Вы тут

Сунь Шэн’у — адданы перакладчык Янкі Купалы


Янка Купала — неаспрэчная велічыня, класік беларускай літаратуры, наш народны Песняр. Але што трэба зрабіць, каб і ў іншай краіне, асабліва такой далёкай ад нас, як Кітай, таксама гэта разумелі. Купалу ў гэтым дачыненні вельмі пашанцавала. З беларускіх пісьменнікаў яго на кітайскую мову пераклалі першым, і сама асоба кітайскага перакладчыка спрыяла, каб Янку Купалу ў Кітаі любілі і шанавалі. 


«Перакладаючы любы матэрыял па гісторыі савецкай літаратуры, у раздзеле пра развіццё беларускай літаратуры вы абавязкова сустрэнеце простае і прыязнае імя Янкі Купалы. Ён з’яўляецца прадстаўніком дзвюх паэтычных эпох Беларусі — да і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Янка Купала, як яркая зорка, асвятляе мінулае і будучыню Беларусі.» Гэтая характарыстыка, дадзеная беларускаму песняру ў 1958 годзе ў прадмове да кітайскага пераваўсаблення паэмы «Над ракой Арэсай», хутчэй за ўсё належыць Сунь Шэн’у. Кніга выйшла ў выдавецтве «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ» ў перакладзе Ду Чэн’наня, але прадмова была за подпісам «Рэдактарскі аддзел выдавецтва Жэньмінь вэньсюэ». У гэтыя гады там ужо працаваў Сунь Шэн’у — перакладчык купалаўскага зборніка «Жалейка», таму ёсць усе падставы лічыць, што высокая адзнака і месца Купалы ў беларускай літаратуры, унікальны талент беларускага класіка дадзена яго адданым перакладчыкам. 

Але ўсё па парадку. Вершы Купалы — першыя сярод твораў беларускай літаратуры ў Кітаі. Паэтычны зборнік «Жалейка» пабачыў свет у 1946 годзе ў выдавецтве «Вэньгуан шудзянь чубаньшэ» (Шанхай). У выданні бралі ўдзел лепшыя прадстаўнікі перакладчыцкай школы таго часу: Гэ Баоцюань (аўтар прадмовы), Цао Цзінхуа (галоўны рэдактар) і ў якасці перакладчыка — Чжу Цзі. Другое выданне «Жалейкі» адбылося ў 1953 годзе. «Жалейка», выдадзеная ў Кітаі, носіць такую ж назву, як і першы вершаваны зборнік Янкі Купалы, што выйшаў у свет у 1908 годзе ў выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша аконца» ў Пецярбургу, але па змесце значна ад яго адрозніваецца. У шанхайскі зборнік увайшлі 43 вершы Янкі Купалы і паэма «Курган», якія датуюцца перыядам з 1906 па 1939 гады. Вершы ў кнізе змешчаны ў адносна храналагічнай паслядоўнасці і ў пэўнай ступені знаёмяць кітайскіх чытачоў з жанравым багаццем творчасці народнага песняра. Разам з тым храналагічнасць дазваляе адлюстраваць змены ў светапоглядзе паэта, яго пазіцыі да падзей на беларускай зямлі ў першай палове ХХ стагоддзя.

Чжу Цзі — псеўданім Сунь Шэн’у (1917-2014), знакамітага перакладчыка і выдаўца. Сунь Шэн’у нарадзіўся ў Яньшы, правінцыі Хэнань. У 1942 годзе скончыў Інстытут камерцыі Паўночна-Заходняга ўніверсітэта па спецыяльнасці «руская мова». У 1949-м пачаў працаваць у выдавецтве «Шыдай чубаньшэ» і заняўся перакладчыцкай справай. У 1953 годзе пераведзены ў выдавецтва «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ», дзе працаваў дырэктарам замежнай рэдакцыі і намеснікам галоўнага рэдактара, заснавальнікам «Штоквартальніка замежнай літаратуры» і першым адказным кіраўніком па выбары і планаванні твораў замежнай літаратуры ў выдавецтве «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ». У 1960-я гады менавіта Сунь Шэн’у займаўся выданнем «жоўтых кніг» — кніг для ўнутранага карыстання, якія распаўсюджваліся сярод вядомых пісьменнікаў і чыноўнікаў міністэрскага ўзроўню. У артыкуле «Унікальны час у гісторыі літаратурнага абмену паміж Кітаем і Савецкім Саюзам: выданне «жоўтых кніг» Чжан Фушэн адзначаў, што «Сунь Шэнэ’у праглядаў кожны выпуск «Каталога замежнай кніжнай прадукцыі», затым заказваў тыя з кніг, якія больш за ўсё ўхвалялі ці, наадварот, крытыкавалі. У той час рэдакцыя таксама выпісвала шмат савецкіх літаратурных часопісаў і газет: «Литературная газета», «Знамя», «Звезда», «Октябрь», «Новый мир», «Наш современник» і іншыя. Часопісы і газеты раздавалі супрацоўнікам, якія выступалі з прапановамі, канчатковае рашэнне прымаў Сунь Шэн’у.» Акрамя гэтага, ужо пазней Сун Шэн’у стаў адказным сакратаром і членам выканаўчага камітэта Кітайскай асацыяцыі перакладчыкаў. Пад іншым псеўданімам — Сунь Вэй — выступіў на старонках Вялікай Кітайскай Энцыклапедыі. Менавіта ён у 1980-я гады напісаў энцыклапедычныя артыкулы пра Янку Купалу, Васіля Быкава і Івана Шамякіна, а таксама аглядны артыкул, прысвечаны гісторыі беларускай літаратуры.

Увогуле, Цао Цзінхуа, Гэ Баоцюань і Сунь Шэн’у — невыпадковая кампанія складальнікаў «Жалейкі». Сунь Шэн’у пазнаёміўся з Цао Цзінхуа ў горадзе Чунцін, калі знакамітага перакладчыка і выкладчыка Цао Цзінхуа запрасілі ў 1938 годзе далучыцца да Кітайска-савецкай асацыяцыі па справах культуры ў якасці члена выканаўчага камітэта. Яму таксама раілі стварыць асобны камітэт па рэдагаванні і перакладзе, які з цягам часу склаўся з трох чалавек: Цао Цзінхуа — кіраўнік, Е Іцюнь (у будучым уплывовы тэарэтык у галіне літаратуры і мастацтва) — рэдактар і Сунь Шэн’у — памочнік рэдактара. «Гэ Баоцюань толькі вярнуўся пасля працы журналістам у Савецкім Саюзе і працаваў рэдактарам у газеце «Сіньхуа жыбао», якая пераехала ў Чунцін. Гэта газета была пад кантролем Гаміньдана, але ўсе ведалі, што Гэ Баоцюань — камуніст, і яму не давалі шмат заданняў. Гэ Баоцюань часта прыходзіў да нас у Кітайска-савецкую асацыяцыю па справах культуры, каб пагутарыць. Мы з ім прыкладна аднаго ўзросту, абодва любілі літаратуру, таму пасябравалі і падтрымлівалі добрыя сяброўскія адносіны на працягу многіх гадоў», — успамінаў Сунь Шэн’у. «Пазней кіраўніцтва адправіла яго на караблі з Чунціна праз Ганконг на працу ў Пекін ... Больш чым праз дзесяць гадоў Гэ Баоцюань вярнуўся з Савецкага Саюза, дзе быў на дыпламатычнай рабоце, і стаў у асноўным займацца рускай і савецкай літаратурай. Мяне таксама перавялі ў выдавецтва «Жэньмінь вэньсюэ чубаньшэ» для выдання рускай і савецкай літаратуры, там мы зноў апынуліся разам.» 

У 1957 годзе Сунь Шэн’у ізноў мае магчымасць распавесці пра Янку Купалу на старонках часопіса «Івянь». Гэтым годам кітайскія літаратары ў гонар саракавой гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі падрыхтавалі спецыяльны нумар часопіса «Івянь» з перакладамі твораў савецкай літаратуры. «Івянь» — першы ў Кітаі часопіс, які спецыялізаваўся на перакладзе і выданні замежнай літаратуры. У 1930-я гады галоўным рэдактарам выступаў Лу Сінь. Часопіс выдавалі з 1934 па 1937-ы. Пасля ўтварэння КНР выданне аднавілі, галоўным рэдактарам стаў Маа Дунь. 1950-я гады — зорны час савецкай літаратуры ў Кітаі. Спецыяльны нумар адкрывае прадмова Цао Цзінхуа «Савецкая літаратура, дзякуй, што натхняеш нас!». Складальнікі зборніка разумелі, што савецкая літаратура — гэта шматнацыянальная літаратура, таму ўсе змешчаныя ў нумары творы надрукаваны з пазнакай, да якой нацыянальнай літаратуры яны адносяцца. У нумары больш за чатырыста старонак з паэзіяй, прозай, драматургіяй, успамінамі і літаратурнай крытыкай у выкананні аўтараў з Расіі, Украіны, Беларусі, Узбекістана, Казахстана, Грузіі, Азербайджана, Літвы, Малдовы, Латвіі, Кіргізіі, Таджыкістана, Арменіі, Туркменістана, Эстоніі, Башкірыі, Абхазіі, Карэліі. 

З беларускай літаратуры былі абраны апавяданне Кузьмы Чорнага «Вялікае сэрца» і вершы Янкі Купалы «Я — калгасніца» і «Хлопчык і лётчык». Купалаўскія вершы, канешне, у перакладзе Сунь Шэн’у (выступіў пад псеўданімам Сунь Вэй). «Я — калгасніца» і «Хлопчык і лётчык» адносяцца да купалаўскай паэзіі «новага часу». «Я — калгасніца» напісаны ім у 1934 годзе, як вынік творчай камандзіроўкі ў калгас «Чырвоны баец» Барысаўскага раёна. Аўтара ўразілі змены ў вёсцы, і ў вершы-маналогу калгасніца расказвае пра тое, як палепшылася яе жыццё. Складзены Купалам у 1935 годзе верш «Хлопчык і лётчык» — адзін з самых папулярных твораў савецкай дзіцячай паэзіі. Сямігадовы хлопчык марыць стаць лётчыкам, яго вабіць шырокі свет, і з гэтай просьбай ён звяртаецца да сапраўднага лётчыка. Праз раскрыццё жывой індывідуальнасці дзіцяці паэт здолеў ператварыць гарманічны і агульначалавечы вобраз. Паводле слоў маці Юрыя Гагарына, «Хлопчык і лётчык» быў любімым вершам знакамітага касманаўта. 

Творы беларускіх пісьменнікаў перакладалі з рускай мовы. У выпадку Янкі Купалы адмысловым правадыром стаў Міхаіл Ісакоўскі. Сунь Шэн’у добра знаёмы з творчасцю Ісакоўскага, у 1954 годзе ён нават пераклаў кнігу М.Ісакоўскага «Аб паэтычным майстэрстве». Яшчэ адным падцвярджэннем, што знакаміты рускі паэт стаў мостам паміж беларускай і кітайскай літаратурамі, з’яўляецца цытаванне Ісакоўскага ў падрыхтаваным Сунь Шэн’у інфармацыйным блоку пра Янку Купалу ў часопісе «Івянь»: «Паэзія Янкі Купалы — гэта не толькі прыгожыя творы высокай мастацкай вартасці, але і гісторыя жыцця беларускага народа, дзе зафіксаваны яго характар і звычаі, думы і надзеі, барацьба і перамогі. Упершыню прачытаўшы зборнік Янкі Купалы, я быў уражаны не толькі запамінальнымі радкамі паэта, але яшчэ і тым, што я нібы ўбачыў жывую Беларусь з яе раўнінамі і ўзгоркамі, яе лугамі і лясамі, яе рэкамі і азёрамі. Я атрымаў глыбокае разуменне пра жыццё працавітага і гераічнага беларускага народа. Усёй душой палюбіў Беларусь, хоць ніколі раней там не быў. З таго часу, калі я думаю пра Беларусь, я не магу не думаць пра Янку Купалу, і гэтак жа, калі я чытаю вершы Янкі Купалы, я быццам бачу ўсю Беларусь, яе цяжкае мінулае і шчаслівае сёння».

Дзякуючы таленту Сунь Шэн’у, як бліскучага перакладчыка і арганізатара, Янку Купалу ведаюць у Кітаі ўсебакова — кітайскія даследчыкі і чытачы добра знаёмыя з яго творчым поглядам у сваім развіцці, разумеюць і гістарычны кантэкст, і адзнакі беларускіх, савецкіх літаратурных крытыкаў. Падаецца, што прыязнасць перакладчыка свайму аўтару ў гэтым і складаецца, і Сунь Шэн’у, знакавую асобу ў літаратурных працэсах ХХ стагоддзя у Кітаі, можна па праве лічыць сапраўды адданым перакладчыкам Янкі Купалы. 

Вераніка КАРЛЮКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.