Вы тут

Лукашэнка растлумачыў, навошта ў Беларусі трэба народнае апалчэнне


Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 20 лютага на пасяджэнні Савета бяспекі растлумачыў, навошта ў Беларусі спатрэбілася стварэнне народнага апалчэння, перадае БелТА.


Адным з дакументаў, вынесеных на разгляд, стаў праект закона «Аб народным апалчэнні». Каб не было інфармацыйных спекуляцый на дадзеную тэму, Аляксандр Лукашэнка адразу растлумачыў: «У нашай дзяржаве выбудавана эфектыўная сістэма абароны дзяржавы. Яе аснова — Узброеныя Сілы. Менавіта яны вырашаюць найбольш важныя задачы, якія патрабуюць канцэнтрацыі ўсіх намаганняў дзяржавы па яе абароне».

У той жа час, звярнуў увагу Прэзідэнт, барацьба са злачыннасцю, ахова грамадскага парадку і грамадская бяспека — сфера кампетэнцый органаў унутраных спраў і ўнутраных войск і ў мірны, і ў ваенны час. Для забеспячэння спакойнага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб’ектаў эканомікі, інфраструктуры Беларусі ва ўмовах ваеннага часу створаны тэрытарыяльныя войскі. Іншыя сілавыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць таксама задачы па забеспячэнню абароны дзяржавы, адзначыў беларускі лідар.

«Але сітуацыя няпростая. Я ўжо не раз казаў: кожны мужчына (ды і не толькі мужчына) павінен умець, як мінімум, абыходзіцца са зброяй. Хоць бы для таго, каб у выпадку неабходнасці абараніць сваю сям’ю, родны куток зямлі і, калі спатрэбіцца, краіну, без якой не будзе ні кутка, ні дома, нічога. Многія гэта разумеюць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як паведамлялася, кіраўнік дзяржавы раней неаднаразова заяўляў аб неабходнасці стварэння ў Беларусі войск тэрытарыяльнай абароны для рэагавання на магчымыя выклікі і пагрозы. «Таму што ніхто не будзе абараняць свой дом, як ты сам», — адзначаў ён падчас размовы з журналістамі ў чэрвені 2022 года.

«Нам на ўсялякі выпадак трэба пры кожным сельскім савеце мець вось гэта народнае апалчэнне, групу людзей. Іх будзе няшмат. Можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю дзесьці на складзе. Мы іх заклікаем для навучання — яны возьмуць свае аўтаматы (у асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет), каб маглі абараніць свой дом», — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. У выпадку ваенных дзеянняў атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Народнае апалчэнне можа быць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны», — выказаў меркаванне ён.

Гаворачы аб мэтазгоднасці стварэння народнага апалчэння, Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта не проста ад балды зроблена. Гэта ўсё ад зямлі. Хай людзі вучацца валодаць зброяй, у гэтым няма нічога дрэннага. Як раз кожная сям’я зможа свой дом, пасёлак, вёску абараніць. Гэта зыходзіць з вопыту расійска-украінскага канфлікту і ад зямлі».

Важнасць стварэння народнага апалчэння падкрэсліваў і міністр абароны Віктар Хрэнін: «Мы бачым, што гэтае пытанне таксама вельмі важнае. Галоўнае, што ў нас ёсць для гэтага людзі і ўзбраенне. Сапраўды, колькасць абаронцаў нашай краіны можа павялічыцца ў разы. Гэта мае вялікае значэнне ў абстаноўцы. Адказ будзе адэкватным, калі хтосьці прыйдзе на нашу зямлю». На яго думку, тэрытарыяльная абарона можа аказаць вырашальнае дзеянне ва ўзброеным канфлікце. «Таму што арміі выйграюць бітвы, а народ атрымлівае перамогу ў вайне», — падкрэсліў Віктар Хрэнін.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч у гутаркі з журналістамі тлумачыў, што народнае апалчэнне ў Беларусі будзе новым відам фарміравання, прызначаным для абароны краіны ў тым выпадку, калі ўзнікне такая неабходнасць. «Вядома ж, мы ўмацоўваем свае межы, іх ахову, мы бачым, наколькі сёння адбываецца мілітарызацыя і павышэнне ваеннай актыўнасці на тэрыторыі сумежных дзяржаў, краін-суседзяў. Мы бачым павелічэнне колькасці войск, груповак, колькасці вучэнняў, пралётаў разведвальнай авіяцыі — і не толькі з боку Захаду, але і з боку паўднёвай нашай суседкі, брацкай нам некалі Украіны, — канстатаваў дзяржсакратар. — Беларусь не ўяўляе нікому пагрозы, але мы гатовыя, прымаем усе крокі для абароны нашых заходніх і паўднёвых рубяжоў»

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».