Вы тут

Нібы сімфонія жывая


Сярод твораў беларускіх паэтаў, якія ў многіх на слыху, верш «Радзіма мая дарагая». Часта гучыць ён і ў эфіры радыёстанцыі «Культура»:

Радзімая мая дарагая,
Ты ў шчасці жаданым жыві!
Я сэрцам табе прысягаю
У шчырай сыноўняй любві.

На рэках, азёрах і нівах,
Заводах, будоўлях — няўсцяж
Народ наш працуе руплівы,
І край узвышаецца наш.

Навокал жыццё расцвітае —
І песня ўзлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на свеце няма.

Чужое зямлі нам не трэба,
Пачуцці ва ўсіх нас адны:
Мы хочам, каб мірнае неба
Не знала пажару вайны.

Мы дружбы народам жадаем
І шчырай братэрскай любві.
Радзіма мая дарагая,
Красуйся і ў шчасці жыві!

Аднак не кожны ведае, што аўтар гэтага верша, пакладзенага на музыку Уладзімірам Алоўнікавым, Алесь Бачыла. Як і таго, што ён напісаў нямала іншых цікавых твораў. То чаму не ўспомніць яго добрым словам! Тым больш што ёсць і яшчэ адна падстава. Але пра гэта не адразу. 


Алесь Бачыла.

Абпаленае юнацтва

Спачатку зазірнём на Пухавіччыну. Калі канкрэтней — у вёску Лешніца. Лешніца — малая радзіма Алеся Бачылы. Не так і далёка ад Мінска. За нейкія 27 кіламетраў на паўночны захад ад Мар’інай Горкі і 8 км ад чыгуначнай станцыі Міханавічы на лініі Мінск — Асіповічы. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. З маленства праявіў цікавасць да вучобы. Бацька, бачачы гэта, адвёз яго разам са старэйшым братам у Мінск да сваёй сястры. 

Скончыўшы сем класаў сярэдняй школы № 3, Алесь паступіў у педагагічны тэхнікум. Працоўную біяграфію пачаў у 16 гадоў, стаўшы настаўнікам Каралішчавіцкай няпоўнай сярэдняй школы. У ёй, а пазней у Сінілаўскай сярэдняй школе Мінскага раёна, выкладаў беларускую мову і літаратуру. Адначасова завочна вучыўся ў Мінскім настаўніцкім інстытуце. 

Заканчэнне яго супала з прызывам у Чырвоную Армію. Трапіў ажно ў Прыволжскую ваенную агругу, дзе ў адной з часцей служыў старшым пісарам. Пасля быў намеснікам палітрука роты, потым — батарэі Закаўказскай ваеннай акругі. У гады Вялікай Айчыннай вайны — сакратар ваенкамата штаба арміі ў Іране, на Крымскім фронце. У далейшым — літаратурны супрацоўнік дывізійнай газеты «В бой за Родину!» — Варонежскі, 2-і Беларускі, 1-ы Прыбалтыйскі франты.

У мірны час — адказны сакратар «Настаўніцкай газеты». Перайшоўшы ў «ЛіМ», быў загадчыкам аддзела публіцыстыкі, потым адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара. Некаторы час працаваў уласным карэспандэнтам «Литературной газеты» па Беларусі. З 1957 даа 1972 — адказны сакратара часопіса «Полымя», а да выхаду ў 1978 годзе на творчую працу — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

З першымі вершамі выступіў рана. «Знойдзеная праўда» была апублікавана 20 лютага 1934 года ў газеце «Чырвоная змена». Другі верш — «На расстанні» — 11 снежня ў тым жа годзе ў «Піянеры Беларусі». Аднак гэтыя публікацыі, як і наступныя, уключаючы і тыя, што з’явіліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны, нічым адметным не вызначаліся. Як і тое, што ўвайшло ў першы зборнік «Шляхі» (1947). За рэдкім выключэннем і ў наступныя «Подых вясны» (1950), «Зоры вясеннія» (1954). 

Дзе Лешніца — там душа весніцца

З’ява звычайная. Не для аднаго Алеся Бачылы. Майстэрства адразу не прыходзіць. У яго па-сапраўднаму праявілася яно пасля таго, як узяўся намацваць сваю сцяжыну. Як стаў пісаць пра тое, што блізка не нейкаму ўяўнаму лірычнаму герою, а менавіта яму самому. Умоўна кажучы, гэта пачалося з верша «Лешніца». Хоць ён і напісаны толькі ў 1965 годзе, у душы Алеся Мікалаевіча ён, па сутнасці, жыў даўно. Тымі рэаліямі прысутнічаў, якія будзілі душу: 

Без цябе нават мара здаецца бяскрылаю,
Без цябе і ў жыцці не пакінуў бы след...
Я не знаю, ці птушкі вяртаюцца з выраю
Ў тыя гнёзды, адкуль выпраўляліся 
ў свет.

Я ж цябе, быццам матчынай ласкі, 
трымаюся.
І ў якіх ні блукаў бы далёкіх краях,
Дзе б ні быў, я заўсёды ў пачуццях
вяртаюся
Да цябе, мая Лешніца, вёска мая <...>

У радках вяртаўся «да сваіх землякоў, з кім быў лёсам заручаны, // Дарагіх успамінаў дзіцячай пары». Ажывалі родныя краявіды: «Мне і сёння паводкай шуміць Закаблучанка, // Шэпчуць гонкія сосны з высокай гары». 

Сімфонія, якая атуляе

У найлепшых вершах загучала гэтая песня зямлі роднай, зямлі беларускай. Няважна, з якой нагоды яны пісаліся. Не так істотна, дзе нарадзіліся. Адчуванне такое, што ў глыбіні паэтавай душы адгукалася тое, што заўсёды прысутнічала ў ёй. Як не так і важна, калі з’явіліся вершы пра каханне (а Алесь Мікалаевіч быў выдатным лірыкам). Адчуванне, што піша і пра самога сябе. З той пары яшчэ, калі ўпершыню прамовіў запаветнае «Люблю!», і цяпер, вяртаючыся ў былую часіну, у нейкай ступені піша і пра самога сябе цяперашняга. Перажываючы тое, да чаго хочацца звяртацца зноў і зноў:

І ты, і я... І на паўмілю,
Што ў дзень стварэння, — ні душы...
Бярозкі, ўбачыўшы, застылі — 
Баяцца голлем варушыць.
Ступіць баяцца нават кроку
Ў наш чысты замак з крышталю,
Каб не падслухаць ненарокам
Святое першае «Люблю!..»

Сама прырода ў гэты момант таму і такая асцярожная, бо не хоча выявіць сваю прысутнасць: «Каб шэпат, стаўшы гучным рэхам, // Не нарабіў бы нам трывог, // І нехта злосны брудным смехам // З яго смяяцца гідка мог. // Хай заўтра яснае світанне // Абудзіць чысты новы дзень, І на «люблю» — лісток прызнання // Не ляжа ценем нават цень».

Здзіўляльнае суладдзе чалавека і прыроды, што паўстае тым адзінствам, з якога і пачынаецца жыццё, — і ў адным з яго найлепшых вершаў «***Нібы сімфонія жывая...». «Сімфонія жывая» — зноў тое, што атуляе:

Нібы сімфонія жывая
Ці таямнічасць нечых дум,
Шуміць дуброва векавая...
І не канчаецца той шум.

У ім то радасць, то пагроза,
То стогн, то водгалас журбы...
Пра маладосць пяюць бярозы,
Пра вечнасць — хмурыя дубы.

Не толькі твой боль

Верш жа «***Каму, скажыце, не балела...» — з тых твораў, у якіх лірычны герой раскрывае душу. Але гэта зусім не самакапанне, як, магчыма, каму-небудзь падасца. Надыходзіць момант, калі той боль, які гняце душу, не дае магчымасці трываць цяжар нявыказанага. Ён, найперш, безумоўна, твой уласны, але адначасова і іншых. Твор няма сэнсу пераказваць. Яго трэба чытаць. Так чытаць, каб асабістае было ўжо не толькі тваім:

Каму, скажыце, не балела,
Калі мана — выроддзе зла,
То джалам працінала цела,
То, як агонь, нутро пякла...

Радасць ціхай мудрасці

Не сказаць, каб Алесь Бачыла быў абдзелены ўвагай крытыкі. Аднак асабліва ўважліва прачытаў яго кнігу «Тры багіні» Віктар Каваленка. Рэцэнзія «Дзеля дабра, дзеля святла...» была змешчана ў «Полымі» (1974, № 9), а пазней пад назвай «Неадступнасць» увайшла ў кнігу Віктара Антонавіча «Жывое аблічча дзён», выпушчаную выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ў 1979 годзе. Ён заўважыў у творчасці паэта тое істотнае, што абыходзілі ўвагай: «Асаблівасць вершаў, якія ўвайшлі ў зборнік «Тры багіні», у тым, што іх публіцыстычны пафас унікае гучнага, крыклівага тону. Ён звернуты да простых ісцін чалавечага быцця, нават яго штодзённасці. Дабро і зло ў жыцці, годнасць чалавека, радасць ціхай мудрасці, але і прага глыбіні, унутраная гатоўнасць да схваткі і бою ў імя праўды і чалавечнасці». 

Істотна і такая выснова: «Разам з тым не хаваецца сум, паэт ідзе на шчырае прызнанне, калі парыванне туды, у глыбіні духу, па нейкай прычыне не здзяйсняецца, затухае на паўдарозе. Вось гэтая выхаваная звычка да шчырага, тактоўнага самапрызнання, якая стала ўнутранай рысай творчасці і якая не так і часта сустракаецца ў сучасных паэтаў, надае ў вершах А. Бачылы нейкую асблівую значнасць простым рысам». 

Згадаўшы, што Алесь Бачыла «спецыяльна вывучаў жыццё і творчасць М. Багдановіча. Ён напісаў лібрэта оперы пра М. Багдановіча «Зорка Венера», літаратуразнаўчы артыкул «Дарогамі Максіма»», Віктар Каваленка ўважліва прачытаў паэму «Хмары над бухтай», у якой расказваецца пра побыт сям’і Багдановічаў. А ў выніку падышоў да такой высновы, што зборнік «Тры багіні» «умяшчае і творча падагульняе важны крок у яго (Алеся Бачылы. — А. М.) паэтычнай сталасці. Разам з тым яго голас няўрымсліва малады, поўны неспакою і прагі творчасці. У вершы з характэрным загалоўкам «Яшчэ ніяк не страчаны напал» А. Бачыла сказаў:

Віднеюцца мне з гэтай вышыні
Вышэй вышыні».

Слынна крытык і літаратуразнаўца не памыліўся, што і сапраўды перад намі паэт, ад якога можна чакаць яшчэ «вышэй вышыні». Няма сумнення, што на час апублікавання гэтай рэцэнзіі ў «Полымі» ён пазнаёміўся ўжо і з кнігай Алеся Бачылы «Вершы», што папоўніла «Бібліятэку беларускай паэзіі» «Мастацкай літаратуры» ў першай палове 1974-га. Дарэчы, у гэтым серыйным выданні, не зважаючы на яго сціслы памер, звычайна змяшчаюцца творы розных гадоў. Аднак Алесь Бачыла праявіў не проста патрабавальнасць, а ў нечым і звышпатрабавальнасць. Уключыў толькі найлепшыя з вершаў, напісаныя за апошнія два дзесяцігоддзі. 

* * *
«Зорка Венера» — не адзінае лібрэта Алеся Бачылы, пакладзенае на музыку Юрыем Семянякам. Плён яго творчай садружнасці з Юрыем Уладзіміравічам і оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», аперэта «Паўлінка», а з Аляксеем Туранковым ён напісаў оперу «Яснае світанне». Былі ў яго і зборнікі гумарыстычных вершаў «Кавалер Мікіта» і «Мне купілі самакат», адрасаваныя дзецям. Двойчы пры жыцці выходзіла выбранае: «Снежная балада» (1968) і двухтомнік «Выбранае» (1978).

Шкада толькі, што не дачакаўся Збору твораў у трох тамах: 4 студзеня 1983 года Алеся Мікалаевіча не стала. А дзякуючы трохтомніку можна прасачыць, наколькі шматгранным талентам ён валодаў. У два першыя тамы, што выйшлі ў 1986 годзе, увайшлі вершы, паэмы, лібрэта. Некаторыя з іх прадстаўлены і ў трэцім томе, што з’явіўся ў 1987-м. Цікавасць у ім уяўляюць і літаратурна-крытычныя артыкулы, напісаныя ў розны час, асобныя пераклады, зробленыя ім з іншым моў, а таксама аўтабіяграфія. 

Кепска толькі тое, што сёння ўжо знайсці яго можна далёка не ва ўсіх бібліятэках. Праўда, некалькі гадоў назад аб выданні паэтычнай спадчыны свайго земляка парупіліся пухавіччане, і кніга «Радзіма мая дарагая» пабачыла свет у тагачасным выдавецтве «Літаратура і мастацтва». Але напрошваецца думка пра тое, пра што я сказаў у самым пачатку гэтага артыкула. 

Магчыма, некаторыя ўжо і здагадаліся, што меў на ўвазе. Калі не, то падкажу. Том выбраных твораў Алеся Бачылы так і просіцца ў «Беларускі кнігазбор». Выдане яго ў гэтай серыі стане для яе дастойным папаўненнем.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.