Вы тут

У НББ прэзентавалі дакументальны зборнік, прысвечаны Халакосту


У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларуcь адбылася прэзентацыя дакументальнага выдання «Халакост у Беларусі. Трагедыя і памяць». У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычных місій, дзяржорганаў, грамадскіх арганізацый, архівісты і гісторыкі.


Дакументальнае выданне падрыхтавана Нацыянальным архівам Беларусі пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі, пасольства Ізраіля ў Беларусі і архіўных устаноў рэспублікі. Акрамя дакументаў з фондаў Нацыянальнага архіва і рэгіянальных айчынных архіўных устаноў, у кнізе падаюцца копіі дакументаў, якія захоўваюцца ў Германіі, Расіі і Амерыцы. Некаторыя з іх упершыню сталі даступнымі для шырокай грамадскасці. Сярод іх зводкі карных нямецкіх падраздзяленняў, якія праводзілі масавыя экзекуцыі, і справаздачы пра сваю «работу» дасылалі ў Берлін. Гэта бясспрэчнае пацвярджэнне таго, што знішчэнне мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі вялося з першых дзён акупацыі. Даследчыкам, якія вывучаюць ваенную гісторыю, будуць цікавыя і перакладныя дакументы з амерыканскіх і нямецкіх архіваў, звязаныя з судовымі працэсамі над ваеннымі злачынцамі.

У зборнік увайшло 517 дакументаў, кожны з якіх з’яўляецца, як заўважыў дырэктар Нацыянальнага архіва Андрэй Дземянюк, сведчаннем злачынстваў, якія адбываліся на акупаванай тэрыторыі. Сярод іх загады, лісты, дакладныя запіскі, справаздачы, паказанні ўдзельнікаў і відавочцаў падзей.

Дакументальнае выданне будзе карысным для гісторыкаў і людзей, што працягваюць шукаць сваіх родных, інфармацыя пра якіх згубілася ў гады вайны, удакладняць, дзе тыя былі пахаваныя. Таксама яго можна выкарыстоўваць у навучальных установах. Як заўважыў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Павел Трубчык, інфармацыю са зборніка, якая тычыцца гісторыі пэўных беларускіх рэгіёнаў, важна данесці да жыхароў, што пражываюць на гэтых тэрыторыях.

Ужо два гады ў Беларусі вядзецца крымінальная справа, прысвечаная генацыду беларускага народа. За гэты час знойдзены новыя даныя пра злачынствы і месцы масавага знішчэння насельніцтва. У многіх гарадах і мястэчках Беларусі ў гады вайны былі створаны гета, людзей нацысты масава вынішчалі, не зважаючы на пол і ўзрост. Усяго на беларускай зямлі было забіта 800 тысяч яўрэяў. Самае вялікае гета было створана ў Мінску. Сюды звозіліся таксама яўрэі з Германіі, Чэхіі і Аўстрыі. Бязлітасна знішчалі людзей у лагеры Трасцянец, сёння мемарыял на тэрыторыі лагера лічыцца міжнародным месцам памяці пра ахвяр.

Старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын Алег Рагатнікаў нагадаў, што сярод яўрэяў былі маладыя барацьбіты, якія гатовыя былі лепей загінуць у змаганні, чым пагадзіцца на пакорную смерць. Больш чым у 80 гета дзейнічалі падпольныя групы і арганізацыі, члены якіх збіралі зброю і медыкаменты, вядомыя факты значных па маштабах пабегаў з гета. Яўрэі змагаліся ў партызанскіх атрадах. Алег Рагатнікаў заўважыў, наколькі важна захоўваць памяць пра трагедыю, бо, пакуль такая памяць існуе, ёсць надзея, што антысемітызм і расізм больш ніколі не прыйдуць на беларускую зямлю, і жахлівыя падзеі не паўторацца.

Зборнік складаецца з трох раздзелаў. Першы расказвае пра злачынствы. Дакументы паказваюць, што да генацыду яўрэйскага насельніцтва мелі дачыненне як вышэйшыя ваенныя чыны, так і простыя салдаты і чыноўнікі цывільнай адміністрацыі. Другая частка зборніка — судова-следчыя справы над ваеннымі злачынцамі, паказанні сведкаў. Трэцяя частка прысвечана зберажэнню памяці пра трагедыю. Архівісты ўдакладнялі інфармацыю пра помнікі на месцах масавых знішчэнняў, даты іх устаноўкі, лічбы ахвяр.

Да выдання створаны дадаткі «Спіс месцаў прымусовага ўтрымання яўрэяў», «Спіс месцаў масавага знішчэння і дэпартацыі яўрэяў на акупаваныя тэрыторыі Беларусі», а таксама спіс мясцін, звязаных з Халакостам, якія ўвекавечаны на Сцяне памяці ў Дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь».

У зборніку змешчана толькі невялікая частка дакументаў, якія захоўваюцца ў архіўных установах. Такіх сведчанняў маюцца тысячы, ці нават дзесяткі тысяч. Вывучэнне ваеннай гісторыі будзе працягнута. Загадчык адзела публікацый Нацыянальнага архіва, кандыдат гістарычных навук Святаслаў Кулінок прызнаўся, што эмацыянальна цяжка працаваць з падобнымі дакументамі, а масіў іх вялізны. Акрамя зборніка, прысвечанага Халакосту, архівісты рыхтавалі шматтомнік «Без тэрміну даўнасці», дзе ў асобных па кожнай вобласці Беларусі кнігах падаюцца даныя аб злачынствах, здзейсненых акупантамі ў гады Другой сусветнай вайны. У бліжэйшы час вучоныя плануюць прадставіць зборнік, прысвечаны тэме, якая будзе актуальнай у Год міру і стваральнай працы — адраджэнню сельскай гаспадаркі ў 1946-50 гадах.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».