Безумоўным прыярытэтам у рабоце Міністэрства замежных спраў застаецца экспарт. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на калегіі МЗС, перадае БелТА.
«Безумоўным прыярытэтам у рабоце застаецца экспарт. Бягучы год для ўсіх нас будзе яшчэ больш напружаным. Трэба не толькі выстаяць у гэтых умовах, але і прыбавіць па экспарце тавараў і паслуг 5,5 працэнта. Вельмі важна забяспечыць прырост у фізічных аб’ёмах», — звярнуў увагу прэм’ер-міністр.
Партнёр нумар адзін для Беларусі — Расія, падкрэсліў Раман Галоўчанка. У 2022 годзе забяспечаны пэўны прырост фізічных аб’ёмаў паставак, у тым ліку грузавых аўтамабіляў, тэлевізараў, металаканструкцый, нафтапрадуктаў, шын.
«Але гэта не прычына расслабляцца. Неабходна ўдзельнічаць у рэалізацыі расійскіх федэральных і рэгіянальных праграм, пашыраць прамысловую кааперацыю і ствараць сумесныя вытворчасці, не чакаючы, пакуль расійскі бок створыць гэтыя вытворчасці з іншымі партнёрамі. МЗС не павінна быць пабочным наглядальнікам у пытаннях саюзнай інтэграцыі з Расіяй. Расійскі бок увязвае рэалізацыю шэрага дамоўленасцей з выкананнем 28 саюзных праграм, таму МЗС павінна прымаць самы актыўны ўдзел у гэтым працэсе», — запатрабаваў кіраўнік урада.
Значным напрамкам работы застаецца Еўразійскі эканамічны саюз. Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, трэба максімальна эфектыўна ўзаемадзейнічаць на ўсіх пляцоўках ЕАЭС з партнёрамі па еўразійскай інтэграцыі, умацоўваючы знешнеэканамічныя і кааперацыйныя сувязі з імі.
«Адным з галоўных напрамкаў работы беларускай дыпламатыі ў перспектыве будзе заставацца развіццё супрацоўніцтва з краінамі далёкай дугі. Візіты на высокім і вышэйшым узроўнях у гэтыя краіны павінны стаць рэгулярнымі і напоўненымі рэальнымі праектамі. На шматбаковым трэку трэба сканцэнтраваць намаганні на рэалізацыі задачы кіраўніка дзяржавы па паскораным уступленні Беларусі ў ШАС. Неабходна выпрацаваць фармат эфектыўнага — з рэальнай эканамічнай аддачай — узаемадзеяння Беларусі і БРІКС», — сказаў прэм’ер-міністр.
У час пасяджэння Раман Галоўчанка адзначыў, што ў цэлым да інфармацыйнай работы, якая праводзіцца МЗС, асаблівых нараканняў цяпер няма. Разам з тым, лічыць ён, неабходна ўзмацняць дзейнасць загранустаноў на гэтым напрамку. «Ім, як і раней, не хапае актыўнасці і ініцыятыўнасці: некаторыя да гэтага часу асноўны ўпор робяць на рэтрансляцыю паведамленняў цэнтра. Выкарыстоўвайце ўсе існуючыя каналы, двухбаковыя кантакты і пляцоўкі міжнародных арганізацый для дакладнага давядзення нашай пазіцыі па міжнародным парадку дня», — абазначыў задачы кіраўнік урада.
Фота: БелТА
Абарона вачэй і модны аксесуар.
Менавіта бацькі фарміруюць будучыню свайго дзіцяці.