Вы тут

Расада ў рулонах. Падыходзіць практычна для ўсіх культур


Кожны агароднік марыць выгадаваць пабольш расады самастойна. А колькасць будучых саджанцаў непасрэдна залежыць ад плошчы, якую можна вылучыць пад скрыні і стаканчыкі. Таму ўсё большай папулярнасцю карыстаецца метад сяўбы насення ў рулоны. Яны ўяўляюць з сябе невялікія скруткі туалетнай паперы, газеты ці ўспененага вінілу, у якіх вырошчваюць расаду да пікіроўкі або высадкі ў грунт.


Вырошчванне расады ў рулонах паказвае добрыя вынікі і падыходзіць для насення, якому для таго, каб праклюнуцца, не патрабуецца святло. Дадзены метад можна выкарыстоўваць практычна для ўсіх агародных, кветкавых і ягадных культур.

Як пасадзіць

Туалетная папера

Зрабіць рулон з туалетнай паперы проста. Для гэтага спатрэбяцца: поліэтыленавая плёнка; шматслойная ці аднаслойная, складзеная ў некалькі пластоў туалетная папера; пластыкавыя стаканчыкі; распыляльнік з вадой; насенне.

З плёнкі нарэзаць палоскі шырынёй 10—12 см. На іх пакласці пласт паперы і злёгку апырскаць вадой з пульверызатара. Раскласці насенне на першым, увільготненым пласце, адыходзячы ад краю 1-2 см, у залежнасці ад памеру насення. Адлегласць паміж ім трэба рабіць раўнамернай — 3-5 см. Насенне накрыць яшчэ адным пластом паперы і добра намачыць вадой. Атрыманую палоску трэба акуратна згарнуць у рулончык, не дапускаючы ссоўвання плёнкі. Зафіксаваць скрутак канцылярскай гумкай, не перацягваючы, і паставіць у шклянку з вадой. Вады павінна быць няшмат — 2-3 см.

Накрыць стаканчык з расадай поліэтыленам і паставіць у цёмнае цёплае месца. Пры з'яўленні парасткаў зняць пакет і перамясціць ёмістасць на светлае месца.

Газета

Для вырабу рулона з газетнай паперы спатрэбяцца: газетны ліст (разварот); цэлафанавы пакет; падрыхтаваны грунт; насенне.

Газету трэба згарнуць уздоўж, каб атрымаліся чатыры папяровыя пласты. Улажыць атрыманую газетную палоску ў пакет, змясціўшы з аднаго боку. Вольны бок пакета будзе служыць дном скрутка. На поліэтылен з газетай насыпаць пласт увільготненай зямлі. Раскласці насенне і скруціць рулон, пачынаючы згортванне з тога боку, дзе запаяны пакет. Атрыманы рулон зафіксаваць гумкай, ніткай або скотчам. Пры неабходнасці дасыпаць грунту. Рулон паставіць у ёмістасць, паліць, накрыць пакетам і пакінуць да з'яўлення першых парасткаў.

Успенены вініл

Для скрутка падыдзе выключна тонкі (таўшчынёй не больш за 2 мм) успенены вініл, напрыклад, падкладка для ламінату. Яго неабходна нарэзаць на палоскі шырынёй 20 см. Даўжыня адрэзка залежыць ад колькасці саджанцаў. Семечкі размясціць на грунце, насыпаным на вінілавую стужку, на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго. Загарнуць вініл з грунтам і насеннем у рулон і замацаваць. Змясціць скрутак на паддон, паліць, абгарнуць плёнкай і чакаць усходаў.

Правільны догляд

Адразу ж пасля з'яўлення першых усходаў неабходна зняць пакет і перамясціць ёмістасці з рулонамі ў добра асветленае месца.

Асноўны догляд за расадай у рулонах з зямлёй заключаецца ў паліве. Скруткі ўвільгатняюць зверху з дапамогай распыляльніка, каб не дапусціць вымывання насення і маладзенькіх раслін. Пакуль парасткі яшчэ не адужэлі і іх каранёвая сістэма недастаткова развітая, увільгатненне абавязкова праводзяць зверху. Далей пераходзяць на прыкаранёвы паліў.

Догляд расады ў рулонах з туалетнай паперы складаецца ў падтрыманні ўзроўню вады ў ёмістасці. Для таго каб не дапусціць выцягвання расады, ёмістасці са скруткамі некалькі разоў на працягу дня паварочваюць у бок крыніцы святла.

Пікіроўку раслін, вырашчаных у рулонах без зямлі, праводзяць, калі ў саджанцаў з'явіцца першы сапраўдны лісток, а карэньчыкі праглянуць знізу скрутка. Тады яго акуратна раскручваюць, аддзяляюць парастак (можна разам з паперай) і змяшчаюць у асобную ёмістасць з грунтам.

Пры сяўбе насення ў рулоны з зямлёй загадзя плануецца, ці будзе праводзіцца пікіроўка. Калі ж пікіроўка не планавалася, распачынаюць высадку саджанцаў на пастаяннае месца, толькі калі ўсталюецца спрыяльнае надвор'е. Для гэтага скруткі асцярожна, каб не пашкодзіць карані, разгортваюць, бяруць расліны з камяком зямлі і змяшчаюць у падрыхтаваную лунку.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».