Вы тут

«Вечная сіла неба і мужнасць нашага воіна-ратніка не падвядуць»


500 гадоў таму з'явіўся твор, які стаў знакавым для беларускай літаратуры. Хаця напісаны ён быў на лаціне і да таго ж далёка ад Беларусі, у Рыме. Але аўтар напісаў пра нашу з вамі зямлю з такой любоўю, з такой верай у яе людзей... Пра Дняпро, пра Белавежскую пушчу, пра белыя хусткі жнеек, пра волата-зубра, паміж рагоў якога могуць сесці тры дужыя воі... Цалкам назва гучыць так: «Carmen de statura ferіtate ac venatіone bіsontіs», альбо «Песня пра моц, дзікасць зубра і паляванне на яго». А мы ведаем гэты шэдэўр часоў Рэнесансу як «Песню пра зубра», напісаную беларусам Міколам Гусоўскім.

І вось вам пяць цікавых фактаў...


1. Задума ўзнікла падчас карыды

Менавіта ў Рыме, куды Мікола Гусоўскі патрапіў у якасці сакратара біскупа Эразма Вітэлія, і нарадзілася паэма... Вітэлій адправіўся ў Рым як пасол, спадзеючыся ўгаварыць папу рымскага Льва Х на альянс супраць Асманскай імперыі і татар, ад набегаў якіх пакутавалі Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае. Ёсць версія, што ў атачэнне біскупа Гусоўскі трапіў, калі выратаваў яго жыццё падчас палявання. Ён жа піша ў сваёй паэме, што бацька быў лоўчым, і майстэрству палявання вучыў сына з маленства:

Змалку ад бацькі вучыўся

ў бясконцых абходах

Крокам нячутным ступаць,

каб нішто не шурхнула...

Колькі патоў ён, бывала,

зганяў з мяне ў зімнюю сцюжу,

Коп'і шыбаць прымушаючы з бегу

наводмаш!

Колькі нагледзеўся смерці,

наслухаўся енку

У пушчах, пакуль мяне, сына,

вучыў палясоўшчык.

Амаль усё, што мы ведаем пра Міколу Гусоўскага, узятае з ягоных твораў. Вось як апісвае ён сам з'яўленне паэмы:

Heяк y Pымe пpы cціжмe

людзeй нeзлічoнaй

Cвeдкaм відoвішчa быў я —

бoю быкoў нa apэнe.

Люд пaцяшaўcя, гyдзeлі, як вyлeй,

тpыбyны,

Стpэлы ж і кoп'і ўпівaліcя

ў цeлa жывёлін,

Бoль пpычыняючы ім нeвынocны.

Пaкyль мы глядзeлі,

Як вap'яцeюць быкі

і як бліcкae яpacць

3 пoзіpкaў paнeныx,

гyл выклікaючы ў цыpкy, —

Xтocьці cкaзaў: «Як y нac

нa зyбpынaй aблaвe».

Я пaгaдзіўcя і тaм жa

ў cвaім acяpoддзі

Уcё pacкaзaў, штo і ў нac

y змaгaнні зaцятым

Гэткім жa чынaм aдoльвaюць

дyжaгa звepa.

Як і гaвopыццa ў пpыкaзцы мyдpaй,

язык мoй

Moй жa быў вopaг.

Пpacлyxaўшы ўcё ў зaxaплeнні,

Mнe зaгaдaлі aдpaзy ж yзяццa

зa пpaцy,

Kaб ycпaміны cвae,

пepaліўшы ў пaмep вepшaвaны,

Пecняй зpaбіць і пpa нac,

і пpa нaшы aблaвы.

Можна ўявіць: натоўп у Калізеі, быкі, тарэадоры, жарсці палаюць... А Гусоўскі панам заяўляе: а ў нас на радзіме яшчэ магутнейшыя быкі маюцца, куды там вашым! Італьянцаў належала зацікавіць далёкай зямлёй, адкуль прыехалі госці па дапамогу. Вось беларускі зубр і стаў нашым галоўным брэндам яшчэ ў шаснаццатым стагоддзі!

2. Паэма мусіла быць дапаўненнем да чучала зубра

Бaчыцe, я, між пaэтaў

чacoвы aбpaннік,

Bымyшaн cклacці cвoй cпeў

aб кpaінe з бaгaццeм

Cвeтy жывёльнaгa ў ёй,

бo і звep гэты цyдaм

Toлькі шчэ ў нac зaxaвaўcя

пaд зopкaй Пaляpнaй.

Але паэма, якая мусіла выклікаць у рымскай арыстакратыі цікавасць да зямлі з пушчамі і магутнымі зубрамі, насамрэч была толькі дадаткам да самага адметнага падарунка. А ім мусіла стаць набітая сенам скура зубра, якую павінен быў адаслаць у Рым Мікалай Радзівіл. Сапраўды, што тыя словы, калі чучала можна памацаць, агледзець на свае вочы!

Мікола Гусоўскі пісаў у прадмове да паэмы, што біскуп «адаслаў лісты Радзівілу, ваяводу віленскаму, просячы падшукаць скуру найвялікшага звера гэтай пароды, а мне, у той час свайму дарадцу, загадаў напісаць што-небудзь аб прыродзе і паляванні на звера, жадаючы паказаць папу постаць зубра не толькі ў рэчах, але і ў словах».

3. Твор памяняў спонсараў з-за чумы

Гаспадары пажадалі

пачуць гэту песню.

Ну, а калі атрымаў даручэнне —

старайся!

Паэма атрымалася эпічнай... На лацінскай мове яна была напісана, зразумела, чаму: міжнародная мова навукі і мастацтва, якая мусіла дадаткова пацвердзіць, што ў далёкай ліцвінскай зямлі жывуць людзі абазнаныя і таленавітыя. Узорам мудрага ўладара быў выведзены князь Вітаўт.

Зразумела, аўтар разлічваў, што яго працу высока ацэняць і чакае шчодрая ўзнагарода... Але ўсё перакрэсліла чума.

У Рыме больш не ўчынялі бліскучых тлумных відовішчаў. Людзі паміралі дамамі, вуліцамі... Іх не паспявалі хаваць, і целы кідалі ў Тыбр. Дагнала чума і вучонага папу рымскага Льва Х. Памёр і апякун Гусоўскага, біскуп Эразм Вітэлій, які вось-вось мусіў стаць кардыналам.

З застрашлівымі падрабязнасцямі апісаў Гусоўскі чуму ў вершы, прысвечаным святому Себасцьяну: «Вось моравае паветра скіроўвае сваю лютасць на ўцякаючых гараджанаў і заганяе ў труны тое, што яшчэ засталося. Пад уладай хваробы не хапіла б месца ў ямах і канавах для нашых целаў, калі б упалых не зносіў у марскія хвалі Тыбр. Бачу смярдзючых лісаў, якія ў вінаградніках грызуць целы нямоглых, скрыгочучы па костках крывымі зубамі. Пра што я хачу казаць? Пра жыраванне здзічэлых псоў, ці спажыву птушак? Але тут можна ўбачыць тысячы іншых жахаў... Гарадскія ўлады павялічваюць пакуты паміраючага, бо не дазволена аддаць доўг бязлітаснага лёсу, мёртвы прыносіць шкоду жывым. Дом у жалобе зачыняецца і забараняецца выходзіць з яго, толькі ў высокія вокны можна пакласці сціплы харч. І таму бацька заціскае рот паміраючаму сыну, каб не пачулі стогн, верная жонка, абліваючыся слязамі, адвяртае галаву мужа».

Гусоўскі ацалеў. Але давялося вяртацца на радзіму, шукаць іншых апекуноў... Нейкі час ён прысвячае свае творы біскупу Яну Карнкоўскаму, з якім яго звязваюць даволі прыязныя адносіны. Але гонар паэта — «Песня пра зубра» — заставалася не запатрабаванай, не ацэненай... І аднойчы Гусоўскі здымае з яе прысвячэнне папу і піша прысвячэнне сакратару каралевы Боны Сфорца Людовіку Альфію, у якім заклікае яго перадаць паэму каралеве.

О, Людавік, гэту сціплую кніжку

табе давяраю

З просьбай пранікнуць у сутнасць

і глыб яе зместу,

А на выпадак, калі ў ёй нічога

не ўгледзіш,

Што далікатнейшы слых Каралевы

магло б улагодзіць,

Хай яна сыдзе за сціплы табе

мой дарунак.

Далей ідзе вялікі зварот да каралевы, у якім паэт апісвае гісторыю ўзнікнення паэмы і сціпла дадае: «Застаецца толькі невялікі твор, напісаны тады мною спехам (мне не ставала ні часу, ні здольнасці)».

«Гэтае пісанне хачу я паднесці табе замест сціплага падарунка, спадзеючыся, што надарыцца выпадак, калі яго Каралеўская Вялікасць па сваім звычаі адправіцца на паляванне, і гэтая кніжка, што змяшчае лясныя прыгоды, цябе зацікавіць і ты яе прачытаеш. Гэтым самым жадаю я не так палепшыць сваё становішча, як пракласці шлях вучоным мужам, каб і яны табе свае творы паднеслі. І каб ты, найвучонейшая княгіня, узважыла іх здольнасці і параіла свайму яснавяльможнаму мужу, які абавязаны больш мець часу для вядзення войнаў, чым для чытання кніг, тых, каго палічыш найбольш таленавітымі».

Паэт не памыліўся: большасць даследчыкаў лічыць, што менавіта на сродкі каралевы Боны і была ў 1523 годзе выдадзеная кніга, у якую ўвайшла «Песнь пра зубра».

4. Гусоўскі напісаў не толькі пра зубра, але і пра чорнага быка

Як і многія класікі, Мікола Гусоўскі ўспрымаецца як аўтар аднаго твора. Хаця насамрэч захавалася іх, наколькі я ведаю, чатырнаццаць. У зборнік з «Песняй пра зубра» ўвайшло яшчэ 11 рымскіх вершаў. Сярод іх — «Суцяшэнне», дзе аўтар звяртаецца да свайго апекуна Эразма Вітэлія, які даведаўся, што супраць яго інтрыгуюць зайздроснікі: «Што табе гэтыя перасуды, калі тваё сумленне чыстае? Хто можа нешта зрабіць супроць таго, чаго хоча сам Бог?»

Чатыры вершы прысвечаны эпідэміі... Адзін з іх асабліва адметны — «На ахвяраванне чорнага быка, учыненае прылюдна ў Рыме нейкім грэкам супроць эпідэміі чумы». Верш з'явіўся з-за рэальнай падзеі: напалоханыя людзі ў адчаі пачалі звяртацца да паганскіх традыцый. Гусоўскі абураецца, што ў Вечным горадзе, дзе столькі хрысціянскіх святых, адбываецца паганскае ахвярапрынашэнне.

Ты, вераломны, на добры,

саспелы ўраджай не зважаеш,

Рукі не хочуць твае

поўнае жніва ўчыніць.

Хіба ты ў страху нікчэмным

ад марнай чумы так сумеўся,

Што ўжо праз чорных быкоў

моліш падземных пачвар?

У вершы «Малітва да св. Ганны» Гусоўскі зноў згадвае таго няшчаснага чорнага быка: «Горад Рым напалоханы страшным знакам, аплакваючы жалобныя хаўтуры баязлівага плебсу, складае ў ахвяру чорных быкоў з падпіленымі рагамі і ўстрывожана просіць палёгкі ў няшчасці».

У вершы «Пра чутку, якая нечакана ўзнікла ў касцёле Сан Ларэнца ін Дамаза» апісваецца цуд: у разгар чумы, у спёку ў адным з рымскіх храмаў была ўбачаная пакрытая потам статуя Хрыста. Згадайма яшчэ паэму «Жыццё і дзеі Святога Гіяцынта», напісаную падчас кананізацыі гэтага святога, якая адбывалася ў 1523—1524 гг., і паэму «Новая і дзівосная перамога над туркамі ў месяцы ліпені», надрукаваную ў 1524 г.

5. Пераклады істотна адрозніваліся ад арыгінала

Пра паэму Міколы Гусоўскага загаварылі толькі ў сярэдзіне ХІХ ст. У 1805 годзе было надрукавана 100 яе асобнікаў у гонар 50-годдзя Маскоўскага таварыства даследчыкаў прыроды. І яшчэ паўтара стагоддзя спатрэбілася, каб твор загучаў на мове той зямлі, на якой нарадзіўся аўтар... У 1969 г. адбылася публікацыя паэмы ў перакладзе на беларускую мову Язэпа Семяжона ў 6-м нумары часопіса «Полымя». Перакладаў Семяжон паэму з дапамогай лацініста Якава Парэцкага, які складаў падрадкоўнік.

Менавіта ў перакладзе Язэпа Семяжона паэма загучала эпічна, вельмі па-беларуску... Вось толькі, на думку даследчыкаў, гэта хутчэй паэтычная адаптацыя, чым пераклад. Семяжон пераўвасабляў вобразы, дапаўняў іх, так, што ледзь не на трэць аб'ёму прырасціў... Змяняў рытм, дапісваў радкі, дэмакратызаваў аўтара, сына лоўчага (пачэсная шляхецкая пасада), якога ператварыў у сына палясоўшчыка. Як вам такія радкі: «Стогне і ў цемрадзі ночы злавеснай народ наш // Вобмацкам долі шукае», «Князь і баяры — усе, каму льга заступіцца, // Глухі да нас і не горай, чым жорсткі татарын, // Душаць пятлёй галасы абурэння ў народзе». Колькі навукоўцаў абапіралася ў высновах на гэтыя радкі! А ў арыгінале, аказваецца, нічога падобнага няма. Перакладчык апраўдваўся: агучваў думкі паэта, якія той не насмельваўся ўвасобіць.

Вядомы лацініст Уладзімір Шатон узяўся выправіць усе адвольнасці папярэднікаў. Пераклаў паэму максімальна блізка да арыгінала, захаваў і колькасць радкоў, і вершаваны памер... Але ў мастацтва свая праўда: пераклад Шатона застаўся мала запатрабаваным. Таму што ў інтэрпрэтацыі Семяжона паэма сапраўды гучыць як шэдэўр. Паводле слоў вядомага даследчыка і пісьменніка Сяргея Кавалёва, Семяжон ператварыў забытага паэта-лацініста ў народнага паэта-рапсода, пушчанскага самародка.

Мікола Гусоўскі стварыў вобраз беларуса — чалавека Адраджэння, воіна, паляўнічага, мысляра, якім можна ганарыцца: «Хоць нам не ўласцівыя ні норавы, ні звычаі старажытных, аднак вечная сіла неба і мужнасць нашага воіна-ратніка не падвядуць, як справа дойдзе да зброі, калі толькі мы, бяззбройныя, не будзем раздушаны нейкім наканаваным няшчасцем, ці, ясней кажучы, спрытным круцельствам некаторых і сваёй бяздзейнасцю — і гэта, як мне здаецца, нас і звязвае».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?