Вы тут

Брама, адчыненая ў вечнасць


Шанцуе на юбілеі знакамітых пісьменнікаў. На высокім узроўні прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 140-м угодкам народных песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтаксама шырока адзначалі 120 гадоў з дня нараджэння Максіма Танка. І вось яшчэ адна знамянальная дата — дзень нараджэння Максіма Гарэцкага. 


Самаробны талент — відавочны

Радзіма яго — вёска Малая Багацькаўка. Нарадзіўся 18 лютага 1893 года. Праўда, на той час яе часцей называлі Меншай Багацькаўкай. Некалі гэта быў глухі куток, атулены дрымучымі лясамі. Цемналессе — так казалі пра іх. Па тагачасным адміністрацыйнм дзяленні — Мсціслаўскі павет. Спачатку хадзіў у школу ў Вялікай Багацькаўцы, а потым — у двухкласнае вучылішча ў сяле Вольша. Вучобу прадоўжыў у Горы-Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы. 

У 1912 годзе выступіў з першымі матэрыяламі пад псеўданімам М. Беларус. А 25 студзеня наступнага з’явілася апавяданне «У лазні». Падпісаў яго ўжо як Максім Беларус. Следам былі змешчаны апавяданні «Роднае карэнне», «Страхаццё», «Красаваў язмін», «У панскім лесе», «Стогн душы».

Рэдакцыя вітала яго актыўнасць. У жніўні 1913 года пісала: «Дужа дзякуем за Вашы творы, каторыя Вы нам прысылалі ў апошнія часы. Мы верым, кажучы словамі нашых прадзедаў, што праз Вас «памножана будзе слава слаўнай айчызны нашай», калі толькі агонь, каторы гарыць у Вас, будзе далей разгарацца». Яшчэ праз год Беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні выпусціла яго першую кнігу «Рунь». У артыкуле «Беларускае адраджэнне» Максім Багдановіч згадаў яе ў пераліку найбольш значных мастацкіх твораў нацыянальнай літаратуры. А Яўхім Карскі быў перакананы, што ў апавяданнях Максіма Гарэцкага «ёсць усе дадзеныя, каб з аўтара з часам развіўся добры пісьменнік з самародным талентам».

Заграніцы — не для мяне

Калі пачалася вайна, пайшоў на фронт, не чакаючы мабілізацыі. Тэрмін у «вальнапісаных» быў на год карацейшы. Ды і можна выбіраць, дзе служыць. Пра службу расказаў у «Запісках салдата 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады Лявона Задумы» — «На імперыялістычнай вайне». Іх паставілі поруч з выдатнымі творамі тагачаснай літаратуры. Прынамсі, з «Агнём» Анры Барбюса.

Аповед вядзецца ад першай асобы. Максім Гарэцкі нібыта нагадвае: я перад вамі як на споведзі. Важная праўда і толькі праўда. Якой бы ні была — прыемнай ці непрыемнай. Няўтульна адчуваў сябе, бо, будучы праціўнікам насілля, сам вымушаны быў забіваць: «А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля».

Але ў адрозненне, скажам, ад «маладзенькага, далікатнага і сарамлівага, як дзяўчынка, падпаручніка Сізова», заставаўся куды большым рэалістам. Сізоў жа ў чымсьці безнадзейны рамантык. Таму хоць «салдаты любяць яго, але некаторыя цішком пасмейваюцца». Аднак і рэалісту Задуму цяжка. Вельмі цяжка. Бадай, на кожным кроку. Бо, як ні стараецца прызвычаіцца да таго, што адбываецца, ніяк не ўдаецца.

Тым не менш ён патрыёт сваёй краіны. Пабываўшы ў Германіі, цвяроза ставіцца да таго, што пабачыў там і што ёсць на Радзіме. Перавагу аддае свайму, роднаму: «У Расіі пасля Нямеччыны я чую сябе... быццам выйшаў з нечага душнага і такога, дзе ўсё-ўсё вядома і няма паэзіі, і выйшаў на свежае, вольнае і ўбогае паветра...»

Беларус у далечыні ад роднага дома, ён стараецца не цурацца таго, што нагадвае пра Беларусь: «Прыйшла і «Наша ніва» за 25 верасня. Колькі радасці прыносіць мне наша друкаванае «мужыцкае» слова! Нервы мае распускаюцца... Але чаго мне саромецца, што я тут, на гэтай праклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі слязьмі на вачах цалую лісты з дому і «Нашу ніву» з Вільні? Чаго саромецца мне? Эх, вы, слёзы, слёзы, дурныя вы слёзы: не засцілайце мне вачэй. І ты, дурное сэрца, не сціскайся болем і жалем».

Чорнае крыло над хутарком

Праўда Першай сусветнай вайны паўстае і ў апавяданні «Літоўскі хутарок». Гаспадар яго Ян Шымкунас не можа змірыцца, што яго звыклы ўклад жыцця рушыцца: «Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала, па-хрысціянску, без грошай, і прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць? Прыкрасць. Без вайны зглумуюць».

Феерверкер Сініца — адзін з тых салдат, якія некалі стаялі на горцы з паўбатарэяй, завітаўшы праз шмат часу сюды, не пазнае ні само паселішча, ні яго жыхароў. На ўсім ляжыць нейкая нябачная пячатка бяды. Аднак ёсць і іншае. Хутаранцы не змаглі паверыць, што вайна прынясе ім, мірным людзям, такія няшчасці. Таму і паплаціліся за гэта. 

З думкай, што вайна — самае страшнае зло на зямлі, пісалася і апавяданне «Генерал», «Рускі», шэраг іншых твораў. Герой першага з іх — смелы ваяка, смерці не баіцца. Але няздатны знайсці агульную мову з тымі, хто нядаўна прызваны ў войска. Цяпер настроіўся на прапаршчыка, «адчуў нястрымнае жаданне штурхнуць яго некуды ці нешта зрабіць яму такое, каб ён не быў такі разлезлы. У гэты момант генерал так не любіў прапаршчыка, што гатоў быў яго ўдарыць».

Раптам «неспадзявана для сябе самога і для ўсіх (генерал. — А. М.) крута адвярнуўся, узышоў на прыступачку і, абапёршыся салдаціку на плячо, сказаў:

— Памажы-тка, брат...

І ўскочыў на бруствер».

Нічога прапаршчыку не заставалася, як падпарадкавацца: «раптам скочыў угару і стаў адзаду ў генерала, таксама высока і таксама небяспечна, і момант стаўся тут гадзінаю. Можа, ступіў ён два разы, як раптам перакуліўся і ссунуўся ў акоп».

У вайсковым шпіталі, 1914 г.

Недарэчная, нічым не апраўданая смерць. Канечне, генерал не хацеў такога зыходу. Ды, калі разабрацца, стаў забойцам. Ён, а не хто іншы выклікаў гэтую смерць. Сваёй гульнёй у вайну... На фронце зноў наступіла мірная перадышка. Як гэта назіралася неаднойчы. І ніхто, апроч баявых таварышаў прапаршчыка ды тых, хто знаходзіўся поруч з ім, калі ён так недарэчна загінуў, так і не даведаўся, што меней на зямлі стала яшчэ на аднаго чалавека. Гэта таксама суровая праўда вайны.

Каб не дваілася душа

Персанажы аповесці «Дзве душы» не проста шукаюць свой шлях у рэвалюцыю. Яны задумваюцца над тым, як у гэтых віхурных падзеях, калі ламаюцца звыклыя ўстоі, не толькі выжыць, застацца людзьмі, але і зрабіць першы, прытым самы важны крок да нацыянальнага самавызначэння. Апошняе немагчыма без адраджэння сваіх духоўных пачаткаў. Для Ігнася Абдзіраловіча стаяла пытанне — прымаць ці не прымаць рэвалюцыю. Яму было мала ўспрыняць яе як небывалы дасюль сацыяльны зрух у жыцці. Спакою не даюць іншыя сумненні. Ён не супраць змен у грамадстве. Толькі чый бок узяць? З кім ісці далей? З людзьмі без роду-племені, якія, падобна Гаршчку, гатовыя ўсё на сваім шляху ламаць? А можа, разам з Міколам Канцавым, Ірай Сакавічанкай, Сухавеем, якія, хоць у нечым і суб’ектыўныя, празмерна максімалістычныя, але дбаюць пра Беларусь заўтрашнюю. 

У «Дзвюх душах» многае застаецца па-за зместам, і нанава пераасэнсоўваць яго — значыць, яшчэ глыбей спасцігаць сутнасць пісьменніцкай задумы, адкрываючы для сябе ўсю значнасць вобразаў. Аповесць створана з думкай пра тое, каб чалавечая душа ніколі не дваілася. Да чаго гэта можа прывесці, добра відаць на прыкладзе Ігнася Абдзіраловіча. Але ж на яго прыкладзе відаць і іншае: чалавек на тое і чалавек, каб у самых складаных, нават, здавалася б, безвыходных сітуацыях застацца чалавекам. Гэта герою Максіма Гарэцкага ўдалося.

Ад задумы да здзяйснення

У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» падзеі адбываюцца ў 1915–1918 гадах. Раман заканчваецца тым, што ў пачатку 1919 года ў Вільню ўступае Чырвоная Армія. Ён мог бы не з’явіцца, калі б на момант напісання Максім Гарэцкі не меў значнага мастакоўскага вопыту. Пісьменнік ужо навучыўся выпісваць яркія, неардынарныя, запамінальныя характары. Галоўным героем стаў Мацей Мышка. Аповед вядзецца ад яго імя. Гэта найперш яго споведзь. 

Хведар Чарнышэвіч, Максім Гарэцкі, Лявон Гмырак.

Па словах Гаўрылы Гарэцкага, Максім збіраўся «напісаць хроніку адной сям’і, некалькіх яе пакаленняў, пачынаючы ад прыгону і да нашых дзён... У гісторыі гэтай сям’і сродкамі мастацкага слова павінны былі адлюстравацца асноўныя змены ўсяго ладу жыцця Беларусі: гаспадарчага, палітычнага, ідэалагічнага, культурнага, бытавога. Жанр сямейнай хронікі дазваляў ахапіць прасторы і многія з’явы на працягу доўгага часу, спалучыць гэтыя з’явы праз асабістае ўспрыманне аўтара хранікальных запісаў, падаць іх лірыка-псіхалагічную афарбоўку, асаблівую шчырасць».

У рамане, апроч Мацея Мышкі, нямала і іншых каларытных вобразаў. У ліку іх і тыя, хто з’яўляецца натхняльнікам барацьбітоў на святую справу, — віленскія камунары. Гэта Кунігас-Ляўданскі, Вяржбіцкі, Шымілевіч.... Адданасць рэвалюцыі, савецкай уладзе для іх — не пустыя словы. Таму яны, калі на Рабочы клуб напалі палякі, апошнія патроны пакінулі сабе...

Героі «Віленскіх камунараў» адначасова праходзяць дарогамі пакут і мужнасці. Аднак, як бы цяжка гэта ім ні давалася, заўсёды і ва ўсім імкнуцца заставацца людзьмі. У гэтым відавочны жыццесцвярджальны пафас твора.

Камароўка — тая ж Багацькаўка

«Камароўская хроніка» — галоўны твор Максіма Гарэцкага. У артыкуле «Думкі і развагі» ёсць такое яго сведчанне: «Бываюць творы: усе лініі ў іх строгай правільнасці, яны прыгожыя, а нас не цягнуць. І другія творы: нейкі недахват у іх невялікі, але гэты недахват такі любы і прыгожы, што магнэсам цягне». Быццам наперад зазіраў ён, сцвярджаючы гэта. Аповесці ў яе класічным, традыцыйным разуменні як бы няма. У адно цэлае зліліся элементы самой аповесці і дзённікавыя запісы, згадкі-ўспаміны і вытрымкі з лістоў. Па сваёй сюжэтнай пабудове гэта сапраўды і ёсць хроніка. 

Канчаткова задума «Камароўскай хронікі» акрэслілася толькі ў 1935 годзе. Дачка пісьменніка Галіна Максімаўна падлічыла, што ў ёй сустракаецца каля 400 розных геаграфічных назваў — гарадоў, вёсак, станцый, хутароў, панскіх дамоў. Назвы некаторых з іх у творы зменены. Часам падаецца нават па некалькі варыянтаў. 

Разблытваецца і разблытваецца клубок лёсаў. З 1863 года адлік бярэцца. Калі ўсё тое, што было да гэтага, да адмены прыгоннага права, згадваецца толькі мімаходзь, то цяпер прысутнічае канкрэтыка. Хто і калі нарадзіўся, хто і калі памёр, хто з кім і ў якім сваяцтве знаходзіцца. Якою сям’ёю людзі жылі. Быў у ёй дастатак ці панавала няшчымніца. Апошняе, на жаль, у Камароўцы пераважала. Як і ў іншых вёсках, што знаходзіліся вакол. 

Аднак, канечне ж, Камароўка — той эпіцэнтр, сілавое поле якога нязменна прыцягвае да сябе пісьменніка. Менавіта праз Камароўку паказвае Максім Гарэцкі лёс беларускага сялянства. Год за годам робіць гэта. Гады складваюцца ў перыяды: 1863–1905, 1905–1917, 1917–1921, 1922–1923, 1924–1937. Адпаведна, у творы і пяць раздзелаў. 

Слава жыццю і слава... смерці

Нейкі час Максім Гарэцкі жыў у горадзе Вятцы (Расія). Пасля пераехаў у гарадскі пасёлак Пясочня тагачаснай Смаленскай вобласці. Выкладаў рускую мову і літаратуру ў мясцовай сярэдняй школе. Змог нават двойчы наведацца ў Багацькаўку. У Пясочню да яго прыязджаў брат Гаўрыла з жонкай. Дый сям’я знаходзілася поруч. Пайшоў з жыцця 10 лютага 1938 года. З небыцця, але і з самой вечнасці гучыць яго голас, калі пачынаеш чытаць апошні твор «Скарбы жыцця»:

«Браму скарбаў сваіх адчыняю: падходжу і так, падходжу і гэтак, пасяджу, адсапнуся — і зноў адчыняю, псую сабе гумар.

Цяжкаватая брама, панурая вельмі, завесы на ёй паржавелі, замок папсаваўся, ключ у замку не хоча круціцца, — замардавала мяне».

Вечнасць была для яго зыходным пунктам, ад якога дарога вяла ў бяссмерце. Апроч прозы, напісаў драматургічныя творы, «Гісторыю беларускае літаратуры». Разам з братам склаў «Руска-беларускі слоўнік». Пісаў для дзяцей. Займаўся перакладам. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Фота з фондаў БДАМЛМ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».