Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Чаго толькі на рынку не пачуеш»


Што ні кажыце, а спякота затарможвае ўспрыманне. Справа была летам. Такім чынам, ужо шмат дзён слупок тэрмометра трымаўся каля трыццаці. Стомленыя сонцам, мы млява цягнуліся на працу, у краму...


Фота: pixabay.com

Раніцай я прыйшла на рынак да адкрыцця, з-за спякоты ўжо абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі, і хацелася вярнуцца дадому да сонцапёку. Слупок тэрмометра поўз уверх. Там і сям прадаўцы ўзнімалі жалюзі, развешвалі і раскладвалі тавары.

Я стаяла ля вітрыны, калі да суседняга кіёска, які гандляваў сантэхнічным абсталяваннем, падышла паўнаватая жанчына ў квяцістай сукенцы з запіскай у руцэ.

Двое мужчын, прадавец і пакупнік, млява корпаліся ў жалезках, штосьці вышукваючы.

— У вас ёсць картрыдж для змяшальніка? Вось такі змяшальнік, — жанчына працягнула прадаўцу свой тэлефон з фатаграфіяй на экране.

— Ёсць, — абыякава адказаў прадавец, не бачачы ў жанчыне патэнцыйнага пакупніка. — Кошт ад дзевяці да пяцідзесяці рублёў.

— Я ў гэтым не разбіраюся, — задуменна сказала жанчына. — Змяшальнік цячэ, учора прыходзілі сантэхнікі, сказалі, што купіць. Картрыджы ёсць розныя, да майго можа і не падысці. Яму ўжо гадоў дваццаць.

— Каму дваццаць гадоў? — не сцямiў прадавец, падобна, ён знаходзіўся на сваёй хвалі і ўжо згубіў нітку размовы.

— Змяшальніку, не мне ж! — акругліла вочы жанчына. — Які ўзяць?

— Які даражэйшы — лепшы, — адказаў прадавец. — За дзевяць праслужыць год.

— І за дзевяць павінен быць сертыфікаваны, — паказала жанчына веданне правоў спажыўца. — І адпрацаваць павінен належны тэрмін, у адпаведнасці з пашпартам, а не год.

Прадавец грэбліва скрывіў вусны.

— Ну, бярыце, які на вас глядзіць. — Ён працягнуў капацца ў дэталях. — А то сантэхнікі прыйдуць, а ў вас няма чаго ставіць.

— Не прыйдуць, з раніцы заяўку адмяніла, паўторна выклікаю, калі куплю. А можа, у вас паслуга па рамонце ёсць? — жанчыне прыйшла ідэя. — Заадно б і памянялі, калі не падыдзе. Я жыву ў суседнім доме.

— А якая ў вас кватэра? — нечакана спытаў з-за яе спіны іншы пакупнік. Ён разгортваў складзены ў чатыры разы лісток.

— Трохпакаёвая, — машынальна адказала жанчына.

— Чаго толькі на рынку не пачуеш, — засмяяўся прадавец. — Хоць мемуары пішы! Ён нумар пытаецца.

— А навошта вам нумар маёй кватэры? — абурылася жанчына.

— Я сантэхнік ЖЭС, — усміхнуўся пакупнік. — У мяне ваша заяўка на сёння, магу прама зараз з вамі пайсці. Ваша прозвішча Каваль?

— Але ж я адмяніла заяўку, — жанчына паціснула плячыма.

— Мне яшчэ не перадалі, што вы адмянілі, — сказаў сантэхнік.

Жанчына і майстар бадзёра пакрочылі рамантаваць змяшальнік. А яе адказ пра трохпакаёвую кватэру падняў настрой усім, у тым ліку і мне. Аказваецца, ад спякоты дапамагае гумар. Спадзяюся, дэталь да змяшальніка падышла.

І гэтая гісторыя на паперы выглядае такой кароткай, а на справе размаўлялі яны павольна і неяк сонна, хвілін дваццаць, таму што кожны быў на сваёй хвалі, спякота ўсё ж такі тармозіць не толькі электроніку.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.