Вы тут

Як у сталіцы дапамагаюць людзям без дому перажыць зіму


Кожную раніцу, калі іду на работу, бачу аднаго і таго ж чалавека, які корпаецца ў кантэйнерах для смецця і складвае асобна кардон, паперу, шкляныя слоікі і бутэлькі. Пацікавілася, навошта яму бутэлькі розных ёмістасцяў. Маўляў, раней прымалі толькі аб'ёмам 0,5 літра.


Падчас раздачы гарачага харчавання.

— Цяпер можна здаваць любыя, бо ўсё роўна ідуць на бой. Праўда, плацяць мала: 14 капеек за кілаграм шклабою, — увёў у курс справы мужчына і трохі расказаў пра сябе: — Піў, страціў работу, сям'ю, кватэру. Прытуліў сябра. На чарку ды скварку хапае...

Да такіх людзей некаторыя ставяцца з гідлівасцю і пагардай, іншыя — са шкадаваннем. Дзяржаўная сацыяльная служба пра іх клапоціцца. Штогод у Мінску з першага і да апошняга дня зімы дзейнічае прафілактычная акцыя «Сацыяльны патруль». Яе мэта — выяўленне асоб без пэўнага месца жыхарства, аказанне ім сацыяльнай, медыцынскай, гуманітарнай, псіхалагічнай дапамогі, захады па адаптацыі ў грамадстве і інтэграцыі ў працоўную дзейнасць. Акрамя таго, у гэты перыяд працуюць міжведамасныя мабільныя групы, якія выязджаюць у рэйды па месцах, дзе зладзілі часовы прытулак бяздомныя.

У мабільныя групы ўваходзяць сацыяльныя работнікі, медыкі і міліцыянеры. Яны выдаюць асобам без пэўнага месца жыхарства цёплае адзенне і гарачае харчаванне, аказваюць першую медыцынскую дапамогу, пры неабходнасці накіроўваюць на лячэнне, дапамагаюць трапіць у дом начнога знаходжання, садзейнічаюць у аднаўленні дакументаў, кансультуюць.

Жыхары сталіцы таксама бяруць удзел у акцыі: прыносяць цёплае адзенне і прадукты, паведамляюць на гарачую лінію ў тэрытарыяльных цэнтрах інфармацыю аб тым, дзе збіраюцца людзі, якім патрэбна дапамога. Менавіта праз такі званок мабільная група тэрытарыяльнага цэнтра Маскоўскага раёна сталіцы даведалася пра мужчыну на вуліцы Ваўпшасава. Прыехалі, накармілі, распыталі. Ён расчуліўся і папрасіў уладкаваць у дом начнога знаходжання. Цяпер там жыве і працуе. Падчас акцыі сацыяльныя работнікі дапамагаюць дзясяткам людзей, якія згубілі ўсё. Падтрымліваюць іх і маральна.

Псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ТЦСА Маскоўскага раёна горада Мінска Паліна Абакумава паказала кухню ў памяшканні тэрытарыяльнага цэнтра, якая абсталяваная ўсім неабходным для прыгатавання і захоўвання ежы, — плітой, мікрахвалеўкай, халадзільнікам, мэбляй. На стале ў аднаразовых кантэйнерах расстаўлены гарачыя абеды для «жыхароў вуліц»: макароны з тушонкай, салодкая гарбата, пячэнне. Хутка павінен прыехаць патруль і адвезці ежу да месца прызначэння. Мабільная група крыху затрымлівалася: на вуліцы Клумава заўважылі чалавека без пэўнага месца жыхарства, які папрасіў змясціць яго ў дом начнога знаходжання. Спачатку адвезлі яго ў бальніцу для абследавання.

Паліна Абакумава з падрыхтаванымі да адпраўкі абедамі.

— Бяздомнымі становяцца па многіх прычынах: злоўжыванне алкаголем, разлад у сям'і, даўгі, махлярства, — кажа суразмоўца. — Ёсць тыя, хто прыехаў у вялікі горад на заробкі, але знайсці работу не змог, грошы скончыліся і няма сродкаў, каб вярнуцца дадому.

Але, як бы шмат ні згубіў чалавек, надзея на вяртанне да годнага ўзроўню жыцця ёсць. Сацыяльныя работнікі, валанцёры, супрацоўнікі міліцыі гатовы ў гэтым дапамагчы. Галоўнае, каб гэтага захацеў сам чалавек.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Нехалодны горад

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.