Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Смех за дзвярыма»


Адслужыўшы ў флоце, Васіль вярнуўся ў родны горад і ўладкаваўся слесарам. Трошкі выпіваў. Хадзіў уразвалку, як сапраўдны марскі воўк, рукі ў локцях некалькі згінаў, нібы для бойкі, і на жанчын глядзеў як арол. Высокіх мэтаў не ставіў, так бы і пражыў жыццё рабацягай, не сустрэнь яе — далікатную, вытанчаную, інтэлігентную.


Фота: pixabay.com

Калі ўбачыў Ніну, яго як токам шыбанула. Дзяўчына ў сукенцы ў гарошак з шырокім белым поясам і ў белых туфлях-лодачках. Яму здалося, што яна не ідзе, а плыве па паветры. Побач з ёй ішлі яе бацькі: сівавалосы афіцэр і прыгожая жанчына — яе маці. У Васіля не хапіла духу з імі загаварыць, і ён пайшоў следам. Але афіцэр пасадзіў жанчын у машыну і павёз.

Гэтая сустрэча ўразіла Васіля, у той дзень ён упершыню стаяў перад люстэркам і пільна сябе разглядаў: нячышчаныя чаравікі, нясвежы каўнер кашулі, а пазногці... Магчыма, яго сапраўды шыбанула, у яго ўвесь свет перавярнуўся. Маці была здзіўленая, застаўшы сына за мыццём. А ён старанна прыводзіў сябе ў парадак і думаў пра дзяўчыну ў сукенцы ў гарошак: «Хто яна? Дзе яна?» Шукаў яе, і ... — пашанцавала. У тралейбусе павярнуўся на смех дзяўчат, і тралейбус хіснула, як палубу.

Гэта быў шанец. Ён не мог страціць яе ў другі раз і ірвануў да яе, расштурхоўваючы людзей:

— Дзяўчаты, колькі часу? Як вас завуць? — ён прагным позіркам углядаўся ў яе блакітныя вочы, і яму здалося, што ён тоне ў іх.

— Не прыставайце. Бач, які хуткі! — зазвінеў серабрысты смех Ніны, і блакітныя вочы прыжмурыліся.

Дзяўчаты выйшлі на наступным прыпынку. Васіль не адставаў, ён дакучліва іх праводзіў, спрабуючы завесці знаёмства. Дзяўчыны ад «працягу гутаркі» адмовіліся і, смеючыся, стараліся ад яго адвязацца. На парозе кватэры першага паверха пяціпавярхоўкі развіталіся і зачынілі перад ім дзверы.

Ён чуў, як за дзвярыма рассыпаўся серабрысты смех. Гэта яго яшчэ больш распаліла, і ён прыняў рашэнне чакаць. Ён павінен настаяць на наступнай сустрэчы або хоць што-небудзь даведацца аб дзяўчыне.

— Ну калі-небудзь жа гэтыя дзверы адчыняцца! — думаў ён, а ў самога кіпела кроў.

За дзвярыма стала ціха, і на званок ніхто не адказваў. Ён чакаў, злаваўся, але не адступаў. Прачакаў гадзіну — не выходзяць. Яшчэ праз гадзіну прыйшла пажылая пара. Мужчына адкрыў дзверы ключом. Строга спытаў:

— Вы да каго?

— Чакаю Ніну, — цвёрда адчаканіў Васіль. — Пакуль з ёй не пагавару — не пайду.

— Тут няма ніякай Ніны, — паціснуў плячыма мужчына, і зноў перад Васілём зачыніліся дзверы. Але ён не здаваўся і патрабаваў Ніну, пакуль здзіўлены гаспадар не адкрыў: «Iдзі шукай!»

Напэўна, сам калісьці быў такім жа. Васіль прабег па кватэры. Дзяўчат не было... быццам выпарыліся. Васіль папрасіў прабачэння і сышоў прыгнечаны. Думка, што гэта была кватэра не Ніны, а яе сяброўкі, і што дзяўчаты выбраліся праз акно, каб адчапіцца ад назойлівага залётніка, яму ў галаву не прыйшла.

Больш ён Ніну не сустракаў, але забыць не мог. Ён быў упэўнены, што знойдзе яе. Са скуры лез, каб стаць годным сваёй мары — рабіў кар’еру, рос, рабіўся ўсё больш упэўненым, абжываўся. З гадамі вобраз дзяўчыны стаў размытым... а потым ён завёў сям’ю...

***

Можа, ад таго, што мары яго не спраўдзіліся, або ад іншых бязладзіц, але стаў Васіль жорсткім і бестактоўным кіраўніком — Васілём Васільевічам. Узлаваўся на свет і жанчын.

Падначаленыя да яго выбуховага характару прыстасаваліся, стараліся прамаўчаць, апусціўшы вочы. Працаваць трэба. А што Васіля Васільевіча раздражняе, чаго гэты калабок гарлапаніць, ніхто не ведаў. Жонка дома дастала, дык ён тут адрываецца? Прычыны маглі быць розныя. Але што ў начальніка нервы не ў парадку, было бясспрэчна.

На наступны дзень, пасля чарговай успышкі гневу, запал яго згасаў і Васіль Васільевіч, адчуваючы, што ўчора перагнуў, заходзіў у аддзел замяць інцыдэнт. Вось і цяпер прыйшоў, сеў побач са сталом Ніны Іванаўны. Яна больш за ўсіх яго раздражняла. Чаму? Ён і сам не ведаў. Учора груба накрычаў на жанчыну.

Васіль Васільевіч мірна пачаў размову на адцягненую тэму:

— Чаму ў вашым кабінеце няма квітнеючых раслін? Дрэнна даглядаеце?

Супрацоўнікі з асцярогай касавурыліся і маўчалі, не ведаючы, чаго чакаць ад начальніка. Ніна Іванаўна, не адрываючы вачэй ад манітора, адказала роўным голасам:

— Даглядаем, нават гарбаткай падкормліваем. У нас бок не сонечны, можа, святла мала.

Супрацоўнікі не лезлі ў размову.

— У мяне ў кабінеце таксама не квітнеюць, хоць і сонечна, — сказаў Васіль Васільевіч прымірыцельна.

— Ёсць прыкмета: не квітнеюць кветкі, значыць, ім хтосьці перашкаджае, — працягнула размову Ніна Іванаўна. — Я выпадкова пачула ў аўтобусе размову дзвюх жанчын. Адна скардзілася: «Нешта кветкі не квітнеюць. Даглядаю, размаўляю з імі, зямлю змяніла, а яны як сядзелі, так і сядзяць на месцы». Другая патлумачыла: «Гэта ім хтосьці перашкаджае. У мяне кветкі не цвілі, пакуль муж жыў. Дужа злосны быў. А калі памёр, расцвілі ўсе».

Васіль Васільевіч пакасіўся на Ніну Іванаўну, размова прымала відавочна не той кірунак. Перасмыкнуў плячыма і падняўся з крэсла:

— Пайду я ад вас.

Бокам рушыў да выхаду. Ніна Іванаўна заставалася абыякавай. Але калі ён быў на парозе, спытала:

— Васіль Васільевіч, а ў вас дома квітнеюць?

Адказам быў гук дзвярэй, якія зачыніліся. У калідоры Васіля Васільевіча спыніў выбух смеху за дзвярыма. Смяяліся ўсе, смяяліся да слёз, проста пакатваліся ад нястрымнага рогату. Кроў начальніка закіпела ад абурэння: «Ну, я табе, шэльма!» Барвовы і дрыжачы ад злосці, ён павярнуўся, каб ірвануць на сябе дзверы і... застыў. Сярод дружнага смеху супрацоўнікаў ён пачуў знаёмы сярэбраны смех, як тады, шмат гадоў таму, за дзвярыма кватэры. І падлогу хіснула, як палубу…

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.