Вы тут

«Абед — бомба! З'ела ўсё». Як ацэньваюць першыя вынікі пілотнага праекта навучэнцы і іх бацькі?


Харчаванне ў школах павінна быць не толькі здаровае, але і смачнае. У школьнікаў павінен быць выбар страў, і тады ніхто з іх не будзе адмаўляцца ад гарачага абеду. Гэта аксіёма, якую пацвярджаюць першыя вынікі пілотнага праекта, што стартаваў у краіне ў студзені і ахапіў 21 установу адукацыі: па тры — у кожнай вобласці і тры — у сталіцы.

У рамках маніторынгу арганізацыі школьнага харчавання старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава наведала мінскую сярэднюю школу № 121, дзе вось ужо як месяц школьнікі харчуюцца па-новаму. Водгукі ад усіх (і вучняў, і іх бацькоў) толькі станоўчыя.


— Пілотны праект па арганізацыі харчавання школьнікаў мае сваю спецыфіку. Ён старанна прапрацоўваўся са спецыялістамі з НПЦ па харчаванні Нацыянальнай акадэміі навук, з Навукова-практычным цэнтрам гігіены і, што вельмі важна, з бацькоўскай грамадскасцю. Перш чым яго запусціць, праводзілася анкетаванне бацькоў, у якіх пыталіся, калі, на іх думку, лепш арганізаваць першы прыём ежы. Большасць выказалася за тое, каб карміць дзяцей пасля трэцяга ўрока. Іх меркаванне было ўлічана, — падкрэслівае Ірына Старавойтава. — Спецыялісты камбіната школьнага харчавання Мінска распрацавалі новае меню з магчымасцю выбару страў, смакавымі прыхільнасцямі і харчовымі звычкамі, якія сфарміраваліся ў дзяцей у сям'і. Сучасныя дзеці прызвычаіліся харчавацца разнастайна, да таго ж з'яўляюцца новыя прадукты і новыя рэцэптуры.

— Хачу заўважыць, што калі аналізавалі, якое меню хацелі б бачыць нашы дзеці, то школьнікі згадвалі і традыцыйныя беларускія дранікі, і варэнікі, і бліны, — дадала Ірына Старавойтава. — Усё гэта прысутнічае ў іх дамашнім рацыёне, таму яны хочуць так харчавацца і ў школе. Заўважу, што больш за мільён беларускіх школьнікаў, якія навучаюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, атрымліваюць гарачае харчаванне, таму гэта тэма заўсёды на асаблівым кантролі ў дзяржаўных органаў. Вельмі важна захаваць баланс — улічыць фізіялагічныя патрэбы дзіцяці ў пэўным узросце, смакавыя прыхільнасці дзяцей, пажаданні бацькоў, асаблівасці і магчымасці арганізацыі харчавання ў школах. Цяпер нам важна пачуць меркаванні ўсіх бакоў.

Харчаванне павінна быць здаровым, бяспечным і дыетычным, але і ігнараваць новыя тэндэнцыі ў харчаванні сучасных дзяцей няправільна.

— У нашай школе дзеці заўсёды елі добра. Ад гарачага харчавання адмаўляліся толькі адзінкі, — запэўнівае дырэктар 121-й мінскай школы Жанна Давідовіч. — Але цяпер і яны пачалі заходзіць у сталовую. Раней навучэнцаў кармілі пасля першага ўрока, але да гэтага часу яны не паспявалі прагаладацца, таму, на жаль, утвараліся адходы. Цяпер іх стала значна менш. Ад сняданкаў мы адмовіліся і перайшлі на абеды. Першы прыём ежы — пасля 3,5 гадзіны ад пачатку работы навучальнай установы. У 11.30 дзеці прыходзяць у сталовую ўжо з добрым апетытам. Прычым ёсць магчымасць выбару: заказаць абед з супам ці без яго. Большая частка выбірае абед з супам, калі, канешне, гэта не малочны (ён попытам, на жаль, не карыстаецца). А старшакласнікі і ўвогуле лічаць, што з супам абед атрымліваецца больш пажыўны. Узначальваюць рэйтынг першых страў баршчы, свежая капуста і расольнік. Нашы старшакласнікі змятаюць усё (смяецца. — Аўт.). Перад стартам пілотнага праекта ў школе прайшоў бацькоўскі сход, была дэгустацыя новых страў. І цяпер мы пастаянна маніторым меркаванні, у нас ёсць свой тэлеграм-канал, дзе вядзём «Дзённік эксперымента», размяшчаем фатаграфіі страў, ёсць чат-бот для аператыўнага рэагавання.

Як расказала Жанна Давідовіч, на «ўра» ў дзяцей ідуць новыя мясныя стравы, асабліва курыныя: філе, сцёгны, галёнкі.

«Абед — бомба! З'ела ўсё», — напісала дзяўчынка сваёй маці пасля чарговай навінкі ў меню. У той дзень на абед былі «Краш-догі» — гэта булачка з сялянскай каўбаскай, гароднінай і соусам, нешта накшталт любімага ўсімі дзецьмі хот-дога, толькі, дзякуючы метадам кулінарнай апрацоўкі, больш карысная страва. «А чаму не далі малодшай школе? Вельмі пазайздросцілі малышы...» — папракнуў хтосьці ў тэлеграм-канале школы.

Фота ТГ-канала школы № 121.

На даны момант спаборнічаць па папулярнасці з краш-догамі могуць толькі пельмені. Уявіце: сапраўдныя дамашнія пельмені са смятанай!

Але ёсць і антырэйтынг: дзеці слаба ядуць малочныя прадукты, не вельмі «паважаюць» рыбныя стравы, зялёны кансерваваны гарошак.

У школе ёсць меню на два найбліжэйшыя тыдні, з ім кожны можна азнаёміцца. Дзеці замаўляюць сабе абед напярэдадні. Заяўкі збірае класны кіраўнік. А раніцай да 9 гадзін падаюцца ўдакладненыя спісы з улікам тых, хто захварэў, каб ежа не адпраўлялася ў адходы. Дзіця можа выбраць, якую ён хоча кашу: рассыпчатую ці вязкую? Катлету рубленую або біфштэкс? Калі дзіця выбірае абед без супу, значыць, суп кампенсуецца салатай. І першы, і другі варыянт абеду — абсалютна раўнацэнныя па энергетычнай каштоўнасці.

Чым гэты эксперымент спадабаўся дзецям? Тым, што да іх меркавання прыслухаліся! Нарэшце і чай сталі падаваць не салодкі. На сталах з'явіліся цукарніцы. І кожны можа цяпер падсаладзіць чай па сваім гусце.

Заўважана, што для дзяцей мае значэнне ўсё: як аформлена памяшканне, дзе яны харчуюцца; сервіроўка сталоў і посуд, бо яны «ядуць вачыма». І такія нюансы для іх вельмі важныя. У школах, уключаных у праект, на сталах з'явіўся новы сталовы прыбор — нож, і, як высветлілася, нават малышы умеюць ім карыстацца.

Эксперымент па арганізацыі школьнага харчавання працягнецца да красавіка бягучага года. Ва ўстановах адукацыі будуць фіксаваць усе вынікі, адсочваць дынаміку, а таксама апытваць дзяцей і бацькоў. Да пачатку новага навучальнага года Міністэрства адукацыі і Савет Міністраў ацэняць вынікі пілотнага праекта і вырашаць, ці трэба гэты вопыт укараняць па ўсёй краіне. Мяркуецца, што ўдасца выпрацаваць аптымальную мадэль па арганізацыі школьнага харчавання.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.