Вы тут

Сістэмы відэаназірання дапамаглі раскрыць звыш 530 злачынстваў на Гомельшчыне


Аб выніках работы органаў унутраных спраў Гомельскай вобласці ў мінулым годзе журналістам расказаў начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла.


На Гомельшчыне мінулы год адзначаны зніжэннем як агульнай колькасці зарэгістраваных крымінальных дзеянняў, так і злачынстваў. Скарацілася колькасць забойстваў, замахаў на забойства, фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, крадзяжоў, рабаванняў і хуліганстваў. Пры гэтым летась быў адзначаны рост злачынстваў, якія належаць да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Абумоўлены гэты факт, у першую чаргу, учыненнем махлярстваў і выпадкамі ўцягвання ў крымінал непаўналетніх.

У мінулым годзе вострым заставалося пытанне злачынстваў у сферы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі. Па амаль 84% выпадках устаноўлены падазроныя асобы: актыўныя ўдзельнікі «наркашопаў». З абароту выключана больш за 35 кілаграмаў наркотыкаў і псіхатропаў, выяўлена 13 памяшканняў, спецыяльна прыстасаваных для вырошчвання нарказмяшчальных раслін. Спынены спробы перамяшчэння наркотыкаў праз мытную мяжу. 

Праваахоўнікамі рэгіёна працягваецца поўнамаштабная інфармацыйная работа з насельніцтвам па спосабах учынення махлярстваў. Супрацоўнікі звяртаюць увагу, што кур’еры ў зламысных схемах, якія пагаджаюцца забраць і аднесці ў адзначанае месца грошы ашуканых грамадзян, аўтаматычна становіцца саўдзельнікамі і членамі злачыннай групы — з усімі вынікаючымі наступствамі. Гаворка пра факты махлярства, калі ў пацярпелых па тэлефоне вымагаюць грошы быццам бы для аказання дапамогі сваякам, трапіўшым у ДТЗ. Да адрасатаў дасылаюць тых самых «кур’ераў».

Начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Шастайла звярнуў увагу падчас прэс-канферэнцыі і на важны прававы момант кваліфікацыі ў тым ліку і па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу за незаконнае абарачэнне наркотыкаў злачынных дзеянняў так званых «спортыкаў». Гэта маладыя людзі, нанятыя уладальнікамі наркашопаў для пакарання закладчыкаў. Людзей жорстка збівалі і зневажалі — працэс здымалі на відэа для справаздачы аб праведзенай «працы».

— Першы ў рэспубліцы такі факт быў выяўлены намі ў Рэчыцы. Першапачаткова пацярпелы сцвярджаў, што быў беспадстаўна збіты невядомымі хуліганамі, — распавёў Аляксандр Шастайла. — Аднак у далейшым прызнаўся і раскрыў абставіны злачынства. У далейшым мы выявілі групу навучэнцаў адной з навучальных устаноў Гомеля, якія займаліся гэтым на сістэмнай аснове. Устаноўлена, што злачынцы дзейнічалі не толькі ў Гомельскай вобласці, але і за яе межамі. Сярод пацярпелых ёсць дзяўчына, якая была збіта і згвалтавана. На сёння ўстаноўлена іх дачыненне да ўчынення аналагічных злачынстваў у Гродзенскай вобласці.

Як адзначыў кіраўнік праваахоўнага ведамства ў рэгіёне, у вобласці звыш 530 злачынстваў удалося раскрыць з дапамогай сістэм відэаназірання. 

У мінулым годзе знізілася колькасць злачынстваў, учыненых у сельскай мясцовасці, звярнуў увагу начальнік УУС Гомельскага аблвыканкама. Прафілактычная работа праваахоўнікаў спрацавала і на недапушчэнне росту злачынстваў, якія ўчыняюць людзі ў стане алкагольнага ап’янення.

— Працуюць назіральныя камісіі, куды ўваходзяць і супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Мы актыўна ўзаемадзейнічаем са старшынямі сельскіх выканаўчых камітэтаў — і па пытаннях забеспячэння бяспекі, і правядзення прафілактычных мерапрыемстваў. Калі такой работай займацца сістэмна, тады дасягаецца станоўчы вынік, — падзяліўся Аляксандр Шастайла.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота УУС Гомельскага аблвыканкама

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».