Вы тут

На прыёме ў сенатара. Пенсія, рамонт, інвестыцыі


Імкнучыся вырашыць свае праблемы, людзі прыходзяць на асабісты прыём да сенатара, каб знайсці вырашэнне пытання, з якім не ў адны дзверы ўжо грукалі да гэтага. Некаторыя звяртаюцца не ўпершыню, і Таццяна РУНЕЦ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, ужо ведае іх, а хтосьці прыходзіць са словамі «я пра вас чытала, і веру, што вы можаце дапамагчы». Гэтым разам у Савеце Рэспублікі на прыёме ў сенатара ўзнялі самыя розныя пытанні: ад налічэння пенсіі да просьбы дапамагчы знайсці 12 мільёнаў долараў на адкрыццё прадпрыемства.


42 «чарнобыльскія» рублі

90-гадовы Алег Хруцкі, напрыклад, з тых, хто прывык адстойваць свае правы, і ўжо сустракаўся з сенатарам у верасні мінулага года. Тады ён прасіў паклапаціцца пра бамжа, якога пакрыўдзіў лёс, скардзіўся на дрэнна выкананы рамонт пад'езда і прасіў прызначыць сабе пенсію як ліквідатару аварыі на ЧАЭС. Па ўсіх скаргах тады далі адказы. Бамжа так і не знайшлі: сам ён у бальніцу не звяртаўся і аднаўляць дакументы не прасіў. Адносна капрамонту прыходзілі да Алега Хруцкага з адміністрацыі раёна, аднак ён лічыць за лепшае вырашаць пытанне з сенатарам.

— Пафарбавалі пад'езд няякасна, зрабілі зашмат, каб узяць больш грошай, і каштарыс вісеў незацверджаны на сцяне. Пасля тынкоўка стала адвальвацца, а да мяне госці прыходзяць, дык аж сорамна, — скардзіцца пенсіянер. — Акт аб выкананых работах прыйшлі падпісваць да жыхароў ненадзейных, і самі работнікі без вопыту яго рабілі, пэўна, што так дрэнна.

Жыхар настолькі пакрыўджаны, што прапануе скасаваць Міністэрства ЖКГ, каб усімі пытаннямі па будынках займалася Мінбудархітэктуры. Між тым недахопы ў рамонце ужо разоў пяць папраўлялі па гарантыйных абавязках, паведаміў старшыня адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мікалай Палякоў.

— Напрыканцы снежня мінулага года ўнесены змены ў закон, якія дазваляюць не прызначаць таргі на правядзенне бягучага рамонту. Цяпер рашэннем адміністрацыі можна прызначыць дзяржарганізацыю, якая выканае ўсё належным чынам, што мы і зробім, — паабяцаў ён.

Па пытанні даплаты да пенсіі дзядулю як ліквідатару мінулы раз Мінпрацы не знайшло ніякіх пацвярджальных дакументаў. Гэтым разам Алег Вацлававіч знайшоў паперу, дзе сказана, што яму ў 1990-х гадах даплачвалі грошы як ліквідатару наступстваў на ЧАЭС.

— Нам тады плацілі 20-працэнтную надбаўку за работу, і не было ніякіх дакументаў камандзіровачных, якія цяпер ад мяне патрабуюць. Пасля я не афармляў нічога — мне хапала заробку, а зараз шмат трэба на лекі, вось я і чэкі прынёс.

У той час Алег Хруцкі быў начальнікам БПМК-104. Жывы яшчэ і той, хто быў галоўным інжынерам.

— У Мінгарвыканкаме ёсць камісія аб устанаўленні статусу, куды яму трэба звярнуцца. У выпадку адмовы — звярнуцца ў суд і прывесці гэтага сведку, які мае пасведчанне ліквідатара, каб устанавіць факт удзелу, — параіла Вольга Спірыдонава, начальнік упраўлення арганізацыі і пенсіённага забеспячэння Мінпрацы. — Пры станоўчым вырашэнні пытання яму прызначаць надбаўку ў 42 рублі — 50 % мінімальнай пенсіі па ўзросце.

Праблема ў тым, што пакрыўджаны ў свой час чалавек не хоча звяртацца ў суд, бо гонар не дазваляе, таму Таццяна Рунец параіла яму аформіць даверанасць на сваякоў, каб нехта прадстаўляў яго інтарэсы ў судзе. А адносна дарагіх лекаў сенатар папрасіла разгледзець пытанне і аказаць пенсіянеру грашовую дапамогу старшыню Адміністрацыі Цэнтральнага раёна.

Недаплачаная пенсія і штрафы за бальнічны

Ветэран працы Аляксандр Барнатовіч мяркуе, што пры налічэнні пенсіі яму не ўлічылі досыць небяспечныя ўмовы 14 гадоў работы юрысконсультам у папраўчай калоніі.

— Для работы з асаблівымі ўмовамі працы ў краіне існуе два спісы, ні ў адзін з якіх пасада юрысконсульта не ўваходзіць, — заўважыла на гэта прадстаўніца Мінпрацы. — Аднак зараз у краіне пенсія па ўзросце і пенсія па ўзросце па прафесіях, якія ўваходзяць у спісы, налічваюцца абсалютна аднолькава — ніякіх прыбавак і павышальных каэфіцыентаў не будзе. Адзіная льгота — больш ранні выхад на пенсію, калі прафесія ў спісе.

Мужчына, аднак, упэўнены, што яму варта нейкім чынам пацвердзіць шкодныя і асаблівыя ўмовы працы, каб атрымаць даплату, інакш ён звернецца ў суд.

— Мы можам, пэўна, выступіць з ініцыятывай, каб умовы працы грамадзянскіх асоб у такіх месцах былі нароўні з катэгорыяй ваеннаслужачых, — разважае Таццяна Рунец. — Аднак пенсія ад гэтага не павялічыцца. Да таго ж, на работу ў калонію грамадзянскія служачыя ідуць па сваёй волі, а ваеннаслужачыя — па загадзе. Тым не менш мы падумаем, што з гэтым можна зрабіць, і дашлём адказ.

Пенсіянер, які працуе ахоўнікам у краме адной гандлёвай сеткі, скардзіцца, што ў яго і іншых работнікаў з зарплаты сістэматычна робяць вылічэнні па 100-150 рублёў, калі работнік не можа выйсці на працу, бо захварэў і пайшоў на бюлетэнь. Бальнічны выплачваюць, а потым бяруць штраф, што ён не працаваў.

— У кастрычніку я адпрацаваў 205 гадзін (17 рабочых дзён), а ў разліку ўказана 168 гадзін (16 рабочых дзён). 168 гадзін — гэта норма, а тое, што звыш, нам нікому не ўлічваюць. Акрамя таго, не плацяць у двайным памеры за дні, якія пры бягучым графіку прыпадаюць на выхадныя. Зарплату таксама выдаюць не ў дакладна вызначаныя дні... І разліковыя лісткі толькі пасля выдачы зарплаты, — скардзіцца мужчына.

— Сапраўды, нават пры такім графіку, калі ваш працоўны дзень супадае са святочным, вы павінны атрымліваць за гэта даплату, — пагадзілася Вольга Сбітнева, намеснік начальніка ўпраўлення нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы Дэпартамента дзяржінспекцыі працы. — Аднак толькі па заяве работніка нельга выйсці з праверкай на прадпрыемства.

— Мы можам запрасіць ваша кіраўніцтва да нас на размову і ў прысутнасці прадстаўніка Дэпартамента дзяржінспекцыі па працы папрасіць яго патлумачыць, што адбываецца, каб высветліць усе абставіны, — прапанавала сенатар.

Падчас гутаркі высветлілася, што ў названай гандлёвай сетцы няма прафсаюза, таму гэтае пытанне таксама варта ўзняць.

Патрэбна 12 мільёнаў долараў

Самымі заўважнымі наведвальнікамі сталі Тамара Ваземілер і Аляксандр Дарашкевіч, якія хочуць наладзіць у Беларусі вытворчасць гумавых медыцынскіх коркаў і шукаюць пад гэты інавацыйны праект 12 мільёнаў долараў інвестыцый.

— Раней такую прадукцыю завозілі ў Беларусь з іншых краін — цяпер такой магчымасці няма. Таму мы і хочам дапамагчы краіне наладзіць вытворчасць на месцы. Айчынных вытворцаў няма. І Міністэрства аховы здароўя ў гэтым зацікаўлена. Рабіць коркі будзем з бромбутылкаўчуку, закупляючы яго ў Расіі, — расказаў Аляксандр Дарашкевіч.

Збудаваць завод, які акупіцца за сем гадоў, энтузіясты плануюць за паўтара года ў свабоднай эканамічнай зоне «Брэст»,  — мясцін, адкуль родам Тамара Ваземілер, у якой засталося шмат карысных сувязяў. Жанчына, дарэчы, прадпрымальнік не з нуля. Яна ўзначальвае арганізацыю «Дом моды Тамара», дзе вырабляюць аднаразовыя медыцынскія маскі. Кажуць, іх вырабы больш якасныя і зручныя.

— Наша вытворчасць масачная ўжо загружаная да верасня, так што попыт ёсць. І коркі нашы таксама будуць па якасці шыкоўныя. Аднак патэнт мы рабіць не хочам, бо валодаем унікальнай формулай, якой дзяліцца не будзем, — інакш яе выкрадуць. Мы гатовы да любых іспытаў якасці нашай прадукцыі. А ў будучыні зможам экспартаваць прадукцыю і ў краіны СНД.

Сапраўды, у краіне каля дзясятка арганізацый Міністэрства аховы здароўя, якія маюць патрэбу ў корках і цяпер купляюць іх за мяжой, пацвердзіў Пётр Арушаньянц, генеральны дырэктар Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў:

— Такая сума будзе не зусім бесперспектыўнай у частцы інавацыйнага фонду Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ). Наш фонд жа працуе з малым бізнесам, і ў нас мікрапазыкі. У інавацыйным фондзе, магчыма, можна знайсці інвестара на два-тры мільёны, а астатнюю частку прасіць ужо ў банка. Мы можам распаўсюдзіць інфармацыю і ў Расіі, каб знайсці спонсара, аднак тэба выкласці ў доступ патэнт.

— Знайсці інвестара на такую вялікую суму, які зможа чакаць аддачы сем гадоў, практычна немагчыма, — лічыць Таццяна Рунец. — Усе вытворчасці ў краіне пачынаюць будаваць за кошт крэдытных рэсурсаў. А пасля ўжо, калі відаць, што справа добрая, можа далучыцца дзяржава.Тым больш што для гарантыі патрэбна забеспячэнне, якога ў вас няма.

Аднак інавацыйны фонд на гэты год ужо размеркаваны, таму дырэктар беларускага фонду ДКНП параіў прадпрымальнікам усё ж пачынаць з малога. Узяць першы крэдыт і пачаць будавацца, — потым, пэўна, будзе лягчэй падцягнуць наступныя грошы, калі будзе вымалёўвацца вынік.

Калі ж рабіць гэта праз інвестпраграму, то на чале такога праекта будзе нейкае буйное прадпрыемства, а не прадпрымальнікі, мяркуе сенатар. Тым не менш ідэю яна паабяцала агучыць Наталлі Качанавай.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.