Вы тут

Голас, які натхняе на добрае


Часта радыёэфір гаворыць голасам Навума Гальпяровіча... На інтэрв’ю пра культуру ён запрашае самых адметных людзей краіны, і яны распавядаюць пра такія тонкія моманты ў сваёй працы, аб якіх можна было б ніколі і не даведацца. Яго вершы трапныя, вобразныя, маюць свой «твар», які пазнаецца, а апавяданні натхняюць на роздум. Нядаўна радыёвядучы і пісьменнік адзначыў важны юбілей, які стаў нагодай падсумаваць жыццёвы і творчы досвед, азірнуўшыся да самых вытокаў. Некаторымі момантамі творца падзяліўся з карэспандэнтам «ЛіМа».


Навум Гяльпяровіч.

— Навум Якаўлевіч, у адным з вершаў вы сказалі: «У жыцці нямала рубяжоў». Якія галоўныя рубяжы, можа, не столькі заўважныя знешне, колькі важныя ў вашым унутраным свеце, вы б адзначылі?

— Самы першы — усведамленне прыналежнасці да беларускай культуры, гісторыі, мовы. Гэта пачатак юнацтва. Безумоўна, тут немалую ролю адыгралі кнігі Уладзіміра Караткевіча, песні Уладзіміра Мулявіна (выклікае захапленне, як ён, рускі паводле нацыянальнасці, змог абудзіць цікавасць да беларускай песні, да сакавітай мовы народа ў многіх маладых людзей). І, вядома ж, мой родны Полацк, радзіма Францыска Скарыны, дзе ўсё дыхала гісторыяй, яе таямніцамі. 

Другі рубеж — радыё. Радыё, якое на сорак гадоў стала маім штодзённым лёсам. Не пабаюся гэтага слова — натхненнем. Адчуванне, што твае словы, твой голас выклікаюць у людзей цікавасць і станоўчыя пачуцці, дарагога варта. Радыё дапамагло адкрыць у самім сабе новыя якасці, выхавала ўпэўненасць у сваіх сілах.

І, урэшце, уступленне ў Саюз пісьменнікаў у маі 1990 года. Гэта незабыўная падзея, лічу яе адной з найважнейшых у жыцці. Уявіце толькі — Максім Танк, Іван Шамякін, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў — і я станаўлюся паўнапраўным членам гэтай высокай сям’і! А хто ўступаў у арганізацыю ў адзін дзень са мной — Алесь Бадак, Людміла Рублеўская, Андрэй Федарэнка, Васіль Шырко! Гэтыя імёны былі вядомыя ў літаратуры ўжо тады! 

Алег Вінярскі чытае прозу юбіляра.

— Вы палюбілі чытаць задоўга да школы, гэта было ўлюбёным вашым заняткам і ў школьныя гады. Ці не адчувалі, што два сусветы — кніжны, узвышаны, ідэалістычны і рэальны, з яго праблемамі і непаразуменнямі, не маюць кропак судакранання?

— Я імкнуўся ў гэты высокі свет, ствараў яго ў душы... Кнігі дапамаглі мне многае вытрымаць: і спакусы, і цяжкасці, бо я акунаўся ў напоўнены рамантыкай свет і насычаўся яго хараством. І сёння маю часам нестыкоўкі з некаторымі рэальнымі сітуацыямі, бо па-ранейшаму веру ідэалам, вызнаным з кніжак.

А ў дзяцінстве зазнаў шмат расчараванняў. Так, начытаўшыся расповедаў Гайдара пра Цімура і яго каманду, трапіў у піянерскі лагер. А тое жыццё, што ўбачыў навокал, не зусім супадала з маім кніжным уяўленнем пра сапраўднае таварыства, сяброўства. Я нават не дабыў да канца змены і падчас экскурсіі ў Полацк адпрасіўся ў важатай завітаць дадому і назад не вярнуўся. Назаўтра бацька паехаў і забраў мае рэчы.

Школа наша насіла імя Юрыя Смірнова, Героя Савецкага Саюза. Я чытаў пра яго — як фашысты выразалі яму на грудзях зоркі — ён так нікога і не выдаў. Уявіў сябе на яго месцы і падумаў, што калі б у мяне выразалі на грудзях зоркі, то не здолеў бы вытрымаць...

І мне стала страшна хадзіць у школу, глядзець у вочы настаўніцы, бо здавалася, што я такі слабы і мог бы зламацца!

Цяпер мая адданасць кнігам, кніжныя ідэалы, з аднаго боку, у нечым перашкаджаюць, а з іншага — дапамагаюць. Вельмі балюча пераношу ўсялякія хітрыкі, інтрыгі, подласць і здраду — кніжкі гэтаму не вучылі, там была высакароднасць...

— Бывае, што пісьменнік, які стварае ідэальны свет і высакародных герояў у ім, аказваецца ў сапраўднасці далёкім ад створаных вобразаў... Ці не адчувалі вы нечага, падобнага на здраду, калі праходзілі праз адпаведнае разбурэнне стэрэатыпаў?

— Быў падрыхтаваны. Прыдумаў сабе, што нічога не хачу пра гэта ведаць. Хачу толькі чытаць тое, што я чытаю... Меў магчымасць блізка пазнаёміцца з некаторымі слыннымі маскоўскімі пісьменнікамі, аўтарамі любімых твораў. Але пазбягаў гэтых знаёмстваў... У мяне быў страх: не хацеў расчароўвацца ў тых, кім зачараваны... І цяпер не хачу слухаць брудныя плёткі пра знакамітых людзей, корпацца ў іх асабістым жыцці... Было шмат расчараванняў, таму пісьменнік цяпер для мяне ў першую чаргу аўтар твора, які мяне можа захапіць. Вядома, хацелася, каб гэтаму адпавядалі яго чалавечыя якасці.

Падчас юбілейнага вечара.

— Ваша творчасць шматгранная: і паэзія, і проза, і публіцыстыка, і журналістыка, і нават спяваць вы ўмееце. А ў чым з гэтага ваша пакліканне, ваша душа раскрылася найбольш, найлепш, найглыбей? Што не дапаўняе астатняе, а з’яўляецца першасным і самым асноўным?

— Першасным з’яўляецца любоў. Да слова, да песні, да кнігі. Пачыналася ўсё з дзіцячых вершаў. Душа раскрывалася ад прачытаных кніг. Хацелася прыдумляць працяг любімых твораў. У параўнанні з тым, што было наяве, кнігі неслі прыгожы таемны свет — можна было акунацца ў цудоўнае жыццё! Яно вабіла рамантыкай і вышынёй чалавечага: хацелася стаць вартым гэтага, стаць героем. Таму першым пакліканнем была літаратура. Праўда, у старшых класах апаноўвалі сумненні: ці атрымаецца ў мяне што-небудзь? Сапраўднае памкненне займацца гэтай справай прыйшло ў 14-гадовым узросце, калі пабываў на сустрэчы з пісьменнікамі — удзельнікамі дэкады савецкай літаратуры ў Беларусі: Міхаілам Святловым, Петрусём Броўкам, Рыгорам Барадуліным і Генадзем Бураўкіным... Вельмі ўдзячны літаб’яднанню «Крыніца», якое працавала пры наваполацкай газеце, дзе існавала атмасфера братэрства: мы дапамагалі адно аднаму. Цягнулі ўверх... 

Журналістыка прыйшла пазней і стала другім крылом, як у птушкі ў палёце. А песні заўсёды спяваў для душы з сябрамі. На сцэне, на юбілейнай вечарыне, асмеліўся ўпершыню (смяецца. — Заўв. рэд.).

Калі сур’ёзна, то найглыбей душа раскрылася падчас працы на радыё. Яна дапамагла адчуць сваю адметнасць, індывідуальнасць, запатрабаванасць. Паверыць у тое, чаго раней не мог і ўявіць, што паспрыяла і ў літаратуры.

Аўтограф-сесія.

— Што дае вам натхненне і ці можна яго выклікаць намаганнем волі, калі нічога навокал не радуе і ні да чаго не ляжыць душа?

— Намаганнем волі магу толькі прымусіць сябе ў такі час сесці перад мікрафонам, бо гэта работа і нельга падводзіць людзей. А ў астатнім — высокі накал пачуцця: каханне, замілаванне прыгажосцю прыроды, роздум над праблемамі, вера. Таму тут пэўнага графіка няма: бывае, за дзень напішацца столькі, колькі і не ўяўлялася магчымым, а бывае, што і не пішацца даволі доўга.

— Ці здолелі вы наблізіцца да разгадкі прыроды творчасці?

— Не. Гэта па-ранейшаму для мяне застаецца загадкай. Хай яе разгадваюць крытыкі і літаратуразнаўцы. Лічу, што гэта вялікая таямніца, але дзякуючы ёй і з’яўляюцца сапраўдныя творы. У мяне ёсць верш, які заканчваецца радкамі: «Рамеснік, ён хацеў стаць мастаком, ды разумеў, што ім не быць ніколі».

— Калі б у вас была магчымасць сустрэцца з сабой 18-гадовым, што б вы сказалі?

— Вер, што ўсё атрымаецца, калі будзеш вельмі хацець і старацца. Рана ці позна, але атрымаецца. Толькі не адкладвай на потым, не шукай спрыяльнага часу, жыві і стварай!

Гутарыла Марыя ЯРАШЭВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.