Вы тут

Як трэнерская сям'я Дубровых выхоўвае чэмпіёнаў па тэнісу


«Вы — самая лепшая каманда, без вас нічога не было б», — гэта першыя словы чэмпіёнкі Australian Open 2022 года Арыны Сабаленкі пасля перамогі. Камеры захавалі для гісторыі не толькі яе перамогу, але і слёзы радасці. А камеры, якія здымалі трыбуны, зафіксавалі маладога мужчыну, які таксама не хаваў сваіх слёз. Слёз радасці і гонару не саромеўся Антон Дуброў, які амаль два гады трэніруе першую ракетку Беларусі. 


Трэнерскі шлях Антон Дуброў пачынаў пад крылом дзядулі — вядомага беларускага трэнера Эдуарда Уладзіміравіча Дуброва. З яго вучаніцай Верай Лапко ў якасці спарынг-партнёра Антон упершыню аказаўся на Турніры Вялікага шлема. І гэта быў якраз Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі. Антон Дуброў некаторы час быў спарынг-партнёрам многіх членаў нацыянальнай каманды. Супрацоўнічаў з Вольгай Гаварцовай, з якой таксама ездзіў у Аўстралію. Дапамагаў на спаборніцтвах Аляксандры Сасновіч, Вікторыі Азаранка і іншым членам беларускай каманды. А затым Арына Сабаленка запрасіла працаваць толькі з ёй. Пасля спынення супрацоўніцтва з Дзмітрыем Турсуновым тэнісістка спрабавала трэніравацца з нямецкім спецыялістам Дытэрам Кіндльманам, але супрацоўніцтва не склалася. «Антон мяне даўно ведае, ведае мае слабыя кропкі», — растлумачыла тады свой выбар Арына. Трэнер сапраўды даўно ведае спартсменку, ездзіў з ёй на турніры, калі той было 16-17 гадоў. І самае галоўнае — ён змог знайсці падыход да спартсменкі. 

«Ён ніколі мяне не асуджаў, ніколі на мяне не ціснуў, і ён мяне вельмі добра ведае. Ён разумее мяне з паўслова і ведае, калі, што і як можна сказаць, калі трэба павысіць голас, а калі спакойна растлумачыць. І з ім камфортна. Я бачу, што ён увесь час у пошуку. Ён ведае, у якім напрамку развіваць мой тэніс», — дзялілася Арына. 

У мінулым сезоне вялікім галаўным болем для Арыны Сабаленка была падача. Сама тэнісістка адзначала, што прычына няўдач — у галаве. Але ж галава і цела звязаныя. Антон Дуброў лічыць, што калі ёсць нейкія пытанні, то можна прыйсці праз фізіку да галавы і праз галаву да фізікі. Трэнер па фізпадрыхтоўцы Джэйсан Стэйсі прапанаваў адпрацаваць працу з біямеханікам, што, безумоўна, дапамагло Арыне. Давер паміж членамі каманды, правільны трэнерскі разлік спрацавалі ў Аўстраліі. Поспех Арыны Сабаленкі, яе трэнера Антона Дуброва і ўсёй каманды — адна з яркіх старонак гісторыі беларускага тэніса. 

З прозвішчам Дуброў звязана не менш яркая старонка. У 2017 годзе ў фінал Кубка Федэрацыі беларускую каманду прывёў Эдуард Уладзіміравіч Дуброў. Лідарам гэтай каманды была Арына Сабаленка. У фінале 19-гадовая Арына абыграла пераможцу US Open Слоан Стывенс, праўда, потым дастойна ўступіла Кока Вандэвеге. Выступіць у вырашальным парным матчы капітан каманды таксама даверыў Арыне Сабаленка, якая разам з Аляксандрай Сасновіч пасля адзіночных матчаў выйшла на корт супраць Кока Вандэвеге і Шэлбі Роджэрс. На жаль, цуду не здарылася. Трафей дастаўся амерыканскім тэнісісткам. Але засмучаным у беларускай камандзе не быў ніхто, у тым ліку і капітан Эдуард Дуброў. Упершыню ў гісторыі дайсці да фіналу самага прэстыжнага каманднага турніру і даць дастойны адпор моцным сапернікам — гэта ўжо поспех. 

Эдуард Уладзіміравіч аддаў тэнісу больш за паўстагоддзя. У асноўным ён трэніраваў дзяцей, пры чым у 1980-я гады сумяшчаў гэта з працай на заводзе. Па адукацыі Эдуард Уладзіміравіч — інжынер, яго веды спатрэбіліся і ў тэнісе. Эдуард Дуброў змайстраваў спецыяльны станок для перацяжкі струн. «Гэта, вядома, не маё ноу-хау, такі станок быў і ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Але я яго ўдасканаліў: прыдумаў спецыяльны трымальнік, спрасціў механізм нацяжэння. Мой станок лёгка заціскаў струну. Я яго з сабой на ўсе турніры браў. У Турцыі ад жадаючых перацягнуць струны менавіта на маім станку адбою не было, гадзінамі струны перацягваў. Нават нейкую капейчыну зарабляў на гэтым. Станок, між іншым, да гэтага часу працуе», — успамінаў трэнер. 

За час працы дзіцячым трэнерам Эдуард Уладзіміравіч падрыхтаваў 30 майстроў спорту, з іх сем — міжнароднага класа. Гэта Марына Сцец, Надзея Астроўская, Дар’я Кустава, Уладзімір Ігнацік, Лідзія Марозава, Іма Богуш. У 2006 годзе быў капітанам нацыянальнай зборнай. У той камандзе былі Іма Богуш, Ксюша Мілеўская, Віка Емяльяненка. Спачатку на чэмпіянаце Еўропы дзяўчаты прайгралі расіянкам за выхад у чацвёрку. Але прабіліся на чэмпіянат свету, дзе ў фінале зноў сустрэліся з расіянкамі. І на гэты раз чэмпіёнкамі сталі беларускія тэнісісткі. Гэта адна з ключавых перамог беларускага тэніса, якую краіне прынёс трэнер Дуброў.

Пераемнасць пакаленняў, спартыўныя дасягненні даюць надзею, што беларускі тэніс будзе жыць і развівацца, радаваць новымі перамогамі. Арына Сабаленка — спартсменка, якая не спыняецца на дасягнутым. У Дубровых гэта таксама не прынята. Таму чакаем новых перамог гэтага тандэма. А на выпадак складаных сітуацый у іх ёсць мудры вопытны настаўнік. 

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.