Вы тут

Лукашэнка: Ніхто не штурхае дзяржавы дзейнічаць насуперак нацыянальным інтарэсам


Новы рабочы тыдзень у Палацы Незалежнасці пачаўся рабочай сустрэчай Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з новым Генеральным сактаром АДКБ Імангалі Тасмагамбетавым. Сёлета Беларусь старшынствуе ў Арганізацыі Дагавора Калектыўнай Бяспекі. Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе сваё старшынства ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў перыяд сістэмнага крызісу міжнародных адносін, беспрэцэдэнтнага абвастрэння ваенна-палітычнай абстаноўкі на Еўразійскім кантыненце і паглыблення канфрантацыі паміж сусветнымі цэнтрамі сілы. У гэтых умовах асноўнымі задачамі беларускага старшынства на ўнутраным контуры з’яўляецца павышэнне згуртаванасці дзяржаў-членаў АДКБ і ўрэгуляванне супярэчнасцей паміж імі дзеля ўмацавання самой Арганізацыі і забеспячэнне бяспекі і стабільнасці ў зоне яе адказнасці. Задача на знешнім контуры — узмацненне росту і значнасці АДКБ ў сістэме міжнародных адносін. Рэспубліка Беларусь старшынствуе ў АДКБ пад дэвізам «Праз салідарнасць і супрацоўніцтва да міру і бяспекі». Таму сустрэча з новым генсекам арганізацыі мае вызначальны характар.


Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, з Імангалі Тасмагамбетавым яны знаёмыя даўно, хоць раней сустракаліся чыста пратакольна. Імангалі Тасмагамбетаў на папярэдніх пасадах больш працаваў з урадам і іншымі службовымі асобамі. «Але мне прыемна з вамі сустрэцца, як з дасведчаным чалавекам. Нешта роднае ёсць, у юнацтве мы з вамі і ў камсамоле працавалі. Вы прайшлі вельмі сур’ёзны шлях, які заслугоўвае павагі. Цяпер людзей, якія маюць такі досвед і савецкіх часоў, (па-рознаму можам ацэньваць гэты перыяд), няшмат і яны вельмі каштоўныя. Таму я думаю, што гэты ваш досвед, і на дыпламатычнай у тым ліку рабоце, нам спатрэбіцца. Асабліва сёлета падчас старшынства Беларусі ў АДКБ, ды і на наступныя гады вашай працы ў АДКБ. Ён не проста спатрэбіцца, ён будзе запатрабаваны вельмі сур’ёзна», — сказаў Прэзідэнт. Ён заўважыў, што ў Казахстане ўжо пачалася змена пакаленняў у палітыцы. Па словах кіраўніка дзяржавы, хацелася б, каб гэта прайшло беспарблемна і ў Беларусі, і ў Казахстане.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння перад АДКБ стаіць дастаткова выклікаў. Беларусь рызыкнула ў сваю праграму старшынства запісаць вырашэнне праблем, якія сёння існуюць. Асабліва на граніцах дзяржаваў-членаў АДКБ. «Я нездарма кажу пра ваш досвед, памяць у вас выдатная, вы добра ведаеце і Каўказ, і Цэнтральную Азію, там у нас праблемы. Давайце паспрабуем іх вырашыць і, наколькі магчыма, згуртаваць Арганізацыю Дагавора аб Калектыўнай Бяспецы ў гэты няпростыя часы», — сказаў ён.

Беларускі лідар звярнуў увагу, што па перыметры вельмі няпростая абстаноўка. «Калі хтосьці думае, што канфлікт Украіны і Расіі — гэта не наш канфлікт, што ціхенька недзе адседзімся, дык нічога падобнага. Так не будзе. Прыйдзе час, ён недалёка, калі час запатрабуе вызначацца, займаць пэўную пазіцыю. Я не кажу, што на шкоду нацыянальным інтарэсам і так далей. Але з усімі нашымі саюзнымі недахопамі нам давядзецца дакладна вызначаць сваю пазіцыю, сваю лінію для таго, каб дзейнічаць. Разам заўсёды прасцей і лягчэй. Яшчэ раз падкрэсліваю, ніхто не штурхае дзяржавы дзейнічаць насуперак сваім нацыянальным інтарэсам. Але кампрамісы нам давядзецца знаходзіць. Хаця ў АДКБ мы ўжо даўно іх знайшлі і дзейнічаем як адзіная арганізацыя. Думаю, гэты складаны перыяд нам трэба прайсці, і ён яшчэ больш згуртуе нашу арганізацыю на тых прынцыпах, якія патрэбныя і магчымыя для кожнай дзяржавы, якая ўваходзіць у гэтую арганізацыю», — канстатаваў Прэзідэнт.

Імангалі Тасмагамбетаваў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за падтрымку на лістападаўскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі. Генсек АДКБ далажыў, што 10 студзеня прыступіў да выканання сваіх абавязкаў і зараз актыўна ўваходзіць у курс спраў. «Самае галоўнае — гэта падрыхтоўка плана мерапрыемстваў і асноўных прыярытэтных пытанняў старшынства Беларусі на 2023 год, мы змаглі ўлічыць усе рашэнні лістападаўскай сесіі і прыярытэты Беларусі», — адзначыў ён.

На тэрыторыі Беларусі сёлета плануецца тры вучэнні АДКБ

У размове з журналістамі Імангалі Тасмагамбетаваў адзначыў, што візіт у Мінск, сталіцу дзяржавы-старшыні АДКБ, стаў яго першай паездкай ў якасці генеральнага сакратара АДКБ. Па яго словах, сустрэча з Прэзідэнтам была змястоўнай і прадуктыўнай. Было абмеркавана шырокае кола актуальных пытанняў далейшай дзейнасці арганізацыі.

«Аляксандр Рыгоравіч звярнуў увагу на вельмі няпростыя моманты дзейнасці нашай арганізацыі. Перш за ўсё, падкрэсліў асаблівую важнасць умацавання саюзніцкага ўзаемадзеяння і салідарнасці дзяржаў-членаў АДКБ у гэты няпросты час сістэмнага крызісу міжнародных адносін і знешніх пагроз. У сувязі з гэтым я вылучыў тэзіс аб тым, што ўсе падзеі, якія адбываюцца свеце, у той ці іншай меры датычацца работы нашай Арганізацыі. У прыватнасці, тое, што крызіс сістэмы забеспячэння міжнароднага міру і бяспекі, які склаўся ў апошнія дзесяцігоддзі, уплывае на нашу арганізацыю тым, што па перыметры адказнасці і межаў АДКБ фарміруецца своеасаблівы пояс нестабільнасці, дуга канфлікту ад паўднёвых рубяжоў членаў-дзяржаў арганізацыі ў Цэнтральнай Азіі праз паўднёвы Каўказ непасрэдна ва ўсходнееўрапейскі рэгіён. Таму Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на неабходнасць далейшага развіцця комплексу антыкрызісных мерапрыемстваў ва ўдасканаленні існуючых і стварэнні новых кампанентаў сістэмы крызіснага рэагавання. У сувязі з гэтым я павінен адзначыць, што салідны шматфункцыянальны патэнцыял АДКБ здольны рэагаваць на шырокі спектр сучасных узрастаючых выклікаў і пагроз. І таму ў мэтах умацавання існуючых магчымасцей у ваеннай сферы прадугледжаны практычныя крокі, якія перш за ўсё накіраваны на забеспячэнне баявой гатоўнасці калектыўных сіл Арганізацыі. І ў сувязі з гэтым на тэрыторыі Беларусі сёлета плануецца тры вучэнні: „Узаемадзеянне“, „Эшалон“ і „Пошук“. Акрамя гэтага, адным з найважнейшых напрамкаў нашай работы будзе ўдасканаленне ўсіх неабходных мерапрыемстваў у інтарэсах процідзеяння тэрарызму і транснацыянальнай злачыннасці, незаконнаму абароту наркотыкаў, незаконнай міграцыі і ў сферы інфармацыйнага забеспячэння. Уся гэтая разнастайнасць задач, якія перад намі стаяць дыктуе неабходнасць эфектыўнага пазіцыянавання на вонкавым контуры. Наша задача вельмі зразумелая. Наша мэта — перш за ўсё забеспячэнне знешнепалітычнага падсвечвання ўсіх магчымасцяў нашай арганізацыі, тых намаганняў, якія прымае арганізацыя для забеспячэння рэгіянальнай бяспекі», — сказаў Імангалі Тасмагамбетаў.

Генсек АДКБ звярнуў увагу, што на апошняй 77-й сесіі Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных нацый патэнцыял АДКБ быў вельмі высока ацэнены прыняццем адпаведнай рэзалюцыі, якая азагалоўлена супрацоўніцтвам паміж ААН і АДКБ.

«Таму ў мэтах далейшага практычнага супрацоўніцтва я праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку, старшыню Савета калектыўнай бяспекі, аб тых кроках, якія прымаюцца ў сакратарыяце па далучэнні калектыўных міратворчых сіл АДКБ да міратворчых аперацый Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Акрамя ААН, якая з’яўляецца нашым галоўным партнёрам на міжнароднай арэне, мы будзем супрацоўнічаць з іншымі буйнымі міжнароднымі арганізацыямі, такімі як Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва, Садружнасць Незалежных Дзяржаў і Арганізацыя па забеспячэнні бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе», — расказаў Імангалі Тасмагамбетаваў. Ён таксама падркэсліў, што Аляксандр Лукашэнка як старшыня Савета калектыўнай бяспекі падпісаў план мерапрыемстваў па выкананні лістападаўскай сесіі Савета калектыўнай бяспекі і план асноўных прыярытэтаў старшынства Беларусі ў АДКБ. «Практычна гэты план мерапрыемстваў з’яўляецца для нас праграмай дзеяння, насычаны многімі мерапрыемствамі ў сферы статутных кампетэнцый АДКБ», — адзначыў генсек Арганізацыі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».