Вы тут

Вечалле помніць


Восемдзясят гадоў мінула з часу, калі на возера Вечалле, што на ўскраіне Ушач, садзіліся самалёты... Так-так, у Полацка-Лепельскай партызанскай зоне гэтае прыгожае возера, як толькі надзейна замярзала, ператваралася ў аэрадром. Па сваіх прыродных параметрах возера нешырокае — усяго пяцьсот метраў, але ў даўжыню — больш за тры з паловай кіламетры: сапраўдная ўзлётна-пасадачная паласа. На Ушаччыне ў вайну дзейнічалі тры пасадачныя паласы і партызанскія аэрадромы, адзін з іх быў зімовы — на Вечаллі. У 1943—1944 гадах на ім садзіліся і ўзляталі лёгкія вінтакрылыя машыны з «вялікай зямлі».


Цяпер на беразе легендарнага возера знаходзіцца ўнікальны мемарыяльны знак — падобнага якому ў нашай краіне больш няма. Ва Ушацкім музеі народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка створана экспазіцыя, прысвечаная партызанскім аэрадромам, у тым ліку і вечальскаму. У музейных фондах захоўваюцца фатаграфіі лётчыкаў, якія прызямляліся на вечальскі лёд, дастаўлялі для народных мсціўцаў зброю, боепрыпасы, адзенне, лекі, забіралі цяжка параненых партызанаў. Зімовы аэрадром увайшоў у гісторыю вайны і доблеснай аперацыяй па выратаванні дзяцей з полацкага сірочага прытулку. Дзякуючы ваенным фотакарэспандэнтам і кінааператарам засталіся выявы лётчыкаў першай эскадрыллі 105-га гвардзейскага авіяпалка грамадзянскага паветранага флоту, якія ўдзельнічалі ў аперацыі. Сярод іх — легендарны Аляксандр Мамкін. Аперацыя называлася «Зорачка». Дзвесце дзяцей на падводах прывозілі да Вечалля, адкуль іх перапраўлялі на «вялікую зямлю». Лётчыкі здзейснілі па два начныя пералёты. У адным такім самалёт лейтэнанта Мамкіна быў прастрэлены варожым зенітным агнём і загарэўся, але лётчык змог дацягнуць машыну да нашага тылу і прызямліўся: усе дзеці засталіся жывыя! Сам пілот абгарэў, выратаваць яго не змаглі. Гэта быў яго дзявяты палёт з ушацкага возера.

Сёння на Ушаччыне на месцах былых партызанскіх аэрадромаў устаноўлены памятныя дошкі, а ў музеі захавалася фатаграфія скульптурнай кампазіцыі лётчыка Мамкіна. Спадзяюся, нашчадкі былых франтавікоў і партызанаў увасобяць гэтую ідэю ў помнік, каб нагадаць пра наша гераічнае мінулае, і паставяць яго на вечальскім беразе.

Анатоль КЛЯШЧУК 

Фота аўтара і з фондаў Ушацкага музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».