Вы тут

​Шчучын. Старонкі літаратурна-мастацкай памяці


Шчучын — адзін з найцікавейшых куточкаў Гродзеншчыны. Вядомасць сваю мае з даўніх часін... Якія ж з пісьменнікаў, майстроў мастацкага слова, спрычыніліся да гэтай старонкі?..

Вёска Вялікая Лябёдка Лідскага павета (цяпер Шчучынскі раён) — радзіма публіцыста, перакладчыка Напалеона ЧАРНОЦКАГА (1866 — 1937). Аўтар кнігі «Як будзе з зямлёю» (Пецярбург, 1907). Скончыў Слуцкую гімназію. Вучыўся на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта. З 1895 года працаваў лекарам у Ліпнішках сучаснага Іўеўскага раёна. У 1936 годзе пакінуў лекарскую практыку і заняўся вырошчваннем зёлак у вёсцы Вялікая Лябёдка. Пераклаў на беларускую мову творы М. Крапіўніцкага і А. Чэхава (выйшлі асобнымі выданнямі). Друкаваўся ў 1908 — 1912 гадах[. у газеце «Наша ніва»... На мяжы Лідскага і Шчучынскага раёнаў размешчана агратурыстычная сядзіба «Лябёдка». Чаму б поруч з ёю не паставіць мемарыяльны знак, які нагадваў бы пра сувязь з гэтымі мясцінамі лекара і пісьменніка Напалеона Чарноцкага..?

 

Алаіза Пашкевіч

 

У фальварку Пясчына Лідскага павета (цяпер Шчучынскі раён) нарадзілася паэтэса, празаік, публіцыст, асветніца, удзельніца рэвалюцыйнага руху пачатку XX стагоддзя ЦЁТКА (Алаіза ПАШКЕВІЧ) (1876 — 1916). Пісаць пачала ў 1902 годзе. У часопісе «Свабода» змясціла верш «Мужык». У 1904 годзе ў «Каляднай пісанцы» і «Велікоднай пісанцы» былі надрукаваны яе вершы «Мужыцкая доля», «Мужык не змяніўся», «Нямаш, але будзе», «Музыкант беларускі». Асаблівую вядомасць у беларускага чытача набыло яе «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (Пецярбург, 1906). 

Лідзія Арабей

 

Празаік, літаратуразнавец, кандыдат філалагічных навук Лідзія АРАБЕЙ, якая нарадзілася 27 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна, на Міншчыне. У 1927 годзе разам з маці пераехала ў Мінск. Да пачатку вайны скончыла восем класаў. У 1942 годзе пераехала ў Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці. Выйшла замуж за А. А. Арабея. Жыла ў Шчучыне. А.А. Арабей за сувязь з партызанамі быў расстраляны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1944 годзе, пасля вызвалення Шчучына, працавала ў мясцовай газеце «Чырвоны сцяг». З 1945 года жыла ў Мінску. Пайшла ў лепшы свет Лідзія Львоўна 20 лютага 2015 года. Пражыла 89 гадоў... Абараніла дысертацыю на званне кандыдата філалагічных навук. Дысертацыя прысвечана жыццю і творчасці Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Пэўна, неаднойчы вандравала яе роднымі шчучынскімі сцежкамі. Пра Цётку Лідзія Арабей напісала аповесці «На струнах буры» і «Стану песняй», а таксама кнігу «На полымі любві». У кнізе «Пошукі ісціны» (2005 год) Лідзія Арабей занатавала і наступныя радкі: «Над маім сталом, на сцяне, вісіць драўляны крыжык з распяццем. Яго падаравала мне родная сястра нашай славутай Цёткі — Караліна Пашкевіч, з якою я сустракалася ў Польшчы, у вёсачцы Франін каля Лодзі ў 1977 годзе. Пані Караліна сказала мне, што гэты крыж вісеў над ложкам яе маці ў Старым Двары, значыцца, над ложкам Алаізы Пашкевіч... Лёс чалавека, лёс рэчы... Ці магла некалі нават уявіць сабе маці Алаізы Пашкевіч Ганна з роду Вызгаў, што крыжык, які вісіць над яе ложкам, будзе некалі вісець над пісьмовым сталом жанчыны, якая ў той час і не нарадзілася. І гэты крыжык той жанчыне будзе вельмі дарагі».

Валянцін БЛАКІТ.

 

7 кастрычніка 1938 года ў вёсцы Вострава Шчучынскага раёна нарадзіўся празаік, публіцыст, паэт Валянцін БЛАКІТ. Закончыў сямігодку ў вёсцы Дэмбрава ў 1953 годзе. Затым, праз тры гады, Скідзельскую СШ N 1. Пасля заканчэння дзесяцігодкі быў прыняты на работу лістуспрацоўнікам у шчучынскую раённую газету «Чырвоны сцяг». У 1960 годзе пераведзены ў жалудокскую раённую газету «За Радзіму». Пасля скасавання раёна — ізноў у Шчучыне, працуе ў міжраённай газеце «Савецкая вёска». Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў «Вынаходнік», аповесцяў «Час прылёту журавоў», «Шануй імя сваё», «Усмешка фартуны», «Вырай»... Доўгі час працаваў галоўным рэдактарам сатырычнага часопіса «Полымя»...
 
Са Шчучынскім краем звязаны лёс літаратуразнаўца, перакладчыка, мовазнаўца Якава ПАРЭЦКАГА (1913 — 1992), які нарадзіўся ў Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расійская Федэрацыя). Сям’я ў пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны жыла ў Заходняй Беларусі. Якаў вучыўся ў Беластоцкай, затым Лідскай гімназіі. Быў студэнтам Віленскага ўніверсітэта (да 1939 года). Пасля вызвалення Заходняй Беларусі вярнуўся ў Беласток. У чэрвені 1941 года разам з жонкай і дзевяцімесячнай дачушкай эваакуіраваўся на Усход. Працаваў у розных калгасах і леспрамгасах Башкартастана. З 1942 года настаўнічаў. У час вайны бацькі Якава Ільіча былі расстраляны ў Шчучыне нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Якаў Парэцкі — аўтар кніг «Сымон Будны» (1972), «Мікола Гусоўскі» (1984), «Ян Вісліцкі» (1991) і іншых гісторыка-літаратурных выданняў. 
 
У 1950 годзе ў вёсцы Дзякаўцы Шчучынскага раёна нарадзілася паэтэса, літаратуразнаўца, педагог Алена РУЦКАЯ. У 1956 годзе пачала вучобу ў Дзякаўскай пачатковай школе. Пасля пераезду сям’і ў Слонім вучылася ў СШ N 7 горада Слоніма, якую закончыла ў 1966 годзе. З 1966 па 1971 гады — студэнтка філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Хадзіла на заняткі літаратурнага аб’яднання «Узлёт», якія вёў прафесар, паэт, літаратуразнаўца, перакладчык, празаік Алег Антонавіч Лойка. Пасля заканчэння ўніверсітэта Алена Руцкая працавала настаўніцай на Слонімшчыне, у Слоніме. З 1992 года яна — выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аўтар кнігі вершаў «Роздум», цэлага шэрагу навукова-метадычных дапаможнікаў па выкладанні беларускай літаратуры ў школе і ва ўніверсітэце. Перакладае паэтычныя творы сучаснікаў і класікаў з рускай і ўкраінскай моў. 
 
У 1955 — 1956 гады беларускую, рускую мову і літаратуру ў Жалудоцкай сярэдняй школе выкладаў крытык, літаратуразнавец Сяргей ГУСАК (1930 — 1969). Жалудок некалі таксама, як і Шчучын, быў раённым цэнтрам.
У вёсцы Цёмнае Балота (Сасновы Бор) Шчучынскага раёна 9 чэрвеня 1949 года нарадзіўся літаратуразнавец, тэкстолаг, перакладчык, крытык Віктар ДАРАШКЕВІЧ.
 
З 1965 года настаўнічала ў Ракавіцкай СШ Шчучынскага раёна паэтэса Марыя ШАЎЧОНАК (нарадзілася 11 мая 1944 года ў вёсцы Новы Востраў Клічаўскага раёна, на Магілёўшчыне). Працавала таксама ў шчучынскай раённай газеце «Савецкая вёска». З 1978 года — у Гродна. Свой першы верш — «Я — піянерка» — надрукавала ў 1954 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». Аўтар паэтычных кніг «Белая ластаўка» (1971), «Свята зямлі» (1976), «Бацькоўскае імя» (1981), «Раса-расінка» (1985) і іншых. У час працы на Шчучыншчыне актыўна друкавалася ў розных перыядычных выданнях — «Полымя», «Чырвоная змена», «Маладосць», «Знамя юности», «Работніца і сялянка», «Літаратура і мастацтва», «Голас Радзімы», «Гродненская правда», «Сельская газета»... Ужо першая кніга Марыі Шаўчонак — «Белая ластаўка» — выклікала шмат водгукаў у друку. З рэцэнзіямі на паэтычны зборнік таленавітага аўтара выступілі Юрка Голуб, Анатоль Грачанікаў, Уладзімір Дзюба, Алесь Звонак, Мікола Хведаровіч, Рыгор Яўсееў... 
 
Празаік, драматург Іван ПЯШКО нарадзіўся 4 снежня 1940 года ў вёсцы Ляшчыцы Гродзенскага раёна. Скончыў сярэднюю школу ў Скідзелі, тэхнічнае вучылішча ў Гродна. Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута (цяпер — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы) працаваў настаўнікам у Шчучынскім раёне. Быў на партыйнай рабоце. Скончыў Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве. З 1984 года працаваў намеснікам рэдактара шчучынскай раённай газеты «Савецкая вёска» (цяпер — «Дзянніца»). Жыве ў Шчучыне. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Аўтар кніг прозы «Чырвоная клубніка» (1977), «Марго з Казарэзаў» (1992), «Сцэнарый з сямідзесятых» (1997), «На тым беразе» (2007), «Сінія васількі» (2015). Вельмі цікавай падаецца аповесць «Сцэнарый з сямідзесятых». Можа быць, няма ў ёй глыбокіх сацыяльных і адпаведна мастацкіх канфліктаў, але ў творы ёсць партрэты, характары герояў, ёсць само жыццё, за якім праз прызму ўласнага лёсу назірае галоўны герой — настаўнік, пісьменнік, які спрабуе стаць кінадраматургам і сутыкаецца з няпростым і часта даволі супярэчлівым светам. Напрыканцы твора галоўны герой у пошуках працы прыязджае ў Жалудок — адно з паселішчаў Шчучынскай старонкі... Цытуем з аповесці «Сцэнарый з сямідзесятых»: «Гарадскі пасёлак Жалудок ад Шчучына за дваццаць кіламетраў. Ехаць туды мінут сорак. Невялікі пасёлак, які меў сваю гісторыю. Тут нарадзіўся будучы рэвалюцыянер, удзельнік паўстання 1863 года Валерый Урублеўскі, потым генерал Парыжскай камуны, сябра Карла Маркса. У цэнтры пасёлка, у скверы — помнік Герою Савецкага Саюза лётчыку Батыраву, які загінуў у гады вайны. Пасёлак у маляўнічым месцы, часта сюды наведваліся кінематаграфісты, здымалі фільмы. 
 
Дырэктар школы, невялікага росту мужчына гадоў сарака, энергічны і рухавы, спадабаўся. 
 
Дваццаць дзве гадзіны, класнае кіраўніцтва ў дзявятым «Б», а таксама грамадская нагрузка — загадваць музеем Урублеўскага. Музей — з двух пакояў на другім паверсе школы. Што з Саветнікавым? Звычайная гісторыя. Адстаў ад жыцця, ад навукі, пачаў піць. Жонка яго, інвалід, у інтэрнаце працуе кухаркай. Напіўся, пасварыўся з ёй, яна зачынілася ў інтэрнаце, ён праз акно лез, шыбы павыбіваў. Усё адбывалася пры дзецях. Ну што ён за настаўнік? Аўтарытэту ніякага, дзеці на ўроках што хочуць робяць, дысцыпліны няма. Ну мы і рашылі спыніць бязглуздзіцу. Чакалі моманту, якраз тут ваш званок.
 
Калі з работай уладкаваўся даволі хутка, то наконт жылля было намнога цяжэй. Абышоў хат дзесяць, у кожнай адмовілі. Толькі на другі дзень пачало нешта прасвятляцца. Гэтае нешта — дзве кватэры, адна на ўскраіне пасёлка, дзе, апроч кухні, быў адзін вялікі пакой, і ў тым пакоі адзін ложак. А дзе ж, падумаў Птушко, быць гаспадарам? У кухні? 
 
Птушко спыніўся на другім варыянце. Кватэра была ў цэнтры пасёлка, гаспадар яе Рыгор Савельевіч Дзеравянскі, невысокі шапялявы яўрэй, працаваў нарыхтоўшчыкам другаснай сыравіны. Ён прапанаваў пярэдні пакой, дзе ля печкі стаяла канапа. Апроч пярэдняй, была невялікая зала, кухня і спальня. 
 
Вось тут і зажывем, Ваня. Цябе, здаецца, Ванем называюць? Зажывем, Ваня! Харошае імя далі табе бацькі. Я, каб ты ведаў, працую ў сістэме пух-пяро. Кантора, Ваня, салідная... Браце ты мой, такая работа, што заўсёды сярод людзей. А людзі, Ваня, ёсць самыя розныя. Трэба вуха востра трымаць. А не — пад дурнога хату падвядуць. Хочаш жыць — умей вярцецца, Ваня. Праблем у жыцці хапае, адна з іх — харчовая. Яе на ўрадавым узроўні не адзін дзясятак гадоў рашаюць, і ўсё беспаспяхова. Я ж на сваім — даўно рашыў. Яйкі заўсёды ёсць. А яйкі ды хлеб — ужо з голаду не памрэш. Але ёсць нешта і да яек. Маю добрага сябра на бойні. Кумпячка магу ў любы час арганізаваць, пячоначку там, ці яшчэ які-небудзь далікатэс — для мяне праблемы няма, Ваня. Адно кепска: Соня ў бальніцы. 
 
Птушко зразумеў — гаспадыня трапіла ў бальніцу. 
 
Яна ў мяне хворы чалавек, Ваня. Колькі жахаў яна ў вайну перанесла. А каб ты ведаў, што гэта за чалавек! Вось пойдзем у бальніцу, я цябе пазнаёмлю з Соняй. Можа, заўтра і сходзім, Ваня? Чаго адкладваць, так я думаю, Ваня... 
 
Пойдзем, абавязкова пойдзем, Рыгор Савельевіч. 
Я адразу зразумеў, Ваня, што ты добры чалавек. Мяне на мякіне не правядзеш. Я стрэляны верабей. Я бывалы чалавек, Ваня. Усю вайну прайшоў. І як ваяваў! Ведаеш, колькі медалёў маю? Поўныя грудзі. І ордэн ёсць, — Дзеравянскі падняўся з канапы, пайшоў у спальню, корпаўся ў шафе, прынёс кардонную каробку з-пад абутку, дзе хаваў вайсковыя ўзнагароды, доўга гаварыў — як і за што атрымаў той ці іншы медаль, грамату..." 
У вёсцы Ліпічанка Шчучынскага раёна 2 студзеня 1937 года нарадзіўся паэт, журналіст, настаўнік Уладзімір ВАСЬКО, які цяпер жыве ў Лідзе. Скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы. Працаваў дырэктарам сярэдняй школы на Дзятлаўшчыне, у рэдакцыі дзятлаўскай раённай газеты «Перамога». Пасля лёс звязаў Уладзіміра Васько з лідскай «раёнкай» «Уперад» (цяпер — «Лідская газета»), ажно на 28 гадоў, з 1972 па 2000 гады. Адзін час займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара лідскай раённай газеты. Узначальваў літаратурнае аб’яднанне «Суквецце». Звернемся да аднаго з твораў У. Васько — «Доля журналіста»: 
 
Ліпічанская пушча — 
пачатак дарог і трывог,
Ды агеньчыкі воўчых
вачэй у начы,
На прасторах жыцця
я не тое, што раптам знямог, — 
Я стаміўся крыху,
дай на ўлонні тваім адпачыць. 
Па шляхах журналісцкіх 
я нямала праехаў, прайшоў,
Перамераў сцяжынак
да фермаў, майстэрняў. 
І прапах сырадоем
і сіласам мой кажушок,
І растрэсла мяне 
на няроўных жыццёвых
карэннях.
Толькі ў лёсы людскія 
заўсёды ўрываўся з дабром,
Калі хто іх наводмаш
хацеў перакрэсліць.
Нібы цяжкія рэйкі,
радкі я варочаў пяром,
Каб найлепш іх пакласці 
на шлях
Да пакрыўджаных сэрцаў. 
 
Уладзімір Васько — аўтар кніг паэзіі «Прасветленасць» (1981), «На схілах берагоў» (1997), «Кругаварот жыцця» (2011), «Лясная рапсодыя» (2013), «Зігзагі лёсу» (2017), «Энергія душы» (2019)... 
 
Шчучынскі край — радзіма празаіка, публіцыста, юрыста Славаміра АНТАНОВІЧА (1955 — 2020), які нарадзіўся ў вёсцы Піляўсі. У 1972 годзе закончыў Каменскую СШ. Пасля паступіў на факультэт аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі Мінскага радыётэхнічнага інстытута (закончыў у 1977 годзе). Яшчэ ў школе пачаў супрацоўнічаць з перыядычным друкам. Працаваў на камсамольскай і партыйнай рабоце. З 1986 года Славамір Антановіч — у «Мінскай праўдзе», а пасля — у газеце «Звязда». Аўтар кніг «Пётр Машэраў» (вытрымала некалькі выданняў — у 1993, 1998, 2011, 2018 гадах), «Чорны вір Нёмана» (2012), «Дыверсант Сталіна» (2017), «Жыццё па-за законам» (2006), «Асуджаныя да расстрэла» (2001)... 

Мацей Казімір САРБЕЎСКІ.

Ёсць у Шчучынскай старонцы такая вёска Бершты. Даволі знакамітае паселішча. Вядомасць сваю мае ажно з XV стагоддзя. У 1496 годзе тут адбыўся сойм Вялікага княства Літоўскага. У Берштах у 1633 — 1639 гадах спыняўся на адпачынак і паляванне кароль Уладзіслаў ВАЗА. Берштаўскія лясы і каралеўскія паляванні апісаў у сваёй паэме «Лясныя забавы» новалацінскі паэт, тэарэтык літаратуры і школьнага тэатра, філосаф, тэолаг Мацей Казімір САРБЕЎСКІ (1595 — 1640), лёс якога паяднаны з Беларуссю. Выкладаў у Полацкім езуіцкім калегіуме ў 1618 — 1620-я, а затым у 1626 — 1621 гады. А ў 1620 — 1622 гадах — у Нясвіжскім езуіцкім калегіуме. Мацей Сарбеўскі — аўтар арыгінальных, адметных трактатаў «Пра дасканалую паэзію», «Аб вартасцях і недахопах элегіі», «Аб фігурах думкі» і інш. Пяру яго як паэта належаць зборнікі «Тры кнігі лірычных вершаў», «Чатыры кнігі лірычных вершаў», «Лясныя песні»... У Берштах 17 ліпеня 1959 года нарадзілася літаратуразнавец, паэтэса, педагог Вольга Іванаўна РУСІЛКА. Закончыла ў 1981 годзе філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1984 года працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Загадчык кафедры беларускай літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Аўтар многіх літаратурна-крытычных і гісторыка-літаратурных артыкулаў. У розныя гады пабачылі свет паэтычныя кнігі Вольгі Русілкі — «Табе» (1996) і «Ажына» (2004). 

У Шчучыне ў дзяцінстве, падлеткавым узросце жылі будучыя пісьменнік-марыніст Мікалай Андрэевіч ЧАРКАШЫН (нарадзіўся ў 1946 годзе ў Ваўкавыску) і яго сястра — пушкініст, аўтар многіх кніг Ларыса Андрэеўна ЧАРКАШЫНА (таксама нарадзілася ў Ваўкавыску). 
 
Член Саюза пісьменнікаў Беларусі публіцыст Уладзімір Яўгенавіч ЯГОРЫЧАЎ нарадзіўся 1 студзеня 1949 года ў вёсцы Красляны Шчучынскага раёна. Кандыдат гістарычных навук, ён доўгі час працаваў выкладчыкам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аўтар больш за 20 кніг гістарычнай публіцыстыкі. Па выніках 2012 года ў грамадска-палітычнай сферы атрымаў прэмію «Чалавек года Гродзеншчыны». 
 
На Гродзеншчыне, ды ў Беларусі таксама, юныя чытачы даўно ўжо добра ведаюць кнігі дзіцячай пісьменніцы Ганны СКАРЖЫНСКАЙ-СІВІЦКАЙ, якая нарадзілася ў вёсцы Куцы Лес Шчучынскага раёна 3 жніўня 1966 года. Выдала кнігі «Вечарынка» (2008), «Расінка і Сонечны зайчык» (2010), «Казкі-чамучкі» (2013), «Вавёрчын баравік» (2014), «Кветка малой радзімы» (2014), «Мішка-прывід» (2016) і шэраг іншых. Пісьменніца — лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі (2014) за кнігу «Надзейка-чарадзейка». Творы дзіцячай пісьменніцы ўвайшлі ў падручнікі для агульнаадукацыйнай школы. Жыве Ганна Іосіфаўна ў Гродне. 
 
«Узмах птушынага крыла,/ шум хваль азёрных на світанні./ Ізноў дарога прывяла/ з табою, Шчучын, на спатканне./ Заўсёды ўтульны, малады./ І прыгажэеш ты з гадамі./ Здалёк спяшаемся сюды,/ нас горад радасна вітае./ Усмешак добрых тут святло,/ і шчырыя жывуць тут людзі./ Здаўна так у Шчучыне было,/ дык і няхай заўжды так будзе!», — гэтыя радкі належаць пяру паэтэсы Наталлі ЦВІРКО, якая нарадзілася 1 ліпеня 1980 года на станцыі Скрабаўцы Шчучынскага раёна. Скончыла Гродзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Скрыбаўскай сярэдняй школы. Піша вершы для дарослых і дзяцей. У 2015 годзе выдала ў серыі «Маладая паэзія Беларусі» зборнік вершаў «Крылы забытых мар». Многія творы паэтэсы прысвечаны роднай Шчучынскай старонцы. Сярод іх — і вось гэты верш: 
 
Мая зямля! Маленства сцежкі!
Дзяцінства край чароўны мой! 
Хоць свет вакол такі бязмежны,
Мая душа заўжды з табой. 
 
Тут устаюць мае світанні,
Тут дрэмле ціхі вечар мой. 
Надзеі ўсе і ўсе жаданні,
мая душа заўжды з табой. 
 
Табе паклон мой самы нізкі,
табе ўся мая любоў.
Мая зямля, мая калыска,
мая душа заўжды з табой! 
(«Мая зямля»). 
 
... Шчучынскі край выпеставаў і іншыя пісьменніцкія таленты. Як, напрыклад, паэта і празаіка Віктара КУЦА (нарадзіўся ў вёсцы Рыбакі — 2 лютага 1940 года), паэта, краязнаўца Уладзіміра РУЛЯ (нарадзіўся 3 верасня 1953 года ў вёсцы Матылі), гісторыка, публіцыста Міколу НІКАЛАЕВА (нарадзіўся ў Шчучыне 21 лютага 1955 года)... Можна, пэўна, згадаць і яшчэ шмат каго... 
 
Алесь КАРЛЮКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».