Вы тут

Адбылася сустрэча навукоўцаў, літаратараў і журналістаў


Мова — адзін з найважнейшых складнікаў культурнага кода нацыі і патрыятычнага выхавання. Яна выступае не толькі сродкам камунікацыі, але і галоўным элементам культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці, падмуркам нацыянальнай ідэнтыфікацыі, гістарычнай памяці, сродкам захавання і перадачы сацыяльнага вопыту, а значыць і асновай кансалідацыі нацыі. Падчас сустрэчы напярэдадні Дня роднай мовы навукоўцы, літаратары і журналісты абмеркавалі пытанне зацікаўленасці сучаснай моладзі ў веданні беларускай мовы. У чым асаблівасць нашай мовы і што робіцца дзеля яе папулярызацыі ў сучасных рэаліях?


— Калі мы гаворым пра родную мову, не толькі нейкія нацыянальныя матывы закранаюцца, мы гаворым пра пытанні выхавання, фарміравання духоўнасці народа, — распачаў размову прафесар кафедры перыядычнага друку і веб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ Віктар ІЎЧАНКАЎ. — У 2008 годзе быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, які дзейнічае з 2010 года, і мы сёння бачым вынікі той эпахальнай падзеі. На працягу трох апошніх гадоў я праводзіў міні-даследаванне, як нашы сродкі масавай інфармацыі рэалізуюць асноўныя палажэнні гэтага закона. І вынікі паказваюць, што сёння амаль усе палажэнні, усе асноўныя патрабаванні выконваюцца нашымі СМІ. Ёсць і пэўныя тэндэнцыі, якія сведчаць, што не ўсе правілы аднолькава зручна прыжываюцца. Таму я хацеў бы закрануць жывую прыроду існавання нашай роднай мовы. Дзе пачынаецца мова? У сям’і, у навучальнай установе ці ўжо ва ўсвядомленым узросце, калі чалавек асэнсоўвае свае патрыятычныя пачуцці? Для мяне бачыцца так: калі яшчэ немаўлём чалавек чуе ад бацькоў і пераймае, што ёсць роднае, то пасля ён навучаецца адчуваць і бачыць блізкае і роднае ў акаляючым свеце. І менавіта з гэтага і нараджаецца патрыятызм. Ён побач, ва ўсім, чым мы жывем. 

Падтрымаў думку пра тое, што патрыятызм пачынае фарміравацца праз мову менавіта ў сям’і, і дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар КАПЫЛОЎ:

— Сапраўды, патрыятызм праз мову павінен пачынацца з сям’і, а пасля фарміравацца ў школе, у асяроддзі аўдыя-і візуальнай інфармацыі. Усё гэта і фарміруе любоў да мовы... У НАН праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных фарміраванню патрыятызму, і адны з іх — рэспубліканскія конкурсы. Так, сёлета праходзіць конкурс, прысвечаны міру і стваральнай працы. І хачу з прыемнасцю адзначыць, што ёсць у межах гэтага конкурса намінацыя «Мова маёй зямлі». Надзвычай актыўна прымаюць удзел у ім грамадзяне нашай краіны ад 6 да 96 гадоў. Яшчэ з дапісьмовых часоў беларусы валодалі самабытнай культурай слова, якая асабліва ярка выявілася ў фальклорных творах. І гэтыя скарбы таксама трэба далучаць да выхавання патрыятызму праз мову. Тым больш што ў нашай мове ёсць, напрыклад, вельмі самабытныя прыказкі і прымаўкі, якія таксама трэба ўводзіць у карыстанне. І ў нашым інстытуце зараз рыхтуецца «Беларускі фальклорна-этна-лінгвістычны атлас». Праца рыхтавалася не адно дзесяцігоддзе. Калегі сабралі звыш 17 000 розных тэкстаў, аб’ездзілі 1 610 вёсак ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Думаю, гэтыя матэрыялы таксама можна выкарыстоўваць, бо там жывая і надзвычай цікавая моўная стыхія захоўваецца. 

У ходзе абмеркавання сённяшніх працэсаў развіцця беларускай мовы, яе захавання звярнуліся прысутныя і да літаратуры. І тут найбольш актуальнымі з’яўляюцца пытанні папулярызацыі моўнай спадчыны, уключэння яе ў сучасны моўны кантэкст, заахвочвання карыстацца ёю людзей розных узростаў і інтарэсаў. 

— Беларусь не малая краіна. У розных месцах — розныя гаворкі, і з гэтай разнастайнасці фарміравалася наша літаратурная мова, — дзеліцца намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», рэдактар часопіса «Полымя» Віктар ШНІП. — А як папулярызуецца беларуская мова сёння? Цяпер я ўваходжу ў склад журы такіх літаратурных конкурсаў, як «Ліхтар», «Брама мар», «Першацвет». І прыемна, што моладзь творчая піша па-беларуску. Саюз пісьменнікаў Беларусі таксама шмат конкурсаў для творчай моладзі праводзіць па ўсёй Беларусі, бо ў кожнай вобласці існуе аддзяленне саюза, і ўсе працуюць для таго, каб падтрымаць нашу творчую моладзь. Ёсць часопісы «Бярозка», «Маладосць», «Полымя», дзе таксама заўсёды рады цікавым аўтарам. Акрамя гэтага, я бываю на прэзентацыях кніг, творчых сустрэчах, дзе з прыемнасцю адзначаю, што маладыя ведаюць беларускую мову і карыстаюцца ёю. 

Пра тое, як рэагаваць на ўсё, што адбываецца сёння ў сучаснай літаратуры, сваім меркаваннем падзяліўся дырэктар філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы» Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Іван САВЕРЧАНКА, які адзначыў, што, пачынаючы з 1991 года, з’явілася плеяда яркіх творцаў, празаікаў, паэтаў, публіцыстаў, якімі створана шмат новых і якасных твораў па асэнсаванні беларускай гісторыі, падзей грамадскага жыцця і г.д. 

— Я хачу сказаць, што па-ранейшаму выключную ролю адыгрывае ў выхаваўчым працэсе, у фарміраванні культуры мовы наша літаратурная класіка. Спецыфіка слоўнага мастацтва ў тым, што яно не знікае, калі яно — літаратурны шэдэўр. І такі твор уздзейнічае не толькі на сучаснікаў, яго ўплыў на грамадства, на развіццё асобы з часам толькі ўзмацняецца. Гэта тычыцца спадчыны нашых класікаў: Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага і іншых, каго мы і сёння з захапленнем чытаем... 

Варта адзначыць, што сёння актыўна выдаюцца зборнікі твораў класікаў беларускай літаратуры, ідзе актыўная праца над падрыхтоўкай слоўнікаў, і такім чынам не толькі ў краіне, але і за яе межамі адбываецца дэманстрацыя нашых моўных скарбаў і здабыткаў нашага пісьменства. Напрыклад, у мінулым годзе Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа быў выдадзены «Тлумачальны слоўнік для школьнікаў», а зараз вядзецца праца над фундаментальным слоўнікам, які будзе змяшчаць 250 тысяч слоў. Распрацоўваецца праект электроннага даведніка (інфармацыйна-даведачнага партала), які дазволіць зрабіць беларускую мову яшчэ больш блізкай і зручнай у выкарыстанні для кожнага. 

Алена ДРАПКО

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».