Вы тут

Дакументальны летапіс. Чым займаюцца сёння айчынныя архівы


Сёння архівы перасталі быць толькі месцам, дзе захоўваюцца гістарычныя крыніцы. Вялікая ўвага ўдзяляецца папулярызацыі дакументальнай спадчыны, яе алічбоўцы і стварэнню праектаў, якія дапамагаюць большай колькасці людзей знаёміцца з рознымі старонкамі гісторыі нашай краіны. Летась толькі выставак, створаных на аснове архіўных дакументаў, рэспубліканскімі архіўнымі ўстановамі праведзена 179. У Год гістарычнай памяці многія мерапрыемствы былі скіраваныя на выхаваўчую і ідэалагічную работу. Так, у межах рэспубліканскай акцыі «Архівы — школе» прайшло каля сямі соцень мерапрыемстваў. Дзяржаўныя ўстановы, адказныя за захаванне дакументальнай спадчыны, наведала каля 11 тысяч студэнтаў і навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў. Супрацоўнікі архіваў не толькі прымалі дзяцей і моладзь у сябе, але і выязджалі ў школы, каледжы, ВНУ. Акцыя будзе працягнута — яна ўключана ў праект мерапрыемстваў Года міру і стварэння.


На калегіі міністр юстыцыі Сяргей ХАМЕНКА звярнуў увагу на асаблівую ролю архівістаў, якія павінны даносіць гістарычную праўду грамадству, асабліва маладым пакаленням:

— Павышаецца ступень адказнасці работнікаў архіўнай галіны пры выбары той інфармацыі, якую яны павінны давесці да чытача. Але ў пытаннях прававой гістарычнай асветы сёння важна ўлічваць не толькі ролю і месца архівістаў, але і практычна кожнага грамадзяніна. Даносіць гістарычную праўду павінны прадстаўнікі розных сфер, міністэрстваў эканомікі, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры...

Сёння ў Беларусі робіцца вельмі многа для ўвекавечання памяці пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Не спыняецца работа па напаўненні новымі дакументамі рэспубліканскага інтэрнэт-партала «Партызаны Беларусі». Нацыянальным архівам выяўлена і ўнесена больш за 211 тысяч электронных старонак, якія тычацца ўдзельнікаў партызанскага руху. У сеціве таксама з'явіліся карты партызанскіх аперацый. Ужо іх размешчана тры дзясяткі.

На інтэрнэт-партале «Архівы Беларусі» створаны тэматычны раздзел «Баявы летапіс партызан Беларусі», куды выкладаюцца аператыўныя зводкі Беларускага штаба партызанскага руху. Публікацыя матэрыялаў здзяйсняецца ў фармаце «дзень у дзень», апошнюю з іх супрацоўнікі архіваў плануюць дадаць у ліпені 2024 года, калі будзе адзначацца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Таксама на сайце створана віртуальная кніга памяці, прысвечаная архівістам — удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

За мінулы год архівы выпусцілі ў свет 12 зборнікаў дакументаў, у тым ліку два электронныя. Завершана рэалізацыя фундаментальнага шасцітомнага праекта «Без тэрміну даўнасці. Беларусь». Працягвае аказвацца кансультатыўна-метадычная і практычная дапамога прадстаўнікам Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па выяўленні дакументальных матэрыялаў у рамках даследавання крымінальнай справы па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ужо было зроблена і прадстаўлена звыш 26 тысяч старонак копій архіўных дакументаў.

Таксама збіраліся даведачна-аналітычныя матэрыялы па трагедыі і гераізме беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Падрыхтаваны на іх аснове аналітычны зборнік у электронным выглядзе паступіў для выкарыстання ў замежныя ўстановы, музеі, арганізацыі культуры і адукацыі. Звесткі з яго могуць выкарыстоўвацца вышэйшымі і сярэднімі навучальнымі ўстановамі ў адукацыйным працэсе.

У 2023 годзе будзе весціся работа і над новым галіновым віртуальным праектам «Гарады Беларусі» . Як заўважыў на калегіі дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Алег ВОІНАЎ, усе архіўныя ўстановы павінны падключыцца да яго рэалізацыі, творча падысці да падрыхтоўкі віртуальных выставак у населеных пунктах, у якіх яны працуюць. Дарэчы, адзін з такіх праектаў, які знаёміць з рэгіянальнай гісторыяй, падрыхтаваны Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў, — «Дзяржынск: да і пасля», прысвечаны 85-годдзю Мінскай вобласці. Дарэчы, гэты архіў шукае новыя формы падыходаў да работы з дакументальнай спадчынай. Сумесна з Агенцтвам тэленавін Белтэлерадыёкампаніі працуе над праектам «У адкрытым доступе». Ужо выйшла 13 відэасюжэтаў. З выкарыстаннем архіўных дакументаў ствараецца праект «Трудовой фронт», у ім паказана больш за дзесяць гадзін архіўнай кінахронікі, прысвечанай пасляваеннаму аднаўленню народнай гаспадаркі. Дырэктар Дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй ГАНЧАР заўважыў, што сёння супрацоўнікі ўстановы шмат робяць для папулярызацыі аўдыявізуальных дакументаў і забеспячэння шырокага доступу да іх. За мінулы год пад дэвізам «Паказваем гісторыю» на YouTube-канале размешчана 58 відэаролікаў, зроблена больш за паўсотню публікацый у Іnstagram.

На сайце «Архівы Беларусі» створаны раздзел «Дакументальны летапіс Беларусі». На дадзены момант тут размешчана звыш 150 дакументаў, якія асвятляюць гістарычныя падзеі з 1919 да 1925 года. Сёлета плануецца сабраць і выкласці дакументы, якія ахопліваюць даваенны і пасляваенны перыяды. Як паведаміў дырэктар Нацыянальнага архіва Андрэй Дземянюк, да рэалізацыі дадзенага праекта далучыліся навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Яны складаюць пералік найбольш значных падзей у гісторыі нашай краіны, падбіраюць дакументы, якімі іх можна праілюстраваць. Андрэй Канстанцінавіч выказаў прапанову, якая тычыцца напаўнення дадзенага праекта, у прыватнасці, прапанаваў папаўняць летапіс з дапамогай рэгіянальных архіваў. Справа ў тым, што ва ўсіх архіўных установах на аснове дакументаў складаюцца календары са знамянальных і памятных дат, і такія звесткі выдатна дапоўнілі б летапіс. У межах калегіі прайшлі выстаўка «Край мужнасці і славы», прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны, экспазіцыя выданняў архіўных устаноў і выстаўка афіцыйных геральдычных сімвалаў Рэспублікі Беларусі. А таксама былі адзначаны найлепшыя архіўныя ўстановы, пазначаны праблемы і планы на 2023 год.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.