Вы тут

Актывісты з Чэрыкаўскага раёна адрэстаўрыравалі мясцовую святыню


Па легендзе, крыніца ў населеным пункце з вясновай назвай Майскі існуе яшчэ з далёкіх часоў. Старажылы расказваюць, што калісьці непадалёк ад яе стаяў панскі дом. Крынічку заўсёды шанавалі і даглядалі. Каля дзесяці гадоў таму тут быў абсталяваны калодзеж, але з цягам часу ён прыйшоў у непрыдатнасць. Летась гістарычны аб'ект вярнулі да жыцця. Удзел у яго лёсе прынялі шмат мясцовых жыхароў.


— Стаяў выбар — рабіць дзіцячую пляцоўку або чысціць крыніцу, і людзі выказаліся менавіта за апошнюю ініцыятыву, — расказвае старшыня Вепрынскага сельсавета Вольга Уласенка. — Крыніца была закінутая, але людзі ёй усё роўна карысталіся. Таму, калі пачулі, што мы бяромся за яе, адразу ж адгукнуліся. Нават не чакала, што столькі ахвотных прыйдзе яе аднаўляць.

Населены пункт невялікі, спачатку гэта наогул была вёсачка. Але пасля трагедыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі было вырашана паселішча развіваць. Мясціны прыгожая, людзі ініцыятыўныя. Сёння ў аграгарадку пражывае крыху болей чым 300 чалавек. І дзяцей шмат. Ініцыятыву з крынічкай падтрымалі не толькі звычайныя жыхары, але і мясцовыя нешматлікія арганізацыі і ўстановы. Дырэктар школы Наталля Багачова, дэпутат сельсавета, асабіста паклапацілася апавясціць як мага больш народу. Яе намеснік па асноўнай дзейнасці Вольга Радкоўская як член Маладзёжнага парламента натхніла равеснікаў. Са свайго боку арганізавала народ загадчыца клуба Валянціна Яўменава. На добраўпарадкаванне разам з дарослымі выйшлі і школьнікі. Пачысцілі рэчышча, паклалі трубу, выразалі хмызняковы параснік, збудавалі прыступкі з падручнага матэрыялу, аднавілі дах над калодзежам. Піламатэрыяламі дапамог дэпутат сельсавета Дзмітрый Пікуль.

— Кожны раз пераконваюся, што любая ініцыятыва ад людзей — доказ таго, што менавіта тая ці іншая праблема патрабавала тэрміновага вырашэння, — лічыць старшыня сельсавета. — Іншымі словамі — поспех у вырашэнні праблемы залежыць выключна ад органаў мясцовага самакіравання. У кожнай з ініцыятыў першы крок зроблены жыхарамі, часам групай. А ўжо потым намаганні аб'ядноўваюцца.

Акцыя праходзіла пад знакам «Зробім малую радзіму прыгажэйшай». Калі на крыніцы навялі парадак, з'явілася жаданне паставіць тут крыж і асвяціць ваду. Аб'явілі дабрачынны збор сродкаў, сабралі патрэбную суму, купілі і ўстанавілі паклонны крыж. І месца стала не пазнаць. Старыя людзі расказваюць, што раней на гэтай крынічцы адзначалі Яблычны Спас. Ёсць жаданне традыцыю аднавіць. Сёлета тут плануюць правесці абрад асвячэння.

Не застанецца нераэалізаванай і другая ініцыятыва. У сельсавеце ўжо падумваюць, як добраўпарадкаваць дзіцячую пляцоўку. Летась па вуліцы Старамайскай былі знесены падмуркі ад старых дамоў, і ўтварылася сімпатычная пляцоўка. Вуліца, лічы, маладзёжная. Тут жыве шмат маладых сем'яў, у тым ліку шматдзетных. Да таго ж адсюль недалёка да вуліцы Віцебскай, дзе таксама хапае сямей з дзецьмі.

— Для пачатку зробім пясочніцу, паставім лаўку, — дзеліцца планамі Вольга Уласенка. — У конкурсе сярод сельсаветаў раёна мы сталі пераможцамі па выніках за мінулы год, атрымалі стартавы капітал для будучых ініцыятыў. Купілі некалькі лавак, адну паставім каля калодзежа, бо там зараз самаробная, не вельмі прыгожая. А другую ўсталюем непасрэдна на дзіцячай пляцоўцы. Зробім таксама кветнік, пасадзім дрэвы. Галоўнае — пакласці пачатак, а там будзе відаць.

У маштабах раёна ініцыятыва з крыніцай атрымала рэзананс. Яе абмеркавалі на сумесным сходзе напрыканцы года ў Чэрыкаве.

— У нас ёсць традыцыя такім чынам падводзіць вынікі па сельсаветах, хто што за год зрабіў, — расказвае старшыня Чэрыкаўскага райсавета Анжэла Новікава. — У Майскім вельмі добра спрацавалі і сельсавет, і жыхары. Адчуванне важнасці таго, што ты робіш, натхняе і аб'ядноўвае людзей у адно агульнае жаданне. Практычна паўсюды знайшліся ініцыятары. Нехта паставіў лаўку, нехта разбіў кветнік, нехта пасадзіў дрэвы. Усе справы добрыя, калі яны цікавыя і патрэбныя. Мы падтрымліваем творчых людзей, якія адрозніваюцца неўтрыманскім падыходам да справы. Зараз усё гучней пра сябе заяўляе наш Маладзёжны парламент. Ініцыятыўнай моладзі ў нас таксама хапае. На тэрыторыі раёна пяць сельсаветаў, і ў кожным ёсць свае актывісты. Насельніцтва ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні месцаў адпачынку, дапамагае прыводзіць у парадак могілкі. На Чэрыкаўшчыне шмат воінскіх пахаванняў, і жыхары прымаюць удзел у доглядзе іх. Неабыякавыя адразу ж сігналізуюць нам, калі нешта не так. Наогул, ініцыятыўныя грамадзяне — наша апора і надзея. На сустрэчы з актыўнымі людзьмі нам было важна зверыць гадзіннікі, параіцца з імі, якая колькасць тых жа вулічных камітэтаў павінна быць, дваравых фарміраванняў. Гэта было патрэбна для афіцыйнага афармлення органаў тэрытарыяльнага самакіравання. Раней такія фарміраванні існавалі, але не былі зарэгістраваныя. Сёлета мы афіцыйна іх зарэгістравалі, яны ёсць на тэрыторыі кожнага сельсавета і тры непасрэдна ў райцэнтры. Такая форма дапаможа ўпарадкаваць узаемаадносіны з нашымі памочнікамі. А ім будзе прасцей заявіць пра сябе, атрымаць грашовую і іншую дапамогу.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Вольгі УЛАСЕНКІ

Чэрыкаўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».