Вы тут

«Ідзі і глядзі». Новае прачытанне. А ці патрэбна яно — новае?


Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны па ўсёй краіне прайшлі тэматычныя мерапрыемствы. У многіх з іх асноўнай была тэма Вялікай Айчыннай вайны. Каб прыцягнуць увагу моладзі, ладзілі рознага кшталту інтэрактывы — квэсты, гістарычныя рэканструкцыі. Адна з такіх рэканструкцый, пра якую паказалі даволі падрабязны сюжэт у праграме навін па тэлебачанні, выклікала змешаныя пачуцці і нават сумненні, ці трэба так рабіць увогуле.


Бо падчас рэканструкцыі... палілі вёску. Прычым сапраўдную — тую, якая была на гэтай зямлі і якой не стала — яе прыгожае імя засталося толькі на Могілках вёсак у Хатыні. Спецыяльна да рэканструкцыі ўзвялі муляжы лёгкіх хат з дошак, падагналі старую тэхніку, на якой нібыта прыехалі фашысцкія карнікі. Паводле сцэнарыя, немцы загналі людзей у машыны, каб везці ў канцлагер, але іх планы парушылі партызаны, адбіўшы палонных. Вёску ж пасля (дзякуй богу, без людзей) фашысты спалілі, і яна больш ніколі не адрадзілася...

Падпаліць муляжы хат, дарэчы, удзельнікам рэканструкцыі так і не ўдалося — перашкодзіла надвор'е. Аб чым кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба не асабліва шкадаваў у інтэрв'ю на камеру: «Вось толькі вёска не спалілася. Ну, значыць, напэўна, і не трэба ўжо больш пажараў у нас, хай гэта ўсё застанецца ў памяці...» Можа, і праўда, тое быў нейкі знак, што ёсць мяжа, за якую заходзіць не варта, нават з самых добрых, высакародных памкненняў?

Бо адна справа — рэканструяваць гістарычную бітву, няважна якую — рыцарскую, з войскамі Напалеона, з тымі ж фашыстамі, да падобных відовішчаў мы ўжо ўсе прывыклі. У нашай свядомасці яны атаясамліваюцца з тым, што яны насамрэч і ёсць, — тэатралізаваная пастаноўка паводле рэальных падзей з элементамі імправізацыі, у якой загадзя вядома, чым усё скончыцца — «нашы» перамогуць. (У гэтым апошнім пасыле, уласна, і ёсць сэнс усёй дзеі, бо калі перамогуць не «нашы», дык ці ёсць сэнс тое ўвогуле паказваць і ці захоча хто на тое глядзець — гэта і пра патрыятычнае выхаванне таксама). У сюжэце, пра які ідзе гаворка, таксама нібыта перамаглі «нашы» — партызаны адбілі людзей, якіх везлі на пакуты. Але, як той казаў, асадак застаецца.

Чаму? Бо адно з ключавых слоў тут — пакуты. Таму што калі іх сыграеш няшчыра, не таленавіта — гэта ўжо будзе проста здзек. А так яно і будзе, бо ўдзельнікі падобных рэканструкцый, як правіла, аматары. Адна справа — надзець ваенную форму і з крыкам «ура» рынуцца ў «атаку» і карцінна ўпасці, калі цябе «забілі» ці «паранілі». Справа зусім іншая — увасобіць чалавека, якога гоняць у канцлагер або валакуць на расстрэл ці на спаленне жыўцом разам з аднавяскоўцамі. Ведаючы пры гэтым, што так і было насамрэч усяго восемдзясят гадоў назад...

Я, уласна, да чаго вяду. Сёння, калі мы пачалі асабліва клапаціцца аб захаванні гістарычнай памяці і праўды, аб патрыятычным выхаванні, паўстае, бадай, самае галоўнае пытанне: як зацікавіць моладзь? Бо ўсё гэта робіцца для іх, маладых, бо толькі тады будзе нейкі сэнс рабіць усё ўвогуле. І ў пошуку «ключыкаў» да маладых галоў, многія хапаюцца менавіта за забаўляльны кантэнт, за інтэрактыўныя гульні, квэсты, тыя ж рэканструкцыі. Але ва ўсім варта ведаць меру. Асабліва калі спрабуеш данесці нейкія балючыя на ўзроўні геннай памяці народа факты. Нікому ж не прыйшло ў галаву зрабіць рэканструкцыю пра Хатынь. Хоць, несумненна, было б і відовішчна, і даступна. «Ідзі і глядзі» сыгралі аднойчы і на ўсе вякі. Больш такога не сыгралі, не знялі. І не трэба. Тым больш у забаўляльна-дылетанцкім выкананні.

Мне ўвогуле здаецца, што мы аб нашай моладзі думаем нашмат горш, чым яна на самай справе ёсць. Маўляў, у маладых кліпавае мысленне, яны ніякую інфармацыю не ўспрымаюць усур'ёз. А яшчэ начытаюцца ў сеціве ўсялякіх баек і пачынаюць з сумненнем хмыкаць, калі чуюць пра генацыд, пра спаленыя разам з людзьмі паселішчы, пра жах, які тварыўся тут тры страшныя гады. Так, яны сапраўды чытаюць тое, што пішуць у сеціве, яны бачаць, што робіцца ў суседніх краінах. Яны хмыкаюць з сумненнем, але самі глядзяць на нас менавіта з чаканнем — якія аргументы прывядзём мы. А мы ў адказ пастогнем у ролі чалавека, якога катуюць фашысты, падпалім муляжы хат: маўляў, паглядзіце, як страшна было. І яны нам павераць? Нават чытаць няёмка, праўда? Навошта ж тады так рабіць?

Тут, на гэтай зямлі, нічога не трэба прыдумваць. Яна сама ўсё раскажа. Усе, хто калі-небудзь быў з групай школьнікаў у Хатыні, у Борках, у Але, не дадуць салгаць: туды заходзіць гаманкі вясёлы натоўп, выходзяць — маўклівыя дарослыя людзі. Нам трэба вазіць дзяцей па такіх месцах. Нам трэба самім туды часцей ездзіць, каб памяць не прытуплялася. Не абавязкова толькі і выключна туды. (А яно так часцей за ўсё ў нашых экскурсіях і бывае — або пра вайну, або пра мір)... У Красным Беразе паглядзець і на палац, і на мемарыял закатаваным дзецям. Па дарозе ў Станькава, дзе і экапарк, і графская сядзіба, заехаць у Літавец — лясную спаленую фашыстамі вёску, на месцы якой цяпер толькі бетонныя падмуркі ды крывавыя россыпы суніц улетку... У кожным раёне, акрамя гісторыка-архітэктурных цікавінак і сядзіб ды рэканструкцый, ёсць і месцы, што ўласна сведчаць аб людскім болі. Там часта дастаткова проста пабыць і моўчкі пастаяць, каб многае зразумець. А потым можна і на дэгустацыю, і на імпрэзу, і на рэканструкцыю чаго б там ні было. Так бы мовіць, на кантрасце. Каб замацаваць зразуметае...

«Ідзі і глядзі». Нічога новага і прыдумваць асабліва не трэба.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.