Вы тут

Геаграфія шчасця ў творах Мікалая Аўчыннікава


Пейзаж — спосаб адлюстравання стаўлення асобы да навакольнага асяроддзя. Натуральна, не толькі да прыроды. Персанальная выстаўка Мікалая Аўчыннікава, прымеркаваная да яго 70-годдзя, вельмі добра ілюструе гэтую думку. Юбілейны праект «Прыцяжэнне» працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Тут прадстаўлена каля 40 твораў з майстэрні аўтара. Куратар экспазіцыі — Франц Корзун, навуковы супрацоўнік выставачнага аддзела.


З серыі «Тайна квазара». № 3, 2019 г.

Мікалай Аўчыннікаў — прадстаўнік маладзечанскай творчай супольнасці. На працягу дзесяцігоддзяў яна займае заўважнае месца ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва XX–XXI стагоддзяў (звязана з імёнамі такіх майстроў, як Ядвіга Раздзялоўская, Зміцер Крачкоўскі, Кастусь Харашэвіч, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, Аляксандр Пашкевіч, Аляксандр Грышкевіч). Тэматыка твораў Мікалая Віктаравіча — унікальнасць гістарычных мясцін і прыгажосць беларускай прыроды. Сюжэты аўтара напоўнены надзвычайным унутраным цяплом, не вельмі звыклым для айчыннай акварэлі. Гэтаму спрыяюць тэхніка і каларыстычнае рашэнне, з дапамогай якіх створаны шматлікія гарманічныя кампазіцыі. 

Мастак любіць адлюстроўваць цёплыя раніцу і вечар — хвіліны сапраўднага шчасця. Ад твораў патыхае прахалодай і свежасцю, спакоем. Адметныя прыклады — «Раніца над ракой Сэрвач у Будславе» (2019), «Цішыня над возерам Баторына» (2022), «Маладзік над возерам» (2018), «Туманная раніца на Бярэзіне» (2020), «Крэва на зыходзе сонца» (2012), «Росная раніца. Нарачанскі край» (2010), «Змярканне каля вёскі Свечкі» (2014), «Вечар у Гервятах» (2020)... Ужо назвы толькі гэтых работ падкрэсліваюць тое, наколькі шырокая геаграфія зацікаўленняў Мікалая Віктаравіча. Перад гледачом паўстаюць таксама маляўнічыя краявіды Жупран і Ракуцёўшчыны, Жыровіч і Лебедзева, Пастаў і Мсціслава, Заслаўя і Мядзела... І гэта толькі акварэлі, змешчаныя ў экспазіцыю. Трэба заўважыць, што мастак працуе з вялікімі фарматамі, разбураючы стэрэатып аб камернасці гэтага віду мастацтва. 

З серыі «Узаемапранікненне». № 2, 2013 г.

Пейзажы Мікалая Аўчыннікава рамантычныя па настроі. Многія з іх падобныя па кампазіцыі. Асноўны складнік цалкам ідылічных сюжэтаў — будынак або некалькі (царква, адзінокі дом ці частка невялічкага паселішча) як асноўная прыкмета прысутнасці чалавека ў тых ці іншых мясцінах. Мэтай творцы стала паказаць маштаб, веліч прыроды і каштоўнасць стваральнай энергіі чалавека. «Як па почырку можна меркаваць пра характар чалавека, так і пра мастака можна рабіць высновы па яго творах, — лічыць Мікалай Віктаравіч. — Калі мастак робіць персанальную выстаўку, ён агаляе перад усімі сваю душу». 

Апошні дзень работы экспазіцыі — 5 сакавіка. Дарэчы, Мікалай Аўчыннікаў паўстае перад гледачом не толькі як майстар пейзажа, але і як эксперыментатар. У Мастацкім ён прадставіў паўабстрактныя (творца называе іх «беспрадметныя») кампазіцыі з серый «Тайна квазара», «Прадчуванні», «Узаемапранікненне», «Далёка ад нас...» і «У кругавароце аднаўлення», розных па гучанні, аднак аднолькава змястоўных. 


Даведка «ЛіМа» 

Мікалай Аўчыннікаў — ураджэнец Гомельшчыны. У 1974 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута (вучыўся ў Івана Сталярова, Фелікса Гумена). Аўтар і ўдзельнік больш як 200 выставак у Беларусі і за мяжой. Працуе ў акварэлі і станковым жывапісе. Член Беларускага саюза мастакоў з 1988 года. Узнагароджаны медалём творчай суполкі «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» (2007). Работы Мікалая Віктаравіча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Мінскім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцыях Германіі, Ізраіля, Ірландыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, ЗША, Украіны, Чэхіі, Швецыі. Творца жыве ў Маладзечне, выкладае жывапіс і кампазіцыю ў Гімназіі-каледжы мастацтваў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.