Вы тут

Будучыня свету


Час мульцяшнага скнары Скруджа — як сімвала неакаланіялізму, вяршэнства капіталу над чалавецтвам — праходзіць. Цяпер зноў час Чабурашкі. Касавыя зборы ў кінатэатрах паказваюць на тое. А яшчэ час добрага доктара Айбаліта, які лечыць ад хвароб і вірусаў. Ад геапалітычнай пандэміі — глабалізму. Менавіта ў Зімбабвэ каля ракі Лімпапо і лячыў звяроў гэты легендарны кніжны персанаж. Цяпер тут беларусы.


Самае простае і зразумелае — эканоміка. Кантакты і кантракты. Афрыка чакае інвестыцый. Не прыхватызацыі, а інвестыцый. Не «старлінкаў», а самых прыземленых тэхналогій. У земляробстве, адукацыі, фармацэўтыцы, будаўніцтве. Не спонсараў з тоўстым кашальком, а сяброў са спагадлівым позіркам. Беларусь і Зімбабвэ глядзяць у адзін бок. Бок далейшага развіцця. Бо Мінск «корміць» не назойлівай іншаземнай дэмакратыяй, а дапамог кіраўніку Зімбабвэ літаральна накарміць 15-мільённы народ. І гаворка не пра «гуманітарку», а пра тэхналогіі. «Беларусы» і «БелАЗы» мы экспартуем разам з кампетэнцыямі. Сэрвісна-навучальны цэнтр — як прадстаўніцтва краіны з магутнай назвай «Бізон» — добрую сцежку вытаптаў для нашай прадукцыі ў Зімбабвэ. Дарэчы, бізон — амерыканізаваная версія нашага роднага зубра. Прызвычаяцца хутка і да зубра. Як да нашай тэхнікі. Быць камбайнерам альбо трактарыстам — модна. Бо ежа — гэта вельмі важна. А беларуская тэхніка вельмі зручная. Гарманічна сярод саванны выглядаюць не толькі нашы трактары. Мясцовым прыгажуням, дарэчы, пасуюць беларускія нацыянальныя строі, у якіх яны на адным з мерапрыемстваў сустракалі нашага Прэзідэнта.

Вядома, культурная экспансія англасаксаў адчуваецца паўсюль. Зімбабвэ адна з апошніх на Афрыканскім кантыненце скінула кайданы апартэіду. Цывілізаваны заходні «гуманіст» не дараваў страчаную ўрадлівую глебу і алмазныя нетры — краіна дагэтуль пад заходнімі санкцыямі. Таму неаранае поле працы. Беларусы яго засяваюць. У літаральным і пераносным сэнсе. Зноў кантракты на тысячы адзінак тэхнікі: для земляробства — трактары і камбайны, для руднікоў — «БелАЗы». Сярод новага — лесанарыхтоўчая тэхніка, пажарныя машыны, будаўнічыя тэхналогіі. Дамоўленасці ў сферы адукацыі. Бо вядома: атрымаўшы ў нас адукацыю, іхнія спецыялісты будуць імкнуцца і далей працаваць з намі. Адукацыя — інвестыцыі ў будучыню — прыхільнасць да нашых тавараў і кампетэнцый. А яшчэ мы будзем для Зімбабвэ насамрэч «айбалітамі». Фармацэўтыка — яшчэ адзін кірунак супрацоўніцтва.

За трыццаць гадоў дыпламатычных адносін было заключана каля дзесяці кантрактаў, пагадненняў, мемарандумаў. Столькі ж — за трыццаць хвілін у прысутнасці кіраўніка нашай дзяржавы. Вядома, да яго візіту рыхтаваліся. Бо ведаюць, любяць, паважаюць. У першую чаргу за палітычную пазіцыю. Роўны — з роўнымі. За тое, каб быць роўнымі: і без таго барвовую глебу паілі крывёй вызваленчай барацьбы. Цяперашні кіраўнік Зімбабвэ быў актыўным удзельнікам барацьбы за незалежнасць. Цяпер вышэй за заходнія атэлі — «Акр нацыянальных герояў». На гэтую вяршыню рэдка каго прыводзяць. Аляксандра Лукашэнку запрасілі.

Кракадзіл выцесніў з басейна вадаспада Вікторыя і буйвалаў, і бізонаў, і амерыканскіх ястрабаў. Але анаконда працягвае поўзаць па джунглях Афрыкі. Гаворым «Кракадзіл» — маем на ўвазе і Эмерсана Мнангагву. Гэта яго рэвалюцыйны псеўданім падчас барацьбы з апартэідам. «Буйвалы, бізоны, ястрабы» — татэмныя сімвалы — англасаксаў і НАТА. А «анаконда» — кодавая назва праекта заходніх краін па ўдушэнні непажаданых дзяржаў. Як вам такі «звярынец»?

У вачах мясцовых жыхароў адлюстроўваецца памяць каланіяльнай залежнасці. Але сёння рэгіён глядзіць з надзеяй на будучыню і на белага чалавека, які ідзе з дабром. Калі атрымаецца ў Зімбабвэ, то далучацца і іншыя. Спрацуе «сарафаннае радыё». Падчас беларускага турнэ тут гаворка ішла і пра Мадагаскар.

Што ж датычыцца вынікаў дзяржаўнага візіту ў Зімбабвэ, то па розных падліках ён ацэньваецца ў 200—250 мільёнаў долараў. Але галоўныя вынікі яшчэ ў перспектыве — запасы літыю. Сыравіны для акумулятараў — сэрца электратранспарту. А яшчэ Зімбабвэ можа ператварыцца ў хаб беларускіх інтарэсаў на поўдні Афрыкі. Пакуль тут адзін пасол і невялікі штат дыпмісіі на пяць краін, што па тэрыторыі ажно як увесь ЕС. Але ўжо вялікія далягляды.

Паўтарамільярдная Афрыка — насамрэч будучыня свету. Доля моладзі ў 2050 годзе на кантыненце дасягне каля 60 працэнтаў. Гэта адзіны рэгіён свету, у якім будзе назірацца значны прырост насельніцтва да канца стагоддзя. Спалучэнне чалавечых рэсурсаў і багацця нетраў. Алмаз, які патрабуе агранкі.

Нашы кампетэнцыі якраз даспадобы і аднаму з самых заможных рэгіёнаў Блізкага Усходу. Пяць мільярдаў долараў арабскія шэйхі гатовыя інвеставаць у нашу эканоміку. Пра што гэта сведчыць? Пра тое, што нам давяраюць. Тэхналогіям і магчымасцям, грамадска-палітычнаму ладу. Пяць мільярдаў долараў інвестыцый — найлепшае пацвярджэнне легітымнасці ўлады. А яшчэ такія сур'ёзныя ўкладанні — страхоўка ад знешняга ўздзеяння на нашу краіну. Арабскаму свету тое не будзе падабацца. А арабскі свет — адзін з цэнтраў сусветнай сілы.

Караван ідзе, а сабака брэша. Гэтыя візіты намагаліся запэцкаць апаненты ўлады. Нават абураліся: чаму з сынамі кіраўнік дзяржавы быў на перагаворах. Сямейнасць у арабаў — залог даверу. Што-што, а давер усё больш краін свету выказвае нашаму Прэзідэнту. Гэтыя візіты маюць не толькі эканамічныя ды палітычныя вынікі. Гэта яшчэ і пасыл свету. Шматполюснаму свету. Дзе сябруюць краінамі, але не дыктуюць умовы.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.