Вы тут

На прыём у Савет Рэспублікі ідуць як у апошнюю інстанцыю


Гэтым разам спікер верхняй палаты парламента ажыццяўляла прыём у Савеце Рэспублікі. Традыцыйна ахвотных данесці да Старшыні Савета Рэспублікі свае праблемы было вельмі шмат. Працоўны дзень ужо даўно скончыўся, а людзі ўсё ішлі — у выніку прыём доўжыўся каля 12 гадзін. Паляпшэнне жыллёвых умоў, працоўныя адносіны, падаткаабкладанне, жыллёва-камунальная гаспадарка, ахова здароўя далёка не ўсе пытанні, з якімі ў Савет Рэспублікі звярталіся мінчане і не толькі.


Праблемы ў выхаванні асаблівага дзіцяці

Жыхарка сталіцы Марына Бялкова агучыла пытанне развіцця сістэмы адукацыі для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі. Жанчына расказала, што, акрамя ўласных дваіх дзяцей, разам з мужам яна выхоўвае яго дачку ад першага шлюбу. Дзяўчынка — з асаблівасцямі развіцця. Марына Віталеўна паведаміла пра шэраг праблем, з якімі сутыкнулася падчас выхавання праблемнага дзіцяці. У прыватнасці, яна паскардзілася на тое, што персанальнае суправаджэнне дзяцей ва ўстановах адукацыі ажыццяўляецца ў адносінах да дзяцей з вузкім спектрам дыягназаў. Аднак, па яе словах, праблемы ў паводзінах праяўляюцца і пры іншых захворваннях.

— Маючы дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, кожны дзень ты праходзіш шлях, які падобны на квэст, — падзялілася мачаха дзяўчынкі з асаблівасцямі. — У першую чаргу, гэта датычыцца выбару адукацыйнага маршруту для дзіцяці, каб хутчэй інтэграваць і сацыялізаваць яго ў навучальных установах. Як маці я хачу, каб маё дзіця было паўнавартасным членам грамадства. А каб інтэграваць дзіця ў звычайную школу, нам патрэбен памочнік, які будзе яго суправаджаць, — чалавек-цьютар.

Наталля Качанава пацікавілася, колькі гадоў дзяўчынцы, які ў яе дыягназ і што на гэта паўплывала. Дзіцяці 11 гадоў. Праблемы, па словах жанчыны, пачаліся стыхійна — пасля перанесенай ковід-інфекцыі. Дагэтуль у дзяўчынкі былі некаторыя маўленчыя асаблівасці, пасля каранавіруса яна страціла навыкі самаабслугоўвання, зноў вучылася чытаць, пісаць...

— Чым мы можам вам дапамагчы? — удакладніла Наталля Качанава. Спікер верхняй палаты парламента расказала, што Савет Рэспублікі вельмі шчыльна займаецца комплексным вырашэннем праблемы інклюзіі ў адукацыі, адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў грамадстве. Акурат у сакавіку ў Полацку адбудзецца семінар, на якім будуць уздымацца пытанні навучання дзяцей з захворваннямі. А паколькі гэтая тэма хвалюе заяўніцу, спікер запрасіла яе паўдзельнічаць у семінары.

Акурат у сакавіку ў Полацку адбудзецца семінар, на якім будуць уздымацца пытанні навучання дзяцей з захворваннямі. А паколькі гэтая тэма хвалюе заяўніцу, спікер запрасіла яе паўдзельнічаць у семінары.

Агучыла Марына Віталеўна і яшчэ адну праблему, звязаную з выхаваннем асаблівага дзіцяці. Паколькі родная маці ад дзяўчынкі адмовілася, апеку над ёй узяў родны бацька. Але ў сувязі з тым, што муж шмат працуе, рэгулярна з'язджае ў камандзіроўкі, большасць часу з дзяўчынкай праводзіць яна, мачаха. Нярэдка здараюцца моманты, калі паўстае пытанне заканадаўчага прадстаўніцтва. Напрыклад, калі дзяўчынка наведвае псіхіятра, паведамляць пэўную інфармацыю ўрачы проста не маюць права. Аднак большасць часу з хворым дзіцем праводзіць менавіта яна, таму заяўніца лічыць, што павінна паўнавартасна прымаць удзел у жыцці прыёмнай дачкі.

Старшыня Савета Рэспублікі пацікавілася, чаму яе родная маці не пазбаўлена бацькоўскіх правоў. Як высветлілася, жанчына і не хоча ўдзельнічаць у выхаванні сваёй дачкі, і не пагаджаецца адмаўляцца ад правоў на яе. Наталля Іванаўна звярнула ўвагу, што сітуацыя вельмі няпростая, і ўхваліла намер мінчанкі ўзяць дзяўчынку сабе, выхоўваць яе як родную дачку. У сувязі з гэтым спікер верхняй палаты парламента дала даручэнне паглядзець на сям'ю сапраўднай маці дзяўчынкі з асаблівасцямі: у першую чаргу, з мэтай даведацца, як яна адносіцца да іншых сваіх дзяцей. Акрамя таго, Наталля Качанава паабяцала заяўніцы, што спецыялісты аховы здароўя правядуць комплекснае абследаванне дзіцяці для ўстанаўлення канчатковага дыягназу. Што датычыцца апякунства мачахі над дзяўчынкай, спікер заўважыла, што сітуацыя неардынарная. Па яе словах, пад кожны выпадак закон не прапішаш, аднак на тое, што можна ўдасканаліць, парламентарыі абавязкова звернуць увагу.

У размове з журналістамі Марына Бялкова адзначыла, што вельмі ўдзячная Наталлі Іванаўне, што яна пагадзілася выслухаць іх сям'ю, паглыбіцца ў праблемы і прапанаваць шлях іх вырашэння.

Прыдатны ці не?

Алена Капыток прыехала на прыём грамадзян са Слуцка. Жанчына расказала, што яе муж да нядаўняга часу працаваў у Следчым камітэце горада. Калі ў яго пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, мужчына напісаў рапарт, што працягваць кантракт не будзе. Праз некаторы час яму патэлефанавалі з кадравай службы і папрасілі перапісаць рапарт па стане здароўя, пераканаўшы, што ў любым выпадку рашэнне будзе прымаць кіраўнік падраздзялення. У выніку муж заяўніцы быў звольнены са службы па стане здароўя. Аднак гэтае рашэнне не задавальняе ні самога мужчыну, у якога за плячамі — 25 гадоў службы, ні яго членаў сям'і.

Як паведамілі прадстаўнікі кадравай службы Следчага камітэта, якія прысутнічалі на прыёме грамадзян, па заключэнні ваенна-ўрачэбнай камісіі мужчына, пра якога ідзе гаворка, не прыдатны да службы па канкрэтных групах здароўя. Следчы камітэт і тая пасада, дзе мужчына праходзіў службу, адносіцца да іншых груп — гэта значыць, калі б муж заяўніцы працягваў служыць, то ён меў права займаць ранейшую пасаду. «Медыцынскія органы выносяць заключэнне — мы яго рэалізоўваем», — давялі пазіцыю па гэтым пытанні прадстаўнікі кадравай службы.

Алена Капыток паведаміла, што яе муж у такім становішчы, што выконваць ранейшыя абавязкі проста не зможа. Наталля Качанава дала даручэнне правесці медыцынскае абследаванне яшчэ раз. «І калі будзе прынята рашэнне, што ён прыдатны — з гіпертанічнымі крызамі, з псарыязам цяжкай формы, то вы разумееце, што паўплываць на нешта я ўжо не змагу», — паведаміла заяўніцы Старшыня Савета Рэспублікі. Пры гэтым Наталля Качанава звярнула ўвагу на некарэктнасць супрацоўнікаў кадравага падраздзялення, якія прасілі перапісаць заяву, абнадзеілі людзей, што так будзе лепш, а потым далі адваротны ход.

Да людзей — па-добраму

Вельмі эмацыянальна пра сваю праблему расказала Зінаіда Запруцкая, якая жыве ў вёсцы Нежаўка, што ў Чэрвеньскім раёне. Жанчына паскардзілася, што яе незаконна звольнілі з працы. А, між іншым, да пенсіі ёй заставаўся год і чатыры месяцы. Пры гэтым заяўніца паведаміла, што на прадпрыемстве, дзе яна працавала, няправільна налічвалі заработную плату, паскардзілася і на прадузятае стаўленне кіраўніцтва да працоўных.

Апошнія сем гадоў Зінаіда Мікалаеўна была вартаўніком складоў са збожжам (усяго стаж работы — каля 40 гадоў) на адным з прадпрыемстваў раёна. Са сваёй напарніцай працавалі па графіку «суткі праз суткі». Не раз жанчыны звярталіся да дырэктара прадпрыемства і скардзіліся, што ў такім рэжыме працаваць вельмі цяжка. Хоць бы яшчэ і грошы добрыя за гэта плацілі! У дырэктара быў адзін адказ: «Не падабаецца — сыходзьце».

— А куды сыходзіць?! — кажа жанчына. — У нас паблізу няма ніякай работы. А да пенсіі дапрацаваць трэба. За сем гадоў сышлі тры мужчыны — нават яны не вытрымалі такога графіку. Пазней мы дабіліся, што нам далі яшчэ двух чалавек, і пачалі працаваць суткі праз трое. Пры гэтым заробак застаўся ранейшы — капейка ў капейку.

Выслухаўшы жанчыну, Наталля Качанава абурылася, як чалавека маглі звольніць, калі яму засталося да пенсіі ўсяго год і чатыры месяцы. І чаму працу дваіх чалавек аплачвалі гэтак жа, як і чатырох, — атрымліваецца, вартаўнікам, якія працавалі ўдвух, проста не даплачвалі?! Акрамя таго, у заяўніцы вылічвалі ў казну прадпрыемства грошы за пабітую яе сынам, які загінуў у аварыі, фуру — у выніку на рукі Зінаіда Мікалаеўна атрымлівала 200 рублёў. А цяпер няма і гэтых грошай. Муж-інвалід не працуе, таму разлічваць больш няма на каго.

Жыхарка Чэрвеньшчыны паскардзілася Наталлі Іванаўне і на тое, што звольнілі яе незаконна. Спачатку дырэктар прадпрыемства дазволіў жанчыне ўзяць блокі, якія падлягалі ўтылізацыі, а потым выклікаў на грамадзянку міліцыю і абвінаваціў у крадзяжы. У выніку жанчыну звольнілі па артыкуле. «Пачала шукаць свае правы і стала ворагам нумар адзін на ўвесь калгас», — заўважыла Зінаіда Мікалаеўна.

— Дзе Зінаідзе Мікалаеўне дапрацаваць да пенсіі? — пацікавілася Наталля Качанава ў дырэктара філіяла «Мінскжалезабетон», які прысутнічаў на прыёме грамадзян. — Яна што, п'яніца, не грамадзянка нашай краіны? Пакарайце, аб'явіце вымову, навошта адразу звальняць? І што гэта за заробак такі, што чалавек атрымліваў менш, чым мінімальная заработная плата, пры гэтым яму не даплацілі? Як чалавеку жыць, раскажыце?

Дырэктар прадпрыемства паведаміў, што не даваў дазволу на вываз блокаў. Таксама ён адзначыў, што прапаноўваў жанчыне ўладкавацца на работу ў іншы калгас, аднак яна адмовілася. На гэта спікер верхняй палаты ўдакладніла, як у такім выпадку Зінаідзе Мікалаеўне ездзіць у суседні калгас, калі ў яе дома знаходзіцца муж-інвалід ? групы і за ім патрабуецца догляд.

У размове выплыла і тое, што некаторыя супрацоўнікі прадпрыемства прыходзяць на работу ў стане алкагольнага ап'янення, на што кіраўніцтва заплюшчвае вочы. Старшыня Савета Рэспублікі патрабавала навесці ў гаспадарцы парадак і паабяцала арганізаваць праверку дзяржаўнымі органамі. Абавязковае патрабаванне да кіраўніка прадпрыемства — вырашыць пытанне па працаўладкаванні заяўніцы і даць ёй магчымасць дапрацаваць да пенсіі. Асобнае даручэнне па лініі МУС — разабрацца па факце крадзяжу, якога, калі верыць словам заяўніцы, не было. Напрыканцы Наталля Качанава парэкамендавала маладому кіраўніку прадпрыемства шукаць да людзей падыход і па-добраму да іх адносіцца.

Метры квадратныя

Мінчанін Яўген Баешка падчас прыёму грамадзян узняў жыллёвае пытанне. Малады чалавек — інвалід ? групы. Ён пацікавіўся, ці можа разлічваць на ўласнае жыллё. На цяперашні момант Яўген жыве разам з бацькамі і малодшай сястрой. Жылая плошча кватэры, у якой яны жывуць, — 40,7 квадратных метра.

Як увёў у курс справы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, які прысутнічаў на прыёме грамадзян, калі сукупны даход сям'і не перавышае бюджэту пражытковага мінімуму, то малады чалавек мае права стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Аднак размова ідзе пра сацыяльнае жыллё.

Яўген Баешка сказаў, што на такім уліку ён не знаходзіцца. Наталля Качанава выказала занепакоенасць тым, што людзі не ведаюць аб сваіх правах, а таму не становяцца на чаргу па паляпшэнні жыллёвых умоў. Старшыня Савета Рэспублікі паведаміла маладому чалавеку, што яму дапамогуць сабраць дакументы, неабходныя для таго, каб стаць на чаргу. Затым Яўгену падбяруць варыянты сацыяльнага жылля. «Паспрабуем дапамагчы вам», — заўважыла напрыканцы спікер.

І так — кожнаму, хто прыйшоў на прыём. А людзей, паверце, было нямала. Грамадзяне давяраюць парламентарыям: яны ведаюць, што іх не толькі выслухаюць, але і дапамогуць знайсці шляхі вырашэння той ці іншай праблемы. У Савеце Рэспублікі дзверы адчыняюцца нават для тых, для каго яны ўжо неаднойчы зачыняліся ў іншых месцах.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.