Вы тут

Боль, увекавечаны ў камені


На Гомельшчыне ў сярэдзіне сакавіка адзначаць 79-ю гадавіну трагедыі вязняў Азарыцкага лагера смерці, арганізаванага нямецка-фашысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. Сёлета ў Год міру і стваральнай працы жыхары рэгіёна ў якасці чарговага народнага патрыятычнага праекта абралі абнаўленне менавіта гэтага мемарыяльнага комплексу ў памяць ахвяр расправы гітлераўцаў. У Гомелі прапановы архітэктараў па рэканструкцыі знакавага месца памяці разгледзелі на сумесным пасяджэнні абласнога мастацка-эскізнага савета і савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны.


Праект абнаўлення «Мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці» прадставілі супрацоўнікі інстытута «Гомельграмадзянпраект». Аўтарскі калектыў архітэктараў установы ў 2021 годзе быў адзначаны прэміяй Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне» за стварэнне мемарыяльнага комплексу «Ала» ў Светлагорскім раёне. Адзін з лаўрэатаў Сяргей Пярвіцкі цяпер выступае ў якасці галоўнага архітэктара праекта рэканструкцыі мемарыяла ў Азарычах. На стварэнне канцэпцыі і эскізы спатрэбілася больш за паўгода. Чарговы народны праект, на думку архітэктара, будзе не менш цікавы і маштабны.

— Мемарыял набудзе іншыя памеры і размесціцца на пляцоўцы прыблізна 100 на 200 метраў. Комплекс будзе насычаны мемарыяльнымі элементамі, — адзначыў галоўны архітэктар праекта «Рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці» Сяргей Пярвіцкі.

Праектам прадугледжаны рэстаўрацыя існуючага пахавання і ўзвядзенне новых элементаў, якія будуць сімвалічна адлюстроўваць маштабы трагедыі генацыду беларускага народа
ў Азарычах.

Нагадаем, што з 10 да 19 сакавіка 1944 года ў канцлагерах пад агульнай назвай Азарычы арміі вермахта на невялікую плошчу ў багністай мясцовасці сагналі каля 50 тысяч грамадзянскага насельніцтва — жыхароў Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пад адкрытым небам ад холаду, смагі і голаду ўсяго за дзесяць дзён у лагеры памерла звыш 15 тысяч чалавек. Вядома, што канцлагеры такога тыпу былі выкарыстаны толькі ў Беларусі. Упершыню ў гады Другой сусветнай вайны вязняў выкарыстоўвалі ў якасці біялагічнай зброі: спецыяльна звозілі хворых на сыпны тыф і іншыя хваробы, заражалі людзей з разлікам, што пасля інфекцыя перакінецца на часці Чырвонай Арміі, што наступаюць.

— На мемарыяльным комплексе таксама будзе ўзведзены памятны знак у гонар подзвігу савецкіх ваенных медыкаў, якім пасля вызвалення палонных удалося спыніць эпідэмію тыфу, — растлумачыў Сяргей Пярвіцкі.

З гісторыі вядома, што калі савецкія байцы вызвалялі вязняў, велізарная нагрузка лягла на ваенных медыкаў 1-га Беларускага фронту, санітарную службу. Была створана каранцінная зона, разгорнута сетка шпіталяў, дэзынфекцыйных пунктаў, амбулаторый.

Галоўны архітэктар праекту «Рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці» Сяргей Пярвіцкі.

Аб усіх дэталях жудаснай трагедыі на беларускай зямлі наведвальнікі змогуць даведацца ў музеі, які прадугледжаны праектам рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу. Запланавана ўзвядзенне і такіх новых элементаў, як «Вежа памяці», «Сцяна смутку», «Камень прасвятлення», памятны знак воінам-вызваліцелям, стылізаваныя слупы агароджы з архіўнымі фатаграфіямі.

Між тым, існуючы абеліск на месцы Азарыцкага лагера смерці быў узведзены ў маі 1965 года. Тры стэлы, на якіх высечаны вобразы вязняў — жанчын, дзяцей, старых — вынік ажыццяўленне ідэі архітэктараў па аднаўленні мемарыяла ў 1974 годзе. У канцы 2021 года праект рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Лагер смерці Азарычы — боль і памяць» на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў прапанавала ініцыятыўная група Азарыцкага сельвыканкама. Ідэю актывістаў падтрымалі на ўсіх узроўнях. Цяпер абнаўленне і рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці абяцаюць стаць чарговым народным патрыятычным праектам, як мемарыялы «Ала», «Партызанская крынічка». Падтрымаць рэканструкцыю месца памяці ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне плануюць прафсаюзныя арганізацыі ўсіх раёнаў рэгіёна і абласнога цэнтра.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».