Вы тут

Лісты-далоні як след Кахання...


У мінскім выдавецтве «Чатыры чвэрці» падрыхтавана да выдання кніга вершаў маладога азербайджанскага паэта Магамеда ГАДЖЫЕВА «Лісты Магамеда» у перакладзе на беларускую мову. Малады літаратар жыве і працуе ў Беларусі. 


Азербайджанскі паэт Магамед ГАДЖЫЕЎ з яго лірычнымі вершамі, якія я прачытаў у перакладах на беларускую мову, здзейсненых Таццянай Сівец, Юліяй Алейчанка, Міколам Шабовічам, — гэта маё сапраўднае чытацкае адкрыццё мінулага года. Радкі, пераўвасобленыя таленавітымі перакладчыкамі, усё ж паказваюць арыгінальнага аўтара са сваім мастацкім мышленнем, паказваюць захопленага верай у Паэзію творцу. Гэтая захопленасць перадаецца і чытачу.

«Яшчэ бывае адзінота лавак,/ Дажджом абмытых.../ Вось глядзіць яна/ Самотна ўдалеч... / Плюшч яе абдыме,/ Платан суцешыць — / Пакладзе лісток/ Барвова-жоўты/ На яе калені.../ Лісты-далоні — /На грудзях яе.../Казычуць лаўку, песцяць ды цалуюць.../Яна смяецца...» (Пераклад Таццяны Сівец)... Хацеў бы зараз заўважыць невыпадковасць удзелу ў стварэнні беларускага зборніка азербайджанскага паэта менавіта Таццяны Сівец. Яна ў свой час пераклала на беларускую мову кнігу Лейлы Аліевай. Прыняла значны ўдзел у фарміраванні, укладанні беларускамоўнай анталогіі сучаснай азербайджанскай паэзіі і таксама пераклала многіх твораў, якія ўвайшлі ў яе склад. Таццяна Мікалаеўна пабывала ў Баку, адкрыла для сябе само дыханне азербайджанскай паэзіі, яе фарбы і колеры. 

Магамед Гаджыеў піша пра сваё каханне, а складваецца ўражанне, што яго развагі — частка чытацкага ўзірання ў вялікі свет, які чалавеку дае менавіта каханне. Часам вершы ілюструюць пэўны вопыт, пэўны досвед, але штораз карціны перажытога спалучаны з філасофіяй, асэнсаваннем чалавечага выбару. Гэта ўзвышае вершы, надае ім эстэтычную вагу. Што кідаецца ў вочы найперш..? Ёсць надзвычайная сіла ў мастацкім жаданні паэта распавесці пра сваё ўласнае, часам журботна-пакутлівае. Нават прыходзіць на ўспамін такі розны лірычны вопыт Марыны Цвятаевай і Яўгеніі Янішчыц, Анны Ахматавай і Раісы Баравіковай... Ды на старонках кнігі, якую вы прачытаеце, пра каханне ўсё ж піша мужчына, ужо не юнак, а загартаваны пачуццямі, а часам і стратай іх, мужчына... У вершах Магамеда Гаджыева шмат унутранага, прыхаванага зместу. Паэтычныя радкі — мяккае святло да сардэчных пакут, якія ўласцівы кожнаму з нас, якія ўзвышаюць і дораць то драму, то кароткае шчасце... 

Я такі адзінокі,

Што зноў сам з сабой размаўляю...

Мітусяцца ўспаміны,

І поруч — адсутнасць твая.

Не прамоўлю ні слова,

Ды марамі сэрца спатолю...

Ноч прашэпча на вуха

Мне штосьці пра заўтрашні дзень...

Што такое самота, ці ведаеш ты, ці адкажаш?!

Гэта смерць і жыццё, паяднаныя ў кубку адным...

Ты сказала «бывай»,

Ты пакінула наша каханне...

Я яго адпушчу — у нябёсы,

Бы вольнага птаха з рукі...

Разаб’ю ўсе люстэркі, каб зноўку цябе не пабачыць,

Разаб’ю ўсе люстэркі, каб зноўку пабачыць сябе.

(Пераклад Таццяны Сівец). 

Малады азербайджанскі паэт, несумненна, — і прыклад для маладой паэзіі Беларусі, часам расхрыстанай і разгубленай... Магамед Гаджыеў, як і кожны сапраўдны мастак слова, шукае сябе, праходзіць дарогамі складанейшых унутраных выпрабаванняў... «***Тут мяне ніхто не пакахаў,/ Там мяне адзіная чакае.../ Ноччу тут не сніўся мне ніхто,/ Только голас клікаў на світанні.../ Толькі пядзь зямлі мне грудзі сцісне,/ Вочы зноў зацягне рабізной. /Боль прыбраў усмешку хутка з твару,/ Ды святло мне сэрца заліло.../Край чужы скаваў як быццам вусны,/ Сум, як пустазелле, грудзі рве.../ Ведаю, згублюся на шляхах я./ Хто мяне за праўдай павядзе?» (Пераклад Юліі Алейчанкі). Дарэчы, і Юлія Алейчанка не ўпершыню сутыкаецца з шырокім Сусветам азербайджанскай літаратуры. 

... Некалькі гадоў назад у Мінску ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла кніга паэзіі азербайджанскага мастака слова Чынгіза Алі аглу «Знічкай цябе я пакіну». Тады творы ўжо вопытнага майстра пераўвасобілі на беларускую мову Навум Гальпяровіч, Мікола Мятліцкі, Віктар Гардзей, Алесь Емяльянаў, Рагнед Малахоўскі, Аксана Ючкавіч, Таццяна Сівец. Мінула амаль дзесяць гадоў — і вось новая беларуская сустрэча з азербайджанскай паэзіяй. Лічу, што кніга маладога паэта Магамеда Гаджыева, які, дарэчы, жыве ў Мінску, — грунт, аснова для далейшага пашырэння, для сур’ёзнага развіцця беларуска-азербайджанскіх літаратурных сувязяў. З такой кнігай паэтычнае слова няблізкага ад Беларусі Азербайджана проста абавязана прыйсці ў студэнцкія, маладзёжныя творчыя асяродкі. Так яно, веру, і здарыцца... 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».