Вы тут

Што прынесла адкрыццё?


Аднойчы ў інтэрв’ю мне давялося распавядаць аб выніках ІV Абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі. Калі я назваў імя Кацярыны Каламійцавай-Ігнацюк і намінацыю, у якой яна перамагла — «Адкрыццё года», маладая карэспандэнт рэгіянальнага выдання спытала мяне: «А што яна адкрыла?»... 


І сапраўды, прыйшоў час паведаміць грамадскасці аб тым, які змест за сухой фармулёўкай адной з намінацый — «Адкрыццё года» — галоўнага літаратурнага спаборніцтва Гродзенскай вобласці. Кацярыну Каламійцаву-Ігнацюк, асобу творчую і яркую, наўрад ці можна назваць інтравертам. Спектр яе памкненняў вельмі шырокі. Маці траіх сыноў у сваім жыцці знаходзіць месца для псіхалогіі, педагогікі, грамадска-літаратурнай дзейнасці, духоўных практык, выяўленчага мастацтва, парашутнага спорту і шмат чаго яшчэ. Дэбютны зборнік паэтэсы з Гродна «Нет Никого Кроме Него», як мне падаецца, — паэзія шмат у чым аўтабіяграфічная, спавядальная, інтымная. На шчасце, шлях да максімальнай рэалізацыі творчых і чалавечых якасцей складаецца не толькі з руплівай працы, валявых высілкаў, пастаяннага самаўдасканалення, але і з яркіх перамог. Вобраз аўтара кнігі — сучаснай жанчыны на піку, на вастрыі, у гушчы жыцця грамадства — парадаксальна сугучны тонкаму, сентыментальнаму вобразу лірычнай гераіні. І ў напісанні вершаў, і ў скачках з парашутам жанчына застаецца жанчынай. 

Як прыкмета эмансіпацыі — жаночая смеласць, рашучасць і бескампраміснасць. Чарада адкрыццяў працягваецца. Паэтэса паказвае сваю лірычную гераіню, а тая, у сваю чаргу, дэманструе новыя, невядомыя грані быцця сучаснай жанчыны і яе эвалюцыйнага шляху — з творчага закулісся на свет Божы: 

Я впервые горизонты вижу,
Скрытые туманами доселе.
Мне просторы неба стали ближе,
Со стрижами к окнам прилетели. 
(«Горизонты») 

Аўтар кнігі дзеліцца з намі ўласным адчуваннем часу. Калі сёння, у ХХІ стагоддзі, пішаш вершы на рускай мове, да такіх слоў, як «доселе», патрабуецца дадатковая ўвага. Увага да мовы — гэта заўсёды вельмі актуальна. Дэбютную кнігу паэтэсы адрознівае шчодрая моўная палітра: лексіка архаічная («уста», «обрящет», «медвяны», «долу») і навуковая («апокротемой», «фабулы», «полиптих»); прастамоўі («пялится», «шалман», «няшка») і аказіяналізмы («молочность», «безсвинцовым», «дождеснег»). Чым тлумачыцца імкненне вынаходзіць словы — недастатковасцю традыцыйнай лексікі, цягай да эксперыментаў і імправізацый, гадаць не бяруся. У зборніку лірыкі Кацярыны Каламійцавай-Ігнацюк ёсць верш «Дождеснег», а да яго ніжэй даецца слоўнік, таму што тэкст твора на добрую палову складаецца са слоў, народжаных фантазіяй паэтэсы. Зрэшты, сэнс гэтых слоў зразумець няцяжка. Складана прызвычаіцца да іх як да часткі паэзіі. Такія тлумачальныя слоўнікі для чытача неабходныя большасці маладых аўтараў. На жаль, самастойна зразумець іх мудрагелістыя задумы немагчыма. Таму я заклікаю пачынаючых паэтаў: калі ласка, не забывайце, што ваша творчасць — не толькі самасцвярджэнне, а, па вялікім рахунку, прапанова дыялогу, адрасаваная іншаму чалавеку, бліжняму.

Як бачым, паэтэса некалькі слоўных светаў звязала ў адзін лексічны сусвет. Наколькі гарманічным атрымаўся вынік — пытанне. Магчыма, у дадзеным працэсе гармонія — гэта не так важна, і яе замяніў іншы прынцып мастацтва — эксперымент (метад спроб і памылак). Мова — вельмі адчувальны арганізм. Цікава назіраць яго паводзіны ў руках жаночых, гаспадарскіх, матчыных. Выклікае пэўныя думкі і эмоцыі неадназначны эстэтычны момант — напісанне ўсіх чатырох слоў загалоўка кнігі з вялікай літары — «Нет Никого Кроме Него». Гульня ў арыгінальнасць, свядомы мастацкі прыём ці нешта іншае? Дзеля чаго ўсё гэта? У такіх рэбусах-квэстах, як правіла, схаваны нейкія сэнсы; дапоўненая, а дакладней, перапоўненая рэальнасць. Часта здараюцца сюрпрызы: з першых літар слоў, якія аўтар зрабіла загалоўнымі, міжволі можа нарадзіцца абрэвіятура — «ННКН», для кагосьці нечаканае і нават непатрэбнае, а для кагосьці, наадварот, вельмі зручнае рашэнне. Заўважныя якасці адкрыцця нашага літконкурсу — супярэчлівасць, наравістасць і ў той жа час канструктыўная ўніверсальнасць, транспарэнтнасць.

Я счастлива тем, что могу различать
Весь мир в многоличье его.
И с птицами петь, и с туманом 
молчать,
И впитывать мудрость всего.
(«Благодарственная песнь»)

На старонках кнігі мы чуем голас чыстай, як сляза, мацярынскай любові; суперажываем рамантычнаму пошуку сапраўднага кахання; удзельнічаем у гэтым дыялогу чалавека з самім сабой, са сваёй боскай і трагічнай натурай. Вершы гродзенскай паэтэсы пяюцца. Сам назіраў, як аднойчы, дэкламуючы ўласны тэкст, Кацярына перайшла на спевы. Па-асабліваму змястоўна «гучыць» візуальны код паэзіі К. Каламійцавай-Ігнацюк — ілюстрацыі да зборніка, арыгінальныя графічныя малюнкі, выкананыя паэтэсай. Графіка чорна-белая, але свет паэзіі пераліваецца колерамі: зялёным, залатым, белым, чорным, бірузовым, серабрыстым, ружовым... Смела ставім паміж паняццямі «паэт» і «мастак» не коску, а знак роўнасці. І разам з музычнасцю лірыкі-адкрыцця гаворка можа ісці ўжо аб складаным сінтэзе мастацтваў. 

Прачытаўшы не адзін зборнік вершаў, я не магу назваць гэтую паэзію бездакорнай у фармальным плане. Галоўнае для мяне ў дадзеным выпадку — адкрыццё патэнцыялу аўтара, бачанне яго магчымага творчага росту. Вельмі важна прадэманстраваць шырокай грамадскасці сацыяльную функцыю мастацтва — калі творчы пошук ёсць пошук чалавекам самога сябе, сваёй ролі, свайго месца пад сонцам. Пошук выніковы і паспяховы. У нейкім сэнсе Кацярына ўжо не належыць толькі сабе. Нягледзячы на прэтэнцыёзную назву кнігі, у аўтара, герояў, чытачоў з’явіліся сур’ёзныя ўзаемныя абавязацельствы:

Каждой веточке пропою
Благодарственный гимн спасенья.
Я живу, я творю, люблю,
Пью по капельке откровенья.
(«Люблю») 

Калі чытаеш гэтую кнігу, многае хочацца змяніць, перапісаць. Але своечасова абсякаеш сябе і ўспамінаеш, што гэта чужая кніга. Яно так — кніга чужая, але апісанае ў ёй жыццё вельмі знаёмае, сённяшняе, наша. Філасофію сучаснай жанчыны-паэтэсы складаюць будзённыя, калі не сказаць «бытавыя», праявы боскага пачатку. Напэўна, менавіта таму ў зборніку духоўнай лірыкі пераважаюць свецкія вершы! У кнізе ёсць глыбокія і пранікнёныя, ёсць крыху наіўныя; мая ўлюбёная інтанацыя іроніі сустракаецца таксама. А яшчэ гэта вельмі гродзенская паэзія. Паводзіць сябе яна вельмі па-гродзенску — гуляе з намі, выпрабоўвае нас і чаруе сваёй невытлумачальнай загадкавасцю.

Кніга-дэбют прачытана. Настаў час для яшчэ аднаго важнага адкрыцця. Калі Бог — галоўны вобраз для чалавека, хрысціяніна, то для літаратара не існуе іншай ключавой фігуры, акрамя Спажыўца Мастацтва. Без гэтай не менш сакральнай постаці літаратурная праца пазбаўляецца сэнсу. «Нет Никого Кроме Него»: вельмі хочацца, каб гэта было сказана сучасным адораным аўтарам пра ўдумлівага, цікаўнага чытача. 

Дзмітрый РАДЗІВОНЧЫК

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.