Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Ранішні госць»


Ніка паспешліва вяла дзіця з садка. Аленке крыху больш за год. Малая ўпіраецца, цягне маму да пясочніцы або просіцца на ручкі. Несці сумкі і дзіця цяжка. І Ніка ўгаворвае дачку: «Давай ножкамі дойдзем да таго дрэўца. Якое яно зялёненькае! А ў лісточках, можа, птушка схавалася?»


Фота: pixabay.com

Да дрэва дайшлі. Але птушачкі сярод лісцікаў не было, і раззлаваная Аленка, вырваўшыся з рук, апусцілася на кукішкі і з зайздроснай хуткасцю і гучным ровам ірванула да пясочніцы, падымаючы воблака пылу. Паставіўшы сумкі, Ніка дагнала дачку і, ужо мурзатую, узяла на рукі. Падняла сумкі і, згінаючыся пад цяжарам, уцягнула ўсё ў кватэру.

Наперадзе выхадныя, муж паедзе на рыбалку, трэба сабраць «ссабойку». А заўтра яны з Аленкай выспяцца, будуць прыбіраць, мыць бялізну... У кватэры халаднавата — першы паверх і дрэвы зацяняюць вокны ад сонца. Было прадчуванне навальніцы, і Ніка выйшла на лоджыю. Аднак неба аказалася чыстым. 

Сціхлы ветрык, густое паветра і нават біццё сэрца сігналілі пра набліжэнне навальніцы. Ніка расчыніла акно, упусціла ў пакой салодкі водар язміну і ўбачыла сяброўку: тая ішла пад руку з мужам. Сэрца кальнула: усе разам і разам. А яна ўсё выхадныя адна. Відавочна, так і далей будзе. 

«Нічога, я з Аленкай», — супакоіла яна сябе. Замачыла бялізну, прыгатавала вячэру, пачытала Аленцы казку, і тая заснула на ложку. Пераносіць яе Ніка не стала, прылегла побач і правалілася ў сон. Прачнулася ад гукаў на кухні: хтосьці адкрываў фортку.

Яна не спалохалася: «Напэўна, Сашка вярнуўся, а яна моцна заснула і не пачула». Два тыдні таму такое было. Ён вярнуўся позна з працы, а яна толькі што заснула. Гэта былі першыя хвіліны сну, самы моцны сон. Ён званіў у дзверы і стукаў у акно. Потым залез на лоджыю і праз фортку — на кухню. Сашка ўбег у пакой і спалохана спытаў:

— Ты жывая?

— Жывая, — спрасонку адказала Ніна.

Сашка апусціўся на канапу.

— Нічога сабе спіш! Я званiў, стукаў. Праз шкло бачыў: ляжыш на канапе і не рэагуеш. Думаў, з табой што-небудзь здарылася. Як можна так моцна заснуць? — ён вылупiў на яе здзіўленыя вочы.

Мабыць, на гэты раз таксама не змог абудзіць. Ніка слухала, як Сашка ходзіць па кухні і стукае каструлямі: «Прагаладаўся? Добра, што вярнуўся, разам заўтра прыбяромся ў кватэры і з дзіцем куды-небудзь выйдзем». Аленцы падабалася быць з татам і мамай. Яна любіла абодвух і не магла адказаць на дурное пытанне: «Каго любіш больш?» Ніна ўсміхнулася і прыкрыла вочы. У кухні нешта загрымела, хутчэй за ўсё, пустая каструля.

Уставаць не хацелася. Мяркуючы па гуках, Сашка ішоў у пакой. Ужо наеўся? Ён з’явіўся на парозе з кубкам у адной руцэ і бутэрбродам у другой. Усміхаўся і адначасова дажоўваў. Ніка ўсміхнулася і пасунулася да Алёнкі, вызваляючы месца: «Кладзіся». Сашка вярнуўся ў кухню.

Ніка пачула, як ён паставіў кубак у ракавіну. Вярнуўся на парог пакоя з чорным шпагатам у руках. Сашка, усміхаючыся, накручваў яго на руку, а сам глядзеў на Ніку. Навошта яму спатрэбіўся ноччу шпагат? Ніке стала не па сабе. Халадок прайшоў па спіне, дыхнула вільгаццю і падзямеллем.

Яна стрэсла дрымоту і паклікала: «Саша!» Ён, як бы падсмейваючыся над ёй, маўчаў і працягваў намотваць на руку шпагат. Ніку апанаваў першабытны жах, ледзянымі іголкамі закалола спіну і ступні ног. Цела здранцвела, язык быццам замарозілі. За акном апраметная цемра: як на злосць, не гарыць ліхтар у двары.

Адбывалася нешта дзіўнае. Ніку раптам працяў страх за дзіця, рэзануў яе, і здранцвенне знікла. Яна была гатовая тыгрыцай кінуцца на гэта Нешта, каб абараніць дзіця. Пад яе поглядам, поўным рашучасці, фігура Сашкі стала расплывацца і знікла.

Перамагаючы страх, Ніка ўстала і ўключыла ўсюды святло: у калідоры, кухні... Затым выцерла халодны пот, які выступіў на ілбе. Фортка была зачынена на зашчапку. Усё гэта ёй здалося. На гадзінніку дваццаць хвілін на першую. Яна выключыла святло, але заснуць не змагла. Ляжала і прыслухоўвалася да цішыні.

Раптам зноў пачула крокі. У кватэру нехта зайшоў. На парозе з’явілася сяброўка Наташа. Яна прысела на канапу. Ніка хацела падняцца, але Наташа ёй махнула: «Ляжы», і ў пакой увайшла Любоў Сяргееўна, іх калега.

Любоў Сяргееўна села на ложак. Ніка спытала:

— Можа, чаю?

Абедзве адмоўна пахіталі галовамі. Ніка распавяла ім, як напалохалася, калі ёй здалося, што Сашка вярнуўся з рыбалкі.

— Мне і цяпер яшчэ страшна, — здрыганулася яна.

Жанчыны ўважліва слухалі, і потым Любоў Сяргееўна сказала:

— Не бойся, гэта табе здалося са сну. Не мог ён увайсці, бо ў цябе ўсё закрыта.

Наташа, згаджаючыся, кіўнула. Ад усведамлення, што ўсё закрыта, у Нікі валасы заварушыліся на галаве.

— У мяне ўсё зачынена. А як вы ўвайшлі? — спытала яна і крыкнула ў жаху: — Вас таксама няма!

Сяброўкі расталі, як і Саша.

Шалёна калацілася сэрца. Павольна дыхаючы, Ніка спрабавала яго супакоіць. Здавалася, у калідоры нехта ўсё яшчэ ёсць. Яна адчувала, што хтосьцi за ёй назірае і ўпіваецца яе страхам. Сабраўшы волю ў кулак, Ніка прымусіла сябе ўстаць і, не гледзячы па баках, уключыць святло.

Да світання яна сядзела на ложку, не паварочваючы галавы ў бок цёмных праёмаў вакна і дзверы, і старалася думаць пра добрае. Сашка вярнуўся раней, чым звычайна, быў вясёлы.

— У цябе ўсё было ў парадку гэтай ноччу? — спытала Ніка.

— А што?

— Здалося ўсякае. Як быццам ты вярнуўся.

— Вось я і вярнуўся, — засмяяўся Сашка і, падумаўшы, дадаў: — Ледзь не патануў, апоўначы лодка перакулілася.

Ніна засумнявалася ў сказаным, але распытваць не стала. Яна была пад уражаннем ад мінулай ночы. У панядзелак прачнулася рана і пабегла да метро. Там яе чакала жанчына, якая з вёскі прывозіла па раніцах малако. Пакуль дзіця і муж спяць, трэба збегаць. Выходзячы з пад’езда, сутыкнулася з мужчынам гадоў пяцідзесяці.

Ён ўважліва на яе паглядзеў і пайшоў у пад’езд. Незразумелы неспакой ахапіў Ніку. Захацелася вярнуцца. Але што за глупства? Чалавек увайшоў у пад’езд, якое гэта мае да яе дачыненне? На зваротным шляху яе напаткала навальніца. Не падманулі народныя прыкметы.

Мокрая, яна ўбегла ў пад’езд і пазванiла ў дзверы. Сашка спытаў: «Хто там?» Звычайна не пытаўся. Убачыўшы мужа, зразумела чаму. Ён стаяў з рассечанай губой, распухлым носам і ранкай на скуле.

— Што з табой? — ахнула Ніка.

— Ты сышла, а праз хвіліну пачуўся званок. Падумаў, што ты нешта забылася, і адкрыў. Незнаёмы мужчына нечакана з размаху ўдарыў некалькі разоў у твар, я ўпаў, ён стаў біць нагамі. Аленка прачнулася і заплакала, і ён уцёк, — разгублена казаў Сашка.

***
Праз паўгода Сашкін сябар, які быў з ім у той дзень на рыбалцы, п’яны даказваў жонцы, які ён сумленны муж: «Вось Сашка ўзяў з сабой на рыбалку маладзенькую дзяўчыну і ўсю ноч з ёй „галівудзiў“. А я — не. На наступны дзень яе бацька набіў яму морду. Ён бы яшчэ дадаў, ды дзіця не стаў палохаць».

Што было на самай справе? Магчыма, усё тое, што адбылося ў апошнія тры гады, і не звязана з той ноччу, але літаральна адзін за адным з жыцця сышлі муж і сяброўкі: першай — Любоў Сяргееўна, потым Наташа і Сашка.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.