Вы тут

«З мамай добра мне» — кніга з менавіта нашай інтанацыяй


Маці Божая нарадзіла Логас-Слова — Хрыста. Так і кожная маці нараджае слова ў дзіцяці. Усё галоўнае ў маўленні нованароджанага чалавека залежыць ад маці: ад яе маральных установак, ад таго, хто і што вакол яе, ад яе кругагляду. Пра тое і паэты гавораць: «Першы голас, які я пачула на свеце, // Быў голасам маці…» (Э. Агняцвет); «З намі нашы мамы размаўляюць толькі на сваёй мове…» (А. Бачыла); «Бог высокі табе // Даў мяне нарадзіць, // Мама…»; «Маё першае слова ў жыцці — // Мама…» (В. Жуковіч).


Гэта — святое. Але спачатку — пра набалелае. Мне неаднаразова даводзілася пісаць пра галоўны клопат, пра «свяшчэнную карову» нашых абывацеляў — імкненне сваіх дзяцей абавязкова навучыць англійскай мове. Гэтая мода пайшла пасля развалу СССР, калі, сапраўды, шмат людзей, не бачачы перспектыў на радзіме, выязджалі за мяжу. Ці знайшлі яны там шчасце — іншая справа. І ці магчыма ўвогуле шукаць шчасце ўдалечыні ад Радзімы?.. А замежную мову ведаць, безумоўна, карысна. Ды толькі вывучаць яе не з двух-трох гадоў, як бяздумна павялося, а толькі тады, калі дзіця засвоіць родную — матчыну мову, значыць, з сярэдняй школы. Інакш у галаве маленькага чалавека з-за дзвюх моўных сістэм утвараюцца дзве карціны свету, якія не стасуюцца паміж сабою. Безумоўна, мозг дзіцяці пластычны — ён лёгка засвойвае новыя словы. Але як жа розныя моўныя светы, розныя граматычныя асновы мірацца паміж сабою ў адзінай структуры мозгу? Так, ён мае два паўшар’і, але працуе як цэлае. Ці не адаб’ецца гэта ўжо на дарослым чалавеку праблемамі з псіхікай?

Ёсць і іншыя аспекты праблемы. Пры авалоданні чужой мовай у свядомасці дзіцяці адбываюцца незваротныя змены: ён не засвойвае паэтыку роднай мовы з яе арыгінальнай лексікай, тропікай, інтанацыяй. Адбываецца збой. Назіраю некаторых дыктараў радыё і тэлебачання, а асабліва блогераў у інтэрнэце — у іх інтанацыя маўлення не наша: яўна былі выдатнікі па англійскай мове. Немагчымасць успрымаць вобразнасць, адсутнасць цікавасці да паэзіі — амаль ва ўсіх выпускнікоў школ. У выніку губляецца сувязь са сваім народам…

Яшчэ адзін непакой. Студэнты на філалагічным факультэце, дзе я працую, вывучаюць чатырнаццаць моў. Захоплены тымі краінамі, мовы якіх спасцігаюць, асабліва Вялікабрытаніяй і ЗША. У плане вучобы выдатна, але зноў-такі: увага маладых людзей канцэнтруецца на чужым, а сваё — на другім плане. Гэта факт: мы, выкладчыкі, назіраем, адсочваем…

На жаль, такая сітуацыя непавагі, нават пагарды да свайго насаджалася здаўна: і агульнай атмасферай у грамадстве 1990-х гадоў, калі размоў пра глабалізацыю гучала больш, чым раней пра камунізм, і сродкамі масавай інфармацыі, калі журналісты пастаянна і з захапленнем га­варылі пра замежжа, і вуліцамі гарадоў з суцэльна некірылічнымі шыльдамі, і галівудскай кіношнай прадукцыяй, і «міс прыгажунямі», і мэтамі адукацыі, Балонскай сістэмай, дзе ўсё было скіравана на выезд таленавітых студэнтаў за мяжу. Ды і ў базавай школе залішняя ўвага надавалася (і надаецца) вывучэнню англійскай мовы, быццам гэта галоўная дысцыпліна (!). А калі падумаць, паглядзець з іншага ракурсу: наколькі непрыгожа, нават ганебна, скандальна даваць прыярытэт чужому, забываючыся пра сваё! Не паважаць сябе, сваіх продкаў!

Усе выказаныя вышэй думкі ўзніклі, калі я пазнаёмілася з невялікім зборнікам паэзіі «З мамай добра мне», складзеным Аксанай Спрынчан і выдадзеным выдавецтвам «Мастацкая літаратура» для малодшых школьнікаў.

Любы зборнік — работа рэдактара — факт не толькі літаратуры, але і літаратуразнаўства. Структура шматлікіх зборнікаў, што выходзяць у розных выдавецтвах, у залежнасці ад тэматыкі і мэт, заўсёды адметная. На жаль, ніхто з філолагаў не паклапаціўся іх з гэтага пункту гледжання вывучаць. А было б цікава. Ва ўсялякім разе, Аксана Спрынчан, сама маці, склала кніжачку так, каб маленькія чытачы, знаёмячыся з вершамі, перажывалі розныя пачуцці, вярталіся думкамі да ўласных маці, знаходзілі блізкасць да свайго, самага роднага.

У вершы Рыгора Барадуліна «Ната надта любіць маму» Ната пастаянна гукае маму, не можа без яе нічога рабіць. Уладзімір Паўлаў прама гаворыць і называе так верш: «З мамай добра мне», жадаючы: «Няхай бароніць Бог // Маю і вашу маму». Вера Вярба піша пра матуліны рукі, якія такія ласкавыя і ўсё ўмеюць. Лірычная гераіня верша Эдзі Агняцвет «Мама» гатова падарыць маме вясёлку з неба, дыван, сатканы з хмарак, «пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк». А да таго гэта ўсё падарыла ёй мама. Верш Максіма Танка «Мама» — гімн маці, кожнай маці — тут усё на пачуццях.

І ўсё ж найбольш радкоў звязваюць маму і мову. Гэта могуць быць песні, могуць быць вершы ці проста словы, вывучаныя разам з мамай. Так, у Алеся Бачылы: «З намі нашы мамы размаўляюць толькі на сваёй мове: // Той, што сэрцу вельмі блізка, // На якой зімой і ў май // Нам спявалі над калыскай: // “Спі, сыночак, засынай…” // Адганялі цень трывожны, // Атулялі дабратой… // Хіба ж можна, // Хіба ж можна // Адцурацца песні той?» Або ў Э. Агняцвет «Калыханка — першая песня // І першае слова // Зямлі маёй весняй…» У маленькай баладзе Ніла Гілевіча «Першы канцэрт» Сяргейка баяўся спяваць на канцэрце, але ўбачыў маму ў трэцім радзе і праспяваў песню аб Радзіме: «Хораша на дзіва // І з пяшчотай нейкай». А потым «… са сцэны прама // Ён дадолу скочыў — // І бягом да мамы!»

У Адама Русака не канкрэтная сітуацыя, а агульны настрой: «Выйду ў лес птушыны, // Песень назбіраю, // Пра вясну і радасць // Маме заспяваю».

У вершы Юрася Свіркі «Матулін урок» дзіця паўтарае за маці самыя важныя словы: «Пе-ра-мо-га, Ра-дзіма, сяб-ры… Гэта ўрок яго першы — букварны». А потым родным зробіцца кожнае слова: «І спеў птушак, і подых вятроў. // Свет вялікі адкрыецца ў мове. // А пакуль што ён // У палоне матуліных слоў».

Вершы, сабраныя ў кнізе, пісаліся спецыяльна для дзяцей: тут няма складанай вобразнасці, нейкіх філасофскіх пасылаў. Але ўдала выказаныя паэтамі думкі пабуджаюць да далейшай разумовай работы. Таму асабліва важна напачатку чытаць вершы разам з дзецьмі, не толькі тлумачачы змест (у прынцыпе тут усё зразумела), але і развіваючы ў іх дар маўлення, паступова павялічваючы набытак слоў і выразаў. А таму звяртаць на іх асаблівую ўвагу. Уласна, для таго і прызначаны кніжачкі, што выпускае «Мастацкая літаратура».

Інтэлектуальнай рабоце дапамагаюць ілюстрацыі да кнігі, зробленыя Аленай Карповіч. Ілюстрацый шмат, і яны прыгожыя — у манеры любімай дзецьмі анімацыі, з мноствам кветак амаль на кожным малюнку.

Кніга не толькі лёгка чытаецца — яна ўвогуле даруе «лёгкае дыханне»: гэта менавіта наша інтанацыя…

Таццяна ШАМЯКІНА, доктар філалагічных навук, прафесар

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».