Вы тут

Лукашэнка: беларускай навуцы ёсць, чым ганарыцца, але няма часу спачываць на лаўрах


Беларускай навуцы ёсць, чым ганарыцца, але няма часу спачываць на лаўрах. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае БелТА.


Фота: БелТА

«У нашай краіне вучоныя людзі карыстаюцца вялікай павагай і падтрымкай дзяржавы. Можа, яна недастатковая, але на тое, што мы здольныя. Вы ведаеце, колькі ўкладзена сіл і сродкаў, каб захаваць пераемнасць навуковых школ і дасягненняў мінулых часоў, стварыць умовы для развіцця сучаснай навукі. Я ўсюды і заўсёды падкрэсліваю (калі прапаную замежным кіраўнікам, спецыялістам нейкія тэхналогіі, абучэнне гэтым тэхналогіям; напэўна, вы чулі гэта і ў Зімбабвэ): мы такія разумныя, таму што стаім на плячах гіганцкай навукі Савецкага Саюза. Пра гэта не трэба забываць. Вялікі ваш уклад, але не на пустым месцы мы гэта робім — як у навуцы, так і ў дзяржаўнасці, прамысловасці, па ўсіх напрамках, у тым ліку і ў сацыяльнай сферы. Таму мы захавалі школы, вы іх развілі. Мы маем пэўны вынік, які мы можам выкарыстоўваць у нашай краіне, я так ацэньваю, працэнтаў на 50», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Астатнюю частку Беларусь вымушана пастаўляць на экспарт, растлумачыў Прэзідэнт. «Хацелася б больш асвойваць новых тэхналогій, тое, што вы вынаходзіце, але на жаль — вы ведаеце чаму, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Нам ёсць, вядома ж, чым ганарыцца. Гэта ўбачыў кожны, усе вы ўбачылі, хто наведаў выстаўку навукова-тэхнічных дасягненняў „Беларусь інтэлектуальная“. Некалі я даручыў кіраўніку Акадэміі навук падрыхтаваць такую выстаўку — галіновай навукі, вузаўскай. Зрабілі нядрэнна. Але ёсць над чым працаваць».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, падзея выклікала жывую і шчырую цікавасць, і гэта з’яўляецца вынікам сумесных намаганняў вучоных з Нацыянальнай акадэміі навук, вучоных з розных галін і ВНУ. Уражальная галерэя перспектыўных айчынных распрацовак будзе паказана ў кожным рэгіёне, адпаведны графік ужо складзены. Так, хутка экспазіцыю ўбачаць жыхары Гомельскай вобласці. Зацікавіліся выстаўкай і за межамі Беларусі. Напрыклад, у той жа краіне Зімбабвэ, якую Прэзідэнт наведаў нядаўна з дзяржаўным візітам.

«Тым не менш вы, вучоныя, як ніхто разумееце, што ў навуцы няма часу спачываць на лаўрах і няма часу ўпівацца нейкімі поспехамі. Асабліва сёння, калі наша краіна процістаіць беспрэцэдэнтным палітычным выклікам, усім нам, і навуцы ў першую чаргу, трэба глядзець толькі наперад. І на карысць жыцця людзей, і ў імя стварэння. Іншымі словамі, усе вашы інавацыйныя распрацоўкі павінны служыць развіццю духоўнай сферы, умацоўваць эканамічную моц дзяржавы, забяспечваць нашу нацыянальную бяспеку, — падкрэсліў беларускі лідар. — І тут поле неаранае. Шчыра вам скажу. Тое, як мы разгортваемся на ніве эканомікі і бяспекі, тыя задачы, якія стаяць перад намі, якія могуць прынесці каласальныя вынікі фінансавыя, — я гляджу на гэта так і пачынаю ўжо сумнявацца. Нібыта нешта можам, умеем, а прадпрымальнасці няма. Але гэта асобная размова з урадам».

Аляксандр Лукашэнка пажадаў вучоным, каб услед за чарговымі званнямі яны дасягнулі самай галоўнай вяршыні навуковага поспеху, не проста сказалі новае слова ў навуцы, а прымусілі ўвесь свет гаварыць аб дасягненнях. «Паколькі ў гісторыі застаецца не статус, а імя. Як мне бачыцца, для сапраўднага вучонага няма мэты важнейшай, чым забяспечыць пераемнасць сваіх дасягненняў, выгадаваць плеяду паспяховых вучняў і, зразумела, праславіць Айчыну. Я наогул лічу, калі вучоны пакідае за сабой шлейф вучняў або хаця б аднаго, які абавязкова перасягне вас, — гэта яшчэ большае дасягненне, чым тое, што вы дасягнулі сёння», — сказаў Прэзідэнт.

Так, як гэта зрабілі ўраджэнцы Беларусі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэс Алфёраў, адзін з заснавальнікаў беларускага грузавога аўтамабілебудавання, Герой Беларусі Міхаіл Высоцкі, вучоны-фізік і арганізатар навукі ў галіне оптыкі і спектраскапіі, лазернай фізікі і інфрачырвонай тэхнікі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі Мікалай Барысевіч. Кіраўнік дзяржавы прывёў іх у прыклад не проста так. «Яны пайшлі, але пакінулі яркі след. Іх паслядоўнікі — гэта вашы калегі. Таму і бачыць тут вас, дактароў навук, прафесараў, разам са сваімі паспяховымі вучнямі асабліва прыемна. Гэта сведчыць аб тым, што вы не баіцеся канкурэнцыі з маладымі амбіцыйнымі вучонымі, якія, магчыма, нават мараць перасягнуць свайго настаўніка. Больш таго, вы ганарыцеся імі. І значыць, у беларускай навукі абавязкова будзе будучыня», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

«Таму стаўце перад сабой у добрым сэнсе слова дзёрзкія і абавязкова высакародныя мэты. І няхай на шляху да іх дасягнення вам заўсёды спадарожнічаюць удача, падтрымка родных людзей і абавязкова — павага навуковай супольнасці», — рэзюмаваў беларускі лідар.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.