Вы тут

«Пахаванне дзеда» ў Гарадоцкім раёне — незвычайная масленічная традыцыя


«Добры быў дзядок, але ўсіх баб патоўк» — пад такія галашэнні ў вёсцы Даўгаполле Гарадоцкага раёна праводзяць у апошні шлях апошняга мужчыну сярод вяскоўцаў дзеда Цімку на 101-м годзе жыцця. Цімафей Васільевіч штогод памірае ў першы дзень масленічнага тыдня, падавіўшыся косткай ці то з мяса, якое здабыў падчас палявання, ці то з пачастункаў адной са шматлікіх палюбоўніц. Аб любоўных здольнасцях старога ў вёсцы ведалі не па чутках: маючы законную жонку, дзед быў спрытны і на заляцанні да астатніх жанчын: каму дровы пакалоць, каму — цукерак прынесці. На развітанне з сімвалам мужчынскай сілы Даўгаполля збіраліся ўсе: удава, сяброўкі-суседкі, якія ўжо, не хаваючыся, галасілі аб адзіным на ўсю вёску кавалеры.


Нябожчыка, як і заведзена, клалі на лаву галавой да чырвонага кута, прыкрываючы белым лёгкім покрывам. Рукі складвалі на грудзях, адно толькі вочы не закрывалі — не атрымлівалася. Дзед вельмі ахвочы быў да жыцця: нават доктар, якога выклікала ўдава на дапамогу, раз за разам знаходзіў у Цімафея Васільевіча пульс, імкнуўся вярнуць да жыцця гонар усіх адзінокіх вясковых жанчын уколамі і таблеткамі, але ўсё дарэмна — нябожчык не ўставаў. Затое нават на покуці не хаваў сваіх юрлівых намераў — адказваў на галашэнні палюбоўніц шавяленнем у штанах (прывязанай за нітку морквай).

З мэтай упэўніцца ў смерці сумленнага грамадзяніна і выдаць жонцы даведку на атрыманне «хаўтурных» грошай прыходзіў міліцыянер, доўга выпытваў у прысутных прычыну смерці Цімафея Васільевіча і падазраваў кожную, хто горка ўсхліпваў каля труны. Гэтым часам слязлівыя галашэнні сябровак і ўдавы пераходзілі на вясёлыя гісторыі аб тым, як баба забірала ў старога пенсію, а той, небарака, заўсёды знаходзіў спосаб разлічыцца з суседкамі натурай.

І калі ўжо канчаткова і беспаваротна было высветлена, што дзед усё ж такі не паднімецца, запрашалі святара, які, здаецца, чамусьці нябожчыка баяўся і, махнуўшы кадзілам два разы, раіў хутчэй браць лапаты і везці дзеда за рэчку. Там дарэчы, для яго ўжо была падрыхтавана яма ў снезе, жанчыны апошні раз развітваліся з Цімкам і кідалі замест зямлі па тры жменькі снегу. Потым ішлі ў хату нябожчыка ладзіць памінкі, якія пасля некалькіх паднятых «за спачын» чарак плаўна пераходзілі ў святочныя вячоркі. Далучаўся гарманіст — і жанчыны ўвогуле забываліся, па якой прычыне сабраліся сёння, пачынаючы падбіраць удаве новага мужа...

Ну як табе, паважаны чытач, такія хаўтуры? Згадзіся, не вельмі смешна, аднак хаваюць на Гарадоччыне не звычайнага мужчыну, а саламяную ляльку, аналагічную чалавеку па памерах. Даўняя традыцыя так сустракаць свята вясны ў першы масленічны дзень зарадзілася ў раёне шмат дзесяцігоддзяў таму, сёння яе працягваюць старажылы і культработнікі Даўгапольскага сельскага клуба: разам рыхтуюць «дзеда», разам накрываюць святочны стол, на якім няма мясных страў, затое абавязкова прысутнічаюць яечня і сырніца.

Прататыпам дзеда, якога закопваюць у снег, быў сапраўдны старажыл вёскі, якога звалі Цімафей. Ён таксама адрозніваўся сваёй мужчынскай харызмай і вялікай любоўю да ўсіх прадстаўніц супрацьлеглага полу. Баба, па мясцовых павер'ях, памірала праз тыдзень пасля дзеда ў суботу — яе чучала, звыклае для ўсіх беларусаў, традыцыйна паляць, але не на Гарадоччыне. Масленічная гульня-абрад звычайна пераходзіць ад хаты да хаты Даўгапольскага сельсавета, а ролю ўдавы адыгрывае гаспадыня, якая прымае гасцей.

Абрад «Пахаванне дзеда» занесены ў Спіс аб'ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, аналагаў яму няма ні ў адным іншым рэгіёне. Вядома, вытрымаць на першы погляд рэальныя хаўтуры змогуць не ўсе — вельмі праўдзіва галосяць па дзедзе жанчыны, аднак гумарэскі і гісторыі з эратычным падтэкстам хутка ўсё расстаўляюць па месцах. Менавіта па гэтай прычыне на своеасаблівыя пасядзелкі не запрашалі маладых дзяўчат і дзяцей. А яшчэ лічылася, што чым гучней будзе смех на памінках, тым хутчэй прыйдзе вясна — без гармоніка і звонкіх прыпевак не прайшлі ні адны хаўтуры.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.