Вы тут

Лукашэнка: Мы павінны глядзець яшчэ далей і працаваць на апярэджанне


Пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбылося пасяджэнне Савета Бяспекі. У прысутнасці ваеннага кіраўніцтва краіны і іншых службовых асоб былі разгледжаны праект абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і праект Закона «Аб народным апалчэнні». 


«Усе выпрабаванні — гэта перш за ўсё вопыт»

Гаворачы аб праекце абноўленай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што прыняты ў 2010 годзе дакумент не страціў сваёй актуальнасці. «Больш за тое, выбудаваная ў адпаведнасці з яго палажэннямі сістэма нацыянальнай бяспекі прадэманстравала сваю эфектыўнасць, у тым ліку ў самы востры перыяд знешняга націску на Беларусь, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Апрабаваны на многіх краінах механізм так званага палітычнага тэрарызму ў свой час тут не спрацаваў. І сёння мы цалкам адэкватна рэагуем на чарговыя кінутыя нам выклікі: правакацыі, санкцыі, палітычныя ўльтыматумы і іншае».

Беларускі лідар перакананы: усе выпрабаванні — гэта перш за ўсё вопыт. А вопыт, па яго словах, — гэта бясцэнны матэрыял для распрацоўкі стратэгіі далейшага развіцця. Таму адаптацыя Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі пад рэаліі сённяшняга дня з’яўляецца цалкам лагічным і вельмі своечасовым крокам.

«Вы бачыце, што ў сучасны міжнародны парадак дня вярнуліся элементы „халоднай вайны“ — гонка ўзбраенняў, ядзерны шантаж з боку лідараў асобных заходніх дзяржаў, — заўважыў Прэзідэнт. — Відавочны рост пагроз агрэсіўнага нацыяналізму і экстрэмізму ў шматлікіх формах іх праяўлення. Узнімае галаву ідэалогія неафашызму. Не зніжаюцца рызыкі распаўсюджвання наркотыкаў, гандлю людзьмі, нелегальнай міграцыі, якія таксама выкарыстоўваюцца для дасягнення палітычных мэтаў. Тэндэнцыя да глабальнай культурнай уніфікацыі, у тым ліку пад нетрадыцыйныя з’явы, ставіць пад пагрозу аснову асноў нацыянальнай дзяржавы — нашы маральныя прынцыпы, спрадвечныя каштоўнасці, гістарычную памяць».

Усё гэта, па словах кіраўніка дзяржавы, адбываецца на фоне знясілення экасістэмы, недахопу рэсурсаў, глабальнага змянення клімату, росту нагрузкі на навакольнае асяроддзе, дэмаграфічнага крызісу, небяспекі новай хвалі рознага роду пандэмій. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе гэтыя пагрозы ўзніклі не ўчора. «Геапалітычная цікавасць да Беларусі з боку заходняга гегемона — гісторыя не аднаго стагоддзя, — удакладніў ён. — Але тэхналогіі і метады вядзення гібрыдных войн пастаянна ўдасканальваюцца. А мы павінны глядзець яшчэ далей і працаваць на апярэджанне».

«Не ламаць, а ўдасканальваць»

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на VI Усебеларускім народным сходзе ім было дадзена даручэнне — мадэрнізаваць Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі. Па словах беларускага лідара, работа праводзілася ўсімі спецыялістамі, якія больш-менш разумеюць, што такое Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі. Праект гэтага дакумента гатовы. Засталося ацаніць, наколькі ён адпавядае абстаноўцы, якая складваецца ў свеце і вакол нашай краіны, і ці сувымерная прапанаваная сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі з новымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі. 

У сувязі з гэтым Прэзідэнт пажадаў пачуць ад прысутных членаў Савета Бяспекі адказы на галоўныя пытанні.

Першае. «Якія новыя пагрозы нацыянальнай бяспецы і іх крыніцы абазначаны ў дадзеным праекце Канцэпцыі? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы да прысутных. — Якія новыя палажэнні ўключаны? Галоўнае: ці забяспечана пераемнасць асноўных прынцыпаў палітыкі дзяржавы ў сферы нацыянальнай бяспекі?» Фундаментальнае патрабаванне Прэзідэнта да любых пераўтварэнняў — не ламаць, а ўдасканальваць. 

Другое. «У лютым мінулага года мы правялі рэферэндум і большасцю галасоў прынялі новую Канстытуцыю, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Уключылі цэлы пералік найважнейшых для нашага грамадства палажэнняў. Якім чынам яны адлюстраваны ў Канцэпцыі? І якое развіццё пры гэтым атрымалі?»

Трэцяе. За мінулы перыяд у Беларусі як незалежнай, суверэннай дзяржавы ўзніклі новыя нацыянальныя інтарэсы. «Яны таксама патрабуюць канцэптуальнага замацавання ў сістэме забеспячэння нацыянальнай бяспекі, — лічыць беларускі лідар. — Наколькі поўна і аб’ектыўна гэтыя інтарэсы адлюстраваны ў Канцэпцыі? Ці прадугледжаны дадатковыя меры па іх абароне?»

Чацвёртае. Як падкрэсліў Прэзідэнт, у адрозненне ад шэрагу краін, у тым ліку постсавецкай прасторы, дзе падобныя дакументы носяць закрыты характар, мы дамовіліся, што нічога хаваць не будзем. Гэтае прынцыповае патрабаванне кіраўніка дзяржавы. «Мы прама і адкрыта павінны заявіць аб прыярытэтах, паказаць сусветнай супольнасці транспарэнтнасць нашай палітыкі, надзейнасць Беларусі як адказнага партнёра, — адзначыў ён. — Але нашы партнёры павінны ведаць, што беларуская міралюбнасць — не сінонім ахвярнасці».

Аляксандр Лукашэнка ўжо не раз казаў, што ў выпадку любой агрэсіі адказ будзе хуткім, жорсткім і адэкватным. У сувязі з гэтым Прэзідэнт пацікавіўся, ці адлюстроўваюць новыя палажэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі гэтую светапоглядную пазіцыю беларусаў, якія даўно вычарпалі ліміт войн і рэвалюцый. 

Гаворачы пра Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што гэты дакумент павінен быць максімальна адкрытым і зразумелым. «Неабходна дакладна абазначыць, якія выклікі для Беларусі мы бачым і як плануем забяспечыць сваю бяспеку», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці атрымалася вырашыць дадзеную задачу. Акрамя таго, ён удакладніў, як праходзіць работа па грамадскім абмеркаванні Канцэпцыі, ці прыцягвалася навуковая, экспертная супольнасць да яе распрацоўкі. Адно з патрабаванняў беларускага лідара — Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі не павінна быць кабінетным дакументам. На розных дыялогавых пляцоўках, падчас сустрэч у працоўных калектывах грамадскасці будзе прадастаўлена магчымасць удзельнічаць у абмеркаванні асноўных палажэнняў Канцэпцыі — такім чынам, беларускі народ будзе прымаць непасрэдны ўдзел у прыняцці найважнейшых дзяржаўных рашэнняў. 

Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, цяпер зацвярджэнне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, як аднаго з найважнейшых дакументаў у жыцці нашай краіны, з’яўляецца адным з асноўных паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу. У сувязі з гэтым распрацаваны дакумент павінен быць гатовы да першага склікання яго дэлегатаў ужо ў новым канстытуцыйным статуце. «На першым пасяджэнні УНС мы ўнясём для абмеркавання і зацвярджэння гэты дакумент, — паведаміў Прэзідэнт. — І калі дэлегаты Усебеларускага народнага сходу падтрымаюць яго, ён уступіць у сілу». 

«Кожны мужчына, ды і не толькі мужчына, павінен умець як мінімум абыходзіцца са зброяй»

Разгледзелі падчас пасяджэння Савета Бяспекі і праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб народным апалчэнні». Прадбачачы інфармацыйныя спекуляцыі на дадзеную тэму, Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, што ў нашай дзяржаве выбудавана эфектыўная сістэма абароны дзяржавы. «Яе аснова — Узброеныя Сілы, — адзначыў ён. — Менавіта яны вырашаюць найбольш важныя задачы, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўсіх намаганняў дзяржавы па яе абароне».

У той жа час, як нагадаў кіраўнік дзяржавы, барацьба са злачыннасцю, ахова грамадскага парадку, грамадская бяспека — сфера кампетэнцый органаў унутраных спраў і ўнутраных войск: і ў мірны, і ў ваенны час. Для забеспячэння спакойнага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб’ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі. Іншыя сілавыя органы ў рамках кампетэнцыі таксама вырашаюць задачы па забеспячэнні абароны дзяржавы.

«Але сітуацыя няпростая, — заўважыў беларускі лідар. — Я ўжо не раз казаў: кожны мужчына, ды і не толькі мужчына, павінен умець як мінімум абыходзіцца са зброяй. Хаця б для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям’ю, свой дом, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога іншага. Многія гэта разумеюць».

Прэзідэнт нагадаў, што раней ім была пастаўлена задача Міністэрству абароны сумесна з Міністэрствам унутраных спраў прапрацаваць пытанне стварэння народнага апалчэння. Праект адпаведнага закона быў падрыхтаваны і вынесены на разгляд удзельнікаў пасяджэння Савета Бяспекі. Акрамя таго, як ужо дакладвалі Аляксандру Лукашэнку, апрабацыя арганізацыі народнага апалчэння ўжо была рэалізавана на практыцы. 

Вальфовіч: Праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне

Як паведаміў у размове з журналістамі дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі падтрыманы кіраўніком дзяржавы і ў бліжэйшы час будзе вынесены на грамадскае абмеркаванне. Дзяржсакратар расказаў, што гэтаму папярэднічала маштабная работа па абнаўленні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. У склад міжведамаснай рабочай групы ўвайшлі прадстаўнікі звыш 30 дзяржаўных органаў і арганізацый, навуковая супольнасць. Пры выпрацоўцы новай Канцэпцыі быў улічаны і сусветны вопыт. 

Па словах Аляксандра Вальфовіча, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі абноўлена больш чым на 70%. «Актуальнасць абнаўлення Канцэпцыі звязана ў тым ліку са змяненнямі сусветнай палітычнай абстаноўкі, новымі рызыкамі, выклікамі і пагрозамі, якія з’явіліся ў апошні час і ўплываюць на нацыянальную бяспеку многіх краін, і Беларусь — не выключэнне», — адзначыў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. 

Змяненні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі закранаюць некалькі блокаў. Асноўныя з іх датычацца паняцццева-катэгарыяльнага апарату. У прыватнасці, паняцце «нацыянальная бяспека» дапоўнена ўстаноўкай на ўстойлівае развіццё. Адбылася градацыя пагроз нацыянальнай бяспецы. З’явіліся такія тэрміны, як «рызыка» і «выклік». 

Другі блок змяненняў датычыцца высноў з ацэнкі знешнепалітычнай абстаноўкі. Падрабязна выкладзены тэндэнцыі сучаснага свету і тыя новыя змяненні ў ваенна-палітычнай абстаноўцы, якія адбыліся больш як за 12 гадоў з моманту стварэння дзеючай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. 

Трэці блок — абноўлены асноўныя палажэнні Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. «У пералік стратэгічных нацыянальных інтарэсаў упершыню ўключаны новыя палажэнні аб неабходнасці ўсемагчымай абароны народа Беларусі як унікальнай гістарычнай супольнасці і адзінай крыніцы дзяржаўнай улады, — заўважыў Аляксандр Вальфовіч. — На больш высокі ўзровень падняты пытанні забеспячэння ідэалогіі нароўні з суверэнітэтам, тэрытарыяльнай цэласнасцю і незалежнасцю дзяржавы». 

Дапоўнены асноўныя інтарэсы па ўсіх сферах нацыянальнай бяспекі. З’явіўся новы тэрмін — «электаральны суверэнітэт». Гэта неад’емнае права незалежнай суверэннай дзяржавы самастойна без умяшальніцтва звонку, праводзіць выбары і рэферэндумы ў мэтах выяўлення волі народа і дзяржавы ў цэлым. 

Чацвёрты блок змяненняў датычыцца новай сферы нацыянальнай бяспекі — біялагічнай бяспекі. Навацыя актуальная ў сувязі з аналізам тых падзей, якія адбыліся ў свеце з-за пандэміі. На змяненні паўплывалі і правядзенне спецыяльнай ваеннай аперацыі, і выяўленне біялабараторый на тэрыторыі Украіны.

Пяты блок змяненняў датычыцца ацэнкі індыкатараў стану забеспячэння нацыянальнай бяспекі. З’явіліся новыя суб’екты нацыянальнай бяспекі. У першую чаргу, гэта Усебеларускі народны сход. Акрамя таго, статус асобных суб’ектаў нацыянальнай бяспекі нададзены органам пракуратуры, Камітэту дзяржаўнага кантролю. Удакладняецца алгарытм дзеяння ўсіх суб’ектаў нацыянальнай бяспекі па нейтралізацыі сучасных выклікаў і пагроз. 

«У цэлым праект канцэпцыі прыняты за аснову, — звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч. — Прэзідэнтам пастаўлена задача працягнуць работу, перш за ўсё па тлумачэнні новых палажэнняў канцэпцыі на дыялогавых пляцоўках, у працоўных калектывах». З улікам прапаноў, якія паступяць у ходзе работы на дыялогавых пляцоўках, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі будзе вынесена на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу.

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.