Вы тут

«Адам Багдановіч. Мае ўспаміны»


Мастацка-дакументальная выстаўка з такой назвай працуе цяпер у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску. Праект прысвечаны 160-годдзю з дня нараджэння Адама Ягоравіча Багдановіча (1862–1940), бацькі класіка беларускай літаратуры, вядомага этнографа, фалькларыста, педагога, мемуарыста.


Імя Адама Багдановіча добра вядома ў Беларусі і за яе межамі. Зразумела, што ў першую чаргу мы ведаем бацьку Максіма Багдановіча як чалавека, які захаваў архіў геніяльнага беларускага паэта і вярнуў яго ў Беларусь, дзякуючы чаму творчая спадчына пісьменніка стала нашмат багацейшай. Але прыцягальнай з’яўляецца і сама асоба Адама Ягоравіча, які пражыў доўгае — 78 гадоў — жыццё, што фактычна з’яўляецца адлюстраваннем жыцця краіны. А. Багдановіч быў сведкам і непасрэдным удзельнікам шматлікіх падзей, што адбываліся на тэрыторыі Расійскай імперыі ў другой палове ХІХ — першай палове ХХ стст. Нарадзіўся ў сям’і былых прыгонных сялян, атрымаў адукацыю ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, некалькі разоў кардынальна мяняў род дзейнасці, жыў у розных вёсках і гарадах, меў вялічэзнае кола знаёмых і сяброў, з якімі падтрымліваў стасункі на працягу дзесяцігоддзяў.

Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча не пакідаюць без увагі асобу бацькі пісьменніка. За час работы музея падрыхтавана шмат артыкулаў, прысвечаных Адаму Ягоравічу, матэрыялы, звязаныя з яго імем, не раз публікаваліся ў музейных выданнях. Жыццё і творчасць А. Багдановіча сталі падставай для ажыццяўлення некалькіх экспазіцыйных праектаў. Мастацка-дакументальная выстаўка «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» працягвае традыцыю правядзення юбілейных мерапрыемстваў і ў той самы час акцэнтуе ўвагу на яго мемуарнай спадчыне. Напісаннем успамінаў А. Багдановіч заняўся ў 1920-я гг. па просьбе супрацоўнікаў Інстытута беларускай культуры, якія займаліся падрыхтоўкай першага поўнага збору твораў пісьменніка. Мемуары бацькі пра сына сталі фундаментам для напісання грунтоўных навуковых біяграфічных артыкулаў пра М. Багдановіча, крыніцай для пошуку яго асабістай і творчай спадчыны. 

Адам Багдановіч на гэтым не спыніўся, працягнуў пісаць успаміны, прычым яны ахопліваюць розныя этапы яго жыцця, утрымліваюць даволі глыбокія экскурсы ў гісторыю, адлюстроўваюць жыццё знакамітасцей і «маленькіх людзей». У фондах музея захоўваецца вялікая колькасць дакументаў, што адносяцца да мемуарнай спадчыны Адама Ягоравіча, менавіта яны і сталі падмуркам для стварэння выстаўкі, экспазіцыя якой умоўна падзяляецца на тры блокі.

Першая частка прэзентуе комплекс музейных прадметаў, якія звязаны з успамінамі Адама Багдановіча пра ранняе дзяцінства, вёску Халопенічы Барысаўскага павета, яго продкаў, родных і сяброў. Імкненне да напісання мемуараў Адам Багдановіч тлумачыў так: «Я — ранний выходец из среды белорусского крестьянства, — выходец, имеющий голос. На мне лежит долг — я это чувствую — рассказать про то, что лично переживал и что переживали мои близкие, что я видел, наблюдал и слышал от других людей, людей старого поколения, заслуживающих доверия, про людей и их дела, заслуживающие внимания». Даследчык Мікола Трус назваў гэтыя мемуары А. Багдановіча «сапраўднай энцыклапедыяй беларускага жыцця», лічыў іх важнай крыніцай для вывучэння каранёў паэта, вытокаў яго таленту.

У экспазіцыі выстаўкі можна ўбачыць рукапіс А. Багдановіча «Мои воспоминания» і расчытку дакумента, падрыхтаваную супрацоўнікамі Акадэміі навук БССР у 1962 годзе, машынапіс «Из прошлого местечка Холопенич Борисовского уезда Минской губ.» (1939 г.) з праўкамі, унесенымі рукой Адама Ягоравіча. Каштоўным экспанатам на выстаўцы стала яго кніга «Пережитки древнего миросозерцания у белорусов» (Гродна, 1895 г.), яе унікальнасць у тым, што на тытульнай старонцы аўтограф аўтара — дарчы надпіс ніжагародскаму сябру М. Ланіну. Яшчэ адным важным экспанатам з’яўляецца кніга Паўла Шэйна «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западнаго края» (1893 г.). У гэтай кнізе апублікавана больш за 20 казак, запісаных Адамам Багдановічам ад маці Анэлі Фамінішны і бабулі Рузалі Казіміраўны, а таксама загадкі, загаворы, праклёны, духоўныя песні, паданні. Гэту кнігу, якая з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю, перадаў у дар музею Антон Францішак Брыль, пісьменнік і даследчык фальклорнай спадчыны сям’і Багдановічаў. 

Большая частка мемуарнай спадчыны, прысвечанай дзяцінству А. Багдановіча, паступіла на захаванне ў фонды музея з Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Упершыню прэзентуем на гэтай выстаўцы арыгінальнае пасведчанне А. Багдановіча, выдадзенае 9 жніўня 1928 года, а таксама копіі дакументаў аб яго нараджэнні і хрышчэнні (20/25 сакавіка 1862 г.), аб вянчанні Рузалі і Тамаша Асьмакоў (22 верасня 1840 г.), арыгінальныя метрычныя кнігі захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

Невялікі інтэр’ерны куток з’яўляецца сімвалічным увасабленнем успамінаў Адама Багдановіча: «Мне хотелось бы изобразить, как шла жизнь в старенькой бабиной хате в мою счастливую пору раннего детства, но для этого надо иметь художественный талант, который у меня слаб, чтобы в немногих чертах схватить самое важное и существенное, а главное — придать ему движение и подлинную жизнь».

Другі блок выстаўкі «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» звязаны з мемуарамі, прысвечанымі партыі «Народная Воля», членам якой Адам Ягоравіч з’яўляўся ў 1880-я гг. У фондах музея захоўваюцца рукапісы «Революционное движение в г. Минске и губернии в 80-е и в начале 90 годов. По личным воспоминаниям», «К истории партии «Народной воли» в Минске и Белоруссии. 1880–1892 гг.», «Приложение к воспоминаниям А. Е. Богдановича. Список членов Минской организации партии «Народной воли»». З гэтай тэмай звязаны і машынапісы з фондаў музея, напрыклад, «Список членов Минской организации партии «Народная воля» и более ранних народников. 1878–1892 гг.» (Яраслаўль, 1939 г.). Тэма раскрываецца і праз розныя аўтабіяграфічныя матэрыялы А. Багдановіча, дзе ён піша «о происхождении, ремесленных выучках, образовании, служебной, революционной, научной, общественной и профессиональной деятельности». Большая частка ўспамінаў напісана ў Яраслаўлі, у 1920–30-я гг., матэрыялы надзвычай каштоўныя, бо раскрываюць жыццё Мінска напрыканцы ХІХ стагоддзя, уводзяць у навуковы абарот шмат падзей і асоб, якія адыгралі важную ролю ў грамадскім, сацыяльным і культурным жыцці краіны, мемуары дазваляюць пашырыць мінскае кола стасункаў Адама Багдановіча. 

У экспазіцыі гэтай часткі выстаўкі прэзентуюцца рукапісныя і машынапісныя мемуары Адама Ягоравіча, перапіска яго з былымі калегамі па партыі, сведчанні аб яго народавольчай дзейнасці, напісаныя Рувімам Протасам і Антонам Паўлоўскім. На выстаўцы можна ўбачыць і фармулярны спіс А. Багдановіча па стане на 11 мая 1912 г., у якім адлюстравана яго прафесійная дзейнасць. Асобныя стэнды прысвечаны калегам па партыі і сябрам па жыцці, сярод іх — Іван Гапановіч, Сямён Гарбачык, Іван Пляхан, Соф’я Арнольдава, Станіслаў Грынявіцкі. З першымі трыма згаданымі асобамі Адам Ягоравіч звязаны вучобай у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Іван Станіслававіч Гапановіч стаў сваяком А. Багдановіча, ажаніўшыся з Магдалінай Багдановіч, Іван Пляхан — хросным бацькам Максіма Багдановіча. Соф’я Арнольдава сябравала не толькі з Багдановічам, але і з яго жонкай, якую ведала яшчэ з часоў навучання Марыі Мякоты (Багдановіч) у Мінскай школе для бедных дзяўчат. Экспануюцца каштоўныя матэрыялы, у тым ліку «Копія пасведчання аб заканчэнні Іванам Гапановічам Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі», дакумент выдадзены 2 красавіка 1887 года, перададзены ў фонды музея яго нашчадкамі. 

Кожны са стэндаў дапоўнены старонкамі рукапісу А. Я. Багдановіча пра народавольцаў, дзе ён дае яскравыя характарыстыкі сваім сябрам і распавядае пра адносіны да іх: Іван Пляхан — «крестьянский юноша, простой, прямолинейный, но вдумчивый и с горячим сердцем. Трудно было найти столь неутолимую жажду знаний, любовь к истине и большую ненависть ко всякой неправде и несправедливости», Іван Гапановіч — «участник Несвижского подпольного кружка, один из организаторов учительской группы, он был ревностным товарищем по пропаганде среди учителей. В Минске занимался с рабочими. Прекрасно устроенная голова и чуткая совесть», Соф’я Арнольдава — «вполне законченный тип социалистки-народницы в лучшем значении этого слова. Мне только оставалось восхищаться этой прекрасной душой и ее самоотверженной работой в народе». 

Перад напісаннем мемуараў пра народавольчую дзейнасць Адам Багдановіч правёў вялікую падрыхтоўчую працу, вёў перапіску з былымі калегамі, сустракаўся з сябрамі, аднаўляў у памяці падзеі і справы, складаў спісы ўдзельнікаў і прыхільнікаў народавольчага руху. Ён падкрэсліваў, што і яго сябры «вспоминают об этом периоде, как о лучшем, самом красочном времени своей жизни и о той школе, которую они тогда прошли, формируя свои убеждения, как о школе, твердо определившей направление и все последующее дело их жизни».

Гэтая частка экспазіцыі таксама дапоўнена інтэр’ерным кутком, які нагадвае пра яскравае мінулае Адама Багдановіча і яго ролю ў стварэнні своеасаблівага летапісу жыцця і дзейнасці мінскіх народавольцаў апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя. Сярод унікальных экспанатаў, якія прэзентуюцца тут, — драўляная шафа, паводле сямейнай легенды, створаная рукамі Адама Багдановіча, стол, што належаў яго сястры Магдаліне Гапановіч. На канторцы пісьмовыя прылады — чарніліца, пяро і ўспаміны пра жыццё ў Мінску. 

Трэці блок мастацка-дакументальнай выстаўкі прысвечаны успамінам А. Я. Багдановіча пра дзеячаў рускай культуры, з якімі ён пазнаёміўся ў Ніжнім Ноўгарадзе. Гэтая частка з’яўляецца своеасаблівым працягам папярэдняй, бо пераезд сям’і Багдановічаў у горад на Волзе не перарваў старыя сувязі. А. Багдановіч сустракаўся з былымі калегамі ў Маскве, да яго ў Ніжні прыязджала Соф’я Арнольдава, на сталае жыхарства сюды пераехалі Іван і Магдаліна Гапановічы, а таксама Станіслаў Грынявіцкі. Пра яго так пісаў Адам Ягоравіч у лісце ад 20 кастрычніка 1898 года да Аляксандры Волжынай: «Ты спрашиваешь, каков мой земляк, живущий у меня? У него красивые вьющиеся волосы и доброе сердце. А остальное все такое, что можно бы желать лучшего. Лицо красное, заплывшее жиром, лоснящееся; на щеках и бороде редкая поросль рыжего цвета, брови и ресницы почти белые. Сам он толстый, неуклюжий и молчаливый. Карточки его ты не видела. Мы с ним говорим редко и мало, ибо давно знаем, что мы можем сказать друг другу, а пустословить он не любит, дел же каких-либо общих между нами нет. Он больше читает да пишет. Мне, тем не менее, приятно его пребывание у меня, ибо я люблю и молчать с хорошим человеком...». Акрамя выдзялення жылля сябру, Адам дапамог яму ўладкавацца на пасаду галоўнага рэдактара газеты «Ніжагародскі лісток», з якой актыўна супрацоўнічаў Максім Горкі і іншыя вядомыя ніжагародцы. 

Менавіта М. Горкаму, класіку рускай літаратуры, а таксама Фёдару Шаляпіну, сусветна знакамітаму спеваку, прысвечана апошняя частка выстаўкі. Пра іх А. Багдановіч напісаў успаміны «М. Горький и Ф. И. Шаляпин в Нижнем», якія па розных прычынах доўгі час не публікаваліся. Мемуарыст сябраваў з рускім пісьменнікам, быў сведкам знаёмства з Ф. Шаляпіным, развіцця іх стасункаў, сумесных культурніцкіх спраў у Ніжнім Ноўгарадзе. На выстаўцы можна ўбачыць рукапісы і машынапісы ўспамінаў Багдановіча, паштоўкі з партрэтам Ф. Шаляпіна, копію фотаздымка сустрэчы Новага 1899 года, дзе прысутнічаюць Горкі, Багдановіч іх родныя і сябры. 

На першы погляд здаецца, што геніяльны беларускі паэт Максім Багдановіч нібыта застаецца за кадрам гэтай экспазіцыі. Але гэта не так, бо, па-першае, мемуарыст выкарыстоўвае ў якасці эпіграфаў радкі з вершаў свайго таленавітага сына, па-другое, згадвае яго продкаў, родных і знаёмых, у тым ліку і хроснага бацьку. Адаму Багдановічу ўдалося «ўхапіць момант» і адлюстраваць той дзіўны, багаты падзеямі час.

На выстаўцы прэзентуюцца каштоўныя матэрыялы з фондаў Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, копіі дакументаў з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі (Мінск), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (Мінск), архіва А. М. Горкага (Масква), Дзяржаўнага архіва Пермскага краю (Перм), прыватных архіваў Марыі Стараверавай (Масква) і Максіма Бараховіча (Ніжні Ноўгарад). Супрацоўнікі музея Максіма Багдановіча спадзяюцца, што ім удалося перадаць атмасферу часу ў мастацка-дакументальным праекце «Адам Багдановіч. Мае ўспаміны» і чакаюць наведвальнікаў. Адаму Багдановічу было што ўспомніць, а музейшчыкам ёсць што пра гэта распавесці. 

Ірына МЫШКАВЕЦ,
вядучы навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела
філіяла «Літаратурны музей Максіма Багдановіча»

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?