Вы тут

На Зэльвеншчыне пабывала дэлегацыя Калінінградскай вобласці


На мінулым тыдні паміж Зэльвенскім раёнам і Зеленаградскай муніцыпальнай акругай самага заходняга рэгіёна Расіі быў падпісаны пратакол аб намеры супрацоўніцтва. Мяркуецца, што больш канкрэтная дамоўленасць будзе падпісана летам, калі зэльвенцы прыедуць у знакаміты бурштынавы край са зваротным візітам. Але і цяпер, падчас азнаямленчага прыезду калінінградцаў, удалося вызначыць некаторыя кірункі будучага партнёрства.


У Зэльвенскага раёна ўжо ёсць некалькі партнёраў сярод расійскіх рэгіёнаў, але развіваюцца гэтыя сувязі не зусім так, як хацелася б беларусам. Найлепшыя кантакты пакуль наладжаны з Ніжагародскай вобласцю Расійскай Федэрацыі, праўда, толькі ў культурным сегменце.

Супрацоўніцтва з Калінінградскім рэгіёнам бачыцца найбольш перспектыўным. Гэтаму спрыяе і вялікі праект «Расія — Беларусь: моцнае партнёрства». Для наладжвання сувязяў Гродзенскую вобласць на мінулым тыдні наведала прадстаўнічая дэлегацыя з Калінінграда. Візіт паказаў, што ў расійскага рэгіёна ёсць пэўная зацікаўленасць у супрацоўніцтве з гродзенцамі, у тым ліку на ўзроўні мясцовай улады.

Калінінградцы наведалі шэсць раёнаў Гродзеншчыны. Зэльвенскі — адзін з іх. Менавіта з ім наладжваюць сувязі прадстаўнікі Зеленаградскай муніцыпальнай акругі.

— Спадзяёмся на цеснае супрацоўніцтва, — адзначыў старшыня Зэльвенскага раённага Савета дэпутатаў Вадзім ПАНАСІК. — У нас вызначыліся дарожныя карты, якія мы будзем абмяркоўваць пры паездцы ў Калінінград. Праекты ў нас ёсць, мы іх распрацавалі раней і меркавалі ажыццявіць у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва, але цяпер, з прычыны палітычнай абстаноўкі, гэта немагчыма. На сённяшні дзень адзіны сур'ёзны вектар — Расійская Федэрацыя, і мы будзем шукаць шляхі для ўзаемавыгадных кантактаў.

Ад вадасховішча да музея

Зэльвенцы мяркуюць узяць удзел у праектах устойлівага развіцця праз грант Фонду імя Гарчакова, які дзейнічае ў Расійскай Федэрацыі для падтрымкі грамадскай дыпламатыі. Адзін з праектаў датычыць Зэльвенскага вадасховішча. І тут ёсць некалькі аспектаў супрацоўніцтва. Па-першае, пераняць вопыт у рыбагаспадарчай дзейнасці. Зэльвенцы ўжо некалькі гадоў прасоўваюць мэту зарыбіць вадасховішча каштоўнымі пародамі рыб і нават прыцягнулі да такой справы навукоўцаў. Другі аспект — турыстычны. Як вядома, калінінградцы маюць добры вопыт стварэння інфраструктуры на берагах Балтыйскага мора. Зэльвенскае вадасховішча хоць і з'яўляецца самым вялікім штучным вадаемам у рэгіёне, аднак пакуль пазбаўленае такой магчымасці. Тут, акрамя пляжа, няма ніякай інфраструктуры. Таму зэльвенцы гатовыя даць магчымасць расійскім інвестарам ажыццявіць свае ідэі наконт добраўпарадкавання прыбярэжнай зоны. На хуткі вынік тут не разлічваюць, але спадзяюцца падобныя планы ажыццяўляць і надалей.

Каб зацікавіць гасцей, іх пазнаёмілі з турыстычным патэнцыялам раёна. Прадстаўнікі Зеленаградскай муніцыпальнай акругі захапіліся старажытнай Сынкавіцкай царквой-крэпасцю, якая пабудавана Вітаўтам у ХІV—XV стагоддзях і з'яўляецца адзіным гатычным праваслаўным храмам абарончага тыпу, які захаваўся ў Беларусі. У сувязі з гэтым узнікла ідэя аб культурна-духоўным супрацоўніцтве, дзе зэльвенцы прапанавалі некалькі люстраных праектаў, у тым ліку звязаных з Сынкавіцкім храмам.

Як працуюць органы нашага мясцовага кіравання і самакіравання, калінінградцы ўбачылі на прыкладзе Дзярэчынскага сельскага савета. Падобных фарміраванняў у расіян няма. Старшыня грамадскай палаты Калінінградскай вобласці Ігар Селіванаў станоўча ацаніў вопыт мясцовай улады па развіцці тэрыторый. Адным з прыкладаў такой дзейнасці стаў праект па адраджэнні старажытнага парку Сапегаў у Дзярэчыне. Тут захавалася нямала старых дрэў, але сама тэрыторыя патрабавала добраўпарадкавання.

Як расказаў старшыня Дзярэчынскага сельвыканкама Аляксандр БЕЛЯКАЛА, праект стаў пераможцам у конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў, арганізаваным Гродзенскай абласной асацыяцыяй мясцовых Саветаў дэпутатаў. Грант даў старт пачатку работ. Асноўныя фінансавыя выдаткі ўзяла на сябе мясцовая гаспадарка. Дзякуючы гэтаму, парк набыў новы выгляд, з'явілася адпаведная інфраструктура — ліхтары, лаўкі, драўляныя скульптуры, альтанкі, сметніцы, асфальтаваныя дарожкі. Вядзецца работа па ўстаноўцы сцэны. Агульная сума добраўпарадкавання парку склала каля 100 тысяч рублёў.

Таксама госці з берагоў Балтыкі былі ўражаны цікавым вопытам сельскіх музеяў. Такіх у раёне сем — па колькасці сельскіх Саветаў. Дэлегацыя наведала музей у вёсцы Галынка.

— Нашы госці былі прыемна здзіўлены музеем сельскага быту і нават не хацелі яго пакідаць. Маўляў, вельмі нагадвае дзяцінства, дом у вёсцы, куды прыязджалі на канікулы да бабулі і дзядулі. Дзякавалі, што мы захавалі такую настальгічную атмасферу з дапамогай простага вясковага дома, — расказаў Вадзім Панасік.

Па словах старшыні райсавета, гэта добрая нагода даць старым дамам другое жыццё. Некаторыя яшчэ ў добрым стане, але пустуюць. Вось і ўзнікла два гады таму такая ідэя ў кіраўніцтва раёна. А першая «краязнаўчая хатка» з'явілася ў вёсцы Ярнева Сынкавіцкага сельсавета. Турысты маглі прадоўжыць маршрут са старажытнай царквы ў аўтэнтычны вясковы музей. Дарэчы, летась праект музеяў сялянскага быту стаў пераможцам конкурсу Нацыянальнага агенцтва па турызме «Пазнай Беларусь» у намінацыі «Музей года». А нядаўна з'явіўся і асобны турыстычны маршрут «Да вытокаў», які якраз і ўключае наведванне ўсіх сямі дамоў-музеяў сялянскага быту, дзе можна пазнаёміцца з гісторыяй вёсак, традыцыямі, абрадамі і легендамі гэтых мясцін.

Ці дасць сустрэча з калінінградцамі імпульс для раёна?

— З таго вопыту, што ёсць у нашых партнёраў, і нашага жадання павінен быць плён, — лічыць Вадзім Панасік. — Пакуль невядома, як будуць надалей распрацоўвацца нашы праекты, магчыма, гэта будзе нейкі агульны прадукт. Нам таксама трэба прапанаваць і свае фінансавыя сродкі, напрыклад, праз фонд асацыяцыі мясцовых Саветаў. Бо спадзявацца толькі на тое, што расійскі бок будзе спансіраваць нейкія нашы праекты, наўрад ці правільна. Між тым ёсць магчымасць трансгранічнага супрацоўніцтва ў рамках Фонду імя Гарчакова, праз які нашы расійскія госці ажыццяўляюць шэраг сваіх праектаў.

Алена ПАСЮТА, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Праект «Расія — Беларусь: моцнае партнёрства» — лагічны працяг даўняга супрацоўніцтва, якое бярэ пачатак з 1996 года. А сёння ёсць магчымасць актывізаваць інтэграцыйныя працэсы і развіваць трансгранічнае супрацоўніцтва паміж грамадзянскай супольнасцю, органамі мясцовага самакіравання, бізнесам Калінінградскай і Гродзенскай абласцей. Важная роля ў супрацоўніцтве належыць дэпутацкаму корпусу ўсіх узроўняў дзвюх краін і мясцоваму самакіраванню. У нас, напрыклад, ёсць вельмі добры вопыт праектнай дзейнасці, які фарміраваўся не толькі на знешнім контуры, але і ўнутры вобласці. А наш сумесны праект, спадзяюся, дадасць паскарэнне развіццю дзелавых, гуманітарных і эканамічных сувязяў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».