Вы тут

Юбілеі Леаніда Шчамялёва, Расціслава Янкоўскага і Леаніда Гайдая


З нагоды юбілейных дат на сацыякультурным канале працягваюць успамінаць адметных дзеячаў культуры. Бліжэйшыя выхадныя не сталі выключэннем.


У прыватнасці, 5 лютага, у дзень нараджэння акцёра тэатра і кіно, народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага на «Беларусь 3» убачым мастацкі фільм «Задача з трыма невядомымі» (1979 г., «Беларусьфільм»). У кадры з выдатным акцёрам   Барыс Шчарбакоў, Уладзімір Герасімаў, Тамара Чарнова і іншыя. Гледачы ў кампаніі супрацоўнікаў крымінальнага вышуку змогуць паназіраць за расследаваннем справы абрабавання заводскага касіра. Героі кінастужкі — маёр Дорахаў і лейтэнант Матушкін — павінны цяпер знайсці злачынцаў па нешматлікіх зачэпках і адзіным доказе — андатравым капелюшы, які ўцекачы пакінулі на месцы злачынства... Апынуцца ў атмасферы дэтэктыўнага фільма, убачыць Мінск мінулых гадоў зможаце падчас прагляду кінастужкі рэжысёра Барыса Шадурскага, які пазней палюбіўся гледачам яшчэ і такімі фільмамі, як «Кантрольная па спецыяльнасці» (1981), «Кіроўца аўтобуса» (1983) і г. д.

А вось магчымасць успомніць творчасць кінарэжысёра, сцэнарыста, акцёра, народнага артыста СССР Леаніда Гайдая (30 студзеня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння кінамаэстра) будзе падчас паказу яго мастацкага фільма «Спортлато-82» (1982 г.) у нядзелю на сацыякультурным канале. Эксцэнтрычная камедыя, знятая сорак
гадоў таму, дазволіць ізноў паназіраць за тым, як героі кінастужкі будуць шукаць «згубленае шчасце» на вадзе, на сушы і нават у гарах. Менавіта ў такіх незапланаваных абставінах і выяўляюцца часам зусім новыя характарыстыкі людзей. Тое ж адбылося і з гэтай кампаніяй, а ў выніку кожны застаўся пры сваім... Фільм, дарэчы, стаў лідарам пракату ў год выхаду, сабраўшы на прагляды 55,2 млн гледачоў.

Сёлета спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння паэта, драматурга, тэатральнага дзеяча, класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Дакументальны фільм Белтэлерадыёкампаніі з удзелам даследчыкаў творчасці класіка раскажа пра «майстра эпатажу», аднаго з роданачальнікаў новай беларускай літаратуры, які знайшоў сябе ў творчасці, з'яўляючыся практыкуючым юрыстам. Паглядзець на аўтара «Пінскай шляхты», які неяк зазначыў: «Няхай што хочуць гавораць, але ж гэта я паэзію нашага сялянскага люду апрануў у шаты народнай эстэтыкі, увёў на сцэну жыцця і пакінуў у шэрагу твораў айчыннага пісьменства, чым і ганаруся», праз прызму яго біяграфіі, творчага шляху — у «Запісках на палях».

У нядзелю, 5 лютага, на «Беларусь 3» не прапусціце стужку «Фарбы памяці» (БТРК, 2019 г.), прысвечаную народнаму мастаку Беларусі Леаніду Шчамялёву, 100 гадоў з дня нараджэння адзначаецца ў гэты дзень. Ён не марыў быць мастаком, але сустрэча з настаўнікам Марка Шагала і яго пахвала канчаткова пераканала творцу зрабіць свой выбар на карысць мастацтва. А як усё склалася з часам, у што верыў і пра што пераважна выказваўся Леанід Дзмітрыевіч на сваіх палотнах — распавядаюць стваральнікі дакументальнага цыкла. Пасля дакладна захочацца наведацца ў музей, каб па-іншаму паглядзець на работы Леаніда Шчамялёва, у якіх заўсёды знаходзіш глыбіню зместу і прагу да жыцця.

Алёна ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.