Вы тут

Аўтамарафон у гонар 85-годдзя Віцебскай вобласці стартаваў па райцэнтрах


Віцебшчына з размахам працягвае святкаваць 85-годдзе з дня ўтварэння. Сёння ў Віцебскім раёне стартаваў абласны грамадзянска-патрыятычны аўтамарафон «85 гадоў пад небам Віцебшчыны», удзельнікі якога на працягу чатырох дзён будуць падарожнічаць па раёнах паўночнага рэгіёна і знаёміцца з іх славутасцямі і гісторыяй.


Арганізавалі аўтамарафон галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскі абласны камітэт ГА «БРСМ» пры садзейнічанні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў. Удзельнікі юбілейнай акцыі, а іх 11 чалавек, — прадстаўнікі Маладзёжнага парламента, маладзёжнай палаты пры абласным Савеце дэпутатаў, абласнога Савета рабочай моладзі, грамадскіх аб'яднанняў і артысты — на брэндаваным мікрааўтобусе праедуць маршрутамі памяці па 23 раённых цэнтрах і гарадах Віцебшчыны. Дарэчы, пасля чатырохдзённага віражу па прасторах малой радзімы мікрааўтобус з лагатыпам акцыі ў колерах дзяржаўнага флага і QR-кодам будзе курсіраваць па вобласці і ў звычайныя дні.

Дыялогавыя пляцоўкі пройдуць па чатырох кірунках: маладзёжна-грамадскія арганізацыі, маладзёжны парламентарызм, сустрэчы Савета рабочай моладзі з моладдзю рэгіёнаў і «Пад небам Віцебшчыны», якая прадугледжвае зносіны з усімі катэгорыямі насельніцтва. У кожным раёне пройдуць канцэртныя праграмы лепшых мясцовых творчых калектываў, а яшчэ моладзь возьме ўдзел у чэленджы «85», крэатыўна прадставіўшы юбілейнае чысло. Збіраць часткі гісторыі асобных рэгіёнаў удзельнікі аўтамарафону будуць у выглядзе элементаў карты паўночнага рэгіёна, прэзентацыя якой адбудзецца 17 лютага ў рамках цырымоніі ўзнагароджання «Чалавек года Віцебшчыны».

«Мы рады, што абласны аўтамарафон стартаваў менавіта ў Віцебскім раёне, на гэтай багатай гістарычнай зямлі. На яе долю выпала нямала трагічных падзей Вялікай Айчыннай вайны, 10 месяцаў тут стаяў фронт. Галоўная задача маладога пакалення сёння — вынесці горкі ваенны ўрок і не дапусціць паўтарэння страшных падзей 1940-х. Аб гэтым, дасягненнях і выбітных людзях раёнаў будзе ісці гаворка ў межах дыялогавых пляцовак», — адзначыла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Марына Навіцкая.

Старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін прапанаваў удзельнікам мерапрыемства старонкі летапісу Прыдзвінскага краю, азнаёміў з найбуйнейшымі прадпрыемствамі-флагманамі, якія фарміруюць моцную эканамічную базу раёна. Сярод іх — ААТ «БелВітуніфарм», якое вырабляе больш за 150 найменняў ветэрынарных прэпаратаў і кампанія «Белфуд Прадакшн», — вытворца дзіцячага харчавання пад вядомым брэндам «Маленькае шчасце». Віктар Васілевіч перадаў кіраўніцтву вобласці першы пазл карты і пажадаў аўтамарафону лёгкай дарогі.

Наступным пунктам маршруту стаў Лёзненскі раён — радзіма такіх выдатных дзеячаў літаратуры і мастацтва, як Аляксандр Рыпінскі, Міхась Лынькоў, сусветна вядомы мастак Марк Шагал лічыў Лёзна сваёй малой радзімай, родам з гэтых месцаў і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка.

У сярэдняй школе № 1 гарадскога пасёлка Лёзна прайшлі чатыры дыялогавыя пляцоўкі і святочны канцэрт, на якім гучалі пажаданні росквіту, міру і поспехаў на адрас роднай Віцебшчыны. Удзельнікаў аўтамарафону на лёзненскай зямлі вітала Тамара Дзмітрыеўна Дзядкова — заслужаны педагог і культработнік, якая прысвяціла рабоце ў раёне 66 гадоў. Для перадачы пазла карты маладому пакаленню Тамара Дзмітрыеўна была абраная невыпадкова: яна таксама нарадзілася 15 студзеня і старэйшая за вобласць на год! За плячыма ў жанчыны яркія і насычаныя гады жыцця: у 60-я песня «Рушнікі» ў выкананні дуэта Тамары Дзядковай і Валянціны Альхоўкі праславілася на ўвесь Савецкі Саюз, выканаўцы ездзілі ў Маскву для запісу дакументальнага фільма — у сучасным разуменні першага відэакліпа. Яе дзецішча — знакаміты дзіцячы фальклорны ансамбль «Прасніца», які існаваў больш за 20 гадоў. Нягледзячы на ганаровы ўзрост, Тамара Дзмітрыеўна і сёння не страціла звонкі голас, дагэтуль спявае ў народным клубе «Ветэран». Звяртаючыся да ўдзельнікаў аўтамарафону, яна пажадала моладзі імкнення да новага і вялікага, міру і яснага неба над галавой, аб цане якога ведае не па чутках.

Сёння аўтамарафон таксама наведаў Дуброўна і Оршу, заўтра на карце патрыятычнага маршруту адзначаны Талачын, Сянно, Чашнікі, Бешанковічы і Ушачы. Наперадзе — яшчэ тры займальныя дні, чым будуць напоўнены яны — ёсць магчымасць убачыць у відэадзённіках юбілейнай акцыі.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.