Вы тут

Швед расказаў парламенту аб выніках дзейнасці органаў пракуратуры


Згодна з новай Канстытуцыяй, упершыню ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі з’явілася магчымасць з першых вуснаў даведацца аб многіх ключавых сферах дзейнасці, якія знаходзяцца ў зоне кампетэнцыі органаў пракуратуры, задаць пытанні генеральнаму пракурору. Гэтая новая парламенцкая традыцыя стане штогадовай. 


Як адзначыў на пачатку сумеснага пасяджэння Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, у адпаведнасці з абноўленым Асноўным Законам краіны на палаты Нацыянальнага сходу ўскладзена канстытуцыйная функцыя — штогод заслухоўваць інфармацыю генеральнага пракурора, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю і старшыні Праўлення Нацыянальнага банка аб выніках іх дзейнасці. «Гэтую кампетэнцыю варта разглядаць як важны элемент палітычнай рэформы, якая праходзіць у краіне, мэта якой — максімальна ўцягнуць грамадзян у працэс прыняцця дзяржаўных рашэнняў, у тым ліку праз мясцовыя Саветы дэпутатаў, Усебеларускі народны сход і, вядома, Парламент, — звярнуў увагу ён. — Мы разлічваем, што падобныя сустрэчы з кіраўнікамі ключавых дзяржаўных ведамстваў дазволяць нам павысіць ступень інфармаванасці грамадскасці аб становішчы спраў у краіне, рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі і ўзмацніць зваротную сувязь з выбаршчыкамі».

Парламентарыі шчыльна супрацоўнічаюць з Генеральнай пракуратурай па самым шырокім коле пытанняў. Перш за ўсё, гэта датычыцца падрыхтоўкі і прыняцця заканадаўчых рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне суверэнітэту і нацыянальнай бяспекі, грамадскай згоды і парадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Яшчэ адным важным напрамкам сумеснай дзейнасці парламента і органаў пракуратуры з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб. Многія пытанні, з якімі выбаршчыкі ідуць да парламентарыяў, патрабуюць пракурорскага рэагавання. 

Забойстваў менш, ахвяр ашуканцаў больш

Генеральны пракурор пачаў свой даклад з кароткай характарыстыкі крымінагеннай абстаноўкі ў краіне. У выніку прынятых праваахоўнымі органамі мер у краіне на належным узроўні гарантавана грамадская бяспека, абарона грамадзян ад злачынных замахаў. Колькасць зарэгістраваных у 2022 годзе злачынстваў засталася на ўзроўні 2021 года.

— Дзякуючы прынятым мерам, удалося дабіцца істотнага зніжэння колькасці асоб, якія загінулі ад злачынстваў, — паведаміў Андрэй Швед. — Менш зарэгістравана забойстваў, фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Разам з тым амаль на 11% павялічылася колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у асноўным за кошт махлярстваў у буйным і асабліва буйным памеры. Колькасць асоб, якія пацярпелі ад ашуканскіх дзеянняў, павялічылася ў два разы. 

Асаблівую занепакоенасць органаў пракуратуры выклікае істотны рост колькасці пацярпелых пенсіянераў, у тым ліку старэйшых за 70 гадоў. Звычайна карціна злачынства наступная. Злачынца тэлефануе пацярпеламу і паведамляе, што ягоны сваяк стаў вінаватым у аварыі. Для вырашэння пытання аб пазбяганні адказнасці неабходна перавесці грошы. Людзі трапляюцца на хітрыкі і аддаюць апошняе. Пры раскрыцці злачынстваў названай катэгорыі ёсць аб’ектыўныя цяжкасці ва ўстанаўленні арганізатараў, якія нярэдка знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў. Акрамя таго, адзначаецца тэндэнцыя здзяйснення кіберзлачынстваў з мэтай дэстабілізацыі грамадска-палітычнага становішча, парушэння арганізацыі работы дзяржаўных органаў і арганізацый.

Наркапагроза захоўваецца 

Інфармуючы аб выніках барацьбы з нарказлачыннасцю, генеральны пракурор заявіў пра тэндэнцыю скарачэння колькасці нарказлачынстваў. Пры гэтым, па яго словах, напалову скарацілася колькасць фактаў збыту наркотыкаў, якія прывялі да смерці чалавека. Нязначна, але знізілася і колькасць непаўналетніх, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў.

Андрэй Швед спыніўся на новай форме здзяйснення злачынстваў, калі інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў актыўна ўцягваюць маладых людзей у сваю супрацьпраўную дзейнасць, у тым ліку па «выбіванні» даўгоў з наркакур’ераў. Ëсць факты, калі па ўказанні арганізатараў наркабізнесу падлеткі жорстка збівалі «наркакур’ераў, якія правініліся», наносячы дзясяткі ўдараў драўлянымі бітамі і металічнымі прутамі. Дайшлі да таго, што адной дзяўчыне адрэзалі фалангу пальца. Тром асобам нанесены цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пабоі і катаванні запісваліся на відэа і з мэтай запалохвання іншых наркакур’ераў дэманстраваліся ў інтэрнэце. У мінулым годзе ўзбуджаны крымінальныя справы аб такіх злачынствах у дачыненні да 16 асоб.

Фактычна пры злачынных групах ствараюцца службы бяспекі з маладых людзей, якія за грошы гатовы здзейсніць любое злачынства. Як лічыць генпракурор, падобныя фарміраванні могуць і ў далейшым прыцягвацца для здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкага характару. Гэтым фактам даецца жорсткая, прынцыповая ацэнка.

Як паведамі Андрэй Швед, у 2022 годзе ўстаноўлены 502 асобы, якія ўчынілі злачынствы супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх, ад супрацьпраўных дзеянняў якіх пацярпелі 922 дзіцяці. Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры падрыхтаваны праект Закона, які прадугледжвае ўстанаўленне асобнага парадку прымянення мер бяспекі ў адносінах да асоб, якія ўчынілі сексуальныя злачынствы супраць дзяцей.

Рашуча і бескампрамісна

Кажучы аб карупцыйных праявах, Андрэй Швед падкрэсліў, што ў нашай краіне гэтая з’ява разглядаецца як адна з пагроз нацыянальнай бяспецы. «Мы кіруемся патрабаваннямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб тым, што барацьба з карупцыяй на ўсіх узроўнях павінна быць рашучай і бескампраміснай, — удакладніў генпракурор. — У 2022 годзе колькасць улічаных карупцыйных злачынстваў засталася на ранейшым узроўні. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 819 асоб, з іх 21 займала адказнае становішча».

Найбольш распаўсюджаны факты крадзяжоў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, атрымання хабару. Значная колькасць злачынстваў здзейснена ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, гандлі і будаўніцтве.

Органы пракуратуры працягваюць работу па супрацьдзеянні экстрэмізму. Арганізатарам, каардынатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкай дзейнасці не ўдасца пазбегнуць адказнасці. У адносінах да арганізатараў і ўдзельнікаў экстрэмісцкіх структур, якія хаваюцца за межамі Рэспублікі Беларусь, вядзецца спецыяльная вытворчасць.

Як паведаміў Андрэй Швед, жорсткая і своечасовая рэакцыя праваахоўных органаў дазволіла навесці ў гэтым пытанні парадак. З 2020 года пракурорамі падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне амаль па трох тысячах крымінальных спраў аб экстрэмісцкіх злачынствах у дачыненні да 3645 асоб. 

Папярэдзіць трагедыю 

Асаблівая ўвага органамі пракуратуры ўдзяляецца прафілактыцы гібелі грамадзян ад знешніх прычын. У прыватнасці, сумесная работа органаў пракуратуры, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і мясцовай улады дала свой эфект. У 2022 годзе колькасць пажараў знізілася амаль на 5%, а колькасць загінулых у іх грамадзян — амаль на 7%.

Летась годзе па віне асоб, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення, адбылося 756 пажараў, у 381 з якіх загінулі людзі. Па словах генеральнага пракурора, вынікі пракурорскіх праверак сведчаць аб тым, што значная колькасць пажараў і выпадкаў гібелі на іх людзей — вынік фармалізму і адсутнасці належнага ўзаемадзеяння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншых суб’ектаў прафілактыкі.

Сістэматычна пракурорамі выяўляліся грубыя парушэнні, звязаныя з неналежным абсталяваннем месцаў адпачынку, адсутнасцю інфармацыйных знакаў аб забароне на купанне, незабеспячэннем месцаў адпачынку выратавальнымі пастамі і станцыямі, бескантрольнасцю за выкананнем правапарадку ў месцах адпачынку. Рэалізацыя патрабаванняў органаў пракуратуры садзейнічала пэўнаму паляпшэнню сітуацыі. У 2022 годзе колькасць грамадзян, якія загінулі на вадаёмах, знізілася на 20%. Амаль у два разы ўдалося знізіць гібель непаўналетніх на вадзе. 

Акрамя таго, знізіўся ўзровень вытворчага траўматызму на 5,5%. Пры гэтым колькасць загінулых на вытворчасці засталася на ранейшым узроўні. На 6% летась скарацілася колькасць зарэгістраваных дарожна-транспартных здарэнняў, зменшылася колькасць параненых і загінулых у выніку ДТЗ. Пры гэтым зменшылася колькасць ДТЗ, учыненых па віне п’яных кіроўцаў, а таксама загінулых у такіх аварыях людзей.

У 2022 годзе знізлася і колькасць дзяцей, якія загінулі ад знешніх прычын — на 18%. Па-ранейшаму асноўнымі прычынамі гібелі дзяцей з’яўляюцца ўтапленні, суіцыды, дарожна-транспартныя здарэнні, пажары. «У большасці выпадкаў гібель дзяцей абумоўлена іх неасцярожнасцю і бестурботнасцю, неналежным выкананнем бацькамі абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, — заўважыў Андрэй Швед. — Аднак і службовымі асобамі дзяржаўных устаноў і арганізацый не прыняты ўсе магчымыя меры па забеспячэнні бяспечных умоў іх жыццядзейнасці, па рэалізацыі мер прафілактыкі. Узрасла колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі або пры іх саўдзеле. Павялічылася колькасць крадзяжоў, учыненых падлеткамі».

Ахова здароўя і АПК — на кантролі 

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы органамі пракуратуры праведзена праверка сферы аховы здароўя. Выяўлены сістэмныя недахопы на ўсіх узроўнях: ад сельскіх фельчарска-акушэрскіх пунктаў да абласных бальніц і рэспубліканскіх цэнтраў. Устаноўлены факты ненаведвання медработнікамі дзяцей ва ўзросце да года, неправядзення абавязковых абследаванняў дзяцей. Не створаны ўмовы для рэалізацыі мерапрыемстваў па раннім выяўленні анкалагічных захворванняў. Не забяспечваецца дыспансерызацыя пацыентаў, якія пакутуюць захворваннямі буйных суставаў і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Акрамя таго, выяўлены працяглыя тэрміны чакання аперацый па эндапратэзаванні буйных суставаў. У сельскай мясцовасці ёсць праблемы з забеспячэннем насельніцтва лекамі. У большасці аптэк у сельскіх населеных пунктаў на момант праверкі не было мінімальнага пераліку прэпаратаў.

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці органаў пракуратуры застаецца і захаванне законнасці ў сферы аграпрамысловага комплексу. «Намі зроблены акцэнт на выяўленне рэальнага стану спраў, аператыўнае яго давядзенне да выканаўчай улады ўсіх узроўняў, а таксама на спыненне парушэнняў і забеспячэнне непазбежнасці адказнасці вінаватых, — паведаміў Андрэй Швед. — Шэраг хранічных праблем у АПК захоўваецца: гэта крадзяжы, прыпіскі, карупцыя, безгаспадарчасць. Распаўсюджаны парушэнні, звязаныя з выкарыстаннем сельгастэхнікі, забеспячэннем захаванасці гаруча-змазачных матэрыялаў, угнаенняў і іншай маёмасці».

Беларусы памятаюць 

У завяршэнні даклада Андрэй Швед расказаў аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа. «У якасці пацярпелых і сведак дапытана больш за 16 тысяч асоб, у тым ліку звыш сямі тысяч былых вязняў канцлагераў і дэпартаваных для прымусовага выканання работ, — паведаміў дэталі расследавання генеральны пракурор. — Праведзена 457 аглядаў участкаў мясцовасці меркаваных месцаў знішчэння і пахаванняў мірнага насельніцтва і раскопкі ў 40 месцах. Устаноўлена 90 раней невядомых месцаў прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў перыяд акупацыі». 

Усяго з фіксацыяй геаграфічных каардынат агледжана звыш 500 месцаў прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва, у тым ліку раней вядомыя. Вывучаны архіўныя дакументы, якія пацвярджаюць абставіны іх арганізацыі і функцыянавання. Падчас папярэдняга расследавання дадаткова ўстаноўлена звыш тысячы населеных пунктаў, часткова або поўнасцю знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны, сярод якіх 35 вёсак, якія падзялілі лёс Хатыні.

Міжведамасная рабочая група, створаная па ініцыятыве генеральнай пракуратуры па распараджэнні прэм’ер-міністра, правяла пераразлік шкоды, прычыненай нацысцкімі злачынцамі. Зробленыя разлікі паказалі, што нашай краіне ў цэнах сённяшняга дня нанесена шкода на суму звыш 2,3 трыльёна долараў ЗША, або 43 тысячы тон золата. Пры гэтым названая сума не ўтрымлівае вычарпальных даных па шкодзе, прычыненай вывазам культурных каштоўнасцяў.

Па словах генпракурора, важна, каб звесткі, атрыманыя ў ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, былі ўкаранёны ў навуковую дзейнасць і адукацыйны працэс. І такія прыклады ўжо ёсць. Аднак, як заўважыў Андрэй Швед, некаторыя дзяржаўныя органы не спяшаюцца выкарыстоўваць новыя даныя, устаноўленыя ў рамках следства.

У 30 дзяржаў і міжнародных арганізацый падрыхтаваны і накіраваны 84 даручэнні і просьбы аб арганізацыі допытаў асоб у якасці сведак і атрыманні копій архіўных дакументаў. Па ініцыятыве органаў пракуратуры ва ўсіх дзеючых музейных установах рэспублікі створана 315 экспазіцый, ва ўстановах адукацыі — звыш 3,5 тыс. экспазіцый. Выдадзены два зборнікі інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў: «Генацыд беларускага народа» і «Лагеры смерці». Генеральная пракуратура пры падтрымцы іншых дзяржаўных органаў робіць усё для таго, каб новыя пакаленні нашых суайчыннікаў ніколі не забыліся аб найбольш трагічным перыядзе ў гісторыі нашага народа, каб жыхары іншых краін назаўсёды ўсвядомілі, якую цану дзеля мірнага існавання многіх нацый заплаціў беларускі народ. 


У тэму 

Член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Марына ЛЯНЧЭЎСКАЯ:

— У парламента і органаў пракуратуры заўсёды было шчыльнае, рэзультатыўнае ўзаемадзеянне. Цяпер дзякуючы Канстытуцыі, штогод у нас будзе магчымасць заслухоўваць комплексную інфармацыю ад генеральнага пракурора. Па-першае, гэтая інфармацыя дапаможа нам у далейшай заканатворчай дзейнасці. Яшчэ мы вельмі шчыльна звязаны са сваімі выбаршчыкамі, у якіх вельмі сур’ёзны запыт на атрыманне інфармацыі. Мы як дэпутаты проста абавязаны іх інфармаваць па тых ці іншых актуальных пытаннях. Напрыклад, выбаршчыкаў цікавяць пытанні барацьбы з наркотыкамі. У гэтую негатыўную з’яву, на жаль, уцягнуты нашы дзеці, наша моладзь. І лагічна, што выбаршчыкі задаюцца пытаннямі, што ў нас робіцца ў краіне для папярэджання гэтай праблемы. Варта звярнуць увагу і на тое, якога ўзроўню дасягнула кіберзлачыннасць. Многія грамадзяне нашай краіны, на вялікі жаль, сутыкнуліся з тэлефоннымі махлярамі. Дзякуючы інфармацыі, якую мы атрымалі з вуснаў генеральнага пракурора, у нас ёсць унікальная магчымасць данесці яе да выбаршчыкаў.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК:

— Узаемадзеянне паміж дэпутацкім корпусам і Генеральнай пракуратурай ідзе пастаянна, сістэмна і інтэнсіўна. Сустрэча з генеральным пракурорам карысная для ўсяго дэпутацкага корпуса. Мы атрымалі магчымасць пачуць усю інфармацыю, звязаную з рэзананснымі рэчамі. У прыватнасці, было цікава даведацца, як ідзе расследаванне крымінальнай справы па генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Уздымаліся пытанні, звязаныя з праяўленнямі экстрэмізму і тэрарызму ў тым ліку ў беларускім соцыуме пасля 2020 года. Закон аднолькавы для ўсіх. Нацыяналізм і экстрэмізм у любым фармаце недапушчальны.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.