Вы тут

Хто ён, сучасны рабочы?


Прафарыентацыя абітурыентаў — справа не проста круглагадовая, а бесперапынная штодзённая. У гэтым упэўнены дырэктар Гомельскага дзяржаўнага каледжа кулінарыі Уладзіслаў Шапялевіч.


Кухонная рамантыка

— Мы — вузкапрофільная ўстанова, якая вось ужо 60 гадоў рыхтуе кадры для грамадскага харчавання. У любой прафесіі ёсць свая рамантыка: з улікам нашай спецыялізацыі мы называем яе «кухоннай». Сёння нам дапамагаюць у папулярызацыі нашых прафесій шматлікія кулінарныя шоу, серыялы і кінастужкі. Кухня — гэта не проста пліта і мікрахвалевая печ, як хтосьці памылкова думае, а цэлы свет. На базе нашага каледжа створаны Цэнтр кампетэнцый кулінарнага мастацтва і хлебапячэння, дзе ёсць суперсучаснае абсталяванне, — падкрэслівае дырэктар. — Мы працуем на прафарыентацыю школьнікаў і ў медыяпрасторы, абавязова прысутнічаем у сацыяльных сетках.

Летась упершыню ў каледжы набралі дзве групы на базе дзевяці класаў па прафесіях «кухар, афіцыянт» і «кандытар, кухар» — па 30 чалавек кожная. Дык вось, на 60 месцаў было каля 150 ахвотных. «Такога попыту, шчыра кажучы, мы не чакалі, — прызнаецца дырэктар. — Мяркую, што калі б груп было больш, то мы запоўнілі б
усе месцы...»

Ён упэўнены, што найлепшымі папулярызатарамі навучальнай установы з'яўляюцца самі навучэнцы каледжа, калі, вядома, ім цікава там навучацца: «Майстар-класы для іх праводзілі практычна ўсе брэнд-шэфы рэстаранаў у Гомелі. Гэта нашы выпускнікі. Адна справа, калі пра будучую прафесію расказваюць дырэктар ці выкладчыкі, і зусім іншая — паслухаць паспяховых выпускнікоў, якія ўжо сталі прафесіяналамі ў сваёй справе і могуць падзяліцца нюансамі прафесіі, пра якія ведаюць толькі яны. Адзін з брэнд-шэфаў у гутарцы са мной неяк прызнаўся, што раней ён не хацеў дзяліцца інфармацыяй, але цяпер разумее: чым больш ведаў аддасць, тым больш прафесіяналаў атрымае на выхадзе.

У каледжы ёсць уласная сталовая, дзе навучэнцы праходзяць практыку. Напрыклад, будучыя афіцыянты вучацца працаваць з кліентамі, абслугоўваючы іншых навучэнцаў каледжа. «Работа з жывымі людзьмі — вельмі складаная і шматгранная, — падкрэслівае Уладзіслаў Шапялевіч. — Хто такі афіцыянт? Гэта «твар» і «душа» любога бара, кавярні ці рэстарана. Ён працуе з наведвальнікамі, кансультуе іх, прымае заказы, прыносіць гатовыя стравы і напіткі. Ад яго залежыць настрой кліента, а значыць, і паспяховасць бізнесу. Нашы навучэнцы прайграюць розныя сітуацыі, каб быць да іх гатовымі ў будучыні...»

Каледж з 2014 года актыўна ўдзельнічае не толькі ў абласных і рэспубліканскіх, але і ў міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства. Яго прадстаўнікамі завая-
вана вялікая колькасць узнагарод і дыпломаў. «Зразумела, што ўсе не могуць стаць прызёрамі, але ўсе павінны мець магчымасць акунуцца ў атмасферу падрыхтоўкі, атрымаць эмацыянальны зарад і адчуць дух спартыўнага саперніцтва. Гэта датычыцца не толькі конкурсу, але і вучобы», — падкрэсліў Уладзіслаў Шапялевіч.

Ён таксама расказаў аб сваім вопыце зносін з навучэнцамі. Два разы на год у каледжы праходзіць «Сустрэча з дырэктарам», на якую прыходзяць усе ахвотныя. «Вельмі нефармальнае і няпростае для мяне мерапрыемства, таму што падрыхтавацца да яго немагчыма, — прызнаўся дырэктар. — Самая кароткая сустрэча доўжылася 2,5 гадзіны, самая працяглая — 5 гадзін. Абмяркоўваюцца самыя розныя тэмы і пытанні: ад прафесійных тэм, навучання, правядзення майстар-класаў, арганізацыі быту ў інтэрнаце да сацыяльных прапаноў і нават музыкі. Пытанні часта нязручныя, на іх не заўсёды можна адказаць адразу. Але гэты фармат асабіста мне дае магчымасць трымаць руку на пульсе: я ведаю, што сёння актуальна для навучэнцаў і што іх хвалюе. Асабліва цікава сустракацца з навучэнцамі выпускнога курса, якім ёсць што сказаць і пры гэтым выказваць думкі ўжо нястрашна...»

Узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў

У маі бягучага года ў краіне пройдзе фінал пятага рэспубліканскага чэмпіянату прафесійнага майстэрства па 49 кампетэнцыях.

«Яго пераможцы будуць мець ільготы пры паступленні на ўзровень сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі ў 2023 годзе», — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова. — Удзел у іх прыцягвае і патэнцыяльных абітурыентаў, і арганізацыі, паколькі яны бачаць узровень выканання работ па тых ці іншых кампетэнцыях.

— Мы неаднойчы адзначалі, што конкурсы праводзяцца не толькі дзеля таго, каб вызначыць пераможцаў. Гэта таксама магчымасць для школьнікаў і іх бацькоў убачыць, у чым заключаецца сутнасць той ці іншай прафесіі, — падкрэслівае рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі (РІПА) Валерый Галубоўскі. — Прычым разуменне прафесіі фарміруецца не па апісанні, а яе спецыфіку можна ўбачыць на свае вочы. Конкурсы прафесійнага майстэрства мы разглядаем таксама і як пляцоўку ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў. Яшчэ на этапе падрыхтоўкі да чэмпіянату прадпрыемствы ўдзельнічаюць у складанні конкурсных заданняў і ў аснашчэнні пляцовак пад тэхналогіі, якімі павінен валодаць канкурсант. Магчыма, работадаўцы прыглядаюцца да сваіх патэнцыяльных работнікаў, калі бачаць, наколькі складаныя задачы канкурсант можа выконваць.

Новыя тэхналогіі і кампетэнцыі

«Выбар прафесійнай адукацыі — гэта эфектыўны старт у будучыню. Хацелася б, каб тое ўсведамляла грамадства і бацькі, якія ўплываюць на выбар прафесіі дзяцей, — падкрэслівае Валерый Галубоўскі. — Патрэбы рынку працы ў кваліфікаваных кадрах растуць, і гэта сусветны трэнд. Сёння рабочыя кадры ўжо не тыя, што былі раней, паколькі праца ўскладняецца і патрабуе ўмення карыстацца новымі тэхналогіямі, праектнага мыслення. Многія прафесійныя задачы рабочага звязаныя з тым, каб спачатку стварыць нейкую мадэль або спраектаваць памяшканне, каб выканаць у ім тыя ці іншыя работы. Гэта прадугледжвае новы ўзровень зместу адукацыі і асваенне новых кампетэнцый. Сістэма прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі найбольш дынамічная, таму што мы знаходзімся пад ціскам змен, што адбываюцца ў вытворчым сектары эканомікі. Таму і абнаўленне навучальных планаў адбываецца штогод, уводзяцца новыя тэмы, раздзелы, новы змест практыкі».

Рэктар РІПА звярнуў увагу на важнасць узаемадзеяння з рэальным сектарам эканомікі. Партнёры ўсё больш разумеюць, што трэба сумесна займацца зместам адукацыі, які ляжыць у аснове кампетэнцый будучага спецыяліста. «Інфармацыйныя кабельныя сеткі», «Абслугоўванне сістэм водападрыхтоўкі і водаачысткі», «Архітэктурны дызайн гарадскога асяроддзя» — абнаўленне спецыяльнасцяў ідзе ва ўнісон з развіццём тэхналогіі на рынку працы. У прыватнасці, абнаўленне зместу такой спецыяльнасці, як «Арганізацыя тэхнічнага сэрвісу транспартных сродкаў» ідзе з акцэнтам на электрамабілі. «Вы ведаеце гэты трэнд у вытворчасці, ён нарастае і ў сэрвісным абслугоўванні, — адзначыў Валерый Галубоўскі. — Сучасныя тэндэнцыі сведчаць, што праца будзе станавіцца ўсё больш высокатэхналагічнай. Адукацыйнае асяроддзе ў нашых навучальных установах дазваляе навучэнцам асвоіць кампетэнцыі, запатрабаваныя не толькі сёння, але і найбольш перспектыўныя, аб якіх перадавыя прадпрыемствы толькі задумваюцца. Яны, дарэчы, хутка падхопліваюць такіх выпускнікоў. У цэнтрах кампетэнцый, якіх па краіне створана 52, канцэнтруюцца самыя сучасныя абсталяванне і тэхналогіі».

Старыя новыя спецыяльнасці

Цяпер што датычыцца будучай прыёмнай кампаніі. Выпускнікам і іх бацькам трэба ведаць, што ўсе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў бягучым навучальным годзе сталі каледжамі. Каледжы могуць рэалізоўваць праграмы і прафесійна-тэхнічнай, і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Многія з іх прапануюць праграмы адразу на двух узроўнях: рыхтуюць па рабочых прафесіях і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Але, напрыклад, медыцынскія, педагагічныя каледжы і каледжы сферы культуры прапануюць навучанне толькі на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2023 годзе плануецца прыняць каля 39 тысяч абітурыентаў, з іх 27 тысяч — за кошт сродкаў бюджэту. Тэрміны прыёмнай кампаніі застануцца прыкладна на ўзроўні мінулых гадоў — з 20 ліпеня да 18 жніўня (яны пакуль не зацверджаны).

На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі залічаць каля 26 тысяч чалавек. Прыём дакументаў — з 15 да 23 жніўня. Калі застануцца незапоўненыя месцы, прыём можа быць прадоўжаны.

Як адзначыла Аляксандра Пятрова, сёлета будзе павялічаны набор на базе дзевяці класаў як на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай, так і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі:

— Трэба разумець, што выпускнік 9 класа стаіць перад дылемай. Што рабіць: працягваць навучанне на старшай ступені школы або ісці навучацца на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Як вы ведаеце, паводле Кодэкса аб адукацыі, агульная сярэдняя адукацыя цяпер з'яўляецца ў нас абавязковай. Таму, выбіраючы навучанне ў каледжы на любым узроўні, малады чалавек праз тры-чатыры гады атрымае і дыплом, які дазволіць яму паступаць на больш высокі ўзровень адукацыі, і адну, дзве або тры прафесіі, у залежнасці ад той сферы, якую ён абраў, а значыць, і фінансавую самастойнасць, — тлумачыць Аляксандра Пятрова. — На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі, як правіла, гэта дзве-тры рабочыя прафесіі. Напрыклад, «машыніст экскаватара; кіроўца пагрузчыка», «слесар па рамонце сельгасмашын; трактарыст-машыніст сельгасвытворчасці» або «кухар—садавод—агароднік». Гэта павышае канкурэнтаздольнасць выпускніка, страхуе яго ад сезоннасці работ, як у выпадку з агароднікам або трактарыстам. Гэта значыць, выпускнік будзе запатрабаваны арганізацыямі цэлы год. Спалучэнне прафесій ва ўстановах адукацыі залежыць ад патрэбы ў кадрах у канкрэтным рэгіёне.

«Цяпер у нас актыўна развіваецца адукацыйная праграма «Рабочы з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй». Нядаўна адбылася знакавая падзея: уступіў у сілу абноўлены Агульнадзяржаўны класіфікатар АКРБ 011-2022 «Спецыяльнасці і кваліфікацыі», — праінфармавала Аляксандра Пятрова. — У 2023 годзе прыём будзе ажыццяўляцца ўжо па абноўленым класіфікатары. Але абітурыенты і іх бацькі не павінны хвалявацца, калі яны, напрыклад, не ўбачаць спецыяльнасць, якая была раней. Напрыклад, у старым класіфікатары была спецыяльнасць «Аўтамабілебудаванне», а ў абноўленай версіі яна называецца «Вытворчасць транспартных сродкаў». Спецыяльнасць засталася, але ў яе памянялася назва. Гэта звязана з тым, што новы класіфікатар прыведзены ў адпаведнасць з класіфікатарам відаў эканамічнай дзейнасці, актуальным сёння.

Вельмі папулярная сярод абітурыентаў спецыяльнасць «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» цяпер будзе называцца «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм». Разам з тым кваліфікацыя «тэхнік-праграміст» захавалася».

Аляксандра Пятрова запэўніла, што на сайтах устаноў адукацыі інфармацыя аб старых і новых найменнях спецыяльнасцяў будзе састыкавана. Гэта значыць, там будзе прысутнічаць найменне спецыяльнасці ў новай рэдакцыі і найменне, якое было раней, каб абітурыенты разумелі, на якую спецыяльнасць яны паступаюць.

Паступленне без здачы ЦТ

Упершыню ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць прымаць па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі як на аснове 9 класаў, так і на аснове 11 класаў і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Раней абітурыенты, якія паступалі на аснове агульнай сярэдняй адукацыі, здавалі два прадметы на ЦТ. Цяпер жа іх будуць ранжыраваць у залежнасці ад бала атэстата і адзнак у атэстаце па профільных прадметах (пры аднолькавым сярэднім бале ў атэстаце), Захаваюцца толькі ўнутраныя іспыты на творчых спецыяльнасцях і спецыяльнасці «фізічнае выхаванне».

Дарэчы, на некаторых спецыяльнасцях у каледжах фарміруюцца вельмі сур'ёзныя конкурсы. Так, у філіяле БДУІР — Мінскім радыётэхнічным каледжы — прахадны бал на базе 9 класаў на спецыяльнасць «інфармацыйныя тэхналогіі» летась быў 9,9.

На ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі попытам у абітурыентаў традыцыйна карыстаюцца такія прафесіі, як «цырульнік», «памочнік машыніста цеплавоза, электравоза, электрацягніка», «электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання», «слесар па рамонце аўтамабіляў». У розных рэгіёнах конкурсы па гэтых спецыяльнасцях былі ад 1,2 да 2 чалавек на месца.

Аляксандра Пятрова і Валерый Галубоўскі падкрэсліваюць, што попыт на выпускнікоў каледжаў на рынку працы значна перавышае прапанову. Гэта значыць, што з працаўладкаваннем праблем не ўзнікне дакладна. І зусім не варта разглядаць атрыманне прафесійна-тэхнічнай адукацыі як фінішную лінію ў сваім прафесійным развіцці. Гэта толькі першая прыступка. Пасля заканчэння навучання можна выбраць скарочаную форму атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі або паступаць у ВНУ на агульных падставах.

«Прафесійна-тэхнічная адукацыя, акрамя прафесіі, дае яшчэ і розныя ўніверсальныя кампетэнцыі, напрыклад, веды і ўменні ў галіне матэрыялазнаўства, электратэхнікі, што дазваляе выпускнікам у далейшым на шляху самаразвіцця даволі хутка пераключацца і атрымліваць сумежныя прафесіі, — падкрэслівае Аляксандра Пятрова. — Практыкаарыентаванасць навучання ў каледжах даходзіць да 70 працэнтаў».

«Спецыялісты, якія спачатку навучаліся ў прафесійна-тэхнічнай установе, затым — у сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай, сёння самыя запатрабаваныя і паспяховыя, — запэўнівае Валерый Галубоўскі. — Менавіта ім работадаўцы аддаюць перавагу пры правядзенні конкурсу на пасаду, ім давяраюць найбольш складаную, адказную працу, з імі раяцца. І ўсё таму, што яны добра ведаюць увесь працэс вытворчасці не толькі тэарэтычна, але і практычна. Нават пры навучанні ў ВНУ сучасны студэнт тэхнічнага профілю імкнецца атрымаць паралельна яшчэ і рабочую спецыяльнасць, бо, каб стаць добрым інжынерам, трэба валодаць навыкамі эксплуатацыі абсталявання, разумець спецыфіку і структуру прамысловых працэсаў. Мяжа паміж рабочым і інжынерам усё больш размываецца».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».