Вы тут

Дамоўленасці на гады наперад. Вынікі візітаў Лукашэнкі ў ААЭ і Зімбабвэ


Падчас візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Зімбабвэ дасягнуты дамоўленасці, якія ствараюць аснову для плённага супрацоўніцтва з гэтымі краінамі на гады наперад. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, кажучы аб асноўных выніках візіту кіраўніка дзяржавы, перадае БелТА.


Прэзідэнт Беларусі ў сваіх публічных выступленнях у час знаходжання ў Зімбабвэ неаднаразова падкрэсліваў значэнне і ролю Афрыканскага кантынента для ўсяго свету. «Афрыка даўно прачнулася. Без Афрыкі не можа быць перспектывы ў свеце наогул. Тут рэсурсы, тут людзі з кожным годам становяцца ўсё больш адукаванымі, сюды ідуць найноўшыя тэхналогіі. Без Афрыкі свет развівацца не можа, — заявіў беларускі лідар. — Без яе не можа быць ніякага планетарнага развіцця. Таму тут усе ўладныя людзі: і ЗША, і Кітай, і Расія, і Вялікабрытанія, увесь Еўрапейскі саюз і гэтак далей. Будучыня за Афрыкай».

Беларусь на працягу многіх гадоў планамерна выбудоўвае адносіны з шэрагам краін рэгіёна, у тым ліку з Зімбабвэ, і гатова прадаўжаць гэту работу, аб чым сведчыць і візіт на дзяржаўным узроўні. «Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, ёсць такая краіна — Беларусь, якая заўсёды гатова падставіць вам плячо ў любой сітуацыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка ў час візіту. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што Беларусь нацэлена працаваць разам з кіраўніцтвам Зімбабвэ на карысць народа гэтай краіны: «Мы з глыбокай павагай і ўдзячнасцю ставімся да народа Зімбабвэ. Мы, і гэта я хачу асобна падкрэсліць, ідзём у Афрыку не для таго, каб несці нейкія ілюзорныя дэмакратычныя каштоўнасці. А ідзём працаваць разам з вашымі кіраўнікамі на карысць народа Зімбабвэ».

З 2020 года Беларусь у рамках праграмы па механізацыі паставіла ў фермерскія гаспадаркі Зімбабвэ больш як 1,8 тыс. трактароў і амаль 80 збожжаўборачных камбайнаў, што дапамагло гарантаваць харчовую бяспеку краіны. «Але гэта толькі пачатак. Мы далі старт трэцяй фазе гэтай праграмы на суму звыш $66 млн. Яна прадугледжвае больш як 3,7 тыс. адзінак трактарнай тэхнікі, 60 камбайнаў для мясцовых аграрыяў на працягу бліжэйшага паўтара года», — сказаў Прэзідэнт.

Для патрэб мясцовых муніцыпалітэтаў у Зімбабвэ пачаты пастаўкі пажарных аўтамабіляў беларускай вытворчасці. Акрамя таго, у Зімбабвэ паспяхова ўжо эксплуатуецца кар’ерная тэхніка БелАЗ. Бакі дамовіліся аб пастаўцы ў бліжэйшы час звыш 30 самазвалаў БелАЗ, якія будуць працаваць у Зімбабвэ.

У Харарэ ў прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў былі падпісаны восем двухбаковых дакументаў. У тым ліку пагадненні аб заахвочванні і ўзаемнай абароне інвестыцый, аб стварэнні сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве. Заключаны двухбаковы мемарандум аб узаемаразуменні, аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі. Падпісана міжурадавае пагадненне аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў адносна падаткаў на даходы і маёмасць. Яшчэ адно пагадненне — аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж гарадамі Мінск і Харарэ.

Бакі дамовіліся аб рэалізацыі інвестыцыйных і кааперацыйных праектаў у розных сферах, што стане асновай для прадаўжэння супрацоўніцтва. «У галіне прамысловасці, гандлю, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і здабычы карысных выкапняў. Мы таксама ўмовіліся, што гэтыя кантракты і нашы дамоўленасці, якіх мы дасягнулі, стануць асновай для прадаўжэння нашага супрацоўніцтва», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Калі зімбабвійскаму боку будзе цікава стварэнне сумесных вытворчасцей у Зімбабвэ і ў Беларусі, мы гатовы на гэта ісці. Атрымліваючы сыравіну з Зімбабвэ, мы будзем разам з вашымі спецыялістамі перапрацоўваць гэту сыравіну на прадпрыемствах у Беларусі. І дзяліць адпаведны прыбытак. Таксама мы вітаем уваходжанне зімбабвійскага капіталу ў капітал нашых прадпрыемстваў, — сказаў беларускі лідар. — Мы не выключылі з Прэзідэнтам работу па бартарных схемах. І для гэтага будзе створана спецыяльная група спецыялістаў, якая вызначыць адпаведныя тавары».

Вопыт пазітыўнага ўзаемадзеяння з Зімбабвэ адкрывае перад Беларуссю дадатковыя магчымасці для пашырэння супрацоўніцтва і з іншымі краінамі Афрыкі. У час візіту Прэзідэнта, у прыватнасці, ішла размова пра Мазамбік. «Буйнейшая краіна — побач, узбярэжжа — тысяча кіламетраў, аграрная краіна. Патрабуе велізарных укладанняў у сельскую гаспадарку. Мы ўжо маем вопыт. І Прэзідэнт (Зімбабвэ. — Заўвага БелТА) гаворыць: „Гэта мой сябар — Прэзідэнт Мазамбіка“. Мы ў бліжэйшы час абмяркуем, як наш вопыт — Зімбабвэ і Беларусі — перанесці на Мазамбік», — расказаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці аб ходзе перагавораў.

У час візіту ў ААЭ кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з Прэзідэнтам гэтай краіны шэйхам Мухамедам Бен Заідам аль-Нахаянам. Лідары дамовіліся аб супрацоўніцтве па больш як дзясятку напрамкаў: у сферы гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага ўзаемадзеяння. Акцэнт быў зроблены і на гуманітарнай сферы. Згодна з дамоўленасцямі, у бліжэйшы час у Беларусь прыбудзе вялікая дэлегацыя спецыялістаў, якія на месцы адпрацуюць канкрэтныя пытанні па акрэсленых напрамках узаемадзеяння.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

У Беларусі імкнуцца далучыць медыятараў да спраў «цяжкіх» непаўналетніх

«Мы плануем навучыць аднаўленчым медыятыўным практыкам 20 чалавек з розных устаноў».

Грамадства

Ці можна вылечыць аўтызм?

Ці можна вылечыць аўтызм?

«Важны момант, што яўныя сімптомы аўтызму ёсць, але бацькі не жадаюць заўважаць іх».

Калейдаскоп

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ці ведаеце вы родную мову? Самы час праверыць!

Ужо традыцыя з нагоды Дня роднай мовы прапаноўваць чытачам праверыць свае веды.