Вы тут

Місія — уратаваць


Фёдар Дастаеўскі заўсёды быў актуальны, але сёння, як ніколі, мы маем патрэбу ў духоўных навуках яго князя Мышкіна — супергероя славянскай цывілізацыі. Гэты сказ узяты з анатацыі да новага спектакля «Ідыёт» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага. Акцэнт на выказванні зроблены наўмысна — менавіта яно ілюструе тое, як і для чаго стварылі інсцэніроўку знакамітага рамана рускага класіка. 


З месца ў кар’ер. Стваральнікам спектакля ў мінскім тэатры было недастаткова твора Фёдара Міхайлавіча як уплывовай з’явы нацыянальнай літаратуры. Князя Мышкіна — а менавіта ён паўстае ў галоўнай ролі ў большасці пастановак і экранізацый — рэжысёр спектакля Івана Жыгон з Сербіі ставіць у процівагу заходняму Супермэну, маўляў, першы дорыць сваё сэрца, а другі прапаноўвае свае мускулы. Аднак болей не будзем марнаваць час на сумніўныя нацягнутыя параўнанні і звернемся да самога спектакля, на прэм’еру якога запрашаюць яшчэ і 23 лютага, 12, 23 сакавіка. 

Часам падаецца, што сам Фёдар Дастаеўскі не імкнуўся так паўплываць на чытача, як інтэрпрэтатары яго творчасці. Спектакль у тэатры імя М. Горкага не хавае сваёй мэты, яна на паверхні — вылечыць чалавека, гэта значыць — пазбавіць сучасніка ад чужароднага ўнушэння і ўздзеяння і прымусіць задумацца аб магчымасці ўсеагульнага шчасця. Між тым у пастаноўцы гэтаму прысвечаны лічаныя, але даволі працяглыя маналогі, галоўны з якіх гучыць і з вуснаў Мышкіна, і з вуснаў Дастаеўскага. На сцэне ў гэты час, апрача іншых выканаўцаў, Андрэй Сенькін і Руслан Чарнецкі, якога, мабыць, вельмі доўга грыміравалі, каб стварыць падабенства са звыклай выявай абстрактнага мудраца і філосафа. Натуральна, ніхто не імкнуўся прытрымлівацца вобраза пісьменніка Фёдара Міхайлавіча. А вось што тычыцца Андрэя Сенькіна, ад заўвагі пра падабенства з іншымі выканаўцамі даволі складанай ролі ўтрымацца цяжка... Спадзяёмся, акцёра не пакрыўдзіць асацыяцыя, якая ўзнікае пры параўнанні інтанацый падчас выканання гэтай ролі — яго і Яўгена Міронава. 

Між тым асноўная частка спектакля — расповед не пра Льва Мікалаевіча, а пра Настассю Філіпаўну, ролю якой выканала Вераніка Пляшкевіч. Гераіня выступае і як своеасаблівы каталізатар эмоцый і пачуццяў іншых герояў, і як ініцыятар чужых учынкаў. Знарок ці не, але на лёс Настассі Філіпаўны зроблены такі акцэнт, што з цягам часу яна адна застаецца цікавай не толькі дзеючым асобам, але і гледачам. Надзвычай яркі вобраз разам з выдатнай акцёрскай ігрой прымушаюць чакаць з’яўлення актрысы на сцэне. Візітка гэтага персанажа — раманс «У месячным ззянні» Яўгена Юр’ева. Мелодыю зрабілі маруднай і надзвычай журботнай, ад чаго сэнсавае поле спектакля стала яшчэ болей зразумелым. Увогуле, сродкі, скарыстаныя стваральнікамі — ад рэжысёра да мастака па касцюмах, — выразныя, а месцамі нават празмерна. Чырвоная сукенка Настассі Філіпаўны, дзеці, якія ў неабходныя моманты з’яўляюцца побач са Львом Мікалаевічам, гук цягніка, які суправаджае шматлікія сцэны «Ідыёта», — усё працуе на відавочныя мэты. Між тым, трэба аддаць належнае, у спектакль увайшло мноства з найбольш важных фрагментаў даволі нераўнамернага рамана. 

P. S. «Прыгажосць уратуе свет». Колькі інтэрпрэтацый спарадзіў гэты тэзіс. Ёсць надзея, што дзякуючы спектаклю да яго паставяцца больш уважліва. Што ёсць прыгажосць? Наколькі варты яе чалавек? Ці можа ён зразумець, што ідэал прыгажосці не можа ўвасобіцца інакш, як праз духоўнае жыццё, маральны выбар кожнага? «Прыгажосць» і «хрысціянскі ідэал» — паміж імі хочацца паставіць знак роўнасці, аднак ці будзе гэта правільна? У спектаклі квінтэсэнцыя роздумаў на гэтую тэму — зноў жа маналог Мышкіна-Дастаеўскага, калі на фонавы гук руху цягніка (адзін з галоўных матываў пастаноўкі) накладваецца царкоўны звон. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота з сайта НАДТ імя М. Горкага

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.