Вы тут

Новая выстава ў НЦСМ скроена даволі нязвыкла для цяперашняга гледача


Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запрашае наведаць выстаўку «Плюс/мінус 100: народныя мастакі-юбіляры». Праект, пагадзіцеся, нечаканы для такой пляцоўкі. Аднак якая галерэя ці музей не хочуць час ад часу пахваліцца скарбамі сваёй калекцыі?


Аляксандр Кішчанка «Краявід з лодкай», 1996 г.

Гэтым разам увагу грамадскасці звяртаюць на спадчыну васьмі жывапісцаў, чые творы захоўваюцца ў музейным зборы Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. Усе яны народныя мастакі Беларусі: Аляксандр Міхайлавіч Кішчанка (90-годдзе з дня нараджэння), Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка (95-годдзе з дня нараджэння), Уладзімір Іванавіч Стальмашонак (95-годдзе з дня нараджэння), Віктар Аляксандравіч Грамыка (100-годдзе з дня нараджэння), Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў (100-годдзе з дня нараджэння), Віталь Канстанцінавіч Цвірка (110-годдзе з дня нараджэння), Яўген Аляксеевіч Зайцаў (115-годдзе з дня нараджэння), Iван Восіпавіч Ахрэмчык (120-годдзе з дня нараджэння).

Жыццё горада і вёскі, сувязь пакаленняў, народныя вобразы — тэматычны абсяг творчасці майстроў таго пакалення. Асноўныя жанры, у якіх яны працавалі, традыцыйныя для жывапісу любой краіны: партрэт, пейзаж, нацюрморт, тэматычная карціна. Стваральнікі экспазіцыі звяртаюць увагу: 1970–1990-я гады (а большасць прадстаўленых твораў адносіцца да гэтага перыяду) — этап, калі ў беларускім выяўленчым мастацтве межы жанраў не былі настолькі размытыя, як гэта назіраецца сёння. Але галоўнае — кожная з кампазіцый выяўляе стыль жыцця эпохі, ідэалы таго часу.

Уладзімір Стальмашонак «Радавод Сіроткі», 1998 г.

— У нашых фондах болей чым 5 тысяч адзінак захоўвання, таму час ад часу хочам паказваць работы, якія маем, — расказвае дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч. — Выбраныя намі карціны вельмі адрозніваюцца ад сучаснага жывапісу: настроем, энергетыкай, а галоўнае, праўдай, якой напоўнена мастацтва. Тады яно было і сімвалічным, але гэта ўсё адно праўда пазнавальнасці: не было такога, што сімвал выходзіў за межы разумення і пазнавання. Усё вызначана тым светам, які акружаў чалавека.

Падчас адкрыцця выстаўкі Сяргей Крыштаповіч выказаўся наконт творчасці кожнага з мастакоў, чый жывапіс склаў выстаўку. Падзяліўся і асабістымі ўспамінамі. Напрыклад, Уладзімір Стальмашонак выкладаў у будучага мастака і дырэктара НЦСМ малюнак прытым надзвычай глыбока. Творца шчодра дзяліўся сакрэтамі і тайнамі мастацтва. Не кожны з мастакоў-педагогаў быў такім адкрытым са студэнтамі, заўважыў Сяргей Яўгенавіч. Уладзімір Іванавіч вучыў рабіць накіды і не маляваць з натуры. У гэтай натуры, лічыў мастак, кожны вучань павінен быў убачыць і адлюстраваць сваё. Галоўнае — пошук вобраза.

Яўген Зайцаў «Ружы», 1989 г.

Выстаўка «Плюс/мінус 100» скроена даволі нязвыкла для цяперашняга гледача, якога за апошні час прывучылі да маштабных фестываляў, буйных экспазіцый, дзе побач з класікамі дэманструюць сваю творчасць сучаснікі, дзе з жывапісам суседнічаюць, напрыклад, графіка і скульптура, дзе неаднароднасць стварае ўражанне багацця і разнастайнасці, што бывае ілюзіяй, і ў выніку можа атрымацца нагрувашчванне вобразаў і сэнсаў. Выставачную прастору Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, а дакладней яго тры залы першага паверха, можна назваць камернай пляцоўкай для падобнай выстаўкі. З аднаго боку, звярнуўшы ўвагу на папярэдняе супрацьпастаўленне вялікіх і меней буйных праектаў, экспазіцыя падаецца сціплай ці нават недапрацаванай. Аднак, з іншага боку, відавочна — праект атрымаўся максімальна цэльны: народных мастакоў з іх маштабам мыслення прадставіць як мае быць даволі складана.

— Я быў асабіста знаёмы амаль з усімі мастакамі, жывапіс якіх мы дэманструем, — расказвае галоўны захавальнік фонду НЦСМ Алег Ладзісаў. — Часта даводзілася сустракацца з імі ў 90-я гады мінулага стагоддзя. У той час я працаваў у Мастацкай галерэі Полацка, для якой мы збіралі калекцыю. Работы многіх экспанавалі, большасць былі сябрамі галерэі… Ніколі б не падумаў, што давядзецца захоўваць іх работы. Натуральна, зараз мы паказваем не толькі майстэрства народных мастакоў — мы звяртаем увагу на тое, як наш Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў захоўвае работы. Для нас гэта надзвычай важна. Літаральна кожны дзень я бачу многія палотны на стэлажах, аднак, калі яны з’яўляюцца ў выставачнай зале, калі іх акружае іншая абстаноўка, атмасфера, калі падае іншае святло, калі творы размешчаны ў пэўным парадку, яны выглядаюць іншымі. Прафесіяналізм, характэрны для тых мастакоў, якраз у такім выпадку вельмі добра бачны. Работы нібы трымаюць сцены — гэта не штосьці выпадковае. Як я разумею, большасць стваралася для Палаца мастацтваў, бо менавіта там праходзілі самыя буйныя выстаўкі, таму такія маштабы, такія тэмы, такое афармленне… Але ўсе творы выдатна глядзяцца ў камерных залах.

Іван Ахрэмчык «На Вячы», 1971 г.

Чым жа цікавая выстаўка? Кагосьці могуць здзівіць лірычныя по­шукі Яўгена Зайцава (нацюрморт «Ружы» 1989 года — адзіная карціна мастака ў экспазіцыі), хтосьці зачаруецца цёплай «карткай на памяць» ад Леаніда Шчамялёва (партрэт «Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка», 1980), для некага можа падацца крышачку нечаканым колеравае рашэнне карціны Віктара Грамыкі «Светлы май» (1999), а некаторых уразіць кампазіцыя Аляксандра Кішчанкі «Краявід з лодкай» (1996)… Жывапісцы настолькі розныя, што ні адно параўнанне, ніякае атаясамліванне, ніводная аналогія не маюць права на жыццё. Гэта, натуральна, толькі паміж сабой — увогуле ж паралелі знайсці магчыма. Як, напрыклад, можна не параўнаць «Падмаскоўны пейзаж» (1957) Георгія Ніскага і «За далеччу далеч» (1999) Віктара Грамыкі? Як не пашукаць агульнае ў сціплых, стрыманых, нешматслоўных пейзажах Івана Ахрэмчыка (на выстаўцы іх, на жаль, вельмі мала) і Пятра Шарыпы? Як не звярнуць увагу на падабенства творчых метадаў Віталя Цвіркі і Пятра Крохалева? Што ўжо казаць пра творчасць Аляксандра Кішчанкі, сатканую з самых розных плыняў і павеваў. І гэта толькі прыклады з айчыннай гісторыі мастацтва… Ніхто не збіраецца рабіць высновы пра тыя ці іншыя вытокі і тым больш нейкія запазычанні. Наадварот — надзвычай цікавым становіцца гэты дыялог, выклікаюць увагу яго дэталі, захапляе інтэртэкст.

Гаўрыла Вашчанка «Беражніца», 1993 г.

Да таго ж усе спробы аналізу і разнастайных абагульненняў маюць мала сэнсу. Нават выстаўка «Плюс/ мінус 100: народныя мастакі-юбіляры» канстатуе: не трэба лішні раз займацца стэрэатыпізацыяй творчасці таго ці іншага творцы альбо плыні мастацтва. І Віталь Цвірка мог быць невясёлым і стрыманым, і Леанід Шчамялёў не заўсёды імкнуўся да сюжэтнай напружанасці, і Уладзімір Стальмашонак быў здольны звярнуцца да простага, у светлых тонах, пейзажа. Ішоў час, мяняліся характары мастакоў, шукаліся новыя падыходы, якія выяўлялі асабістыя пошукі і памкненні. Апошняе, што хацелася б рабіць (ды і назіраць такую з’яву), — меркаваць пра класікаў айчыннага мастацтва па трох-пяці праграмных карцінах.

Выстаўка «Плюс/мінус 100: народныя мастакі-юбіляры» працягнецца да 19 сакавіка: НЦСМ, вуліца Някрасава, 3. Дарэчы, у рамках выставачнага праекта наведвальнікаў чакаюць экскурсіі і лекцыі. Падрабязную праграму мерапрыемстваў праекта абяцаюць размяс­ціць на сайце ncsm.by і ў сацыяльных сетках.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?