Вы тут

Навучальны від на жыхарства Фінляндыі і экспарт адукацыі ў Аўстраліі


Дзе ты, стажор?

Шэраг рамесных прадпрыемстваў Германіі заявілі аб вострым недахопе кадраў сярод маладых людзей. Пра гэта сведчыць апытанне, праведзенае Цэнтральнай асацыяцыяй нямецкіх рамеснікаў.


Фота: pixabay.com

Цяпер шматлікія фірмы адчайна шукаюць стажораў для працы, але ў ФРГ «існуе абуральны недахоп кандыдатаў». У выніку пошук маладых спецыялістаў ускладняецца, піша выданне Der Spіegel.

Прычынай праблем з наймам стажораў на рамесныя спецыяльнасці можа быць пагаршэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне і тэндэнцыя сярод моладзі, накіраваная на атрыманне вышэйшай адукацыі.


Паставіць на від

У Фінляндыі на 62 працэнты павялічылася колькасць заяў на навучальны від на жыхарства. Прычына — прыняцце новага закона.

У канцы 2022 года Фінляндыя дасягнула ўласнага рэкорду па колькасці заявак на навучальны від на жыхарства — 8383. Пры гэтым атрымалі яго толькі 7060 замежных студэнтаў. Па даных Іміграцыйнай службы Фінляндыі, паказчыкі 2022 года не толькі вышэйшыя, чым у мінулым годзе, але і б'юць папярэдні рэкорд 2016 года — 6348 заявак.

Прычыну папулярнасці фінскай адукацыі звязваюць з новым законам, які прынялі ў красавіку 2022 года. Цяпер замежныя абітурыенты могуць атрымаць навучальны від на жыхарства на ўвесь тэрмін навучання, а не на два гады, як гэта было раней. Таксама па новым законе від на жыхарства спрашчае выпускнікам пошук працы і дазваляе сваякам студэнтаў знаходзіцца ў краіне.

«Мы рады бачыць, што Фінляндыя цяпер лічыцца прывабным месцам для замежных студэнтаў. Для нас гэта сведчанне таго, што нацыянальныя намаганні па папулярызацыі навучання і ладу жыцця Фінляндыі пачынаюць прыносіць вынікі», паведамляе Фінскае нацыянальнае агенцтва адукацыі.


Адукацыя на экспарт

Аўстралія — краіна з самай вялікай доляй замежных студэнтаў: у сярэднім кожны чацвёрты навучэнец ВНУ прыехаў з-за мяжы. У некаторых універсітэтах доля замежнікаў можа даходзіць да 50 працэнтаў.

Згодна з афіцыйнымі крыніцамі, у 2022 годзе амаль 600 000 студэнтаў вучыліся на розных праграмах аўстралійскіх універсітэтаў. Гэтая лічба на 5 працэнтаў вышэйшая за паказчыкі папярэдняга года.

Партал Erudera прыводзіць даныя ўрада Аўстраліі: у перыяд са студзеня да кастрычніка 2022 года колькасць студэнтаў, якія прыехалі ў краіну, склала 594 027 чалавек. Больш за ўсё навучэнцаў з Кітая — 153 239 чалавек (26 працэнтаў), на другім месцы — Індыя — 96 005 (16 працэнтаў), далей ідзе Непал — 55 118 (9 працэнтаў), за ім — В'етнам (21 907), Калумбія (19 687), Бразілія (17 470), Тайланд (17 249), Філіпіны (16 769), Інданезія (16 467) і Малайзія (15 183).

Расія ў гэтым спісе займае 47 месца: са студзеня да кастрычніка 2022 года 687 студэнтаў паступілі на рознага роду праграмы аўстралійскіх навучальных устаноў. За аналагічны перыяд 2021 года ў Аўстралію з Расіі па студэнцкай візе прыехалі 689 чалавек.

Агульная колькасць замежных студэнтаў у Аўстраліі за студзень — кастрычнік 2022 года склала 709 310 чалавек. З іх 353 110 (50 працэнтаў) — студэнты вышэйшых навучальных устаноў, што на тры працэнты менш, чым у папярэднім годзе, 260 845 чалавек (37 працэнтаў) ад агульнай колькасці прыехалі вучыцца па праграмах прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі. Цікава, што колькасць тых, хто паступіў на інтэнсіўныя курсы англійскай мовы для замежных студэнтаў, вырасла за год на 65 працэнтаў і склала 64 039 чалавек (9 працэнтаў).

Па звестках аўстралійскага бюро статыстыкі ABS, за кастрычнік мінулага года ў Аўстралію прыехала 28 690 замежных студэнтаў. У справаздачы адзначаецца, што гэтая лічба на 43 працэнты ніжэйшая, чым у тым жа месяцы да пачатку пандэміі COVІD-19.

Краіна стабільна займае лідарскія пазіцыі па папулярнасці сярод замежных студэнтаў ва ўсім свеце. Так, паводле апытанняў AECC (глабальнай міжнароднай кампаніі па падборы персаналу ў сферы адукацыі), за апошні год колькасць студэнтаў, якія абралі б Аўстралію для атрымання адукацыі, вырасла ўдвая — з 15 да 30 працэнтаў. У сваім топе краін для замежных студэнтаў AECC ставіць Аўстралію на трэцяе месца пасля ЗША і Вялікабрытаніі.

Экспарт адукацыйных паслуг з'яўляецца значнай даходнай часткай бюджэту Аўстраліі: так, у 2019 годзе ў эканоміку краіны паступіў 41 мільярд долараў, а ў 2021 годзе — 22 мільярды.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».