Вы тут

Вераніка СУПРУН: «Я выбрала жыццё!»


«Глядзі, я тут зусім як іншапланецянка! Скура бледная, лысая галава, без веек і броваў», — пасміхаецца Вераніка Супрун і паказвае свой фотаздымак з бальніцы. На ім — дзяўчына, якая перамагла чацвёртую стадыю раку, здзейсніла мару, навучылася любіць сябе і радавацца кожнаму дню.


НЕЧАКАНЫ ДЫЯГНАЗ

— Як адчуваюць сябе людзі, калі даведваюцца, што ў іх рак? Такое пытанне з’яўлялася ў маёй галаве задоўга да хваробы, не ведаю чаму, — успамінае Вераніка.

Нарадзілася яна ў Жлобіне, праблем са здароўем не мела. У падлеткавым узросце, як і многія, была незадаволена сваёй знешнасцю:
— Лічыла, што ў мяне зашмат валасоў па ўсім целе і вельмі густыя бровы. Сама сабе казала: «Хачу пазбавіцца ад валасоў!» Пазней успомніла тыя думкі...

Пасля школы Вераніка пераехала ў сталіцу, паступіла ў Мінскі філіял Расійскага эканамічнага ўніверсітэта імя Пляханава. Вучылася на трэцім курсе, калі ў яе на плячы з’явілася пухліна, падобная на тлушчак. Абследаванне выявіла новаўтварэнні і ў лёгкіх. Дыягназ стаў сапраўдным шокам: саркома Юінга, іншымі словамі, гэта рак касцей 4-й стадыі з метастазамі.

Вераніку паклалі ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах: менавіта там праходзяць лячэнне пацыенты ва ўзросце да 21 года. Выдалілі метастазы, назначылі курс хіміятэрапіі.

«МЫ БЫЛІ ЯК АДНА СЯМ’Я...»

— Табе здаецца, што паветра смярдзіць, а вада горкая, — узгадвае Вераніка першую, самую складаную хіміятэрапію. — Есці не можаш, ванітуе днём і ноччу. Я ляжала на спіне і думала, што не вытрымаю такое 14 разоў. Аднак першая ж хіміятэрапія дала станоўчую дынаміку. Далей працэдура ўжо не так цяжка пераносілася.

З удзячнасцю і цеплынёй яна кажа пра Таццяну Вячаславаўну Савіч, свайго ўрача, якой магла пазваніць у любы час. Дзякуючы ёй адчувала сябе ў бяспецы. Успамінае і аддзяленне ў анкацэнтры:

— Мы былі як адна сям’я. Узрост не меў значэння. Разам глядзелі мульцікі, збіралі пазлы, размалёўвалі карцінкі. З кропельніцай (яна была на колцах) хадзілі ў бібліятэку, папіць кавы ў буфет.

«ПАРЫК ВЫГЛЯДАЎ НА МНЕ ЖАХЛІВА...»

Пасля хіміятэрапіі дзяўчына засталася без валасоў, броваў і веек. Першага верасня Вераніка спазнілася ва ўніверсітэт на дзве пары: не магла прымусіць сябе выйсці з дому. Чорны парык «пад карэ» ёй зусім не падабаўся. Перамерала ўсе касынкі і шапачкі. У выніку паплакала і пайшла як ёсць.

— Я не магла сябе прымусіць увайсці ва ўніверсітэт, пазваніла старасце. Усе мае аднагрупнікі выйшлі мяне сустракаць. Так мы ўсёй групай і пайшлі на лекцыю... Расказваю — ажно дрыжыкі, — дзеліцца эмоцыямі Вераніка. — Я адчувала, як усе на мяне глядзелі... Пяць гадоў таму лысая дзяўчына — гэта было нязвыкла.

Вераніку вельмі падтрымлівалі бацькі і маральна, і грашыма, каб яна магла купіць сабе нешта прыгожае, для душы. Калі аднагрупнікі вырашылі сабраць грошы на лячэнне, адмовілася:

— У Бараўлянах мяне лячылі бясплатна. Але мае сябры настойліва папрасілі, каб я купіла штосьці прыгожае для сябе. Гэта быў вельмі дарагі капялюш. Потым я яшчэ доўга насіла іх падарунак.

«Я НАВУЧЫЛАСЯ ЛЮБІЦЬ СЯБЕ»

— Памятаю, зайшла ў аўтобус, села на вольнае месца. Мужчына побач устаў і адышоў. Такая была яго рэакцыя на мяне, лысую дзяўчыну ў медыцынскай масцы. У той час я глядзела на сябе вачамі навакольных. Я была ўжо дарослым чалавекам, але мне ўсё роўна было цяжка ад чужых позіркаў. А калі ўявіць на маім месцы падлетка?..

Аднойчы падчас хваробы ў мяне наступіў пераломны момант. Кожны дзень я глядзела на сябе ў люстэрка, прывыкала да новай знешнасці. Стала шкада свайго цела: яно так доўга выслухоўвала ад мяне словы нелюбові. Я навучылася сябе паважаць і любіць — лысую, без броваў, веек, усю ў катэтарах, сіняках і ўколах. Палюбіла сябе значна больш, чым да хваробы. Гэта няпроста, гэта — праца над сабой.

Сёння Вераніка дзеліцца сваім досведам: прыязджае ў бальніцу і разам з хворымі дзецьмі здымае трэнды ў «Цік-Току». Так яны вучацца правільна ставіцца да хваробы і лячэння, не баяцца быць у соцыуме.

«ПЕРШАЕ СЭЛФІ НАБРАЛА ШМАТ ПАДАБАЕК»

Калі Вераніка стала выкладваць свае «лысыя» сэлфі ў інтэрнэт, ёй сталі пісаць... фатографы і візажысты. Фатографы казалі: «Раней ты была звычайная, я цябе не стаў бы здымаць, а вось зараз — так!» — усміхаецца суразмоўніца.

Так падчас хваробы Вераніка здзейсніла сваю дзіцячую мару і стала фотамадэллю. Удзельнічала ў розных праектах, вельмі любіла эфект пераўвасаблення.

— У такія моманты я асабліва востра адчувала жыццё! Аднойчы падумала: удзел у фотаздымках вельмі дапамог мне. Чаму ж мне не дапамагчы тым, хто, як і я, атрымлівае хіміятэрапію, губляе ўпэўненасць у сабе і ў сэнсе жыцця? Так з’явілася ідэя стварыць свой фотапраект, — тлумачыць Вераніка.

Пасля двух гадоў рэмісіі яна з дапамогай кіраўніка сацыяльна-дабрачыннага грамадскага аб’яднання «Разам» Маргарыты Міткевіч рэалізавала фотапраект пра барацьбу з анкалогіяй. Праект атрымаў назву «Смак жыцця» і вялікі рэзананс, экспанаваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы, БДМУ.

Чаму — «Смак жыцця»? Па словах Веранікі, вельмі важна, каб чалавек не толькі прымаў свой дыягназ, але і мог адчуваць асалоду ад кожнага моманту жыцця. Трэба засяроджваць сваю ўвагу не толькі на леках і пакутах, але і старацца атрымаць радасць ад глытка кавы альбо чыстай вады...

ЖЫЦЬ, КАХАЦЬ, ДАПАМАГАЦЬ ЛЮДЗЯМ

У кастрычніку мінулага года Вераніка прайшла апошні кантроль у анкацэнтры.

— Я пяць гадоў у стойкай рэмісіі! Ёсць высокая верагоднасць, што рэцыдыву не будзе, — кажа суразмоўніца.

За сваё выздараўленне яна ўдзячна дзіцячаму анкацэнтру ў Бараўлянах:

— Калі мяне выпісалі, я стала прыязджаць сюды ў сваё аддзяленне як валанцёр — наведвала сяброў, дапамагала ім пераадолець страх хваробы.

Сёння Вераніка любіць прыязджаць у Бараўляны на святы — Новы год, Каляды: «Збіраеш дзецям падарункі і адчуваеш сябе Сантай альбо Эльфам!»

А яшчэ летась яна сустрэла сваё каханне.

— З Назарам нас пазнаёмілі агульныя сябры. Ён зараз змагаецца з лейкозам — ракам крыві. Спачатку мы з ім пачалі перапісвацца, а ўпершыню ўбачыліся на фотавыставе «Смак жыцця» ў Нацыянальнай бібліятэцы: паглядзелі адзін на аднаго — і быццам усё жыццё былі знаёмыя!

Насуперак хваробе Назар вандруе аўтаспынам. Нядаўна пара з’ездзіла такім чынам у Санкт-Пецярбург...

Вераніка лічыць, што для тых, хто захварэў на анкалогію, пытанне «Чаму менавіта я?» не мае сэнсу. Варта спытацца ў сябе: «Для чаго захварэў?»

— Наступае момант, калі ты перастаеш сябе шкадаваць, — кажа суразмоўніца. — Я зразумела: ёсць рэчы, якія ты не можаш кантраляваць. І пачала глядзець на жыццё па-філасофску. Напісала дыпломную працу, паспяхова скончыла ўніверсітэт. Выбіраеш толькі з двух варыянтаў — жыць альбо не. Я выбрала жыццё!

Юлія РАМАНЬКОВА 

Фота дадзена Веранікай СУПРУН

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.