Вы тут

Фальклорныя скарбы


Даведнік, альбо сапраўдная скарбонка ўнікальных беларускіх абрадаў і спеваў, — так можна назваць новую кнігу «Кветка Перуна» вядомага фалькларыста і музыканта Івана Кірчука, напісаную ў суаўтарстве з даследчыцай культуры Кацярынай Кірчук. 


Вось, што кажа аўтар: «У жыцці заўсёды ёсць месца цуду! Матэрыял да кнігі збіраўся больш за 30 гадоў, 14 гадоў матэрыялы, падрыхтаваныя і апрацаваныя, ляжалі ў стале, ды цудам захаваліся. Сябры, паплечнікі і блізкія людзі дапамаглі гэтай кнізе з’явіцца на свет. Таму што цуд ёсць!»

У даведніку вынік шматгадовай працы прадстаўлены ў выглядзе сцэнарыяў абрадаў, свят, гульняў, тэатралізаваных прадстаўленняў і казак, якія былі распрацаваны на аснове беларускага фальклору. Разам з тэкставай часткай значнае месца займаюць ноты для спеваў (укладальнік музычнай часткі Яна Рудніцкая), а таксама шматлікія фотаздымкі з экспедыцый. 

Над кнігай працавала некалькі фатографаў. Акрамя работ самаго Івана Кірчука, на старонках размешчаны здымкі Альфрэда Мікуса, вядомага фотамастака, які займаўся захоўваннем памяці аб беларускай традыцыйнай культуры, Уладзіміра Урбановіча і Максіма Шуміліна. Малюнак, які ўпрыгожыў вокладку кнігі, адмыслова створаны Вольгай Пачтаровай. 

Рэцэнзентамі грунтоўнага выдання з вялікім спісам літаратуры і багатым этналагічным матэрыялам сталі Аляксандр Філіпаў, дырэктар Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУКМ, кандыдат філалагічных навук, і Андрэй Радзівонаў, дацэнт, кандыдат ваенных навук. 

Дзякуючы плённай працы фатографаў кожны з прадстаўленых абрадаў суправаджаецца фотаздымкамі рэальных святкаванняў па ўсёй Беларусі. 

Даведнік падзелены на тры раздзелы: «Сцэнарыі для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту», «Тэатралізаваныя святы і абрады для вучнёўскіх і студэнцкіх калектываў» і «Тэатралізаваныя прадстаўленні для прафесійных калектываў». Кожны з іх утрымлівае ад трох да сямі падрабязных сцэнарыяў, заснаваных на народных матывах.

Так, у першым раздзеле тэатралізаванае прадстаўленне «Воўк і авечкі» пададзена паводле беларускай народнай гульні. Вакол адвольнай колькасці авечак і іх гаспадыні круціцца воўк. З дапамогай спеваў і размоў хітры драпежнік хоча падмануць дзяўчат і хлопцаў. Сапраўдным героем стане Пастух Улас.

Аб прыгодах цэлай звярынай кампаніі (Зайчык-млынар, Салавейка-верабейка, Каза-лянота, Лісічка-сястрычка, Ваўчок — Шэры бачок, Медзведзюхна-бацюхна, Пчала — Балючае джала) апавядае гульня «Баравічок-лесавічок». Нескладана прасачыць сувязь паміж гісторыяй, заснаванай на дзіцячай беларускай казцы, і старажытным паганскім святам Камаедзіца, якое навукоўцы звязваюць з пачаткам вясны, бо з берлагу выходзяць мядзведзі.

Усе багі славянскага пантэона і нячысцікі беларускіх зямель сабраны ў сцэнарнай замалёўцы «Неба і зямля». Багатая і трапная мова выразна перадае старадаўнія ўяўленні беларусаў аб тым, як жылі паганскія багі і як да іх можна было звярнуцца. 

Другі раздзел утрымлівае сцэнарыі, збольшага заснаваныя на паганскіх і хрысціянскіх святах беларусаў. Іван Кірчук сабраў самыя разнастайныя і адметныя рэгіянальныя гісторыі, традыцыі і абрады, каб стварыць паўнавартасную карціну беларускіх святкаванняў. Пералічым асноўныя: «Масленіца-палізуха», Вялікдзень — «Свята Вялічка», «Юр’я, або Вялікія пастухі», традыцыйнае беларускае вяселле — «Абарона варот» і «Па старонках беларускага вясельнага абраду», «Багач».

У другім раздзеле вылучаецца «Восеньскі кірмаш». Урачыстая падзея, якую называлі кірмашом, не з’яўлялася самастойным святам, але з XVII ст. часцей за ўсё прывязвалася да нейкага хрысціянскага свята. Каб народ ахвотней купляў, ладзіліся невялічкія спектаклі, людзей забаўлялі скамарохі.

Унікальныя беларускія тэатралізаваныя прадстаўленні сабраны ў апошнім раздзеле. «Кветка Перуна» — пастаноўка, якая дала назву ўсёй кнізе, — з’яўляецца фальклорнай фантазіяй на аснове купальскага абраду. Паўнавартасныя тэксты створаны для прафесійных калектываў на матэрыяле непаўторных паганскіх абрадаў «Страла» і «Жаніцьба Цярэшкі». Знакамітая народная гульня «Яшчур» таксама знайшла сваё адлюстраванне ў даведніку.

Фальклор, як і народная мудрасць, не з’яўляецца нязменным. Сучасныя ўмовы патрабуюць пераасэнсавання старых уяўленняў. Безумоўна, грунтоўная і руплівая праца Івана Кірчука і Кацярыны Кірчук стане адметнай з’явай у беларускім грамадстве. 

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.