Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Падарунак цёткі Жэні»


«Вось і сонейка, зіма з вясной сустракаюцца», — думала Ганна, ідучы па царкоўнаму скверыку. Кропелькі вады казыталі твар: бацюшка шчодра акрапіў натоўп. Купіла Грамнiчную свечку. Старыя людзі кажуць — такая свечка, як кудмень, адводзіць навальніцу і паскуддзе адганяе.


Фота: pixabay.com

Аня не верыла ў цуды, але падумала: «Дапаможа, не дапаможа, а не нашкодзіць». Апошніх пару дзён цяжка было на сэрцы, як быццам паветра ў кватэры не хапае. Пеця прывёз дачцэ Каці чаравікі. Не прасілі, сам прывёз. Нібыта добры жэст, але браць іх у рукі не хочацца. Вось і Кацька пакруціла іх у руках і паставіла, не прымяраючы.

Пеціна цётка Жэнька перадала чаравікі іх першакласніцы. З чаго б? Аня з Пятром ужо больш года ў разводзе. З тых часоў аб яго сваяках ні слыху, ні дыху. Ды і ад яго ні весткі, ні аліментаў, а ў апошні месяц зачасціў, пра дзяцей успомніў, стараецца з Аняй масты навесці. З чаго гэта?

Новая жонка надакучыла? Дык усім жа гуртам, раднёй усёй выбіралі і ўхвалялі. Не спадабалася Аня Пеціным сваякам, насуперак бацькам ажаніўся. Не з таго тэсту злепленая. Да вяселля кашалёк Пятра быў здабыткам гоп-кампаніі, усёй раднёй гулялі, а ажаніўся — і скончылася кармушка.

Радня ўзрадавалася, калі Пётр абвясціў пра развод, і суцяшала гаротніка застоллямі і прамовамі тыпу «хто яе возьме з прычэпамі». Ажанілі малайца ў першы ж месяц пасля разводу. І нявесту падабралі прыдатную. Рыма ў корані адрозніваецца ад Ані — «свая ў дошку». На рынку працуе, падыдзеш — харчоў насуе, у госці з поўнай торбай і кампанію падтрымлівае.

Пеця трымаў марку перад раднёй, не паказваў тугі па дзецях і Ані, а потым не вытрымаў. Зайшоў да цёткі Жэнi, адзінай непітушчай сярод радні. Адразу яна была супраць жаніцьбы Пятра на Ані, прадказвала сваячку мужа ў жонкі пляменніку, а калі ажаніўся, закрыла тэму.

Ён разумеў: Аня права, што развялася — ён сапраўды загуляў. А яна працуе і за дзецьмі глядзіць. Але радня ўсё капала на душу, капала...

Цётка Жэня з разуменнем паківала галавой і дастала скрынку з чаравічкамі: «На, падары Кацi. Хай носіць». І, як заўсёды, ні за Аню, ні супраць нічога не сказала. А Пятру хацелася, каб нехта з радні падтрымаў.

Чаравікі не разглядаў — «падоранаму каню ў зубы не глядзяць», прама ад цёткі і адвёз. Ані дома не было, аддаў дачцэ, а тая ля парога паставіла скрынку і ў школу пабегла.

Румяная ад марозу Аня выгружала прадукты. Маці, бразгаючы каструлямі, зазірнула ў яе вочы:

— Бачыш, не забывае! Кацi чаравічкі прынёс! Такі вінаваты, шкада яго, хай бы вы памірыліся!

— Не будзем на гэтую тэму, — адмахнулася Аня. — Лепш кватэру пачысці Грамнічнай свечкай. Я ў царкву зайшла, свечку асвяціла. 

Як чысціць кватэру, ніхто не ведаў. 

Вырашылі чытаць «Ойча наш» і хрысціць запаленай свечкай куты і ўваходныя дзверы. Як самай старэйшай, Паўлаўне, маці Ані, даручылі выканаць рытуал. Жанчына запаліла свечку і, чытаючы малітву, стала абыходзіць кватэру, хрысцячы куты.

Кацька прыйшла са школы і з шырока адкрытымі вачыма хадзіла за бабуляй, распытваючы: «Што? Чаму?» Аня прысела на канапу перадыхнуць, у яе яшчэ былі справы на сёння. «Кажуць, калі сёння певень нап’ецца — быць ранняй вясне. Відаць, зіма зацягнецца, — уздыхнула яна. — Чаравікі Пеця своечасова прынёс, Кацьчыны боты да вясны не дацягнуць».

Свечка гарэла роўна. Паўлаўна ўжо абыйшла пакоi і падышла да ўваходных дзвярэй. У куце, дзе стаяла скрынка з чаравікамі, полымя свечкі хіснулася і пачало дзіўна змяншацца. Паўлаўна паднесла свечку да скрынкі з чаравікамі, і полымя зменшылася да мінімальнага. Адсунула на паўметра — яно павялічылася. Паклікала Аню.

Жанчыны паўтарылі эксперымент, вынік быў нязменны. Чым бліжэй свечка да скрынкі — тым менш полымя. Памер полымя мяняўся суразмерна адлегласці. На адлегласці метра полымя выраўноўвалася да звычайнага памеру.

Аня ніколі не бачыла, каб полымя было такім маленькім, амаль мікраскапічным. Паклікалі суседку, тая сказала: «Гэта нешта невытлумачальнае». Жанчыны здзіўляліся і паўтаралі эксперымент. Полымя памяншалася ў памеры, набліжаючыся да скрынкі. Нарэшце, занеслі свечку над скрынкай і... полымя згасла.

Аня патэлефанавала Пятру, распавяла пра «цуд» і папрасіла: «Каб не было сумневаў, забяры падарунак». Пётр прыехаў адразу, моўчкі забраў чаравікі і адвёз цётцы. «Не падышлі», — буркнуў ён, сунуўшы скрынку ёй у рукі. Ён быў змрочны цэлы дзень: «Аня ніколі не хлусіць. Што б гэта значыла?» Не хацелася, каб Аня нешта такое думала аб ім і яго сваяках.

На чацвёрты дзень Ані патэлефанавала залоўка.

— Цётка Жэня памерла, учора пахавалі.

— Чаму нам не паведамілі? — ахнула Аня.

— Нікога не паклікалі, я ўжо яе дачцэ выказала. Як гэта пахаваць чалавека і не паведаміць радні?

— А калі гэта здарылася?

— Учора раніцай і здарылася, а пасля абеду пахавалі. На пахаванні нікога не паклікалі. Дзіўна!

Цётка Жэня не хварэла, жыла з сям’ёй дачкі. Чаму радні не паведамілі? Аня звязала гэта з чаравікамі, і па спіне папаўзлі халодныя мурашкі. Яна нікому аб сваім меркаванні не сказала. Магчыма, гэта супадзенне.

Влаянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.