Вы тут

На Навагрудчыну — з розных куткоў Беларусі і свету!..


Літаратурна-мастацкай Меккай уяўляецца Навагрудскі край, ды і сам старажытны Навагрудак – у першую чаргу. Уражанні ад сустрэч з гэтых мясцінамі – у творах розных беларускіх і не толькі беларускіх пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, публіцыстаў…

Вось, прыкладам, чалавек, творца з Капыльшчыны – Алесь Бельскі, доктар філалагічных навук (нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Цімкавічы Капыльскага раёна, на Міншчыне). Але ж паслухаем самога пісьменніка:


Навагрудак. Паштоўка з калекцыі У. Ліхадзедава.

... — У Наваградку я быў з сябрамі — Дзімам Лебядзевічам, Ігарам Жуком і іншымі ўдзельнікамі традыцыйных Купалаўскіх чытанняў. Наведваўся і на Свіцязь, паэтызаваную Міцкевічам, з Анатолем Бутэвічам, Міхасём Шавыркіным, а таксама беларускімі і замежнымі навукоўцамі... Улетку, у 2022-м годзе, знайшліся ўнікальныя дакументы. Мой прадзед Сільвестр — выпускнік фізіка-матэматычнага і літаратурнага факультэтаў Віленскага ўніверсітэта. Як, дарэчы, і Тамаш Зан. Кандыдат філасофіі, потым прафесар. Віленскі ўніверсітэт ён скончыў у 1820 годзе. А Міцкевіч — у 1819-м... У кнігах навучэнцаў (студэнтаў) яго імя фігуруе поруч з імёнамі Міцкевіча, Дамейкі, іншых філаматаў, філарэтаў. Потым ён, іераманах, стаў наглядчыкам (кажучы сучаснай мовай — рэктарам) Мілецкага духоўнага вучылішча, у якім навучаліся дзеці духавенства Віленскай епархіі. Сільвестр адстойваў перад Сямашкам права на навучанне дзяцей на роднай мове. У 45 гадоў пакінуў духоўны сан, пашлюбаваўся з прыгажуняй Марыянай Вайніловіч, сваячкай Адама Міцкевіча. У іх нарадзіўся сын — мой дзядуля Антоні... Дарэчы, другі хрост маці Адама Міцкевіча Барбары Радзівіл адбыўся ў Скіп’ёве, гэта паблізу Цімкавіч. Так што, карані Міцкевіча па матчынай лініі ў Капылі і каля Капыля (тагачасны Наваградскі павет)...

Крыху з біяграфіі вучонага і пісьменніка Алеся Іванавіча Бельскага. У 1980 — 1981 гг. працаваў старшым піянерважатым Руднянскай васьмігадовай школы. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). Працаваў настаўнікам у СШ N 55 г. Мінска, быў намеснікам дырэктара Слабадской васьмігадовай школы Мінскага раёна (1985 — 1986). З 1986 года па цяперашні час у БДУ: аспірант, выкладчык, дацэнт, загадваў кафедрай даўніверсітэцкай адукацыі, дактарант, з 1999 г. — прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры. У 2000 — 2002 гг. узначальваў лабараторыю літаратурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі. З 2001 года адначасова — і галоўны рэдактар навукова-метадычнага часопіса «Беларуская мова і літаратура». З 2004 года — намеснік галоўнага рэдактара навукова-метадычнага часопіса «Роднае слова». Аўтар кніг «Галасы і вобразы», «Класікі і сучаснікі ў школе», «Экалогія душы» і іншых асобных выданняў, а таксама Алесь Іванавіч з’яўляецца аўтарам болей як 500 (!) літаратурна-крытычных артыкулаў, творчых партрэтаў, рэцэнзій, публікацый у іншых жанраў. Піша і вершы. 

... Адзін з адкрывальнікаў Навагрудка, Навагрудчыны як прасторы, што натхняе на творчыя здзйясненні, — празаік, паэт, публіцыст Валерый Мікалаевіч Казакоў (нарадзіўся 26 кастрычніка 1952 года на Магілёўшчыне, у Чавускім раёне, на чыгуначнай станцыі Рэста). Стала ён жыве ў Расійскай Федэрацыі, у Маскве. Болей паўвека назад быў прызваны ва Узброеныя сілы СССР, стаў ваенным журналістам, працаваў у «Красной звезде», закончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага. Так і застаўся ў Расіі... Піша ў асноўным на рускай мове. А вось у Беларусі заснаваў лецішча — у Карэліцкім раёне, на хутары паблізу вёскі Літараўшчына. А гэта, як вядома, Райцаўскі сельсавет... Прастора вёсак Варонча, Гарбатавічы, Рамейкі... Не так далёка і да Навагрудка... Вось што расказвае сам Валерый Мікалаевіч:

— Вось што напісалася мне раней, калі толькі зазірнуў, увайшоў у стыхію навагрудскіх летапісаў... Дазвольце працытаваць тое эмацыйнае назіранне цалкам: «Час рухаецца незалежна ад нас і хацелі б мы таго ці не, ён нам не падуладны. Тое, што было, ужо ёсць, а што будзе прыхавана шэрай посцілкай нашай сённяшняй рэчаіснасці і толькі пражыло мінуту, гадзіну, дзень, год, мы ўпэўнена можам сказаць, гэта ўжо ёсць і будзе ў стагоддзях. Але што нам стагоддзі, калі сённяшняя нястача і клопаты гоняць нас па вылізаных жорсткім стагоддзем дарогах хуткаплыннага жыцця? Але ёсць падзеі, аб каторыя ты спатыкаешся, і нікчэмнасць побытавай камуналкі ляціць некуды далёка, і для цябе адкрываецца прадонне бяздоннага неба і невынішчальная моц твайго каштоўнага і гэткага ж бясконцага існавання, роўнага глытку свабоды і ўсяго Сусвету.

Гэта было ўжо даўно, гадоў дваццаць, а мо і болей, таму. Была восень. Ізноў восень, я асенні і заўсёды яе чакаю. Чакаю самазабыўна, па-хлапечы, як быццам гэтай восенню адбудзецца нешта незвычайнае! І яно здзяйсняецца! Можа быць, толькі і я, і ўсе навокал не заўсёды гэта заўважаем.

Рабая восень са скалустым тварам крывіцкага сонца глядзела на свет раскосай жоўтай лістотай таполяў. Гэтыя вочы марудна слізгацелі ў празрыстым бліскучым паветры і, некалькі разоў міргануўшы, з лёгкім шорахам апускаліся на зямлю. Я ішоў па асенняму дывану, які лёгка шапацеў. Дзікі, як начное выццё ваўка, сум марудна ўсплываў у душу. Хацелася сарваць вопратку і, скурчыўшыся ад дотыку звярынай скуры да голага цела, разарваць нябачную заслону часу і заскакаць вакол вогнішча з вялікім бязважкім бубнам у руках. Хацелася да вытокаў, галава кружылася падобна лістоце, і гэтае кружэнне набывала сілу, якая аддзяляла дух ад цела. Марудна гасла сонца, прастора сціскалася, яшчэ імгненне — і ўвесь гэты велізарны свет пераўтварыўся ў дробную, ледзьве бачную кропку. Пад шчыльна сціснутымі павекамі ўжо пульсіравала светлая пустэча. Палёт пачаўся. Аднак нейкая невядомая сіла раптоўна вярнула ўсё на свае месцы.

Ціха падала лістота. Сонца прыжмурвалася блакітнымі, беларускімі вачыма святога Мікалая. Хацелася плакаць і маліцца...» Так, усё гэта напісалася даўно, пасля майго пагружэння ў летапісныя прасторы края, дагэтуль мною не асэнсаванага як след, края, які дагэтуль знаходзіўся на адлегласці ад мяне. Менавіта перад чорным ангелам на гарадскім гербе, я злавіў сябе на думцы, што мая адзічалая ў чужых землях сутнасць, пэўна, вярнулася ўсё ж дадому. Пазней, у сляпучых завеях, якія прывольна гулялі над дахамі майго карэліцка-наваградскага хутара, я ўбачыў, а можа і ўявіў, малюнкі мінулага маёй роднай зямлі. Размаўляў з Міндоўгам, нашым першым і адзіным каралём. Можа быць, некалі напішу пра нашы гутаркі і спрэчкі. Глупства, канешне ж, але я хадзіў у госці да Міцкевіча, балазе ён нарадзіўся ад майго сённяшняга прытулку ўсяго праз чатыры грудочкі, у Завоссі, цяпер ужо баранавіцкім, ды і сам гэты хутар, маёй душы хутар, набыў я ў Сапліц, даўніх сяброў і ворагаў прашчураў пана Адама... Ад маёнтка, дзе жыло першае і адзінае каханне нашага генія, застаўся толькі запушчаны парк. Шкада, мне нават неяк няёмка перад душамі гэтых людзей. Можа і так стацца, што яны жывыя і дагэтуль на знаёмых нам прасторах, а не мы... Што ж ужо сарамліва адварочвацца, шмат хто і з нашых сучаснікаў бачыць на гэтых летапісных прасторах, у гэтай летапіснай прыгажосці адно толькі надоі малака і цэнтнеры кармавой пшаніцы. «Не хлебам адзіным жыве чалавек», калі ён захаваў у сабе вобраз Божы, але часта мы пра гэта згадваем..? Хто спасціг веліч Навагрудка, станавы хрыбет нашай дзяржаўнасці і незалежнасці, той ужо з гэтай Замкавай гары не сыйдзе і толькі Чорны Ангел праз стагоддзі будзе ўзнёсла лунаць над нашымі галовамі...

Валерый Казакоў пасля заканчэння сярэдняй школы ў Магілёве працаваў на Магілёўскім ліфтабудаўнічым заводзе. Тэрміновую службу магіляўчанін праходзіў у Эстоніі і Групе савецкіх войск у Германіі. Закончыў Валерый Казакоў вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Служыў на розных камандных пасадах ва Узброеных сілах СССР. Некаторы час — карэспандэнтам газеты Міністэрства абароны СССР «Красная звезда». Член Саюза журналістаў СССР. Пасля звальнення з вайсковай службы — у Расійскім Саюзе ветэранаў Афганістана, Савеце Бяспекі Расійскай Федэрацыі, Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Палкоўнік запаса. Узнагароджаны трыма расійскімі ардэнамі, болей як 40 медалямі СССР, Расійскай Федэрацыі. А таксама — медалём Францыска Скарыны (Рэспубліка Беларусь). Закончыў аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, абараніў дысертацыю. Кандыдат сацыялагічных навук. Узначальваў ФНКА «Беларусы Расіі». Надзвычай шмат рэалізаваў ініцыятыў, звязаных з напаўненнем музеяў Беларусі страчанымі раней мастацкімі каштоўнасцямі. Член Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай Дзяржавы. Аўтар кніг прозы і публіцыстыкі «Разбітае люстэрка Карабаха», «Асфальт і цені», «Запіскі каланіяльнага чыноўніка», «Халопы», «Цень Гобліна», «Горад, які заўсёды са мною», «Чорны кот», паэтычнага зборніка «Філасофія гука», іншых выданняў. Творы Валерыя Казакова перакладзены на беларускую, англійскую, польскую, чарнагорскую, таджыкскую, туркменскую, марыйскую, казахскую, сербскую, кітайскую, татарскую, чачэнскую і іншыя мовы народаў свету.

Беларускі чытач добра ведае паэта, перакладчыка, публіцыста Міколу Мятліцкага (1954 — 2021), які нарадзіўся ў вёсцы Бабчын Хойніцкага раёна, на Гомельшчыне. Мікалай Міхайлавіч — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1998), лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры (за кнігу перакладаў з кітайскай паэзіі «Пад крыламі Дракона»). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2010). Аўтар многіх паэтычных кніг. Ёсць у творчай спадчыне паэта і верш, прысвечаны жамчужыне беларускай прыроды, — «Свіцязь»:

Шчаслівы, што ў вадзе празрыстай самай

Салодка млела ў юнацтве цела,

І возера стагоддзяў галаграмай

Пад небнаю сінечай зіхацела.

 

Быў чутны пошчак дзятлавай марзянкі

Над сонечна-праменным даляглядам,

Дзе вочы незабыўнай свіцязянкі

Зліваліся з Міцкевіча паглядам.

 

Я скмеціў міг той, што вякі чаруе,

Жыве нязбытай сілаю кахання,

І чуў: яна, Паэзія, царуе

У чуйным ветру ранішнім дыханні,

У пошапку зраселае лістоты,

У пошуме падсіненае хвалі.

Яе жывыя, сонечныя ноты

Пяшчотаю на сэрца наплывалі.

 

І ўбачыў я знаёмае аблічча —

Стаяў Паэт над возерам, як віцязь,

І білася ля ног парыўна-звычна

Яго — навекі,

На век — наша

Свіцязь.

Мне асабліва прыемна, што гэты верш увайшоў у кнігу «Існасць» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2020), якую Мікалай Міхайлавіч падпісаў аўтару гэтых радкоў наступным чынам: «Дарагому Алесю Мікалаевічу Карлюкевічу — з удзячнасцю за тое, што ў нялёгкі наш час дапамог дайсці да „Існасці“. Здароўя, шчасця, дабра. Мікола Мятліцкі . 12.07. 2020 г.» Дзякуй, Мікалай Міхайлавіч, за Свіцязь!.. Нагадаем, што Мікола Мятліцкі — аўтар паэтычных кніг «Абеліск у жыце» (1980), «Мой дзень зямны» (1985), «Ружа вятроў» (1987), «Горкі вырай» (1989), «Шлях чалавечы» (1989), «Палескі смутак» (1991), «Блаславенне» (1991), «Няправільныя санкі» (1991), «Чаканне сонца» (1994), «Бабчын» (1996), «Хойніцкі сшытак» (1999), «Жыцця глыбінныя віры» (2001), «Замкнёны дом» (2005), «На беразе маім» (2010) і іншых зборнікаў.

Часты госць на Навагрудчыне — член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі філакартыст, краязнаўца Уладзімір Ліхадзедаў (нарадзіўся ў 1965 годзе ў Полацку). Закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры. Аўтар многіх публікацый, дзе з дапамогай рэпрадукцый старых паштовак з уласнай калекцыі (а яна сёння складае некалькі дзесяткаў тысяч паштовак канца XIX — пачатку XX стст.) расказвае пра даўніну беларускіх паселішчаў. Друкаваўся ў газетах «СБ. Беларусь сегодня», «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «голас Радзімы», часопісах «Банкаўскі веснік», «Беларусь», «Маладосць». Пачынаючы з 2004 года, Уладзімір Ліхадзедаў выдаў серыю філакартычных альбомаў пад агульнай назвай «У пошуках страчанага». Усяго да чытача прыйшло болей як сорак кніг краязнаўца і калекцыянера. Гістарычныя вышукі Уладзіміра Ліхадзедава адзначаны Прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», Прэміяй Беларускага Саюза Журналістаў «Залатое пяро», расійскай грамадскай узнагародай «За вялікі ўклад ў калекцыйную справу Расіі». Пісьменнік, краязнаўца з’яўляецца і аўтарам філакартычных альбомаў «Навагрудак. Падарожжа ў часе» (2019), «Адам Міцкевіч на паштоўках канца XIX — пачатку XX стагоддзя» (2008), якія тэматычна звязаны з Навагрудчынай, Навагрудкам. У прадмове да філакартычнай кнігі пра Навагрудак «Ведай мінулае, любі цяперашняе, думай пра будучыню» чытаем наступнае: «У кожнага чалавека ёсць свой любімы горад. Часцей за ўсё гэта горад, дзе праімчалася дзяцінства, бо менавіта з ім звязаныя самыя дарагія сэрцу ўспаміны. Гэтаму гораду зусім не абавязкова быць сталіцай, горадам-мільянерам, ён можа быць маленкьім, ціхім, але вельмі родным... <...> Навагрудак цікавы для турыстаў з розных краін. Пакланіцца святыням Навагрудскага краю, памяці славутых землякоў прыязджаюць госці з блізкага і далёкага замежжа.

Пра Навагрудчыну, пра важныя факты яе гісторыі, падзеі, людзей можна гаварыць бясконца. Але адно можна сказаць з упэўненасцю: сёння Наваградчына дынамічна развіваецца. Абапіраючыся на шматвяковыя традыцыі, досвед ветэранаў і энергію маладых, талент і працавітасць жыхароў горада і раёна, у міры і згодзе, мы поўныя рашучасці зрабіць годны ўнёсак у вытворча-эканамічнае і сацыяльна-культурнае развіцц Рэспублікі Беларусь, перадаць эстафету добрых спраў і здзяйсненняў наступным пакаленням.

Гісторыя перапісваецца, бо чалавечая памяць кароткая. І толькі старыя фатаграфіі захоўваюць маўклівую праўду аб мінулым і абуджаюць жаданне зразумець той час і тых людзей, якія ўзіраюцца з пажоўклых фота ў будучыню. Старыя здымкі відавочна паказваюць тыя ці іншыя падзеі і як успрымалі людзі тое, што адбывалася. І хай маўчыць фатаграфія, але не маўчыць памяць, якая перадае з пакалення ў пакаленне гісторыю нашай малой радзімы — Навагрудчыны».

Кніга Уладзіміра Ліхадзедава, прысвечаная Навагрудку, складаецца з наступных раздзелаў: «Навагрудак. Канец XIX — пачатак XX стагоддзя»; «Навагрудак. 1915 — 1918 гады»; «Навагрудак. 1920 — 1930-я гады»; «Адам Міцкевіч. Мясціны любыя сэрцу». Магчыма, Уладзімір Ліхадзедаў праз свае філакартычныя альбомы яшчэ і надалей звернецца да гісторыі Навагрудскага краю. 

Прыемных падарожжаў па Навагрудчыне і Навагрудку ўсім, не толькі пісьменнікам і краязнаўцам!.. Кожная ваша вандроўка прынясе вам процьму цікавых, захапляльных уражанняў!..

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.