Вы тут

Лапта ў школе, адмова ад выпускных моўных іспытаў і суднаваджэнне


У школьным курсе можа з'явіцца лапта

У Мінасветы Расійскай Федэрацыі распрацавалі модуль па гульні ў рускую народную камандную гульню для школ. Цяпер на ўроках фізкультуры, відаць, можна будзе гуляць у лапту. Хоць гэта неабавязкова — курс уключаны ў так званыя прыкладныя адукацыйныя праграмы. Лічыцца, што лапта дазволіць школьнікам развіваць фізічныя навыкі і вучыцца працаваць у камандзе.


У эфіры радыё Sputnіk Дзмітрый Арлоў, кіраўнік праекта «МасЛапта», спецыяліст па традыцыйных гульнях, адзначыў, што насамрэч модуль па лапце быў распрацаваны яшчэ 30 гадоў таму і даўно знаходзіцца ў рэкамендацыях для настаўнікаў фізкультуры. А цяпер на гэта звярнулі ўвагу. «У многіх школах нашай краіны ўжо 30 гадоў гуляюць у лапту: на Далёкім Усходзе, у Арэнбургскай вобласці, у Омскай — ёсць шмат рэгіёнаў, дзе лапта вельмі папулярная. Што да бяспекі, калі сачыць за выкананнем правіл і кантраляваць працэс таго, як дзеці гуляюць, то гэтая гульня не больш небяспечная, чым той жа футбол. У лапце, напрыклад, забаронены любыя падножкі або перашкоды для перабежчыкаў, таму траўматычнасць меншая, чым у футболе. І трэба падзяляць паняцці: лапта як гульня народная і як від спорту».

Андрэй Міцькоў, спартыўны агент, выканаўчы дырэктар «Акадэміі талентаў», дадаў, што калі азірнуцца ў гісторыю, то многія віды спорту так і развіваліся — пад эгідай арганізацый, таварыстваў, клубаў. «Узяць той жа «Дынама»: гэта і футбол, і хакей, і валейбольныя клубы, і хакей з мячом. Па падобным прынцыпе сёння спрабуе развівацца рэгбі — выдатны спосаб папулярызацыі. Вырасціць таленты па той жа лапце хутка не атрымаецца, але яна не настолькі дарагі від спорту, каб не паспрабаваць гэта зрабіць пад эгідай клубаў».


Пераздаваць прадметы — да бясконцасці

У закон аб вышэйшай адукацыі Венгрыі ўнеслі папраўкі. Змяненні значна спросцяць паступленне і навучанне ў ВНУ краіны. Некаторыя з іх датычацца і замежных студэнтаў.

Так, гэта адмова ад выпускных моўных іспытаў. Раней, каб атрымаць дыплом, студэнт павінен быў здаць выпускны экзамен і пацвердзіць узровень B2 замежнай мовы. Цяпер універсітэты могуць самі вырашаць, ці трэба здаваць моўны тэст.

Можна бясконца пераздаваць іспыты. Да гэтага часу ўніверсітэты маглі адлічваць тых студэнтаў, якія шэсць разоў не маглі здаць адзін і той жа прадмет.

Астатнія папраўкі датычацца мясцовых студэнтаў. Ім будзе складаней страціць дзяржаўную стыпендыю — універсітэт сам устанаўлівае ўмовы для яе атрымання. А таксама цяпер выпускнікам венгерскіх школ будзе лягчэй паступіць на першы курс бакалаўрыята — патрабаванні да выніковых іспытаў сталі ніжэйшыя.


Прарыў навучальнага года — суднаваджэнне

Самымі папулярнымі напрамкамі пры паступленні ў расійскія ВНУ ў 2022 годзе сталі педагагічная адукацыя, ІT-спецыяльнасці і лячэбная справа. Гэта вынікае з маніторынгу Міністэрства адукацыі і навукі, які грунтуецца на даных ВНУ. Прыёмная кампанія навучальнага года ў цэлым захавала тэндэнцыі мінулых гадоў.

Прарывам навучальнага года — напрамкам, які ў гэтую кампанію паказаў істотны рост у параўнанні з мінулым, — стала «суднаваджэнне». Колькасць залічэнняў на названую спецыяльнасць вырасла на 58,4 працэнта. Таксама адзначаны ўсплёск цікавасці да кірунку «Спорт» (рост на 22,1 працэнта), праектавання аўтамабіляў і арганізацыі транспартных працэсаў — спецыялізацыя «Тэхналогія транспартных працэсаў» (рост на 22,1 працэнта).

«Апытаныя эксперты звязалі такую сітуацыю з ростам запыту работадаўцаў. У прыватнасці, усплёск цікавасці да суднаваджэння можа ўказваць на запатрабаванасць Паўночнага марскога шляху, найкарацейшай воднай дарогі паміж Еўрапейскай часткай Расіі і Далёкім Усходам», — выказаў меркаванне прарэктар Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі Андрэй Марголін.

«Работадаўцы актыўна ўключаюцца ў працэс адбору найбольш перспектыўных работнікаў, у тым ліку часткова ці цалкам аплачваючы іх навучанне. Такія механізмы вельмі добра працуюць у сферы чыгуначнага транспарту, дапамагаючы закрыць кадравыя патрэбы. Растуць лічбы мэтавага прыёму і на водным транспарце», — мяркуе кіраўнік Цэнтра развіцця вышэйшай і сярэдняй прафесійнай адукацыі Расійскай акадэміі адукацыі Уладзімір Бліноў.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».