці нашых дзяцей з'явілася бомба запаволенага дзеяння. Круглыя суткі яе гадзіннікавы механізм цікае ў дамах і школах, становячыся прычынай істэрык, стрэсаў і сямейных сварак. Гэта бомба — інтэрнэт-залежнасць, звычка надоўга ўтароплівацца ў экраны планшэтаў і смартфонаў...
Так пачынаецца кніга дзіцячага псіхолага Элізабет Кілбі «Гаджэтаманія: як не страціць дзіця ў віртуальным свеце». Перад тым як пісаць гэты матэрыял, я паразмаўляла з сямейным псіхолагам Таццянай Шарандай, а таксама прайшла майстар-клас «Гаджэтаманія: норма ці залежнасць» псіхолага і мамы пяці дзяцей-пагодкаў Карыны Рыхтэрэ. І сёння хачу падзяліцца думкамі, якія мяне ўразілі і падаліся вельмі важнымі.
Тое, што гаджэты выклікаюць моцную залежнасць і сур'ёзна ўплываюць на псіхічнае і фізічнае здароўе, думаю, ні для кога не сакрэт. Таму сёння хочацца пагаварыць не пра шкоду планшэтаў і смартфонаў, а пра тое, як прывіць дзіцяці здаровыя прывычкі карыстання лічбавымі прыладамі. І што трэба рабіць бацькам, каб выцягнуць падлетка з пасткі, у якую ён трапіў, вярнуць інтарэс да рэальнага жыцця і пры гэтым не сапсаваць адносіны.
Стрэтэгія дзеянняў залежыць ад узросту дзіцяці. Да сямі гадоў яго асноўная задача — гуляць. Калі ж дзіця ў 5-6 гадоў можа заняць сябе толькі мульцікам — гэта трагедыя. Трагедыя нашага часу. А пачынаецца ўсё з таго, што некаторыя «прагрэсіўныя» бацькі даюць смартфон дзіцяці ледзь не з самага нараджэння. (Сама не раз бачыла, як малеча, якая яшчэ не ўмее гаварыць, ужо водзіць пальцам па сэнсарным экране, механічна пераключаючы ролікі на YouTube.) А потым здзіўляюцца, калі ў тры гады сын ці дачка кажа, што ім сумна без мульцікаў.
— Дазваляйце дзецям сумаваць — гэта карысна, — у адзін голас кажуць псіхолагі. — Здольнасць самастойна сябе забаўляць, прыдумваць гульні, фантазіраваць — вельмі важны навык, які яны павінны асвоіць. І ўжо даказана, што гэты навык атрафіруецца, калі ў дзіцяці ёсць лёгкая для мазгоў і заўсёды даступная альтэрнатыва ў выглядзе тыцкання ў экран. «Я буду варыць суп, а ты пасумуй». Як правіла, праз некалькі хвілін пасля сумавання прыходзіць натхненне. І большасць дзяцей знаходзяць, чым сябе заняць. Бо сум — гэта выдатны трэнажор для фантазіі.
Псіхолагі раяць да трох гадоў выключыць любыя гаджэты, бо ў дзіцяці няма ў іх патрэбы. А прывыканне і залежнасць у такім узросце развіваюцца за лічаныя тыдні. Разам з тым рэальнасць такая, што, згодна з даследаваннем лабараторыі Касперскага, у 54 працэнтаў дзяцей да 4-6 гадоў ужо ёсць свой планшэт ці тэлефон. З гаджэтазалежнасцю цяжка змагацца яшчэ і таму, што планшэт вельмі зручны самім бацькам. Яны выкарыстоўваюць яго як кнопку «выключэння» дзіцяці. Дастаткова ўключыць мульцік — і больш не чуваць бясконцага «мам, паглядзі». Ведаю, што многія мамы ўключаюць дзецям мульцікі, каб паспець прыгатаваць вячэру ці прыбраць у кватэры, але псіхолагі раяць гэта-
га не рабіць. А, наадварот, падключаць малых да сваіх спраў па гаспадарцы. «Давай разам мыць падлогу, змагацца з пылам, ляпіць пельмешкі». Так вы не толькі зробіце свае справы, але і праведзяце час з дзіцем.
— Я не кажу, што гаджэты — абсалютнае зло і нам трэба іх спаліць на вогнішчы, — удакладняе Карына Рыхтэрэ. — Калі вы стаміліся і вам проста хочацца папіць кавы ў цішыні альбо тэрмінова зрабіць важны званок, уключыце мульцік. Я кажу пра тое, каб не рабіць іх бескантрольны прагляд штодзённай традыцыяй.
Вядома, ідэальны сцэнарый не дапусціць залежных паводзін — з самага ранняга ўзросту сачыць за тым, каб дзіця цікавілася рэальным жыццём больш, чым віртуальным. Але для гэтага ўзаемадзеянне з бацькамі павінна быць хоць бы на дзесяць працэнтаў больш цікавым, чым мульцік ці камп'ютарная гульня.
— Для чалавека няма нічога смачнейшага за задавальненне, — кажа Таццяна Шаранда. — Умоўна кажучы, мы не будзем есці нясмачны селядзец, калі ёсць смачная ікра. Гаджэт — тое ж самае. Калі ён выходзіць на ўзровень нясмачнага селядца, а кантакт з мамай, як чырвоная ікра, становіцца смачным, можна казаць пра тое, што гаджэтазалежнасць будзе ўзята пад кантроль. Задача бацькоў — захапіць дзіця сабой. А для гэтага трэба ўдзяляць яму больш часу, праяўляць ініцыятыву. Пайшлі разам у музей, паехалі ў Ратамку на конях катацца... Задача бацькоў — арганізаваць баўленне часу без тэлефона секцыі, гульні, паездкі. Паказаць, што рэальнае жыццё цікавейшае за віртуальнае.
Акрамя таго, псіхолагі раяць бацькам з самага пачатку ўвесці правілы карыстання гаджэтамі: колькі, калі і што можна глядзець. Але калі прыходзіць час выключаць гаджэт, малеча, як правіла, пачынае плакаць. Потым слёзы перарастаюць у істэрыку і нават агрэсію. Гэта сігнал, што ў вашага малога вельмі шмат экраннага часу. І трэба ўводзіць строгія правілы. Калі ўстанаўліваем абмежаванні — вельмі часта ў вачах дзіцяці мы становімся дрэннай мамай. І гэта нармальна. Дзеці могуць злавацца на нас, крыўдзіцца, крычаць: «Ты самая жудасная мама на свеце! Я цябе не люблю!» У гэты момант важна захоўваць спакой. Можна сказаць: «Я бачу, што ты
расстроены. Але мой абавязак як маці клапаціцца пра тваё здароўе. Я маю права ставіць абмежаванні, а ты маеш права засмучацца». Сучасныя бацькі баяцца, што дзіця расстроіцца, не ўмеюць нармальна рэагаваць на іх эмоцыі. Менавіта таму многім мамам прасцей уключыць яшчэ адзін мульцік, толькі б малеча не плакала... Але гэта пастка: як толькі мы ідзём на павадку ў свайго дзіцяці — адразу прайграем.
— Калі дзіця раз за разам пераходзіць на істэрыкі, як толькі мама хоча выключыць мульцік, я магу дакладна сказаць, што яна ўжо не раз зрывалася на дзіця, крычала і ўрэшце... уключала мульцік, — кажа Таццяна Шаранда. — У такой сям'і няма паслядоўнасці ў выхаванні, няма аўтарытэту бацькоў. Уявіце сітуацыю: дзіця падышло да берага. Мама кажа: «Тут вельмі небяспечна, ты можаш упасці». І адводзіць малога ўбок. Адзін раз адвяла, другі, трэці. Кожны раз мама дакладна абазначае: сюды нельга. У выніку рана ці позна дзіця прыме правіла і не будзе імкнуцца яго парушаць. Калі дзіця зразумее, што слова мамы — жалезабетоннае, то слёзы і істэрыкі з часам знікнуць. Я раю ўсім мамам: асвойце трансавыя тэхнікі, навучыцеся пераканаўча гаварыць нізкім спакойным голасам.
У 7-13 гадоў ужо практычна ва ўсіх дзяцей ёсць свой тэлефон. Таму псіхолагі раяць: як толькі вы яго набылі, устанавіць на смартфон дадатак «Бацькоўскі кантроль», пры дапамозе якога можна кантраляваць не толькі час знаходжання ў інтэрнэце, але і кантэнт. Не варта чакаць, што дзеці самі будуць кантраляваць экранны час, бо сіла волі пачынае фарміравацца толькі з сямі гадоў. Асноўная задача бацькоў — навучыць дзіця карыстацца гаджэтам правільна, без крайнасцяў і перакосаў, успрымаць яго як карысны інструмент для вырашэння задач, не больш. А зрабіць тое можна толькі ўласным прыкладам. Таму вельмі важна, каб бацькі самі не «завісалі» ў інтэрнэце. Калі ў іх таксама залежнасць, трэба мяняць правілы для ўсіх: напрыклад, за 1-2 гадзіны да сну не карыстаемся гаджэтамі, ніякіх тэлефонаў не павінна быць падчас ежы. Можна ўвесці нават сямейныя дні без гаджэтаў.
Пасля 13 гадоў кантроль заканчваецца і пачынаецца ўплыў, які немагчымы без бацькоўскага аўтарытэту і цёплых даверлівых адносін. Калі вы іх не выбудавалі — самы час гэтым заняцца.
На майстар-класе мяне ўразілі дзве гісторыі з жыцця. «Сыну 11 гадоў. Калі я забрала ў яго тэлефон, ён кінуўся ў істэрыку і нават ударыў мяне. Цяпер я кантактую з ім суха, без пяшчоты», — падзялілася сваім болем адна мама.
— Пазбаўленне дзіцяці кантакту — самая грубая памылка, якую мы можам зрабіць. Гэта тое, што разбурае адносіны, — кажа Карына Рыхтэрэ. — Нельга адштурхоўваць ад сябе дзяцей. Адкіданне дзіцяці — гэта эмацыянальны гвалт. Такім метадам вы не справіцеся з залежнасцю ад гаджэтаў — стане яшчэ горш. Хлопчык не справіўся са сваімі эмоцыямі, са сваёй залежнасцю, якую вы ж і дапусцілі — і вы яго за гэта яшчэ і караеце. Гэта не віна дзіцяці. «Я з табой не размаўляю» — гэта не выхаванне. Вучыцеся размаўляць. Скажыце: «Мне шкада, што атрымалася такая сітуацыя. Мне было балюча. Давай з табой думаць, як мы дайшлі да такога жыцця, што нам трэба мяняць? Як мы з табой маглі б разам бавіць час?» Неабходна наладжваць адносіны. Бо яны — асноўны ключ уплыву, асабліва ў падлеткавым узросце.
Другая гісторыя больш сумная. Дзяўчынка-падлетак падышла да мамы і сказала: «Аддай тэлефон, або зараз я сябе зарэжу». Атрымаўшы тэлефон, дачка паклала нож пад падушку, каб тая не ўздумала зноў забраць...
Калі для дзіцяці жыццё без гаджэта страціла сэнс — гэта крайні пункт залежнасці. У падлеткавым узросце наогул вельмі небяспечна забіраць тэлефон адразу, бо гэтым вы толькі выклічаце да сябе нянавісць і агрэсію. Пасля 13 гадоў псіхолагі раяць дзейнічаць паводле падлеткавай стратэгіі, калі вельмі павольна, паступова выцягваем дзіця з віртуальнага свету ў рэальны.
— Што можна параіць маме дзяўчынкі? Ці трэба ёй адразу ж пасля таго, як аддала тэлефон, паразмаўляць з дачкой? — пацікавілася я ў псіхолага.
— Не, у такіх сітуацыях дыялог паміж мамай і дачкой пачынаецца толькі тады, калі ёсць ініцыятыва з боку падлетка. Нават проста прыйшла і сказала: «Што мне паесці?» Мама, будзь у гэты момант мудрэйшая, не згадвай пра тую сітуацыю. Спачатку пакармі яе. Спрацоўвае стары эвалюцыйны механізм — дачка супакойваецца. Ужо потым у працэсе ежы маме трэба сказаць: «Ведаеш, мне было вельмі балюча з-за таго, што адбылося паміж намі. Рукі апусціліся, хацелася плакаць». Мама павінна гаварыць вельмі ціха. І без абвінавачанняў у бок дачкі. І гэта не павінен быць працяглы маналог, усяго 2-3 хвіліны. Няхай дачка есць, а маці павінна сысці з кухні. Гэта будзе першы крок да працэсу рэфлексіі ў дзіцяці. Маме трэба наладжваць страчаны кантакт. Спакойна пачынаць выбудоўваць даверлівыя адносіны. Гэта сур'ёзная доўгая работа маці ў першую чаргу над сабой. Я на яе месцы пацікавілася б, што падабаецца дачцэ ў гаджэце. Калі дзяўчынка бязвылазна сядзіць у ТікТок і глядзіць ролікі пра катоў ды сабак, прапануйце схадзіць разам на выстаўку жывёл, завядзіце шчаня, няхай яна яго трэніруе, удзельнічае з ім у спаборніцтвах. Хай скіруе фокус увагі на фізічную актыўнасць!
У 8 гадоў, вядома, прасцей выцягнуць дзіця з залежнасці, чым у 13—15. Больш за тое, наступае крытычны момант, калі гаджэтазалежнасць не лечыцца. Але нават
у такім выпадку можна паспрабаваць перавесці прывязанасць да гаджэтаў у сацыяльна прымальны кірунак. Напрыклад, «любіш сядзець у ТікТок — станавіся блогерам, апантаны анлайн-гульнямі — паступай на праграміста...Ты можаш разлічваць на маю падтрымку...» Вельмі важна не разбіць адносіны аб пастаянныя прэтэнзіі, крыкі, крыўды, заўвагі. Калі
мы ўвесь час трансліруем дзіцяці незадаволенасць — нічога добрага не будзе.
Колькі часу дзіця можа праводзіць у гаджэтах, каб не стаць залежным ад іх?
Надзея ДРЫНДРОЖЫК
«Залатая падаплёка крылаў... »
АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.
Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.